8 ліпеня 1812 года войскі напалеонаўскага маршалу Даву без бою ўвайшлі ў Магілёў.
Напярэдадні з гораду збегла расійская адміністрацыя губерні, частка святароў.
Праваслаўны архібіскуп Варлаам прысягнуў Напалеону.
Французскія войскі занялі плошчу перад ратушай, дзе маршала Даву са світай вітаў кіраўнік губернскага дваранства Кроер.
wikimedia.org
8 ліпеня 1861 года нарадзілася Магдалена Радзівіл.
Арыстакратка, дзяячка беларускага культурнага руху, мецэнатка.
Спансавала беларускія выданні. Адкрывала школы для беларусаў.
У 1917 годзе ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. У 1924 годзе яно было прададзенае ксяндзом Фабіянам Абрантовічам за 15 тысяч амерыканскіх долараў, а грошы былі перададзеныя ва ўласнасць беларускім айцам-марыянам у Дру.
Быўшы ў эміграцыі дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам.
У ліпені 2017 года прах Магдалены Радзівіл быў прывезены ў Мінск і перададзены касцёлу святых Сымона і Алены. 17 лютага 2018 года яго пахавалі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску.
wikimedia.org
8 ліпеня 1949 года нарадзіўся Уладзіслаў Завальнюк.
Каталіцкі святар, беларускі рэлігійны і культурны дзеяч.
Змагар за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Мінску, паслядоўна праводзіў беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі.
wikimedia.org
8 ліпеня 1993 года распачаў працу I зʼезд беларусаў свету.
Праходзіў у Мінскім тэатры оперы і балета з ініцыятывы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Быў скліканы з мэтаю абʼяднання беларусаў свету і арганізацыйнага афармлення сусветнай беларускай супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нацыянальнага адраджэння і будаўніцтва самастойнай беларускай дзяржавы.
Прыняў Дэкларацыю аб прынцыпах дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, звароты да беларускага народу, замежных беларусаў да сваіх суайчыннікаў на Бацькаўшчыне, да парламента і ўрада Беларусі, да Вярхоўнага Савету Беларусі аб устанаўленні мемарыяльнай дошкі на будынку, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.
У Зьездзе ўдзельнічалі 486 дэлегатаў з замежжа, 510 дэлегатаў з Беларусі і больш за 200 гасцей.
opt-1794691.ssl.1c-bitrix-cdn.ru
У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу “Вікіпедыя” і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц