У Магілёве гарэла снегаўборачная машына

Абнятая полымем машына была знятая падпісчыкам Тэлеграм-канала “ЧП Могилев на праспекце Дзімітрава вечарам 19 лістапада. На кадрах відэа бачна машыну па ўборцы снегу і раскідванню пясочна-солевай сумясі з палаючай кабінай.

“Адзін снегаўборшчык быў у горадзе і той згарэў” – каментуюць магілёўцы падзею ў сацсетках.

Дачніцу ў Бабруйску абакраў “прафесійны жабрак” – і патраціў два даляры

Неаднаразова судзімы мужчына часта стаяў на паперці Свята-Іверскага храма ў бабруйскім мікрараёне Кісялевічы, пагэтаму запомніўся прыхаджанам і служыцелям царквы. 

Як паведамляе komkur.info, у пачатку лістапада адна з мясцовых жыхарак вярталася з лецішча на ровары і вырашыла зайсці ў храм. Яна прыпаркавала веласіпед каля царкоўнай агароджы, дастала з заплечніка грошы каб зрабіць пакупкі ў свячной лаўцы, а сам заплечнік таксама пакінула на вуліцы. За маніпуляцыямі жанчыны назіраў 42-гадовы “прафесійны” жабрак, які раней ужо адбываў пакаранне за крадзёж.

Дачакаўшыся, калі жанчына зойдзе ў царкву, жабрак парыўся ў яе заплеччніку і скраў з яго кашалёк, мабільнік, прадукты і швэдар. Жанчына заўважыла прапажу толькі дома. У той жа дзень праваахоўнікі адшукалі злачынцу. Высветлілася, што амаль усе скрадзеныя рэчы засталіся пры ім, жабрак паспеў патраціць толькі два даляры з кашалька жанчыны. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ўзята з адкрытых крыніц

Рыбак патануў пад Бялынічамі

На беразе ракі Вабіч у Бялыніцкім раёне ратавальнікі знайшлі самаробны трактар з прычэпам, а каля берага – перавернутую лодку. Званок у службу МНС паступіў ад жонкі 65-гадовага мясцовага жыхара. Ён адправіўся на рыбалку на рэчку Вабіч у раён вёскі Пральня Вішоўскага сельсавета, і не вярнуўся своечасова. Непадалёк ад перавернутай лодкі, у камышах, у двух метрах ад берага ратавальнікі знайшлі цела мужчыны – паведамляе газета “Зара над Друццю”. Трагедыя адбылася вечарам 16 лістапада.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Бабруйчанін незаконна перавозіў спірт на 115 000 рублёў

4 620 літраў спірта знайшлі ў грузавым аўтамабілі жыхара Бабруйска супрацоўнікі ДАІ – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Аўтамашына была затрымана паблізу вёскі Ясны Лес. Агульны кошт груза па меркаванні аператыўнікаў дасягае 115 000 рублёў. Цяпер праводзіцца праверка, дзеля высвятлення паходжання спіртаўтрымліваючай вадкасці. Па яе выніках 51-гадоваму жыхару Бабруйска пагражае штраф ад дзесяці да ста базавых велічынь.

Магілёвец загінуў у Бялыніцкім раёне пад коламі фуры

29-летні кіроўца з Магілёва на фуры DAF учыніў наезд на 48-гадовага жыхара абласнога цэнтра, які знаходзіўся на праезнай частцы дарогі побач са сваім аўтамабілем. Трагдыя адбылася 13 лістапада раніцай, каля вёскі Ермалавічы Бялыніцкага раёна на шашы Магілёў-Мінск – паведамляе ДАІ. 

Фота: ДАІ

 

Дзяўчына загінула пад цягніком у Асіповіцкім раёне – спяшалася на электрычку

Трагедыя адбылася раніцай 12 лістапада на чыгуначнай станцыі Вярэйцы. 20-гадовая прадавачка мясцовай крамы, жыхарка Вярэйцаў, не заўважыла таварны састаў. Экстрэннае тармажэнне не дапамагло машыністу пазбегнуць сутыкнення. Медыкі канстатавалі смерць дзяўчыны. Відавочцы кажуць, што дзяўчына спяшалася на сваю электрычку, і пагэтаму не звярнула ўвагі на таварняк, што рухаўся па суседняй каляіне – паведамляе адзін з Тэлеграм-каналаў, звязаны з сілавікамі.

Фота мае ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Мужчына загінуў на пажары ў Горацкім раёне

Пра пажар у вёсцы Казлы паведамілі суседзі, а таксама пра тое, што ў хаце павінен быў знаходзіцца чалавек. Па прыездзе выратавальнай каманды дом гарэў адкрытым полымем – паведамляе прэс-служба МНС. Цела 47-гадовага мужчыны было знойдзенае на падлозе ў жылым памяшканні дома. Ён пражываў у хаце сваёй маці, якой не стала ў мінулым годзе.

фота: МНС

У Хоцімску пры пажары абгарэў мужчына, яго выратавалі

Прыватны дом 69-гадовага пенсіянера палаў адкрытым полымем увечары 7 лістапада. Ратавальнікі заўважылі гаспадара сядзібы на падлозе ўнутры дома і вынеслі яго на свежае паветра – паведамляе БелТА. У мужчыны дыягнаставанае атручэнне прадуктамі гарэння і апёкі, ён шпіталізаваны.

Фота: БелТА

На Магілёўшчыне зрывалі чырвона-зялёныя сцягі

Пра серыю акцый, накіраваных супаць афіцыйнай сімволікі паведамляе прэс-служба МУС. У апошнія дні кастрычніка ў Дрыбінскім раёне 22-гадовы мясцовы жыхар і яго 23-гадовы знаёмы сарвалі палотнішча з будынка Дома культуры. А ў мінулую нядзелю малады бабруйчанін сарваў сцяг з будынка магазіна.

Аналагічныя ўчынкі зафіксаваныя і ў іншых рэгіёнах Беларусі – у Івацэвіцкім раёне 33-гадовы вясковец сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынку мясцовай адміністрацыі. Аналагічнае дзеянне 26 кастрычніка здзейсніла 26-гадовая мінчанка.

 

Паехала з бара ў чужой куртцы, якую потым выкінула – ў выніку крыміналка

П’яная 41-гадовая магілявянка да трох гадзін ночы сядзела ў адным з гарадскіх бараў, а калі вырашыла ехаць дахаты, то ўзяла куртку незнаёмага мужчыны. У куртцы знаходзіліся ключы, мабільны тэлефон. Жанчына выклікала таксі, а даехаўшы да свайго дому, проста выкінула верхнюю вопратку ў пад’ездзе. 

Выпадковы мінак падабраў выкінутую рэч і па мабільным тэлефоне, што ляжаў у кішэні, паведаміў пра знаходку. Міліцыяй узбуджаная крымінальная справа за крадзёж – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.