Украінская армія наступае

Украінская армія наступае, нясе страты, але прасоўваецца наперад

Актыўныя контрнаступальныя дзеянні украінскай арміі заўважаны на чатырох участках фронта – адзначаюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).

У той час як расійскае Міністэрства абароны сцвярджае, што расійскія войскі адбілі абмежаваныя і лакалізаваныя наземныя атакі Украіны ў раёне Крэмянной, украінскія афіцыйныя асобы 9 чэрвеня заявілі, што ЗСУ прасунуліся на 1,2 кіламетра падчас працяглых наступальных дзеянняў пад Бахмутам. 9 чэрвеня украінскія войскі працягвалі абмежаваныя контрнаступальныя аперацыі на захадзе Данецкай вобласці ў раёне мяжы Данецка-Запарожскай вобласці і дасягнулі тактычных поспехаў у гэтым раёне. 

9 чэрвеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што украінскі контрнаступ ідзе ўжо пяць дзён і украінская армія “не дасягнула пастаўленых задач ні на адным з участкаў баявых дзеянняў”.

Расійскія мілітары-блогеры і ваенкоры актыўна каментуюць здымкі з падбітай тэхнікай украінскай арміі – танкамі “Леапард” і БМП “Брэдлі”. Заяўляецца пра страту украінцамі некалькіх дзясяткаў адзінак тэхнікі – да 35 танкаў. У ISW адзначаюць, што ўкраінскія афіцыйныя асобы наўпрост прызналіся, што войска чакае стратаў тэхнікі падчас контрнаступальных аперацый. Дакладная колькасць знішчанай украінскай тэхнікі пакуль невядомая, а украінскія мілітары-блогеры сцвярджаюць пра некалькі адзінак, звяртаючы ўвагу на тое, што расійскія апаненты адзін і той жа фрагмент боя падаюць ужо каторы дзень пад рознымі ракурсамі, павялічваючы такім чынам колькасць страт.

Адначасова паяўляюцца відэасведчанні адступлення расійскіх вайскоўцаў з перадавых ліній у Запарожскай вобласці.

Фота з адкрытых крыніц