У справе пра крымскае золата скіфаў пастаўлена кропка – яно вернецца Украіне

Вярхоўны суд Нідэрландаў пацвярдзіў рашэнне Апеляцыйнага суда Амстэрдама, вынесенае яшчэ ў кастрычніку 2021 года аб вяртанні каштоўнасцяў украінскаму боку.

Музей Аларда Пірсана ў Амстэрдаме атрымаў золата скіфаў у арэнду ад чатырох музеяў Крыма ў 2014 годзе. Калі Расія анексавала гэты паўвостраў, стала незразумела, каму аддаваць аб’екты – музеям у акупаваным Крыме ці Украіне.

Калі суд прызнаў скарбы культурнай спадчынай усёй Украіны, крымскія музеі звярнуліся ў Вярхоўны суд Нідэрландаў. Цяпер, калі Вярхоўны суд ратыфікаваў папярэднюю пастанову Апеляцыйнага суда, спрэчка нарэшце падышла да канца – піша галандскае агенцтва NOS.

Фота: NOS

Расійскае мінабароны паказала на відэа знішчэнне ўкраінскіх “Леапардаў”, але гэта аказаліся камбайны

Міністэрства абароны Расіі паказала відэа знішчэння замежнай бронетэхнікі, у тым ліку танкаў Leopard – гаворыцца ў паведамленні інфармацыйнага агенцтва “РИА Новости”.

На апублікаваных кадрах можна пабачыць некалькі паўразмытых сілуэтаў тэхнікі на полі. На відэа на адну з машын наводзіцца аператар супрацьтанкавай кіраванай ракеты і падрывае яе. 

Даследчыкі і ваенкоры, у тым ліку расійскія, паднялі на смех апублікаваныя кадры – сілуэты “Леапардаў” аказаліся камбайнамі маркі John Deere.

“Гэта амерыканскія збожжаўборачныя камбайны John Deere 9000 і 700 серый. –  піша Тэлеграм-канал “Военный Осведомитель” – А таксама трактар-апырсквальнік John Deere 4830. Гэта тэхніка даволі папулярная на тэрыторыі Украіны.

“Да апублікаваных сёння кадраў з нібыта паражэннем танка Leopard 2 адразу ўзнікла шмат пытанняў. – пішуць аўтары Тэлеграм-канала “Рыбарь” – Уважлівыя карыстальнікі заўважылі, што знішчаная машына куды больш падобная на камбайн John Deer 4830.

І сапраўды, калі павялічыць кадр, то ў контурах аб’екта можна разгледзець нешта падобнае да сельгастэхнікі. У абрысах вылучаюцца колы, а “ствол” нагадвае шнек. Ды і сам экіпаж у перамовах не называе цэль «Леапардам».”

Фота: “Военный Осведомитель”

Сітуацыя на Запарожскай АЭС пад кантролем – украінскі “Энергаатам”

Падрыў на Кахоўскай ГЭС можа мець негатыўныя наступствы для Запарожскай АЭС, але сітуацыя на станцыі пад кантролем – гаворыцца ў заяве украінскага “Энергаатама”.

У ноч на 6 чэрвеня 2023 года расійскія акупанты ўзарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС. У выніку дэтанацыі ўзровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы імкліва зніжаецца, што з’яўляецца дадатковай пагрозай для часова акупаванай Запарожскай АЭС.

Вада з Кахоўскага вадасховішча неабходная станцыі для напаўнення кандэнсатараў турбіны і сістэм бяспекі АЭС. Возера-ахаладжальнік станцыі застаецца запоўненым: па стане на 8.00 узровень вады складае 16,6 метра, што дастаткова для патрэб станцыі.

«Энергаатам» адсочвае сітуацыю і сочыць за дзеяннямі работнікаў АЭС разам з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, якія прысутнічаюць на станцыі, у прыватнасці МАГАТЭ.

Фота з адкрытых крыніц

У Херсонскай вобласці падарваная дамба Кахоўскай ГЭС, пачаўся некантраляваны спуск вады

Ноччу 6 чэрвеня расійскія войскі ўзарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС, якая размешчана каля Херсона, вышэй па цячэнні Дняпра. Факт падрыву пацвярджаюць ва украінскім аператыўным камандаванні “Поўдзень” – піша Unian.

“Расійскімі акупацыйнымі войскамі ажыццёўлены падрыў Кахоўскай ГЭС. Цяпер удакладняецца маштаб разбурэння, хуткасць і аб’ёмы вады, верагодныя раёны падтаплення. Усе службы працуюць. Сітуацыя адсочваецца” – гаворыцца ў паведамленні.

Мяркуючы па інфармацыі, што з’явілася ў сетках, дамба атрымала крытычныя пашкоджанні і больш не здольная стрымліваць паток вады. Пачаўся некантраляваны скід вады з Кахоўскага вадасховішча, што пагражае сур’ёзнымі падтапленнямі ніжэй па цячэнні Дняпра.

Ад водасховішча Кахоўскай ГЭС водазабеспячэнне атрымлівала Запарожская АЭС. 

Кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін паведаміў, што на працягу пяці гадзін узровень вады падымецца да крытычна высокай адзнакі. Верагодна, гэта прывядзе да затаплення шэрагу населеных пунктаў як на правым (падкантрольным Украіне) так і на левым, акупаваным берагах Дняпра.

Фота: Unian, соцсеткі

Украінская армія паспяхова наступае на мяжы Запарожскай і Данецкай абласцей

4 чэрвеня ўкраінскія сілы правялі лакальныя наземныя атакі і дабіліся абмежаваных тактычных поспехаў у заходняй частцы Данецкай вобласці і ўсходняй частцы Запарожскай вобласці – паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Поспех украінскіх сілаў у вызваленні акупаваных тэрыторый пацвярджаюць таксама расійскія ваенкары і сепаратысты так званай ДНР. Так, Тэлеграм-канал “Рыбар” у сваёй зводцы за 4 чэрвеня піша пра заняцце украінскімі вайскоўцамі некалькіх апорных пунктаў у раёне “Верам’ёўскага выступа”. Гэты выступ знаходзіцца на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей, каля горада Вугледар.

Сепаратыст Аляксандр Хадакоўскі раніцай 5 чэрвеня таксама пацвердзіў інфармацыю пра поспех украінскай арміі:

– Лявей Вугледара супернік абмежаванымі сіламі, задзейнічаўшы да дзесяці адзінак бронетэхнікі, перайшоў у наступ на напрамку Залатая Ніва – Наваданецкае. Пакуль што яму спадарожнічае поспех. У другой палове ночы ён пачаў рабіць перамяшчэнні, стварыўшы ўражанне, што працягне ціск на ўчастку ўчорашняга прарыву пад Вяліканавасёлаўкай. Аэраразведка зафіксавала ў тактычным раёне рух да трыццаці адзінак бронетэхнікі, але ў сілу абмежаваных магчымасцяў кропку “усплывання” ўстанавіць не змагла. У выніку ўдарная група, якая адпрацоўвае зараз Наваданецкае, выйшла на мяжу атакі амаль незаўважанай. Традыцыйна задушыўшы сувязь, супернік здолеў паставіць нас у цяжкае становішча. Сітуацыя ў развіцці. 

Пакуль незразумела,  гэта частка вялікага наступу, ці лакальны поспех украінскай арміі. Афіцыйных каментарыяў ад прадстаўнікоў Збройных сілаў Украіны пакуль не было. Аналітыкі і каментатары асцярожна паведамляюць пра “абмежаваны тактычны поспех”.

Некаторыя расейскія блогеры сцвярджалі, што ўкраінскія войскі прарвалі першую лінію расейскай абароны і прасунуліся ў гэтым раёне ад 500 метраў да трох кіламетраў. На момант напісання гэтага артыкула няма візуальных доказаў гэтых паведамленняў – адзначаюць у ISW.

Фота з адкрытых крыніц

Двухгадовая дзяўчынка стала ахвярай расійскага начнога абстрэлу Дняпра

Ноччу 4 чэрвеня расійскія войскі запусцілі па тэрыторыі Украіны шэсць крылатых ракет і пяць дронаў-камікадзэ тыпу “Shahed” – перадае словы камандавання Паветраных сілаў Украіны агенцтва Unian. 

“Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны былі знішчаны чатыры крылатыя ракеты і тры ўдарныя дроны” – сказана ў паведамленні.

Ратавальнікі дасталі з-пад завалаў у прыгарадзе Дняпра цела двухгадовай дзяўчынкі. Усяго пацярпелі 22 чалавекі, з іх пяцёра дзяцей.

“Дзве двухпавярхоўкі, паміж якімі патрапіла варожая ракета, часткова разбураныя. Пашкоджаны і 10 прыватных дамоў, аўто, крама, газаправоды” – паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.

Фота: Unian

Кіеў атакаваны “Іскандэрамі”, загінулі трое – у тым ліку дзіця

У ноч на 1 чэрвеня Кіеў падвергся чарговай атацы расійскімі ракетамі. Тры чалавекі загінулі, дзесяць былі параненыя. Сярод ахвяр і параненых – дзеці.

– Сёння ноччу праціўнік зноў ужыў ракеты аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр” па аб’ектах грамадзянскай і крытычнай інфраструктуры Кіеўскай вобласці. Папярэдне, сіламі і сродкамі Паветраных Сіл Узброеных Сіл Украіны 10 з 10 ракет былі знішчаны. – гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба Украіны.

Па стане на 07:15 раніцы вядома аб 3 загінуўшых (з іх адно дзіця 10-11 гадоў), 10 траўміраваных (сярод іх адно дзіця) – перадае Unian.

Фота: Unian

Атака беспілотнікамі Масквы і Падмаскоўя – цэліліся ў асабнякі набліжаных да Пуціна на Рублёўцы?

Сёння ноччу адбылася ўзаемная атака украінскім і расійскім бакамі. Unian паведамляе, што сталіца Украіны была атакаваная 31 дронам-камікадзэ “Shahed”, у выніку чаго адна жанчына загінула. 29 з іх былі збітыя. 

Таксама ноччу 30 мая адбылася атака на Маскву. Тэлеграм-канал Shot са спасылкай на сваю крыніцу пісаў, што Маскву атакавалі 32 беспілотнікі: 19 былі збітыя ў Падмаскоўі, каля дзесяці ўпалі ў межах горада, зачапіўшыся за дрэвы, яшчэ тры – патрапілі ў жылыя дамы на Ленінскім праспекце, Прафсаюзнай вуліцы і вуліцы Атласава у Новай Маскве.

Паведамляецца, што эпіцэнтр удару беспілотнікаў прыйшоўся на раён Барвіхі, Рублеўскай шашы, Адзінцова і Краснагорска. Дэпутат Хінштэйн таксама паведаміў, што адзін з дронаў упаў у элітным пасёлку “Грынфілд” пад Масквой. Па дадзеных СМІ, асабліва актыўна СПА працавала якраз на захадзе і паўднёвым захадзе ад Масквы, дзе шмат загарадных дамоў расійскіх топ-мэнэджараў і чыноўнікаў.

Тэлеграм-канал “Можем объяснить” растлумачыў выбар цэлі ў Падмаскоўі элітным жытлом чыноўнікаў, набліжаных да Пуціна. Недалёка ад месца падзення дронаў праходзіць Рублёўская шаша і яе ваколіцы, дзе жывуць набліжаныя да Пуціна алігархі і чыноўнікі. Адзін з дронаў упаў у пасёлку Ільінскае, а гэта ўсяго за 3 кіламетры ад рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна ў Нова-Агарова. У пасёлку Знаменскае месціцца маёнтак у пуцінскага сябра Генадзя Цімчанкі.

Побач з аднаго боку — рэзідэнцыя прэмʼер-міністра Міхаіла Мішусціна «Горкі-9» і былы зяць прэзідэнта Расіі Кірыл Шамалаў, з другога – бацька губернатара Маскоўскай вобласці, сенатар Юрый Варабʼёў і міністр абароны Сяргей Шайгу.

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк пракаментаваў атаку беспілотнікаў на Маскву. Ён адпрэчыў прамое дачыненне Кіева да ўдараў БПЛА і назваў гэта “малацікавай падзеяй”. Але зазначыў, што, “магчыма, не ўсе дроны гатовы атакаваць Украіну і хочуць вярнуцца да сваіх стваральнікаў”.

Фота з адкрытых крыніц

Кіеў быў атакаваны “Іскандэрамі”, абломкі падалі ў цэнтры горада, усе 11 ракет збілі

Днём 29 мая Кіеў падвернуўся новай масавай атацы – 11 ракет тыпу “Іскандэр-М” і “Іскандэр-К” былі запушчаныя расійскай арміяй па горадзе. Гэта балістычныя і крылатыя ракеты, яшчэ год таму украінскія вайскоўцы былі амаль бяссільныя перад такой зброяй.

Цяпер жа ўсе 11 ракет былі збітыя сіламі супрацьпаветранай абароны ЗСУ. Прадстаўнік Узброеных сілаў Украіны Юрый Ігнат намякнуў, што гэта стала магчыма дзякуючы комплексам “Patriot” – паведамляе Unian.

На камеры відэаназірання патрапіў момант падзення абломкаў адной з ракет проста на ажыўленую дарогу ў цэнтры Кіева.

Фота: Unian

Ноччу Кіеў атакавала рэкордная колькасць дронаў, украінцы збілі 52 з 54-х

Два чалавекі загінулі, некалькі паранена – вынік беспрэцэдэнтна масавай начной атакі беспілотнікамі-камікадзэ на сталіцу Украіны напярэдадні Дня горада.

 У ноч на 28 траўня расійскія акупанты атакавалі Украіну іранскімі ўдарнымі дронамі Shahed-136/131 з паўночнага кірунку – з Бранскай вобласці, і з паўднёвага – з Краснадарскага краю. Пра гэта паведамілі ў Паветраных сілах Збройных сіл Украіны. “У цэлым зафіксаваны пускі рэкорднай колькасці дронаў-камікадзэ – 54” – адзначылі там.

Чарговы начны напад вораг накіраваў на ваенныя аб’екты і аб’екты крытычнай інфраструктуры краіны ў цэнтральных рэгіёнах, у прыватнасці на Кіеўскую вобласць. “Тут, у зоне адказнасці паветранага камандавання “Цэнтр”, знішчана большасць ударных дронаў” – удакладнілі ў ЗСУ.

Кіеўская абласная ваенная адміністрацыя і мэр горада Віталь Клічко паведамілі пра гібель двух чалавек – у Галасееўскім і Саломенскім раёнах, перадае Unian. Некалькі чалавек паранена.

Заяўляецца, што з 54-ох запушчаных дронаў украінскія вайскоўцы збілі 52.

Сёння, 28 мая Кіеў адзначае Дзень горада.

Фота: Unian