З ламачча зрабіць шэдэўр. Магілёўская пенсіянерка дае другое жыццё таму, што cпарахнела б у лесе

Незвычайнае хобі мае магілёўская пенсіянерка Валянціна Шышкіна. Лясное ламачча яна ператварае ў драўляную скульптуру. Вобразы бачыць у адшуканым матэрыяле, з якога адкідае лішняе і выходзіць шэдэўр.

Валянціна Шышкіна рабіла ў Магілёўскім педагагічным інстытуце імя Куляшова (цяпер Дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова). Яна кандыдат педагагічным навук. Сваю працоўную кар’еру скончыла ў 82 гады.

Па яе словах свае скульптуры яна выстаўляла ў сваёй навучальнай установе. Выставы арганізоўваліся ледзьве не штогод. На пачатку 1990-ых работы вазіла ў Нямеччыну. На выгаданыя ад іх продажу грошы прыдбала лецішча. Там цяпер яе майстроўня. А ў самой хаце выставачная зала.

Суседзі называюць дом Шышкіных – казачным. Свае творы ў 85 гадоў гаспадыня даводзіць да ладу ў адрыне. У паху сена яна бавіць час, карпеючы над чарговым сваім шэдэўрам.

Валянціна Шышкіна кажа, што ад аўтара, які працуе з дрэвам, патрабуецца назіральнасць, засяроджанасць і троху фантазіі. Самае галоўнае – выбраць прыдатны матэрыял, убачыць у ім будучы вобраз, адзначае яна.

«З кампазіцыямі працаваць найбольш цікава», апавядае майстрыца журналістцы газеты «Зара Над Друццю».

Яна прызнаецца: падчас прагулак выглядае, што прыдасца ў працы. На ейным стале ляжыць багата галля, каранёў ды іншага ляснога ламачча.

Працу над будучай скульптурай Валянціна Шышкіна пачынае з падрыхтоўкі матэрыялу. Адкідае ўсё лішняе і тады больш ясным становіцца яе вобраз А на фінішы драўніну апрацоўвае адмысловымі рэчавымі і шукае месца для твору ў сваёй экспазіцыі.

фота газеты: Зара над Друццю zara.by