Онлайн-платформа для продажу любых білетаў на транспарт з’явіцца ў Беларусі

У Беларусі з’явіцца адзіная платформа для продажу білетаў на праезд у пасажырскім транспарце. Гэтая сістэма аб’яднае магчымасць куплі білетаў на аўтобусы, цягнікі, метро і іншыя віды транспарту ў адным месцы. Мэта праекта – спрасціць працэс куплі білетаў для пасажыраў, а таксама павысіць эфектыўнасць кіравання транспартнай інфраструктурай. Запуск платформы плануецца ў найбліжэйшы час, але назва рэсурса і яе электронны адрас пакуль невядомыя.

Фота ілюстрацыйнае

Паміж праспектам Шмідта і плошчай Касманаўтаў у Магілёве пусцяць дадатковы аўтобус

Пасля завяршэння школьных канікулаў, пачынаючы з 8 лістапада паміж праспектам Шмідта і плошчай Касманаўтаў у Магілёве будзе курсіраваць дадатковы аўтобус, каб разгрузіць пасажырапаток ва ўмовах спынення трафіка па Шмідтаўскім мосце. Новы маршрут пройдзе па вуліцы Чалюскінцаў, мосце Яшына, Пушкінскім праспекце і па вуліцы Гагарына – паведамляе mycity.by. Ён будзе хадзіць да канца 2023 года – падчас усёй рэканструкцыі пуцеправода па вуліцы Завадской.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

У Клайпедзе запрацаваў першы ў Літве рачны гарадскі маршрут

У літоўскай Клайпедзе працуе адзіны ў краіне рэгулярны экалагічны маршрут па ўнутраных водах  – паведамляе atviraklaipeda.lt.

Два водныя аўтобусы пачалі курсіраваць у тэставым рэжыме з 16 чэрвеня па рацэ Данге, па маршруце Стары горад – мост Таўралаўкіа, хаця спачатку планавалася даць старт 15 мая. Маршрут пакуль працуе ў тэставым рэжыме.

Пра планы запусціць водны гарадскі транспарт у Клайпедзе 10 красавіка 2023 пісалі mogilev.media. 

Пішам пра гарады-пабрацімы Магілёва і гарадоў Магілёўскай вобласці, каб нягледзячы на смугу прапаганды зразумець рэальнае развіццё блізкіх грамадстваў праз іх роднасныя адносіны з нашым рэгіёнам.

Водныя аўтобусы эксплуатуе муніцыпальнае прадпрыемства «Клайпедас паслаўгос» – былы Клайпедскі аўтобусны парк.

Паездка па рацэ прывабная тым, што можна ўбачыць горад з ракі. Гэта дае магчымасць мець зносіны з прыродай гараджанам і гасцям, з’яўляецца альтэрнатывай іншым відам гарадскога транспарту, цікавосткай для турыстаў.

Водны аўтобус умяшчае 10 чалавек, прадугледжана адно месца для інваліднага вазка. Кошт разавага білета – 3 еўра, дзейнічаюць і льготы. З Картай клайпедчаніна праезд – 2 еўра 40 цэнтаў. 

Аплачваць паездкі можна электронным квітком, бескантактнай банкаўскай картай і іншымі электроннымі спосабамі, але не наяўнымі.

Паездка ў адзін бок займае 1 гадзіну 20 хвілін. Усяго на маршруце 6 прыпынкаў: «Стары горад», «Мост Ліепу», «Данэс зляняй», «Сянваге», «Батанікас содас» і «Мост Таўраўлаўкіа». Водныя аўтобусы курсіруюць па 8 разоў на дзень.

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго, ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды – Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

Фота: atviraklaipeda.lt.

Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Напад мангола-татараў. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны смерч. Нарадзіўся кампазітар М. Рымскі-Корсакаў

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць.  (Увага! Тут — важнае ўдакладненне)

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Касцёл Св. Ганны у Вільні.

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

1932 год. Нарадзіўся Эрнест Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.

Рамонт вуліцы Камсамольскай – дзе шукаць новыя прыпынкі

Рамонт асфальтавага пакрыцця па вуліцы Камсамольскай у Магілёве ідзе хуткімі тэмпамі. За пару дзён практычна цалкам на вуліцы знялі стары асфальт.

Звыклыя прыпыначныя пункты “Драмтэатр” і “Каледж мастацтваў”, як і прадбачылі mogilev.media былі перанесеныя ў тры кропкі. Для ўсяго транспарту, што рухаеца з цэнтра горада ў Задняпроўе і ў бок Буйніч, новым прыпынкам стала стаянка для турыстычных аўтобусаў каля Філармоніі.

Прыпынак для маршрутак, якія едуць з Задняпроўя і Буйніч у бок цэнтра перанесены на пляцоўку каля помніка Георгію Каніскаму. Варта ўдакладніць, што тут цяпер спыняюцца практычна ўсе маршруткі, акрамя №1. Ад гэтага прыпынка далей іх шлях ляжыць праз Пажарны завулак.

Астатні транспарт, што едзе з Задняпроўя і з боку Буйніч у цэнтр – аўтобусы і маршрутка №1 – спыняюцца каля Педагагічнага каледжа па вуліцы Піянерскай.

Фота: mogilev.media

У Мікалаеве падлічылі папярэднія страты ад расійскай агрэсіі

Паводле падлікаў гарадскіх улад, страты Мікалаева ад расійскай агрэсіі складаюць 852 мільёны еўра. Спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць шкоду на 220 мільёнаў, але ёсць пэўная колькасць аб’ектаў, якія немагчыма ацаніць па спадарожнікавых здымках. Найбольшую шкоду панёс жыллёвы фонд – пашкоджана 360 000 квадратных метраў жылля на агульную суму амаль 400 мільёнаў еўра (амаль палова ўсіх страт). 

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Але фінальныя лічбы страт будуць ясныя толькі пасля падрыхтоўкі праекта аднаўлення горада.

У Мікалаеве ідэнтыфікаваны 43% пашкоджаных збудаванняў, зафіксаваны пашкоджанні больш за 87 000 аб’ектаў. Для гэтага выкарыстоўваліся і паведамленні мясцовых улад, і спадарожнікавыя здымкі, і іншыя тэхналогіі, каб верыфікаваць пашкоджанні. Мэр Аляксандр Сянкевіч дадаў, што ў ідэнтыфікацыі пашкоджанняў, месцаў траплення расійскіх ракет вельмі дапамаглі відэакамеры, устаноўленыя ў рамках праекта “Бяспечны горад”.

На тэрыторыі вобласці праводзяцца падлікі страт. Можна канстатаваць, што ёсць асобныя населеныя пункты, якія поўнасцю знішчыны расійскімі акупантамі. Да такіх адносіцца, напрыклад, сяло Партызанскае (на фотаздымку).

сяло Партызанскае

16 снежня працягнуліся ракетныя абстрэлы рускімі акупантамі, у выніку чаго ў Мікалаеве часткова перасталі працаваць тралейбусы, трамваі, прыпынілі працу кацельні «Мікалаеваблэплаэнерга» – паведамляюць у “Мікалаеўэлектратранс” і энергетыкі.

Нагадаем, што тэмпература паветра ў гэтыя дні тут ад 0 да +8С, месцамі па вобласці ляжыць снег.

У дэакупаванай Снігіроўцы пад Мікалаевым працягваюць знаходзіць небяспечныя прадметы, пакінутыя расейскімі акупантамі, паведамляюць выратавальнікі. “У заплечніку знойдзена супрацьпяхотная міна ПМН-2 у баявым стане. “Невядома, колькі б гэта прынесла гора, калі б не нашы адважныя выбухоўцы, якія знішчылі яго на месцы» – распавялі яны.

Тым часам, у складскім памяшканні побач са Снігіроўкай супрацоўнікі контрвыведкі СБУ выявілі чарговы склад расійскіх боепрыпасаў, паведамляе «Сніг». 

З пачаткам 2023 года ў Мікалаеве будзе прынята рашэнне па аднаўленню навучання ў школах. «Пасля Новага года абмяркуем» – кажа кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім. 

У сувязі з тым, што лінія фронту была адсунутая і Херсон быў вызвалены, у Мікалаеў і вобласць пачалі вяртацца людзі, у тым ліку і дзеці. Таму ўжо ставіцца пытанне аб аднаўленні афлайн-навучання.

У Мікалаеўскай вобласці  сталі вядомы тэрміны  зімовыя школьных канікул. Плануецца іх пачаць 24-25 снежня і завяршыць 8 студзеня. Аднак у некаторых населеных пунктах канікулы пачнуцца 29-31 снежня, таму скончацца пазней. Таксама адпачынак можна падоўжыць, калі будуць перабоі з электрычнасцю і інтэрнэтам.

У Тэлеграм з’явіліся фота з коштамі на штучныя елкі у гандлёвых кропках Мікалаева: ад 7300 да 16 900 грывен. Каментатары сцвярджаюць: дорага! На сёння курс 1 беларускі рубель – 13,29 грыўны, што азначае, што елкі прапаноўвацца па 549-1270 беларускіх рублёў.  

Для параўнання ў сетцы беларускіх крам “ОМА” штучныя елкі можна набыць ад 14 да  454 рублёў, а на елачных кірмашах жывую елку за 7,8 – 212,7 беларускіх рублёў.

 Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Апошні ўчастак аб’яздной дарогі вакол Магілёва так і не запусцілі

Адкрыццё паўднёва-заходняга аб’езда планавалася правесці 7 лістапада, але рух па дарозе застаецца закрытым. 

Першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер РУП “Магілёўаўтадар” Барыс Іваноў у інтэрв’ю БелТА паведамляў, што адрэзак трасы, які павінен звязаць гомельскую і бабруйскую шашы, планавалася запусціць яшчэ 7 лістапада. Аднак рух на ўчастку ў 12 кіламетраў застаецца забароненым. Па дарозе працягвае курсіраваць будаўнічая тэхніка.

Фота: mogilev.media

Новая мятла. Увесь месяц Магілёў будзе праводзіць суботнікі, бо Студнеў рашыў, што пасля Цумарава ў горадзе шмат праблем

Толькі што прызначаны старшыня магілёўскага гарвыканкама пачаў сваю дзейнасць з агучвання праблем, якія кінуліся яму ў вочы і даўно патрабуюць вырашэння. Пасля іх абмеркавання ён загадаў навесці парадак, “закасаць рукавы” і да канца кастрычніка праводзіць суботнікі. 

Так часцяком бывае, што новы начальнік яшчэ мае смеласць казаць пра праблемы, тым больш што засталіся яны яму ад былога кіраўніка. А былога хаця б ускосна пакрытыкаваць – гэта ж мілая справа. Да таго ж свежы позірк сапраўды дазваляе пабачыць тое, да чаго “старое” вока ўжо прызвычаілася. 

Можа таму Аляксандр Студнеў пачаў сваю дзейнасць са шматзначнага слогана «Навядзі ў сябе парадак, і парадак цябе захавае». Новы слоган ён прамовіў на пашыранай нарадзе гарадскога актыву, і яго ўжо піараць афіцыйныя гарадскія рэсурсы і патрабуючы вырашэння застарэлых праблем.

Першачарговыя магілёўскія праблемы вачамі новага мэра

Сярод мноства працоўных пытанняў на нарадзе актыву пераважала тэма добраўпарадкавання і навядзення парадку, пра што піша Веснік Магілёва. 

Недобраўпарадкаванасць тэрыторыі пасля завяршэння земляных работ. Па даручэнні Аляксандра Студнева аддзел жылёва-камунальнай гаспадаркі гарвыканкама правёў рэйд па месцах, дзе праводзіліся земляныя працы для правядзення будаўніча-мантажных работ. Было праманіторана 33 аб’екты, і на многіх выяўлены парушэнні. Недзе падрадчык не ўклаўся ў адведзеныя тэрміны, недзе няякасна добраўпарадкаваў тэрыторыю пасля завяршэння работ. Прычым непарадкі знаходзілі нават побач з цэнтральнымі гарадскімі магістралямі. 

У гэтым пытанні, адзначыў Аляксандр Студнёў, неабходна аператыўна наводзіць парадак, узмацніць жорсткі кантроль за падрадчыкамі з боку ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў і даў два тыдні на прыбіранне недапрацовак.

Нічога новага Студнеў не адкрыў. Амаль кожны раз пасля земляных работ гараджане бачаць або непрыбранае смецце, або крывыя тратуары ці зямлю замест асфальту… Добра, што ў чарговы раз на гэта звернута ўвага, і нейкі час будаўнікі будуць больш ахайнымі. 

Тэма гарадскога асвятлення – яшчэ адно пытанне, якое патрабуе ўзмацнення ўвагі. Мэр упэўнены, што Магілёў недастаткова асветлены ў цёмную пару сутак. Кожны ліхтар, які ўсталяваны ў горадзе, павінен гарэць. Прадпрыемству “Гарсвятло” даручана дадаткова прапрацаваць пытанне і зрабіць усё магчымае, каб Магілёў адпавядаў свайму статусу абластнога цэнтра.

Абмеркаванне транспартнай праблемы таксама прайшло пад знакам навядзення парадку. Аляксандр Студнеў запатрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў грамадскага транспарту ўзмацніць кантроль за выкананнем санітарных норм. Аўтобусы і тралейбусы не павінны выходзіць у рэйс бруднымі. У адваротным выпадку яны проста будуць здымацца з ліній, а вінаватыя будуць пакараныя – заверыў гарадскі галава.

Маніторынг цэн – самая актуальная сёння тэма. Тут, на думку Аляксандра Студнева, патрэбная адказная праца кожнага на сваім месцы і канкрэтная праца з людзьмі. Для прадстаўнікоў улады і кіраўнікоў прадпрыемстваў гэта мусіць быць галоўным прынцыпам.

Шляхі вырашэння праблем. 

Новы кіраўнік Магілёва нічога арыгінальнага прыдумваць не стаў. Ён заклікаў прадстаўнікоў мясцовых уладаў і дырэктарскага корпуса горада навесці нарэшце парадак. А ўжо потым на ўсялякі выпадак папярэдзіў, што ранейшыя заслугі ўлічвацца не будуць – пачынаць трэба з чыстага аркуша.

Яшчэ Аляксандр Студнеў выказаў падзяку магілёўцам, якія ў мінулую суботу прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. Але гэтага, на ягоную думку, аказалася мала. Падчас нарады было прынятае рашэнне ў наступную суботу, 15 кастрычніка, правесці паўторныя раённыя суботнікі, а агульнагарадскі суботнік арганізаваць яшчэ праз тыдзень, 22 кастрычніка.

У цэнтры Магілёва пілуюць дрэвы. Гараджане не задаволеныя, але што рабіць – не ведаюць

Ад дрэваў пазбаўляюцца ўздоўж праезнай часткі вуліцы Піянерскай. Гэта адна з самых загружаных гарадскіх магістраляў цэнтры Магілёва. На ёй дазволены праезд транзітнага буйнатанажнага транспарту.

Як паведамілі Магілёў.media чытачы, з выгляду здаровыя дрэвы спілоўваюць і тут жа вывозяць. Працы вядуцца ў аўральным рэжыме. Камлі распілоўваюць на месцы, а галлё крышаць на шчапу. Работнікі адмаўляюцца гаварыць, чаму пазбаўляюць цэнтар гораду ад патрэбных яму раслін.

Па словах адной з незадаволеных гараджанак, у гарвыканкаме з такімі пытаннямі просяць звяртацца пісьмова. Яна кажа, што цяпер гэта рабіць небяспечна, бо “потым саму ніхто не абароніць”.

В Могилевской области подорожал проезд в общественном транспорте

Теперь поездка на автобусе или троллейбусе обойдется пассажиру в 80 копеек. Экспресс-маршруты подорожали до 90 копеек.
Новые ценники определены решением облисполкома от 11 апреля 2022 года, которое было опубликовано на Национальном правовом интернет-портале.
фото: ap1mogilev.by