Аляксандр Яжэўскі

Жыхара Мазыра асудзілі ў Магілёве за “замах на здраду дзяржаве”

Жыхар Мазыра Аляксандр Яжэўскі стаў трэцім падсудным з Гомельшчыны, якога судзілі ў Магілёве па справе, звязанай са “здрадай дзяржаве”.

У Магілёўскім абласным судзе вынеслі прысуд 58-гадоваму Аляксандру Яжэўскаму. Яго прызналі вінаватым у «замаху на здраду дзяржаве» паводле ч. 1 арт. 356 праз ч. 1 арт. 14 Крымінальнага кодэкса. Пра гэта паведамляе “Гомельская Вясна”.

Як і ў большасці палітычных працэсаў апошніх гадоў, практычна ўсе істотныя акалічнасці гэтай справы застаюцца невядомымі. Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма, таму ні сутнасць абвінавачання, ні прызначаны тэрмін пакарання афіцыйна не агучваліся.

Вядома толькі, што прысуд ужо ўступіў у законную сілу. Сам артыкул не прадугледжвае іншых асноўных пакаранняў, акрамя пазбаўлення волі, а яго мінімальная санкцыя – сем гадоў калоніі. Праваабаронцы спрабуюць высветліць, які менавіта тэрмін атрымаў Яжэўскі.

Трэцяя падобная справа

Яжэўскі стаў ужо трэцім жыхаром Гомельскай вобласці, якога ў апошнія месяцы судзілі ў Магілёве паводле артыкула, датычнага «здрады дзяржаве».

На пачатку траўня Магілёўскі абласны суд прысудзіў дзесяць гадоў калоніі грамадскаму актывісту з Нароўлі Міколу Віткоўскаму. Пазней такі ж тэрмін атрымаў актывіст з Калінкавічаў Аляксандр Елісееў.

Усе тры працэсы адбываліся прыкладна ў адзін і той жа час у Магілёўскім аблсудзе, хаця абвінавачаныя былі жыхарамі суседняй Гомельскай вобласці.

Ваенная таямніца

Афіцыйных тлумачэнняў няма. Аднак цяжка не заўважыць яшчэ адну акалічнасць. Мазыр, Нароўля і Калінкавічы знаходзяцца на кірунку, якім у лютым 2022 года расійскія войскі ўваходзілі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Праз Нароўлю калоны перасякалі мяжу, Калінкавічы былі важным чыгуначным вузлом для разгрузкі вайсковых эшалонаў, а Мазыр разам з аэрадромам каля вёскі Вялікі Бокаў стаў адным з месцаў размяшчэння расійскіх падраздзяленняў.

Пасля адступлення расійскай арміі менавіта ў шпіталі Мазыра, Нароўлі і Калінкавічаў звозілі параненых і загінулых вайскоўцаў. Дзеля гэтага, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, у некаторых медыцынскіх установах нават пераносілі планавыя аперацыі для цывільных пацыентаў.

Ці звязаныя крымінальныя справы з гэтымі падзеямі, невядома. Але праваабаронцы не выключаюць, што пераслед Яжэўскага таксама можа датычыць расійска-ўкраінскай вайны.

Малавядомы палітвязень

Калі Мікола Віткоўскі і Аляксандр Елісееў былі добра вядомыя сваёй грамадскай і палітычнай дзейнасцю, то пра Аляксандра Яжэўскага раней амаль не згадвалася ў публічнай прасторы.

У Мазыры ён працаваў памочнікам выхавальніка ў мясцовым філіяле Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Яго прозвішча і цяпер пазначана на сайце ўстановы.

Паводле звестак BelPol, яшчэ ў 2010 годзе Яжэўскага прызналі вінаватым у службовым падлогу і прысудзілі адзін год пазбаўлення волі ўмоўна.

Праваабаронцы заклікаюць усіх, хто валодае інфармацыяй пра затрыманне Яжэўскага, ход следства, прысуд або сутнасць абвінавачання, паведаміць гэтыя звесткі. Пакуль жа яго гісторыя застаецца яшчэ адной закрытай палітычнай справай, у якой грамадству паведамілі толькі назву артыкула, але не тое, што менавіта чалавек, паводле версіі следства, зрабіў.

Фотаздымак: BelPol

← Усе навіны Магілёва