Рэклама паслуг у Магілёве. Як не звярнуць увагі на такі крэатыў?

Вынаходлівы і арыгінальны спосаб рэкламавання паслугаў – адзін з важных чыннікаў поспеху ў бізнесе. Пажадайма ўладальніку «шыкоўнага рарытэту» адшукаць сабе пастаяльцаў.

Фотаздымак даслала Магілёў.media адна з чытачак. Спадзяёмся, што падобная ўвага да нашага рэсурсу ёсць і ў іншых прадстаўнікоў чытацкай аўдыторыі. Чакайма фотаздымкі аб тым, што радуе, уражвае, прыгнятае і перашкаджае жыць. Паштовая скрынка [email protected] да вашых паслугаў. Загадзя ўдзячныя.

У Латвіі адмянілі выставу, прысвечаную грыбам. Яны сёлета не ўрадзілі

З-за неспрыяльных умоў надвор’я для грыбоў адменена штогадовая выстава «Грыбы 2022». Яе арганізоўваў Латвійскі нацыянальны музей прыроды. Выставу збіраліся разгарнуць 14 верасня, піша выданне Latvias Zinas.

У Латвіі сёлета халодны пачатак верасня аказаўся неспрыяльным для росту грыбоў, аднак у пачатку жніўня месцамі быў багаты ўраджай лісічак, дадае яшчэ адно выданне Tvnetgrupa.

На пачатку тыдня эксперты спадзяваліся, што выстава адбудзецца, бо ўдасца набраць для яе экспанатаў. Па іх словах, падобнае ўжо здаралася, але спецыялісты музею адшуквалі грыбы, калі лясы здаваліся «пустымі».

«Тое было некалькі гадоў таму, калі таксама было вельмі спякотнае лета, але працаваў прынцып – дзе дождж, там і грыбы. Мы ездзілі ў тыя краі, дзе былі дажджы, і сабралі даволі вялікую выставу. Як будзе сёлета, сказаць складана», – адзначалі эксперты на пачатку тыдня.

Яны не хаваюць, што не памятаюць такой малой колькасці ядомых грыбоў у параўнанні з мінулымі гадамі.

 

Сіноптыкі наваражылі дождж з парывамі ветру. Не забывайма на цяплейшую адзежу і парасон

Магілёў апанавала позневосеньскае надвор’е. Холадна і дажджліва. Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. Адгалоскі жнівеньскай спёкі ў раннім бабіным леце былі нядоўгімі. Разлічваць на сонца не варта.

Паводле Белгідрамету, у сённяшні выхадны дзень пераважаць будзе воблачнае надвор’е. Часам дождж (верагоднасць ападкаў больш за 90%). 

«Тэмпература паветра +10…+12°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 5-10 м/с. Парывы да 14 м/с», – паведамляюць сіноптыкі.

Па краіне моцныя залевы. Усюды дужыя парывы ветру.

Фота з рэсурсу blr.belta.by

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Міністэрства ўнутраных спраў папоўніла «спісе экстрэмістаў».

У ім чацвёра, прызнаных праваабарончай супольнасцю, палітвязняў.

Яўген Люльковіч – палітвязень;

Аляксандр Курганскі – палітвязень;

Журналіст Андрэй Кузнечык – палітвязень;

Дзяніс Граханаў – палітвязень;

Аляксей Маеўскі

Паводле праваабаронцаў, цяпер у «экстрэмісцкім спісе» міліцэйскага ведамства 479 асобаў.

Юрый Чубанаў

Асуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, нагодаю для крымінальнага пераследу сталі каментары і «упадабайкі» у сацыяльных сетках.

Абвінавачаны ў «незаконных дзеяннях з персанальнымі дадзенымі», «абразе прадстаўніка ўлады», «абразе Лукашэнкі», «здзек з дзяржаўных сімвалаў» і «паклёпе на Лукашэнку».

Справу разглядаў суддзя з Гродна Генадзій Мазайла.

Аляксандр Мялешка

3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хатняя хімія».

Загадчыка лабараторыі дзіцячай анкалогіі абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году. Шэсць дзён ён утрымліваўся ў няволі і быў адпушчаны на парукі калегаў.

Справу на медыка разглядаў суддзя Максім Трусевіч.

Андрэй Вашчук

Каталіцкага святара аштрафавалі на 320 рублёў.

Як перадаюць медыі, адміністрацыйную справу разглядалі без Вашчука, бо ён «пехатою сышоў у Літву 15 жніўня». Пратакол на святара склалі, калі яго ўтрымлівалі пад арыштам.

Нагодаю для пераследу стала апублікаванне ім у сацыяльных сетках « карыкатурнай выявы са свастыкай». 

Суддзя Андрэй Андрушэнка з Першамайскага раённага суду Віцебску ўгледзеў у ёй «прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі».

Раней, святар няволіўся пад адміністрацыйным арыштам 30 дзён. Па вызваленні пакінуў Беларусь.

Алег Гайдук

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў, якія спасылаюцца на праўладныя тэлеграм-каналы, былога міліцыянта схапілі, бо ён «зліваў звесткі былых калег у экстрэмісцкія тэлеграм-каналы і пакідаў у такіх каналах абразлівыя каментары аб вышэйшых службовых асобах Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і збіраўся выехаць ваяваць на баку Украіны».

 

Нядзеля з непагаддзю. Сіноптыкі абяцаюць дажджы з парывамі ветру

Дажджоў стане больш, і яны будуць працяглыя і інтэнсіўныя, паведамляе Белгідрамет.

«Актыўная сістэма атмасферных франтоў з Карпат прынясе дажджы ўжо ў большасць раёнаў краіны, месцамі чакаюцца моцныя дажджы, па паўднёвым усходзе ў асобных раёнах дажджы будуць суправаджацца моцным парывістым ветрам. Па поўдні магчымыя навальніцы», – папярэджваюць сіноптыкі.

Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ў дыяпазоне 5…11°С. Днём паветра прагрэецца да 14 градусаў.

Сёння, 10 верасня, Белгідрамет на сваім сайце паведаміў «аб небяспечнай гідраметэаралагічнай з’яве». Абвешчаны «чырвоны ўзровень небяспекі».

«У многіх раёнах Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей і ў Мінску захаваецца надзвычайная пажарная небяспека (5 клас)», – гаворыцца ў паведамленні.

У Магілёве прагназавалі сіноптыкі павелічэнне воблачнасці. Без істотных ападкаў (верагоднасць ападкаў 5-10 працэнтаў). Тэмпература паветра +15…+17°C. Вецер паўднёва-ўсходні, 4-9 м/с. Парывы да 12 м/с.

 

«Сітуацыя з экспартам аднаўляецца» – запэўнівае прэм’ер-міністр Галоўчанка

Раман Галоўчанка кажа, што «пэўнае прасяданне было звязанае з наўпроставым уплывам санкцыяў і стратай украінскага рынку».

Цяпер жа, па словах урадоўцы, крызісныя тэндэнцыі пераадоленыя і экспарт тавараў «прырастае» ад 6 да 8 працэнтаў.

«У нас ідзе станоўчая дынаміка па штомесячным аднаўленні экспарту. Штомесяц паляпшаецца знешнегандлёвае сальда», – даводзіць Галоўчанка ў каментары агенцтву «Белта».

Паводле яго, зьнешнегандлёвае сальда складае цяпер 2 мільярды 300 мільёнаў долараў і па жніўні, як ён спадзяецца, «павялічыцца яшчэ па 500 мільёнаў долараў».

Навіны пабрацімаў. У Клайпедзе жыхары змусілі ўлады ўзяцца за ацэнку стану гарадскіх дрэваў

Жыхароў абурыла, што ў горадзе пачалі пазбаўляцца ад з выгляду здаровых дрэваў. Мэрыя наняла адмыслоўцаў, якія ацэняць стан раслін.

Да канца верасня спецыялісты з Універсітэту Вітаўта Вялікага даследуюць 140 дрэваў на гарадскіх вуліцах, у парках, скверах, якія могуць быць небяспечнымі для навакольнага асяроддзя і людзей. Аб’екты даследавання экспертам пакажа дэпартамент аховы навакольнага асяроддзя адміністрацыі гарадскога самакіравання Клайпеды, піша выданне Atviraklaipeda.

Такая паслуга адмыслоўцаў абыдзецца падаткаплатнікам у амаль 8000 еўра. З дапамогай акустычнага тамографа эксперты вызначыць распаўсюджванне гнілі і наяўнасць дуплаў на дрэвах, ацаніць трываласць іх кроны і ствала. Таксама дадуць рэкамендацыі па апрацоўцы раслінаў і іх догляду.

«Atvira Klaipėda» нагадвае, што муніцыпалітэт Клайпеды днямі вырашыў падлічыць і ацаніць дрэвы і ядлоўцы, якія растуць у горадзе. Ён закупляе паслугі па інвентарызацыі зялёных насаджэнняў і насаджэнняў, абнаўляе і дапаўняе сваю базу геададзеных. Разліковая працягласць такіх прац – 25 месяцаў.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: atviraklaipeda.lt

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Іван Карабельнікаў, Арцём Калашук, Барыс Кайзер, Дзмітрый Крывулька, Сяргей Ананьеў, Яўген Ліцкевіч, Уладзіслаў Шалабанаў, Сяргей Сясіцкі, Віталь Грыгаль, Аляксандр Пугач, Сяргей Скакун, Павел Варапай.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Аляксей Сянько

Асуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Праваабаронцы паведамляюць, што Гродненскі абласны суд абвінаваціў Сянько ў «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».

Сянько прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем. У няволі яго ўтрымліваюць ад 29 верасня 2021 году.

 Нагодай для яго крымінальнага пераследу сталі каментары пра «справу Зельцара».

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Вера Валністая

Асуджаная да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Паводле праваабаронцаў, 31-гадовую жанчыну абвінавацілі ў « дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

8 жніўня яе прысудзілі былі 2 гады «хіміі» за «абразу прадстаўніка ўлады». Яна мусіць сплаціць пацярпеламу 32000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Праваабарончай супольнасцю Валністая прызнаная палітзняволенай. Па агучванні выраку яе вызвалілі ў залі суду.

Уладзімір Целяпун

На ўжо асуджанага на 10 дзён арышту складзеныя яшчэ тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Праваабаронцы, калегі Целяпуна, пішуць, што яму інкрымінуюць «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Дзмітрый Стасевіч

Затрыманы.

Пра тое паведамляюць праваабаронцы, спасылаючыся на праўладныя тэлеграм-каналы. У іх яго называюць «актывістам аднаго з дваравых чатаў».

Стасевіч у «пакаяльным відэа» кажа, што хадзіў на Маршы, а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

На аднаўленне Украіны спатрэбіцца больш за 349 мільярдаў долараў ЗША і гэта не канчатковая лічба

У бліжэйшыя месяцы сума ўзрасце, бо актыўныя баявыя дзеянні працягваюцца.

На аднаўленне Украіны пасля вайны неабходна 349 мільярдаў долараў. Страты былі падлічаныя Еўракамісіяй, Кабінеце міністраў і Сусветным банкам, піша інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Сусветны банк сваё бачанне сітуацыі выклаў у справаздачы «Хуткая ацэнка» шкоды і патрэбаў аднаўлення.

«Хуткая ацэнка нанесеных страт і патрэбаў аднаўлення (RDNA) з’яўляецца першай комплекснай ацэнкай наступстваў вайны ў дваццаці розных сектарах пасля расійскага ўварвання», – адзначана ў справаздачы Сусветнага банку.

Па стане на 1 чэрвеня 2022 года страты сектарам эканомікі ацэньваюцца на ўзроўні каля 97 мільярдаў долараў:

– жылы сектар (40 працэнтаў ад агульнага абʼёму нанесенай шкоды);

– транспарт (31%);

– гандаль і прамысловасць (10%).

Найбольш пацярпелі Данецкая, Луганская і Харкаўская вобласці, за імі ідуць Кіеўская, Чарнігаўская і Запарожская вобласці.

«УНІАН» нагадае: паводле ацэнак аналітычнага цэнтры пры Кіеўскай школе эканомікі (KSE), прамыя страты эканомікі Украіны з-за вайны выраслі да 108,3 мільярда долараў.

фота: tuk.md

Латвія прыпыніла дзеянне пагаднення аб навукова-тэхнічным і эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю

Яго мэтаю было стварэнне спрыяльных умоваў для эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама пашырэнне эканамічнай і тэхналагічнай супрацы ў розных сфэрах.

Дзеянне дамовы застанецца «замарожаным» да рашэння Кабінета міністраў аб яго аднаўленні. Раней пытанне аб прыпыненні пагаднення ставіла камісія латвійскага парламенту па замежных справах у адказ на падтрымку ўрадам Беларусі ваеннай агрэсіі і поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, а таксама парушэнні ёю міжнароднага права, паведамляе выданне з Даўгаўпілсу «Наша газета».

Міністэрству замежных справаў даручана паінфармаваць беларускі бок аб прыпыненні дзеяння пагаднення.

фота: aif.by