Карупцыянэр-аграрнік з Магілёўшчыны «нагрэў» гаспадарку на 90 тысяч рублёў і застаўся на волі

Дырэктар сельгаспрадпрыемства купіў нібыта для гаспадаркі два трактары, якіх у ёй не пабачылі. За тэхніку было заплачана больш за 90 тысяч рублёў з бюджэту сельгаспрадпрыемства. Працэс над абвінавачаным у карупцыйным злачынстве зрабілі паказным.

Справу аграрніка з Дрыбініскага раёну разглядалі на выязным судовым пасяджэнні, на якое склікалі кіраўнікоў іншых сельгаспрадпрыемстваў.

59-гадовы кіраўнік гаспадаркі, імя якога не называецца, у канцы жніўня 2020 года «у парушэнні патрабаванняў статуту прадпрыемства, без узгаднення з назіральным саветам, не пераканаўшыся ў фінансавых магчымасцях прыватнай камерцыйнай арганізацыі», заключыў з ёй дамову на набыццё двух трактароў МТЗ, паведамляе  прэс-служба пракуратура.

Аграрнік віну прызнаў часткова, але аплаціў нанесеную сваім злачынствам шкоду.

Яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Ён мае сплаціць штраф у 9600 рублёў. Яму забаронена займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

У абвінавачанага застаецца шанец абскардзіць вырак.

Фота з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў