Рыбак патануў пад Бялынічамі

На беразе ракі Вабіч у Бялыніцкім раёне ратавальнікі знайшлі самаробны трактар з прычэпам, а каля берага – перавернутую лодку. Званок у службу МНС паступіў ад жонкі 65-гадовага мясцовага жыхара. Ён адправіўся на рыбалку на рэчку Вабіч у раён вёскі Пральня Вішоўскага сельсавета, і не вярнуўся своечасова. Непадалёк ад перавернутай лодкі, у камышах, у двух метрах ад берага ратавальнікі знайшлі цела мужчыны – паведамляе газета “Зара над Друццю”. Трагедыя адбылася вечарам 16 лістапада.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Бабруйчанін незаконна перавозіў спірт на 115 000 рублёў

4 620 літраў спірта знайшлі ў грузавым аўтамабілі жыхара Бабруйска супрацоўнікі ДАІ – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Аўтамашына была затрымана паблізу вёскі Ясны Лес. Агульны кошт груза па меркаванні аператыўнікаў дасягае 115 000 рублёў. Цяпер праводзіцца праверка, дзеля высвятлення паходжання спіртаўтрымліваючай вадкасці. Па яе выніках 51-гадоваму жыхару Бабруйска пагражае штраф ад дзесяці да ста базавых велічынь.

Магілёвец загінуў у Бялыніцкім раёне пад коламі фуры

29-летні кіроўца з Магілёва на фуры DAF учыніў наезд на 48-гадовага жыхара абласнога цэнтра, які знаходзіўся на праезнай частцы дарогі побач са сваім аўтамабілем. Трагдыя адбылася 13 лістапада раніцай, каля вёскі Ермалавічы Бялыніцкага раёна на шашы Магілёў-Мінск – паведамляе ДАІ. 

Фота: ДАІ

 

Дзяўчына загінула пад цягніком у Асіповіцкім раёне – спяшалася на электрычку

Трагедыя адбылася раніцай 12 лістапада на чыгуначнай станцыі Вярэйцы. 20-гадовая прадавачка мясцовай крамы, жыхарка Вярэйцаў, не заўважыла таварны састаў. Экстрэннае тармажэнне не дапамагло машыністу пазбегнуць сутыкнення. Медыкі канстатавалі смерць дзяўчыны. Відавочцы кажуць, што дзяўчына спяшалася на сваю электрычку, і пагэтаму не звярнула ўвагі на таварняк, што рухаўся па суседняй каляіне – паведамляе адзін з Тэлеграм-каналаў, звязаны з сілавікамі.

Фота мае ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Мужчына загінуў на пажары ў Горацкім раёне

Пра пажар у вёсцы Казлы паведамілі суседзі, а таксама пра тое, што ў хаце павінен быў знаходзіцца чалавек. Па прыездзе выратавальнай каманды дом гарэў адкрытым полымем – паведамляе прэс-служба МНС. Цела 47-гадовага мужчыны было знойдзенае на падлозе ў жылым памяшканні дома. Ён пражываў у хаце сваёй маці, якой не стала ў мінулым годзе.

фота: МНС

У Хоцімску пры пажары абгарэў мужчына, яго выратавалі

Прыватны дом 69-гадовага пенсіянера палаў адкрытым полымем увечары 7 лістапада. Ратавальнікі заўважылі гаспадара сядзібы на падлозе ўнутры дома і вынеслі яго на свежае паветра – паведамляе БелТА. У мужчыны дыягнаставанае атручэнне прадуктамі гарэння і апёкі, ён шпіталізаваны.

Фота: БелТА

На Магілёўшчыне зрывалі чырвона-зялёныя сцягі

Пра серыю акцый, накіраваных супаць афіцыйнай сімволікі паведамляе прэс-служба МУС. У апошнія дні кастрычніка ў Дрыбінскім раёне 22-гадовы мясцовы жыхар і яго 23-гадовы знаёмы сарвалі палотнішча з будынка Дома культуры. А ў мінулую нядзелю малады бабруйчанін сарваў сцяг з будынка магазіна.

Аналагічныя ўчынкі зафіксаваныя і ў іншых рэгіёнах Беларусі – у Івацэвіцкім раёне 33-гадовы вясковец сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынку мясцовай адміністрацыі. Аналагічнае дзеянне 26 кастрычніка здзейсніла 26-гадовая мінчанка.

 

Паехала з бара ў чужой куртцы, якую потым выкінула – ў выніку крыміналка

П’яная 41-гадовая магілявянка да трох гадзін ночы сядзела ў адным з гарадскіх бараў, а калі вырашыла ехаць дахаты, то ўзяла куртку незнаёмага мужчыны. У куртцы знаходзіліся ключы, мабільны тэлефон. Жанчына выклікала таксі, а даехаўшы да свайго дому, проста выкінула верхнюю вопратку ў пад’ездзе. 

Выпадковы мінак падабраў выкінутую рэч і па мабільным тэлефоне, што ляжаў у кішэні, паведаміў пра знаходку. Міліцыяй узбуджаная крымінальная справа за крадзёж – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Начная пагоня за п’яным бяспраўнікам прайшла ў Магілёве

Магілёвец з 2.0 праміле спрабаваў уцячы ад патрульнай машыны на вуліцы Сіманава – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 47-гадовы мужчына патлумачыў, што знаходзячыся ў Маскве ён пасварыўся са сваёй сяброўкай і вырашыў вярнуцца дадому. Нецвярозым і без правоў, ён быў затрыманы і прайшоў медыцынскае асведчанне. Супраць мужчыны складзена 14 пратаколаў.

Смяротнае ДТЗ на начной дарозе пад Магілёвам

Кіроўца аўтамабіля Acura сутыкнуўся з прычэпам, які буксіраваўся трактарам у папутным кірунку – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС. Трагедыя адбылася ў 18.50 31 кастрычніка на трасе каля вёскі Зімніца Магілёўскага раёна. 33-гадовы вадзіцель, жыхар вёскі Раманавічы загінуў на месцы. Яго 22-гадовы пасажыр шпіталізаваны з траўмамі.