Расійскія войскі ўдарылі па паліклініцы ў Дняпры, адзін чалавек загінуў

Чарговы ракетны ўдар адбыўся раніцай 26 мая – пасля начной атакі на горад Днепр, пра якую пісалі mogilev.media. Нападзенню падверглася медыцынская ўстанова – паведаміў у сваім Тэлеграм-канале кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.

Адзін чалавек загінуў, яшчэ пятнаццаць атрымалі раненні, сярод пацярпелых – двое дзяцей 3 і 6 гадоў. Выратавальныя работы на месцы працягваюцца, дадзеныя пра пацярпелых могуць удакладняцца.

Фота: Unian

Гарачая ноч – новая масіраваная атака па Украіне, беспілотнікі атакавалі расійскія гарады

У ноч на 26 мая расійскія войскі здзейснілі новы масавы абстрэл тэрыторыі Украіны крылатымі ракетамі і ўдарнымі беспілотнікамі. Украінскія паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што асноўным накірункам атакі сталі усходнія рэгіёны Украіны і Кіеў. 

Над Кіевам сродкі супрацьпаветранай абароны знішчылі ўсе цэлі – распавялі ў гарадской ваеннай адміністрацыі. Гаворыцца аб падзенні абломкаў збітай ракеты на адзін з гандлёва-забаўляльных цэнтраў Кіева і на аўтамабілі ў Абалонскі раёне. Акрамя таго, зафіксавана падзенне абломка на прыватны дом у Шаўчэнкаўскі раёне. Сур’ёзных разбурэнняў няма.

Збітыя 35 цэляў 3 48

Падчас масіраванага нападу ўдар прыйшоўся па горадзе Днепр. У адным з прыватных домаўладанняў адбыўся пажар. “Пашкоджаны 2 дамы і аўто. Занялося і на двух прыватных прадпрыемствах. Агонь ратавальнікі ўтаймавалі” – удакладніў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак. Таксама ў горадзе пашкоджана мясцовая запраўка, раненні атрымаў яе работнік. Цяпер ён лечыцца дома. Акрамя гэтага, значныя разбурэнні панесла транспартнае прадпрыемства.

Усяго па тэрыторыі Украіны былі нанесены ўдары 17-цю крылатымі ракетамі розных тыпаў і 31-м ударным беспілотнікам. Паведамляецца, што сілы супрацьпаветранай абароны Украіны збілі 10 крылатых ракет паветранага базіравання Х-101/Х-555,

23 ударных дрона “Shahed-136/131” і 2 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню “Арлан-10” і “Мерлін-ВР”.

Пад ударам – Краснадар, Белгарад

Каля 04:00 раніцы па будынку аператара сотавай сувязі МТС у Краснадары быў нанесены ўдар беспілотнікам – паведамляе “Краснадар онлайн”.

Будынак сотавага аператара атрымаў нязначныя пашкоджанні.

Таксама ў ноч на 26 мая беспілотнік атакаваў будынак “Газпрама” ў Белгарадзе, скінуўшы на яго боепрыпас. Паведамляецца, што будынак быў пашкоджаны, пацярпелых няма.

Фота з адкрытых крыніц

Украінскі контрнаступ ідзе ўжо некалькі дзён – Міхаіл Падаляк

Дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк заявіў, што некалькі дзён таму пачалося контрнаступленне Узброеных сіл Украіны. 

У рамках украінскага контрнаступлення ўжо ідуць “асобныя аперацыі”, яно было пачата некалькі дзён таму – заявіў дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк італьянскаму тэлеканалу RAI, паведамляе выданне “Камерсант”.

“Контрнаступленне ідзе ўжо некалькі дзён, [гэтыя баявыя дзеянні] расцягнуты на 1,5 тыс. км уздоўж мяжы, але асобныя аперацыі ўжо пачаты” – сказаў Падаляк.

Ён таксама заявіў, што Украіна збіраецца прымяняць заходняе ўзбраенне толькі на тых тэрыторыях, якія лічыць сваімі.

Фота з адкрытых крыніц

Ноччу расійскія войскі нанеслі ўдар па Дняпру, украінцамі былі збіты толькі 4 ракеты з 16

Новая масіраваная атака па тэрыторыі Украіны адбылася ў ноч на 22 мая. Гэтым разам – пасля дзясятка ўдараў па Кіеву – у эпіцэнтры апынулася Днепрапятроўская вобласць і горад Днепр. Начальніца Аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны Поўдня Наталля Гумянюк патлумачыла выбар праціўніка тым, што верагоднай мэтай масіраванай ракетнай атакі было “прамацванне” і паслабленне ўкраінскай супрацьпаветранай абароны на гэтым напрамку.

– Не заўсёды гэта супадае з тым, што ў непрыяцеля ў галаве. Але ўсё ж разумеем, што будуць атакаваць і спрабаваць знясіліць канкрэтныя напрамкі супрацьпаветранай абароны – сказала Гумянюк.

Паведамляецца, што ў ноч на 22 мая украінскія войскі ліквідавалі ў небе над Днепрапятроўскай вобласцю 4 крылатыя ракеты з 16-ці, а таксама 15 беспілотнікаў.

Аб падрабязнасцях начнога нападу і яе наступствах раніцай распавёў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак. Паводле яго слоў, у Дняпроўскай раёне адбыўся ракетны “прылёт” па некалькіх будынках выратавальнага падраздзялення. Раненне атрымаў 27-гадовы мужчына, ён у стане сярэдняй цяжкасці знаходзіцца ў бальніцы.

– Узніклі два пажары, якія ўжо патушылі. Знішчаны больш як 10 грузавых і легкавых аўто, столькі ж адзінак спецтэхнікі былі пашкоджаны. Пашкоджаны таксама 25 прыватных машын і 2 аўтобусы. – удакладніў Лысак.

Таксама расіяне ўдарылі па прыватным прадпрыемстве ў Дняпры і пашкодзілі 3 будынкі. У выніку ўдару пацярпелі 7 чалавек. У дапамозе медыкаў мелі патрэбу жанчыны ва ўзросце 52 і 70 гадоў, яны знаходзяцца ў бальніцы.

– Закранула 3 прыватных дома і 9 шматкватэрных. А яшчэ – дзіцячы сад, крамы і адмінбудынкі. Разбітыя 6 аўто – словы кіраўніка Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі прыводзіць Unian.

Фота: Unian

Выбухі ў Марыупалі – атакаваны раён, які адбудоўваюць у тым ліку беларусы

Збройныя сілы Украіны атакавалі раён у Марыупалі, дзе размяшчаюцца расійскія сілы супрацьпаветранай абароны і ваенная база – паведамляе Unian. Прадстаўнік сілавых структур самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі расказаў ТАСС, што некалькі выбухаў адбыліся ў паўднёва-заходняй частцы Марыўпаля паблізу старога аэрапорта. Іх прычыны “ўстанаўліваюць”.

У тэлеграм-канале Марыупальскай гарадской рады (законная ўкраінская адміністрацыя горада) сцвярджаецца, што ў горадзе адбылося тры выбухі – і нібыта адна з ракет патрапіла ў размяшчэнне асабовага складу расейскіх вайскоўцаў.

Дарадца законнага мэра горада Пётр Андрушчанка сцвярджае, што ўдар прыйшоўся па месцы базавання не менш за 150 вайскоўцаў, якое “сістэмна выкарыстоўвалася для ўстаноўкі сістэм СПА”.

Па дадзеных Тэлеграм-канала “Марыупаль зараз”, выбухі адбыліся побач з мікрараёнам «Неўскі», які расейскія ўлады пабудавалі на месцы разбураных дамоў. У сакавіку гэты мікрараён наведваў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Mogilev.media пісалі, што на будаўнічыя працы ў Марыупаль, гарады так званых ЛНР і ДНР масава вербаваліся работнікі з Беларусі, і ў тым ліку з Магілёва. “У асноўным, беларусы і ездзяць” – так пракаментаваў склад працаўнікоў на марыупальскіх будоўлях адзін з вербоўшчыкаў рабочай сілы. Нашаму выданню вядомыя выпадкі працаўладкавання жыхароў Магілёва ў Марыупалі.

Фота: Unian.

Украінская армія перахоплівае ініцыятыву пад Бахмутам – ISW

Збройныя сілы Украіны перахапілі тактычную ініцыятыву і дабіліся тактычна значных поспехаў у раёне Бахмута падчас контратак 18 мая – адзначае Інстытут вывучэння вайны.

У інстытуце заявілі, што адпаведныя аперацыі ўкраінскіх сіл з’яўляюцца працягам лакальных контрнаступленняў, якія яны праводзяць ужо некалькі дзён, але не з’яўляюцца пачаткам новай буйной аперацыі.

Аналітыкі адзначылі, што некалькі расійскіх ваенкараў сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы прарваліся праз расійскія лініі абароны на поўдзень і паўднёвы захад ад Іванаўскага (6 км на захад ад Бахмута) і на паўночны захад ад Кляшчэеўкі (6 км на паўднёвы захад ад Бахмута).

Ваенкары таксама сцвярджаюць, што расійскія сілы адступілі з пазіцый на поўнач ад Сака і Ванцэці (15 км на поўнач ад Бахмута) на пазіцыі на поўдзень ад гэтага сяла, але ўкраінскія войскі ў гэтую вёску яшчэ не ўваходзілі, гаворыцца ў справаздачы ISW.

Вызваленне украінскімі войскамі шэрагу ўчасткаў на лініі судакранання можна прасачыць таксама на мапе сайта DeepStateMap. Вызваленыя ўчасткі абазначаны блакітным колерам.

Фота: “Слово и Дело”, DeepStateMap

У Крыме падарвалі цягнік, рух паміж Сімферопалем і Севастопалем прыпынены

Каля 07:45 раніцы 18 мая на чыгуначных шляхах каля горада Бахчысарая ў Крыме адбыўся падрыў цягніка, які перавозіў зерне – паведамляе Тэлеграм-канал Mash. 

Папярэдне, выбуховае прыстасаванне было закладзена пад чыгуначнымі пуцямі ў раёне вёскі Чысценькае, побач з Сімферопалем. Выбух адбыўся ў пачатку састава. Пашкоджана 50 метраў палатна, дыяметр варонкі пад рэйкамі – каля 15 метраў, глыбіня каля двух.

Са слоў відавочцаў, выбухнула так, што гукі чулі ў суседніх сёлах. Абышлося без пацярпелых. Цяпер чыгуначныя зносіны паміж Сімферопалем і Севастопалем спынілі, мясцовых просяць перасесці на аўтобусы.

Прычынай выбуху на чыгуначных шляхах з’яўляецца “ўмяшанне старонніх асоб” – заявіў кіраўнік Крыма Аксёнаў.

Фота: Mash

Расійскія войскі ноччу зноў масава атакавалі Кіеў, усе ракеты збітыя

У выніку начной атакі на Кіеў ніхто не пацярпеў. У Адэсе адзін чалавек загінуў.

З пачатку траўня гэта ўжо дзявятая ракетная атака на сталіцу Украіны. Украінскае ваеннае камандаванне заявіла, што ўсе ракеты ноччу 18 мая былі збітыя. Ніякіх пашкоджанняў інфраструктуры альбо будынкам нанесена не было, максімальныя пашкоджанні назіраліся ў Дарніцкім раёне – тут адбылося ўзгаранне ў гаражным кааператыве.

Папярэдне, атака на Кіеў была ажыццёўлена са стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-95МС, Ту-160 з раёна Каспія, верагодна – крылатымі ракетамі тыпу Х-101/555. Пасля запуску ракет расійская армія задзейнічала над сталіцай Украіны свае разведвальныя БПЛА.

Уначы РФ таксама ўдарыла па Адэсе, большасць ракет была знішчана над Чорным морам, аднак адбылося трапленне ў аб’ект прамысловасці. У выніку ўдару адзін чалавек загінуў, яшчэ двое атрымалі раненні – паведамляе Unian.

Фота: Unian

Агульныя страты расійскай арміі перавысілі 200 000 чалавек – заяўляе украінскі Генштаб

За суткі сілы абароны Украіны знішчыла каля 610 расейскіх акупантаў, збілі 9 крылатых ракет, паразілі 16 артылерыйскіх сістэм праціўніка – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Генштаба Украіны. Усяго агульныя страты РФ па падліках украінскага боку перавысілі 200 тысяч чалавек і складаюць 200 590 чалавек.

Фота: АР

“Гістарычная ноч” – украінцы збілі ўсе “Кінжалы” ў небе над Кіевам

Начная атака на Кіеў, здзейсненая каля 04:00 раніцы 16 мая расійскімі войскамі, выявіла нечуваную раней здольнасць украінскіх сілаў супрацьпаветранай абароны збіваць любыя ракеты ворага.

“Выключная па сваёй шчыльнасці” атака, пра якую пісалі mogilev.media праводзілася з выкарыстаннем розных відаў боепрыпасаў з розных накірункаў у кароткі прамежак часу.

Сярод паведамленняў пра збітыя ракеты нечаканай стала інфармацыя пра знішчэнне ўсіх шасці з выпушчаных ракет тыпу “Кінжал”. Украінскі аналітык, эксперт і дырэктар інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Сяргей Згурэц ужо аб’явіў гэты выпадак гістарычным, піша Unian:

– Сёння адбылася гістарычная ноч, таму што вораг спрабаваў выкарыстаць усе хітрасці і магчымасці, каб прадушыць нашу СПА. Яшчэ не было такога, каб у адным паветраным нападзе выкарыстоўвалася 6 ці больш “Кінжалаў”. Размова ідзе аб 18 ракетах, з іх 6 “Кінжалаў”.

“Кінжал” заяўляўся прадстаўнікамі расійскіх ваенных ведамстваў як гіпергукавая ракета, якую немагчыма збіць. Яна здольная несці ядзерны боезарад. У адрозненне ад расійскіх, заходнія эксперты выказваюць меркаванне, што да ліку гіпергукавых ракет “Кінжал” адносіць нельга. Эксперт у галіне ядзернага нераспаўсюджвання Джэфры Льюіс адзначае што “Кінжал” больш карэктна называць балістычнай ракетай паветранага базавання, заявіўшы што “ён гіпергукавы толькі ў тым сэнсе, што амаль усе балістычныя ракеты гіпергукавыя”.

Тым не менш, да вайны ва Украіне лічылася, што такая цэль, як “Кінжал” з-за выкарыстання ёй балістычнай траекторыі а таксама з-за высокай хуткасці палёту практычна немагчыма выявіць і збіць у паветры. Выкарыстанне украінскімі вайскоўцамі комплексу супрацьпаветранай абароны Patriot выявіла здольнасць абраніцца нават ад падобнай звышнебяспечнай зброі.

На фота – бамбардзіроўшчыкі МіГ-31К з ракетамі “Кінжал”. Фота з адкрытых крыніц.