"бардачок"

Праз суткі пасля «бардачку»: раённыя вертыкалі тэрмінова дэманструюць «курс на вынік»

7 ліпеня Лукашэнка на нарадзе ў Палацы Незалежнасці публічна назваў сітуацыю на Магілёўшчыне «бардачком». Праз суткі ў двух раёнах вобласці – Слаўгарадскім і Краснапольскім – прайшлі мерапрыемствы, якія лепш за ўсё апісваюцца як перформанс у адказ.

Слаўгарад узяў курс на вынік

У Слаўгарадскім раёне абмеркавалі будучыню жывёлагадоўлі. У прэзідыуме – Анатоль Ланкуць, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы Магілёўскага аблвыканкама (той самы, чыя праца была ацэненая дзедам не найлепшым чынам), намеснікі старшыняў выканкамаў Быхаўскага, Чавускага і Чэрыкаўскага раёнаў.

Ключавая фраза дня: «Галоўны арыенцір – дысцыпліна», і ніякіх канкрэтных лічбаў. «Рэзервы для росту ёсць у кожнай гаспадарцы» – універсальная формула ні пра што.

У Краснаполлі зрабілі лічбавы разбор

У той жа дзень старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр Яфімчыкаў  правёў сустрэчу з загадчыкамі ферм раёна. Фармулёўка справаздачы: «Лічбавы разбор выканання бягучых заданняў». Яфімчыкаў падзякаваў «калектывам, якія забяспечылі рост без страт». Асаблівы акцэнт – на кантролі падзяжу жывёлы.

Заадно старшыня пазнаёміўся «з маладымі спецыялістамі, якія пасля каледжа папоўнілі штат ААТ “Краснапольскі” і пацікавіўся ўмовамі іх працы на першым працоўным месцы».

Што паказваегэтая мітусня

Гэта не незалежныя падзеі. Гэта скаардынаваны аўтапілотны адказ сістэмы на незадаволенасць Лукашэнкі. Ён вымавіў слова «бардачок» – і ў двух чарнобыльскіх раёнах Магілёўшчыны праходзяць нарады пра дысцыпліну, парадак, лічбавы разбор і жорсткі кантроль.

Лукашэнка кажа: «бардачок не пераможаны». Райвыканкамы адказваюць: «Галоўны арыенцір – дысцыпліна. Рэзервы ёсць. Рост ёсць. Падзеж пад кантролем. Спецыялісты пасля каледжа папоўнілі штат».

Усе задаволеныя. Акрамя, хіба што, кароў, схільных да падзяжу. І маладых спецыялістаў пасля каледжа, чые ўмовы працы на першым працоўным месцы праз тыдзень-два перастаюць быць прадметам «цікавасці» раённага кіраўніцтва.

Фота слаўгарадскай раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва