Дзень у гісторыі. 25 красавіка. Радуніца. Бялыніцкая Божая Маці. Увядзенне аўтанумароў. Пакаранне падпольшчыкаў. Рэкордны ацёл. Ордэн Магілёву. Нарадзіліся палітык Я. Сакалоў, зоркі З. Бандарэнка, Я. Паплаўская.

Міжнародны дзень дачкі (International Daughter’s Day).

Дзень дачкі – выдатны час, каб не толькі павіншаваць сваіх дачок, але і задумацца аб тым, як выправіць праблему з уплывам знешняга свету на ўяўленне дзяўчынак аб іх вобразе, а галоўнае іх ролі ў свеце. 

Свята звяртае ўвагу бацькоў на тое, наколькі важная для іх дачок іх любоў і ўвага, як важна быць лепшай мадэллю для пераймання, лепшым прыкладам паспяховага чалавека, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу іншым.

Сусветны дзень ДНК (World DNA Day, з 2010 года).

Адзначаецца ў гонар таго, што ў гэты дзень у 1953 годзе, Джэймс Уотсан, Фрэнсіс Крык, Марыс Уілкінс, Разалінд Франклін і калегі апублікавалі артыкулы ў навуковым часопісе «Nature», у якіх апісалі структуру ДНК. У гэты ж дзень у 2003 было абвешчана, што Праект геному чалавека вельмі блізкі да завяршэння.

Штогадовае святкаванне арганізавана Нацыянальным інстытутам даследавання геному чалавека ЗША з 23 красавіка 2010 года.

Адкрыццё структуры ДНК стала для ўсяго навуковага свету сапраўды рэвалюцыйным. Выяўленне гэтай малекулы дазволіла расшыфраваць код спадчыннасці, ідэнтыфікаваць генетычную пагрозу.

Цікавыя факты.

Арганізм людзей уключае 40 трыльёнаў клетак, кожная з якіх захоўвае 1,5 гігабайта генетычных дадзеных. 

ДНК усіх жыхароў планеты на 99,9% аднолькава. Унікальнасць кожнага складае толькі 0,1%. 

Адзіныя клеткі арганізма, у якіх адсутнічае дадзеная малекула – гэта чырвоныя крывяныя цельцы. 

Генны код людзей ідэнтычны кодам асобных прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету: з шымпанзэ гэтая сувязь складае 95%, мышшу – 70%, бананам – 50%.

Сусветны дзень пінгвінаў (World Penguin Day).

Заклікае людзей памятаць аб неабходнасці захавання жывёльнай разнастайнасці нашай планеты ў цэлым і разнастайнасці яе асобных рэгіёнаў і прадстаўнікоў у прыватнасці.

Пінгвін – сімвал Антарктыды, нелятаючая марская птушка, якая добра плавае і нырае.

Самы вялікі – імператарскі пінгвін, яго рост можа дасягаць 120 см, а вага – больш за 40 кг. Самы маленькі прадстаўнік віда – малы пінгвін, які не вышэй калена дарослага чалавека, а яго вага не перавышае 2,5 кг.

Дата святкавання Сусветнага дня пінгвінаў выпадае на перыяд, калі праходзіць міграцыя пінгвінаў на мацярык з мэтай спарвання і выседжвання яек.

Радуніца (Раданіца, Радаўніца). Вялікдзень для памерлых.

У аўторак другога тыдня пасля Вялікадня, праз дзень пасля Фамінай нядзелі (ці Антыпасхі), Праваслаўная Царква ўстанавіла дзень памінання памерлых, першы пасля свята Вялікадня.

У дзень Радуніцы хрысціяне сімвалічна падзяляюць велікодную радасць аб уваскрэсенні Збавіцеля з членамі царквы, якія ўжо пакінулі гэты свет. Па сведчанні свяціцеля Іаана Залатавуста, гэтае свята адзначалася на хрысціянскіх могілках ужо ў старажытнасці.

На Беларусі на Радуніцу да абеду – пашуць, у абед – плачуць, апасля абеду – танчаць.

Дзень евангеліста Святога Марка.

Марк – адзін з чацвярых евангелістаў, аўтар Евангелля ад Марка. Уключаны ў лік апосталаў ад сямідзесяці і атаясамліваецца з Маркам-Янам, вучнем апостала Пятра. Яму прыпісваецца роля заснавальніка александрыйскай царквы, якая пазней стала адным з найважнейшых біскупскіх пасадаў. Сімвалам святога Марка з’яўляецца крылаты леў.

Дзень абраза Бялыніцкай Божай Маці – Каралевы Беларусі.

Шануецца каталіцкім, праваслаўным і ўніяцкім насельніцтвам Усходняй Беларусі як цудатворны.

Існуюць розныя паданні, якія апавядаюць пра гісторыю абраза: манахі прынеслі яго пасля разгрому Кіева татарскімі войскамі Батыя, перанесена з Аршанскага Куцеінскага манастыра ў кармеліцкі манастыр, ікона была намалявана анёлам на аконнай аканіцы, абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас спеваў манахамі літаніі Божай Маці.

Большасць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634-1635 гг. невядомым мастаком.

1901 год. У штаце Нью-Ёрк упершыню ў свеце ўвялі аўтамабільныя нумары.

Першы аўтамабіль у Беларусі з’явіўся ў 1895 годзе.

У 1970–1992 гадах на нумарах першыя дзве з трох літар паказвалі рэгіён: Брэсцкая вобласць – БН, Віцебская – ВТ, Гомельская – ГС, Гродзенская – ГК, Магілёўская МГ, Мінская – МО, Мінск – МН.

У 1992-2000-х гадах нумары мелі чырвоныя літары і лічбы на белым фоне, у 1992-1996 гадах на знакі дадавалася выява герба “Пагоня”. На сучасных нумарах прыналежнасць аўтамабіля да пэўнага рэгіёна абазначаецца лічбай, напрыклад, Магілёўская вобласць – 6, Мінск – 7.

Сучасная вытворчасць аўтазнакаў знаходзіцца ў Ваўкавыску на базе папраўчай калоніі №11.

1926 год. У в. Равячына Горацкага раёна нарадзіўся Яфрэм Сакалоў (1926–2022).

Апошні кіраўнік ЦК КПБ, Герой Сацыялістычнай працы, дэпутат Вярхоўнага савета СССР (1979–1989), Народны дэпутат СССР (1989–1991).

Выхаванец Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

А. Фядута некалі пра яго напісаў наступнае: “Сакалоў – амаль ідэал кіраўніка. Ніхто ніколі не чуў, каб ён узвысіў голас на падначаленага. Ніхто не бачыў яго нецвярозым. Ніхто не мог падазраваць яго ў хабарніцтве”.

У Горках на алее Славы Герояў у яго гонар устаноўлены мемарыяльны знак, пасаджаны імянны каштан.

1939 год. У Мінску нарадзілася Зінаіда Бандарэнка.

Беларуская тэлезорка, народная артыстка. Палымяная патрыётка і прапагандыстка роднага слова, мужная змагарка за незалежную і беларускую Беларусь.

Скончыла БДУ. Працавала дыктарам Гомельскай абласной студыі тэлебачання, на Беларускай рэспубліканскай студыі тэлебачання

Яе творчую дзейнасць вызначаюць артыстызм, абаяльнасць, нацыянальны характар. Прадстаўляла Беларусь на фестывалях СССР i за мяжой.

У 1996 годзе рэзка выказалася на адрас А. Лукашэнкі, які вырашыў сустрэцца з журналістамі, каб аддзячыць іх за падтрымку на рэфэрэндуме па пашырэнню ягоных паўнамоцтваў. Хутка пасля гэтага была вымушана звольніцца з тэлебачання.

Была вядучай урачыстай часткі «Свята незалежнасці» ў Мінску, якое адбылося 25 сакавіка 2018 года ў гонар 100-годдзя БНР.

Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

1942 год. У Магілёве а 16:00 на плошчы Савецкай (зараз – Славы) акупанты павесілі падпольшчыкаў.

Былі павешаны Міхаіл (Георгій) Мяцёлкін (Каровін), Анатоль Ражкоў (Рыжкоў), Павел Хахлоў (Пяхоцін).

Лічыцца, што ўсе трое пакараных былі афіцэрамі Чырвонай Арміі. Але спроба атрымаць больш інфармацыі, зыходзячы з імёнаў і прозвішчаў, не мела поспеху. Лейтэнант (капітан) Міхаіл Мяцёлкін і старшы лейтэнант-лётчык Анатоль Рыжкоў зніклі без вестак у 1941 годзе і ў пачатку 1942 года ў базе «Мемарыял» не лічыліся. Магчыма ў мэтах канспірацыі яны назвалі немцам выдуманыя імёны і прозвішчы, пад якімі і ўвайшлі ў гісторыю Магілёва.

Пад шыбеніцай стаяць злева направа Міхаіл Мяцёлкін, Павел Пяхоцін, Анатоль Ражкоў.

1949 год. Нарадзілася Ядвіга Паплаўская.

Савецкая і беларуская эстрадная спявачка, клавішніца, кампазітар, удзельніца першага складу ансамбля “Верасы”. Народная артыстка. Жонка А. Ціхановіча.

Скончыла Беларускую кансерваторыю.

Сузаснавальніца і ўдзельніца ВІА “Верасы” (1971–1987), удзельніца Дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М. Фінберга, групы «Шчаслівы выпадак».

Гастралявала ў Расіі, Беларусі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Германіі, Югаславіі, Польшчы, Венгрыі, Фінляндыі, Францыі, Канадзе і Ізраілі.

Суарганізатар (1988) Тэатра песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, праз студыю якога прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў – Аляксандр Саладуха, гурт «Ляпіс Трубяцкой» і іншыя.

1964 год. Магілёўская карова Любік ацялілася сям’ю цялятамі.

Рэкорд Кнігі Гінэса. Такі ж рэкорд паставіла, але толькі ў 2005 годзе, харвацкая карова “Златуле”.

Каровы целяцца звычайна адным цялём на год.

Нават двайняты ў кароў рэдкасць. Тройні бываюць адна на 367 000 ацёлаў, чацвёра цялят нараджаюцца раз у 310 000. Пяцёра цялят – гэта адзінкавыя выпадкі, як напрыклад ў Ленінградскай вобласці ў 2012 годзе.

1980 год. Указам прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны Першай ступені.

Горад ўзнагароджаны за ратныя і працоўныя подзвігі. Гэта як бы кампенсацыя за тое, што горад не атрымаў ганаровае званне “Горад-герой” за 23-дзённую абарону ў ліпені 1941 года. 

1980 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва прысвоена Міхаілу Максімцаву (1909–1994).

Падчас Магілёўскай аперацыі 1944 года ўдзельнік фарсіравання Проні, Басі, Расты, пры вызваленні Магілёва – начальнік перапраў праз Днепр войскаў 2-га Беларускага фронта.

Генерал-маёр.