Магілёўскі палітзняволены Валадар Цурпанаў выйшаў на волю

Паводле праваабаронцаў, магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў 19 студзеня вызваліўся пасля двух гадоў зняволення. Ён адбыў увесь тэрмін да канца.

Нагадаем, аднаго з лідэраў пратэстаў 2020 года ў Магілёве Валадара Цурпанава 5 чэрвеня 2021 года суд Круглянскага раёна прыгаварыў да 2 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за ўхіленне ад адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Падставай для крымінальнай справы супраць актывіста, якога да гэтага асудзілі на тры гады “хіміі”, стала нібыта парушэнне правілаў унутранага распарадку ў ведамстве. Так, на Цурпанава накладвалі дысцыплінарныя спагнанні за тое, што ён у «недазволены час ляжаў і сядзеў на ложку, яго спальнае месца не было заслана належным чынам, а на ім і на тумбачцы ляжалі асабістыя рэчы». 

Першапачаткова Цурпанаў адбываў пакаранне ў калоніі №3 “Віцьба”. У красавіку 2022 года яму замянілі калонію на турму і адправілі адбываць пакаранне ў Гродне.

Фота з адкрытых крыніц.

Бабруйскія міліцыянеры закрылі порнастудыю на Віцебшчыне

Хатнюю порнастудыю арганізавала 18-гадовая жыхарка горада Ушачы.

У якасці акцёраў яна запрашала знаёмых, і сама таксама ўдзельнічала ў здымках. Ролікі прадавала праз спецыяльна створаны для гэтага тэлеграм-канал, за кожны атрымлівала да 80 рублёў. Устаноўлена больш за 40 пакупнікоў порнакантэнта. Узбуджана крымінальная справа, дзяўчыне пагражае да 4 гадоў няволі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

Дзень у гісторыі. 20 студзеня. Нарадзіліся першы рэктар Магілёўскага педінстытута Яўген Бычкоў, акадэмік Браніслаў Тарашкевіч, артыст Рыгор Шырма. Ад голада памёр Еўдакім Раманаў

1801 год. Нарадзіўся Канут Русецкі. 

Беларуска-польска-літоўскі мастак. 

Прыхільнік францускай школы жывапісу. 

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны. 

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла. 

На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі” мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. 

Памёр 21 жніўня 1860 года.

1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся Яўген Бычкоў. 

Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута. 

У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе. 

Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута. 

Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.

Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)

1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).

Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй  Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).

Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944). 

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.

1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. 

Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі. 

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.

У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў  29 лістапада 1938 года.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). 

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. 

Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964). 

Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

1913 год. Нарадзілася Ларыса Алексютовіч

Беларуская танцоўшчыца, балетмайстар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працавала ў балетнай групе Беларускага драмтэатра (Купалаўскага), у аб’яднанні музычных эстрадных і цыркавых работнікаў, у Ансамблі беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. 

У 1950-1973 гадах працавала балетмайстрам ансамбля танца БДУ, выкладчыкам Беларускага харэаграфічнага вучылішча. 

Ставіла шэраг сцэнічных танцаў на традыцыйнай аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні», кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях».

Памерла ў 2003 годзе.

1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску. 

З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12. 

У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання. 

У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў. 

Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”. 

Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі. 

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.

1949 год. Памёр Юзаф Пузына. 

Польскі і беларускі гісторык, пісьменнік, паэт. Доктар філасофіі. Працаваў у міністэрстве замежных спраў Польшчы, рэдактарам міністэрскага часопіса “Messager Polonais”, членам рэдакцыі “Miesięcznik heraldyczny”, кіраўніком аддзела культуры магістрата Чанстаховы.

Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, патрыятычных паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар вялікай працы “Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга”, мемуараў пра пісьменніцу М. Радзевіч.

1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць

Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці. 

У Мінскую вобласць уключаны Вілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі. 

У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў. 

Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.

Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.

Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. 

У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».

Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.

1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.  Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва. 

Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская, апошнім – у 2022 годзе – дырэктар ААТ «Мажэліт» Вікенці  Ермалёнак. 

Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.  

Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.

2005 год. Зацверджаны гербы шэрагу гарадоў Віцебскай вобласці. 

Зацверджаны гербы Бешанковічаў, Браслава, Глыбокага, Гарадка, Докшыцаў, Лёзна, Мёраў, Полацка, Паставаў, Расонаў, Сянна, Талачына, Чашнікаў, Шаркаўшчыны, Шуміліна.

Герб Полацка

Вадохрышча ў Магілёве – фотарэпартаж

Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з галоўных святаў – Хрышчэнне Ісуса Хрыста. 

Гэты дзень завяршае цыкл Калядаў, а само свята пакліканае распавесці пастве пра адраджэнне душы да вечнага жыцця.

Вадохрышча ў Магілёве

mogilev.media дакрануліся да таямніцы.

Вадохрышча ў Магілёве

Вадохрышча ў Магілёве

Вадохрышча ў Магілёве

Фота: mogilev.media

Магілёўшчына плыве з-за адлігі. Надвор’е на выходныя

20 студзеня, у пятніцу, на большай частцы тэрыторыі Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць воблачнае надвор’е з плюсавымі тэмпературамі і ападкамі. Тэмпература ноччу да +1°С, удзень +2 +4°С. Дажджы на працягу дня. 

Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. На працягу дня вятры будуць мяняць свой накірунак з паўднёвага на паўночны, з паўднёва-заходняга на паўночна-заходні. Хуткасць ветра да 2-4 м/с.

Пад уплывам ападкаў працягнецца дэградацыя снежнага покрыва.

Рэкі выходзяць за берагі

У сувязі з дажджамі на ўсім працягу Бярэзіны, Сожа, на Дняпры на ўчастку Магілёў – Жлобін назіраецца няпоўны ледастаў і ледастаў з палонкамі. Павялічыліся прасторы з адкрытай воднай паверхняй, лёд пацямнеў і растае на месцы.

На рэках назіраецца рост узроўняў вады. На прытоку Сожа рацэ Проня каля вёскі Ляцягі ўзровень вады на 24 см перавышае небяспечную высокую адзнаку. Узровень вады блізкі да небяспечна высокай адзнакі назіраецца на  Бярэзіне каля Бабруйска.

21 студзеня, у суботу, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Тэмпература ноччу да +1°С, удзень да +2С. Месцамі туман, слабы галалёд. Вецер пераважна усходняга напрамку хуткасцю да 7 м/с.

Амяльян

У народзе Амяльян. У большай частцы выпадкаў на гэты дзень былі снежныя завірухі, снегапады.

Калі на Амяльяна паўднёвы вецер, то лета навальнічным будзе.

Ясны дзень абяцае засушлівае лета.

Сусветны дзень снега

22 студзеня, у нядзелю, захаваецца воблачнае надвор’е. Пераважна без ападкаў. Начныя тэмпературы складуць 0 -1°С, днём слупок тэрмометра дасягне адзнак +2 +3°С. Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер усходні, паўнёва-усходні хуткасцю да 5 м/с.

У апошнюю нядзелю студзеня з 2012 года святкуецца Сусветны дзень снега (World Snow Day), дзень зімовых відаў спорту. Але ў гэтым годзе свята пройдзе без снега. У сувязі з гэтым, раённае спартыўнае свята “Касцюковіцкая лыжня — 2023” пераносіцца на іншы час.

Народныя прыкметы

Калі хатняя жывёла, выпушчаная на двор, імкнецца вярнуцца ў хлеў – быць снегу і холаду.

Ясны дзень абяцае добры ўраджай.

Надвор’е дня характарызуе ўвесь верасень.

Але студзень, па ўсіх прагнозах, павінен выйсці на свае шматгадовыя сярэднія тэмпературныя паказчыкі.

Ужо з панядзелка, 23 студзеня, пачнецца плаўнае ўстойлівае паніжэнне тэмператур, пахмурнае надвор’е зменіцца на яснае.

Што зараз з праездам праз Віцебскі тупік у Магілёве – фота

Пасля працяглага рамонту, напярэдадні Новага года адчыніўся праезд для аўтамабіляў па Віцебскім тупіку. І ў першыя ж дні на дарозе захрасла машына – пісалі mogilev.media. Мы разабраліся, які зараз трафік па дарозе, і наколькі тут бяспечны праезд.

Што зараз з праездам праз Віцебскі тупік у Магілёве

Аўтамабілі могуць рухацца па дарозе бяспечна – асабліва небяспечных ямін не было заўважана. Дарожнікі сфарміравалі дзве каляіны, па якіх ажыццяўляецца двухбаковы рух па праездзе. Дзеля бяспекі транспарта хуткасць абмежаваная 40 км/г.

Дарога праз Віцебскі тупік злучае Першамайскую вуліцу і праспект Міра праз пасёлак Дачны. Яна зручная для трафіка паміж гэтымі магістралямі, бо без гэтага шляху аўтамабілістам прыходзіцца ездзіць праз цэнтр горада, каб трапіць з паўночных мікрараёнаў Магілёва ў заходнія. 

Фота: mogilev.media

З’явіліся махляры, якія маскіруюцца пад энергетыкаў і мяняюць беларусам лічыльнікі святла

“Белэнерга” папярэджвае, што ў Беларусі сталі рэгістравацца выпадкі, калі махляры пранікаюць у жылыя дамы пад выглядам супрацоўнікаў аргаанізацый па энергазабеспячэнні. Яны пераконваюць жыхароў памяняць лічыльнікі святла і тут жа на месцы афармляюць здзелку за наяўныя грошы.

Дзяржаўная энергетычная карпарацыя паведаміла ў сваім Тэлеграм-канале, што сапраўдныя супрацоўнікі арганізацыі ніколі не заключаюць дамоваў і не праводзяць разлікі на месцы. Для таго, каб пазбегнуць падману, жыхарам рэкамендуецца правяраць дакументы ў грамадзян, якія называюць сябе супрацоўнікамі энергетычных арганізацый.

Фота: mogilev.media

П’яны ў Касцюковічах пабіў падлетка і спрабаваў выкінуць яго з вакна

Дробнае сутыкненне ў калідоры інтэрната ледзь не абярнулася трагедыяй. Як паведамляе звязаны з сілавікамі Тэлеграм-канал, у Касцюковічах некалькі дзяцей паканфліктавалі. 12-гадовы падлетак штурхануў 5-гадовага малога, пасля чаго той ударыўся. На канфлікт выскачыў п’яны бацька малодшага дзіцёнка.

Ён пабіў 12-гадовага падлетка тут жа ў калідоры і пацягнуў яга да вакна, пагражаючы выкінуць. Ручка на аконнай раме, аднак, заклініла, і ў мужчыны не атрымалася адкрыць вакно. 

За пагрозу забойствам супраць скандаліста ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.

Дачу жыхара Магілёва абакралі тры розных злодзея запар

38-гадовы мужчына, жыхар абласнога цэнтра заўважыў, што яго дачны домік быў абакрадзены на агульную суму ў 1 300 рублёў. Міліцыя правяла даследаванне, якое ўстанавіла, што яго абкрадалі тры розных чалавека, не звязаныя паміж сабой, і якія прамышлялі ў розныя дні. І што самае дзіўнае – злодзеяў затрымалі.

Як паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС, раней ужо судзімы за крадзёж магілёвец звярнуў увагу на нежылы на выгляд дом, а пасля пракраўся ўнутар, выставіўшы акно. Забраўшы з сабой каштоўную маёмасць, мужчына пайшоў – гэта было першае рабаванне.

Потым іншы злодзей прабраўся на падворак дачы, залез у лазню і забраў адтуль драўляныя вырабы. Нарэшце, трэці злодзей у іншы дзень выламаў дзверы і таксама абакраў дачны домік нефартовага магілёўца.

Усе тры злодзея затрыманы, супраць іх узбуджаныя крымінальныя справы.

Фота ілюстрацыйнае.

Месца хрышчэння Хрыста на рацэ Іардан будзе пераўтворана ў грандыёзны цэнтр турызму

Улады Іарданіі абвясцілі аб вылучэнні 100 мільёнаў долараў на будаўніцтва новага грандыёзнага комплексу для паломнікаў на меркаваным месца хрышчэння Ісуса Хрыста. 

Іарданія, як паведамляе BBC, мае намер на гэтыя сродкі пабудаваць найбуйнейшы міжканфесійны цэнтр у рэгіёне, з улікам таго, што рака Іардан і яго даліна маюць вялікае рэлігійнае значэнне не толькі для хрысціян, але і для габрэяў, і для мусульман. У плане – прыцягнуць мільён хрысціянскіх паломнікаў да 2030 года ў Эль-Махтас (у літаральным перакладзе “апусканне”, што эквівалентна тэрміну “хрышчэнне”).

Богаяўленне

Вадохрышча – Богаяўленне – Хрышчэнне Госпада – гэта вялікае хрысціянскае свята, якое адзначаецца 19 студзеня. Для ўсходніх (праваслаўных) хрысціян свята Богаяўлення гэта дзень, калі Ісус Хрыстос быў ахрышчаны прарокам Іаанам у водах Іардану, а для католікаў гэта яшчэ і памяць пра наведванне дзіцяці Ісуса мудрацамі Ўсходу (свята трох каралёў). 

Месца хрышчэння Хрыста, таксама вядомае як Віфанія Заіарданская, з’яўляецца аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Яно размешчана ў дзевяці кіламетрах на поўнач ад Мёртвага мора, самай нізкай кропкі Зямлі. Тут археолагі выявілі будынкі рымскага і візантыйскага перыяду, у тым ліку цэрквы, капліцы, манастыр, пячоры, дзе жылі пустыннікі, купальню, у якой праводзіліся хрышчэнні.

За апошнія 20 гадоў Эль Махтас наведалі шматлікія царкоўныя лідары з усяго свету. І Ізраіль, і Іарданія хацелі б, каб большасць турыстаў і паломнікаў трапілі на іх бок ракі. 

Праект комплексу

Агульны план новага комплексу плошчай 1,4 квадратных кіламетры, які будзе пабудаваны побач з аб’ектам ЮНЕСКА, быў прадстаўлены асабіста каралём Іарданіі Абдулой.

Аўтары праекта сыходзяць з таго што гэта трэцяе самае важнае месца на Зямлі ў хрысціянстве, таму цалкам недарэчна скажаць альбо парушаць яго сутнасць. З самага пачатку дызайнеры вырашылі адмовіцца ад будаўніцтва сучасных гатэляў і ператварэння святога месца ў нейкі тэматычны забаўляльны парк.

Замест 5-зоркавых гатэляў турысты і пілігрымы будуць жыць у глэмпінгу, які будзе візуальна нагадваць гістарычныя пабудовы 2000-гадовай даўніны. У рэстаранах і закусачных стравы будуць падрыхтаваны з экалагічна чыстых прадуктаў мясцовай вытворчасці. Усе кабелі для камунікацыі будуць схаваны пад зямлёй.

Большая частка комплексу будзе зарэзервавана для сельскай гаспадаркі і запаведніка птушак. Аўтары праекта ўжо звярнуліся да Каралеўскага батанічнага саду ў Лондане з просьбай дапамагчы ім вярнуць на гэтую тэрыторыю некаторыя расліны, якія згаданыя ў Бібліі.

Рэалізацыя праекту можа паслужыць годным прыкладам культурнага абмену і міжканфесійнай гармоніі ў рэгіёне, дзе часта ўзнікаюць канфлікты. 

Фота: BBC