Турэцкі мэр-апазіцыянер, які змагаўся з карупцыяй і выратаваў свой горад, стаў нацыянальным героем

Аккеш Эльмасаглу – мэр горада Эрзін, вядомы ў Турцыі сваёй барацьбой з карупцыяй. Яго горад вытрымаў страшны землятрус, тады як у суседнія паселішчы ў руінах. 

Адной з галоўных прычын пагібелі больш чым 40 тыс жыхароў Турцыі і Сірыі сталі масавыя парушэнні будаўнічых норм і будаўнічыя амністыі. А вось у горадзе, у якім мэр змагаўся з карупцыяй, выстаялі ўсе дамы. Яго імя і дзейнасць абмяркоўваюць вядучыя агенцтвы свету і ўсе газеты Турцыі. 

Раён Эрзіна ў правінцыі Хатай знаходзіцца прыблізна ў 100 км ад эпіцэнтру першага самага страшнага ўдару землятрусу. Нягледзячы на ​​тое, што горад з насельніцтвам 42 тыс. чалавек размешчаны адносна блізка ад раёна разбурэнняў, ён шчасліва ацалеў. Пра пацярпелых не паведамлялася, будынкам нанесены мінімальныя пашкоджанні, і ні адзін з іх не разваліўся.

Чаму Эрзін ацалеў? 

Чаму ў суседніх гарадах, у Сірыі, якая знаходзіцца яшчэ далей ад эпіцэнтру землятрусу, мноства людзей загінула пад заваламі дамоў, а ў Эрзіне не? Безумоўна, геалагічныя ўмовы, асаблівасці грунтоў маглі сыграць сваю ролю. Эрзін стаіць на скалістым узвышшы, і гэтая асаблівасць магла абараніць горад ад катастрофы. Але не толькі яна. 

Ёсць маса фотаздымкаў разбураных турэцкіх дамоў, вакол якіх стаяць ацалелыя дамы, у якіх і пасля землятрусу можна пражываць надалей. Як высветляецца, менавіта парушэнні будаўнічых норм і сталі галоўнай прычынай настолькі маштабных разбурэнняў у Турцыі. 

Сам мэр горада Аккеш Эльмасаглу інтэр’вью ББС кажа, што прычын захаванасці яго горада можа быць многа, і геалогія таксама магла дапамагчы. Але ён падкрэслівае, што ў горадзе падрадчыкі былі мясцовымі жыхарамі, якія не кралі пры будаўніцтве, будавалі акуратна, дамы будаваліся не вышэй за 6 паверхаў і на адлегласці адзін ад аднаго. 

Аккеш паведаміў прэсе: “Я не дазволіў незаконна пабудаваць ні адзіны будынак. Яны злаваліся, крытыкавалі, пагражалі…  Але цяпер маё сумленне мяне не дратуе”.

У 2019 годзе Эльмасаглу выйграў выбары ад апазіцыйнай прэзідэнту Рэджэпу Эрдагану Рэспубліканскай народнай партыі. Увесь час мэр быў пад вельмі моцным ціскам з боку прадстаўнікоў будаўнічага бізнесу, але ён вырашыў гэты ціск вытрымаць. Мэр запэўніў, што не даваў дазволу на сумніўныя праекты нават сваім блізкім. Адным разам ён не адмяніў указ пра штраф і знос будынка, які быў незаконна пабудаваны яго сваяком.

Жыхары Эрзіна ўдзячны будаўнікам і мэру. Многія лічаць, што менавіта барацьба з карупцыяй выратавала іх жыццё. 

Строгія стандарты бяспекі і іх невыкананне.

Строгія стандарты бяспекі ў Турцыі былі ўведзены пасля магутнага землятрусу ў 1999 годзе, калі загінула 17 тысяч чалавек. Пазней яны ўзмацняліся пасля стыхійных бедстваў, у апошні раз гэта было зроблена ў 2018 годзе. Згодна з апошнімі правіламі, будаўнікі ў сейсмічна небяспечных рэгіёнах павінны выкарыстоўваць бетон высокай якасці, які ўзмоцнены сталёвымі стрыжнямі. Калоны і бэлькі павінны эфектыўна паглынаць страсенне ад падземных удараў.

Аднак гэтыя правілы выконваюцца дрэнна. Турэцкі ўрад перыядычна выдае так званыя будаўнічыя амністыі. На самай справе, гэта законнае вызваленне ад выплаты штрафаў за будаўніцтва будынкаў без сертыфікатаў стандартаў бяспекі. У зонах, якія пацярпелі ад землятрусу на поўдні Турцыі, забудоўшчыкі  атрымалі такія амністыі на 75 тысяч будынкаў. 

У Турцыі расце незадаволенасць невыкананнем правілаў будаўніцтва, што і выклікала крах многіх будынкаў падчас нядаўняга землятрусу. Правільна пабудаваныя будынкі вытрымалі нават максімальную магутнасць штуршкоў.

Цяпер жа мэр горада Эрзіна стаў сапраўдным нацыянальным героем, адной з самых папулярных і тыражаваных у СМІ асоб у Турцыі. Відавочна, што гэта зменіць яго палітычную вагу і будзе мець значэнне ў далейшым развіцці ўнутранай сітуацыі ў краіне.  

Фота з адкрытых крыніц.

Расія адмаўляецца ад выканання Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю

Дзяржаўная Дума Расійскай Федэрацыі прыняла законапраект аб дэнансацыі Канвенцыі Савета Еўропы аб крымінальнай адказнасці за карупцыю, што паніжае ўзровень кантролю за карупцыйнымі злачынствамі. 

Законапраект аб дэнансацыі быў унесены прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Як паведамляецца ў тлумачальнай запісцы да законапраекта на сайце Ніжняй палаты парламента, неабходнасць такога кроку тлумачыцца немагчымасцю паўнацэннага ўдзелу Расіі ў групе дзяржаў супраць карупцыі (GRECO).

Канвенцыя – надзвычай важны дакумент для ўсталявання рамак і механізмаў барацьбы з карупцыяй. Яна была падпісана Расіяй у Страсбургу 27 студзеня 1999 года. Тады ж было зафіксавана права арганізацыі сачыць за выкананнем Масквой абавязацельстваў паводле канвенцыі. 

Справа ў тым, што ўрад Расіі сістэмна не выконваў рашэнні Савета Еўропы. Краіна не выконвала рашэння ЕСПЧ у 2227 выпадках і не выплаціла кампенсацыю па 1874-х. Па стане на канец 2022 года, нявыплачаная сума склала больш за 2 мільярды еўра.

Расія перастала быць членам Савета Еўропы пасля пачатку вайны ва Украіне. Тады ж Савет Еўропы прыпыніў супрацу з Расіяй у галіне барацьбы з наркотыкамі і наркатычнымі сродкамі, арганізацыі дапамогі пры буйных прыродных і тэхнагенных катастрофах, а таксама ў галіне кінематаграфіі, спорту, культуры і іншых.

Пры гэтым Савет Еўропы не выключыў Расію з ліку ўдзельнікаў іншых міжнародных дагавораў, якія не патрабавалі членства ў гэтай арганізацыі – гэта 41 міжнароднае пагадненне. 

Тым не менш, 30 снежня расійскі ўрад папрасіў Пуціна дэнансаваць яшчэ 40 дзейных міжнародных пагадненняў з Саветам Еўропы, пра што можна прачытаць у матэрыяле mogilev.media.

Цяпер Камітэт міністраў Cавета Еўропы вырашыў спыніць паўнапраўнае сяброўства Расіі ў групе дзяржаў супраць карупцыі. Расію пазбавілі права голасу і ўдзелу ў дыскусіях. 

Паколькі паўнацэнна ўдзельнічаць у дзейнасці арганізацыі Масква цяпер не можа, то РФ вырашыла дэнансаваць і сам дакумент. Эксперты прагназуюць паніжэнне ўзроўню барацьбы з карупцыйнымі злачынствамі ў Расіі. 

Выява носіць ілюстрацыйны характар. 

Расія пад Новы год выходзіць з еўрапейскіх канвенцыяў і аслабляе барацьбу з карупцыяй

Улады Расіі, як паведамляе BBC, распачалі працэдуру дэнансацыі міжнародных дагавораў Савета Еўропы.

Расія перастала быць членам Савета Еўропы пасля пачатку вайны ва Украіне. Камітэт міністраў  Еўропы прыняў рэзалюцыю аб парадку яе выключэння з 16 сакавіка. Тады ж Савет Еўропы прыпыніў супрацу з Расіяй у галіне барацьбы з наркотыкамі і наркатычнымі сродкамі, арганізацыі дапамогі пры буйных прыродных і тэхнагенных катастрофах, а таксама ў галіне кінематаграфіі, спорту, культуры і іншых.

Пры гэтым Савет Еўропы не выключыў Расію з ліку ўдзельнікаў іншых міжнародных дагавораў, якія не патрабавалі членства ў гэтай арганізацыі – гэта 41 міжнароднае пагадненне.

І вось Расія сама абвяшчае прыпыненне ўдзелу ў Канвенцыі аб барацьбе з карупцыяй. Адначасова сваім указам Уладзімір Пуцін 29 снежня забараніў публікацыю ўсіх дэкларацый аб даходах дзяржаўных служачых, дазволіў некаторым катэгорыям вайскоўцаў і чыноўнікаў не абвяшчаць свае даходы. Гэтым адмяняецца дзейнасць аднаго з галоўных антыкарупцыйных інструментаў.

Урад Расіі і раней не выконваў рашэнні Савета Еўропы. Яна не выконвала рашэння ЕСПЧ у 2227 выпадках і не выплаціла кампенсацыю па 1874-х. Па стане на 8 лістапада 2022 года, нявыплачаная сума склала больш за 2 мільярды еўра, у тым ліку каля 1,87 мільярда еўра кампенсацыі былым акцыянерам Юкаса, а таксама 10 мільёнаў еўра і каля 1,2 мільёна еўра пені заяўнікам у Міждзяржаўнай справе “Грузія супраць Расіі” аб расійска-грузінскай вайне 2008 года.

Расейскія ўлады дыстанцуюцца ад усяго, што звязана з Саветам Еўропы і адмаўляюцца ад “ліберальных еўрапейскіх стандартаў”. У выніку ахвярай становяцца правы грамадзян Расіі.

Следчыя раскрылі карупцыйную схему на “Магатэксе” і аддзелачнай фабрыцы

За восем месяцаў на прадпрыемствах скралі каля 34 тысяч рублёў.

Злачынную схему выкарыстоўвалі 59-гадовая дырэктар па вытворчасці “Магатэкса” і 51-гадовы дырэктар аддзелачнай фабрыкі. Яны рахтавалі справаздачныя дакументы з фіктыўнымі звесткамі аб завышэнні паказчыка аб здачы гатовай прадукцыі з фабрыкі на склад “Магатэкса” – паведамляе прэс-служба Следчака камітэта Беларусі.

Падробная дакументацыя дазваляла зламыснікам налічваць супрацоўнікам фабрыкі павышаныя прэміі, і атрымліваць прэміі самім. Гэта прывяло да прычынення шкоды на агульную суму больш за 32 тысячы рублёў. 

Абвінавачаныя цалкам кампенсавалі ўрон, але віну прызналі толькі часткова. Ім прад’яўлены абвінавачанні па ч.3 арт.426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, што прывяло да цяжкіх наступстваў) і па ч.2 арт.427 (службовы падлог, учынены з мэтай скажэння даных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці) Крымінальнага кодэкса. Да фігурантаў справы прыменена мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Памілаваны Лукашэнкам чыноўнік-карупцыянер курыруе ідэалогію і натхняе моладзь да патрыятызму

14 верасня намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва Яўген Дуплеўскі адкрыў гарадскую Вахту памяці і ў сваёй прамове гаварыў пра патрыятызм.

У 2014 годзе Дуплеўскага абвінавацілі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Ён, быўшы начальнікам упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму, чатыры гады быў аформлены ў школе па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў. Пры гэтым ніякіх заняткаў не праводзіў, але атрымліваў заробак. Ва ўчыненні злачынства Дуплеўскі, якому пагражала 7 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўся. Аляксандр Лукашэнка задаволіў яго прашэнне аб памілаванні, калі карупцыянер кампенсаваў суму шкоды.

Сёння Дуплеўскі ўдзельнічаў у адкрыцці штогадовай Вахты памяці. Яе прыдумалі для вучняў магілёўскіх школ. Яны стаяць па вайсковаму ля вечнага агню на плошчы Славы. Вахту памяці Дуплеўскі назваў «марафонам патрыятызму».

«Мы пэўныя, што тут стаяць маладыя людзі, на якіх радзіма можа разлічваць, бо яны сапраўдныя ўнукі і праўнукі сапраўдных герояў, якія баранілі наш горад, нашу краіну і не дазволілі чужой варожай назе застацца тут надоўга», – прамаўляў чыноўнік, які па памілаванні працягнуў працу ў сістэме адукацыі.

Яго прызначалі дырэктарам гімназіі №4. Бацькі вучняў пратэставалі супраць таго, каб навучальнай установай кіраваў службовец абвінавачаны ў карупцыі, але гэта не дало плёну. У 2021 годзе Дуплеўскі стаў намеснікам старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну. Ён курыруе ідэалогію.

фота: t.me/mogilevnewsby

Карупцыянэр-аграрнік з Магілёўшчыны «нагрэў» гаспадарку на 90 тысяч рублёў і застаўся на волі

Дырэктар сельгаспрадпрыемства купіў нібыта для гаспадаркі два трактары, якіх у ёй не пабачылі. За тэхніку было заплачана больш за 90 тысяч рублёў з бюджэту сельгаспрадпрыемства. Працэс над абвінавачаным у карупцыйным злачынстве зрабілі паказным.

Справу аграрніка з Дрыбініскага раёну разглядалі на выязным судовым пасяджэнні, на якое склікалі кіраўнікоў іншых сельгаспрадпрыемстваў.

59-гадовы кіраўнік гаспадаркі, імя якога не называецца, у канцы жніўня 2020 года «у парушэнні патрабаванняў статуту прадпрыемства, без узгаднення з назіральным саветам, не пераканаўшыся ў фінансавых магчымасцях прыватнай камерцыйнай арганізацыі», заключыў з ёй дамову на набыццё двух трактароў МТЗ, паведамляе  прэс-служба пракуратура.

Аграрнік віну прызнаў часткова, але аплаціў нанесеную сваім злачынствам шкоду.

Яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Ён мае сплаціць штраф у 9600 рублёў. Яму забаронена займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

У абвінавачанага застаецца шанец абскардзіць вырак.

Фота з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

Пракуратура аб крымінагеннай сітуацыі ў Магілёве: 23 справы за цяжкія цялесныя пашкоджанні і 4 – за забойства. Вёў прафілактычную нараду чыноўнік-карупцыянэр

Адкрываў нараду аб прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў чыноўнік, абвінавачаны раней у карупцыі. Цяпер намеснік старшыні Ленінскага райвыканкаму Яўген Дуплеўскі курыруе ідэалогію і ўзаемадзеянне раённай улады з праваахоўнымі структурамі. Яшчэ ён старшынюе ў раённай арганізацыі праўладнага аб’яднання «Белая Русь».

На нарадзе намеснік пракурора гораду Яўген Фурманаў адзначыў, што нягледзячы на зніжэнне злачынстваў на 17,6 працэнта, выклікаюць занепакоенасць факты ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў і забойстваў.

Паводле супрацоўніка пракуратуры ў горадзе ўзбуджана 23 крымінальныя справы за цяжкія цялесныя пашкоджанні і 4 – за ўчыненне забойства.

Па словах старшага памочніка пракурора Магілёва Вольгі Новікавай у Ленінскім раёне толькі за ліпень зарэгістраваныя адно забойства і пяць злачынстваў, звязаных з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Большая частка злачынстваў, гаварылі на нарадзе, учыняецца падчас распівання спіртных напояў, ці людзьмі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, паведамляе «Веснік Магілёва».

Што да Яўгена Дуплеўскага, то яго крымінальнае мінулае цяпер не згадваецца. У лютым жа 2014 года абласная пракуратура распачала супраць супрацоўніка гарвыканкаму крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Дуплеўскі прызнаўся ва ўчыненні злачынства.

На той момант ён рабіў начальнікам упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму. Следства ўстанавіла, што чыноўнік чатыры гады быў аформлены ў школе па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў. Пры гэтым ніякіх заняткаў не праводзіў, але атрымліваў за гэта заробак.

Яму пагражала да 7 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандр Лукашэнка задаволіў прашэнне аб памілаванні карупцыянера, калі ён кампенсаваў суму шкоды.

Памілаваны Дуплеўскі працягнуў працу ў сістэме адукацыі і быў прызначаны нават дырэктарам гімназіі №4. Бацькі вучняў пратэставалі супраць таго, каб навучальнай установай кіраваў службовец абвінавачаны ў карупцыі, але гэта не дало плёну.

У 2021 годзе Дуплеўскі стаў намеснікам старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва.

фота з рэсурсу: vestnikmogileva.by

У Чэрыкаве траіх кіраўнікоў падазраюць у карупцыі

Усе яны падпісалі акт выкананых работ на невыканання работы.

Кіраўнік будаўнічай арганізацыі, атрымаўшы замову па капітальным рамонце жыллёвага фонду, склаў справаздачу за працы, частка з якіх не была зроблена.

Гэтую справаздачу падпісалі, следам за ім, кіраўнік арганізацыі, якая павінна забяспечваць кантроль за якасцю работ, а таксама кіраўнік арганізацыі-заказчыка, паведамляе «Вестник Чериковщины».

Канкрэтныя імёны і арганізацыі не названыя. Распачатай крымінальнай справай займаецца Чэрыкаўскі раённы аддзел Следчага камітэту.

Будаўнічая арганізацыя, што павінна была ажыццяўляць рамонт жылога фонду ў Чэрыкаве, атрымала 31 455 рублёў бюджэтных сродкаў, і 9 865 рублёў з ліку грошай, што адлічваюцца на капітальны рамонт насельніцтвам.