Дзень у гісторыі. 29 сакавіка. Стаў Ніягарскі Вадаспад. Тэракотавая армія Шыхуандзі. Расійская армія ўвайшла ў Прыднястроўе. Памёрлі паэт Н. Гілевіч, “беларускі Пеле” А. Пракапенка.

168 год. Гэтым днём датаваны адзіны захаваны нумар старажытнарымскай газеты “Акта папулі рамані дыурна” (“Штодзённыя дзеі рымскага народа”).

Газета ўяўляла сабой драўляную дошку, на якой мелам запісваліся падзеі, якія адбыліся за дзень.

Назва «газета» паходзіць ад наймення дробнай італьянскай манеты gazzetta.

Першая друкаваная газета стала выходзіць з 911 года ў Кітаі – “Цзінь бао” (“Сталічны веснік”). А першай еўрапейскай газетай стаў страсбургскі “Зборнік усіх выдатных і памятных навін” (Relation aller Fürnemmen und gedenckwürdigen Historien), якую пачаў друкаваць у 1605 годзе Ёган Каролус.

Першай газетай, якая выходзіла на тэрыторыі сучаснай Беларусі, стала “Gazeta Grodzieńska» (травень 1776–1783) – штотыднёвік  на польскай мове.

Першая легальная газета на беларускай мове – штотыднёвік “Наша доля” выдавалася ў Вільні групай дзеячаў Беларускай сацыялістычнай грамады з 1 верасня 1906 года. Услед за ёй, з 23 лістапада 1906 года стала выдавацца «Наша ніва» (1906–1915).

1848 год. Ніягарскі Вадаспад спыніўся больш чым на 30 гадзін.

На рацэ Ніягара ўтварыліся ледзяныя заторы. Тыя, каму пашчасціла пабываць у гэты час на Ніягарскім вадаспадзе, былі ўзрушаны велічным відовішчам.

1931 год. Нарадзіўся Вікенцій Дзмітрыеў.

Савецкі і беларускі трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Заслужаны трэнер СССР, Заслужаны настаўнік Беларусі. Ганаровы грамадзянін Віцебска і Чыкага. Трэнер зборнай СССР па спартыўнай гімнастыцы на Алімпійскіх гульнях 1968 і 1972 года. Чэмпіён Ленінграда.

Скончыў Віцебскі тэхнікум фізкультуры. Працаваў у спартыўным клубе “Дынама” (Віцебск).

У 1964 годзе яго падапечная Л. Петрык перамагла на ўсесаюзных спаборніцтвах дзевяціразовую алімпійскую чэмпіёнку Л. Латыніну, на  Алімпіядзе-68 у Мехіка ўзяла золата і бронзу. Яго выхаванкі Т.  Лазаковіч і Т. Аржанікава – чэмпіёнкі свету.

Пад час турнэ па ЗША, дэлегацыю спартсменаў прыняў прэзідэнт Р. Ніксан (прыхільнік гімнасткі-беларускі Вольгі Корбут), які падарыў трэнеру залатыя запанкі.

Памёр 4 кастрычніка 2019 года ў Віцебску.

1963 год. Нарадзіўся Сяргей Гумілеўскі.

Беларускі скульптар. Сын скульптара, народнага мастака Льва Гумілеўскага.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, стажыраваўся ў творчых акадэмічных майстэрнях: вучыўся ў Л. Давідзенкі, Л. Гумілеўскага, А. Арцімовіча, М. Савіцкага.

Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. Вядомы яго творы: «Галубка» (Цэнтральны батанічны сад, Мінск), «Юнацтва» (Мінск), станковыя працы «Добравешчанне», «Еўфрасіння Полацкая», «Францыск Скарына», «Зорка Венера», «Кветка-лілея» і іншыя.

Разам з бацькам стварыў помнікі Кірылу Тураўскаму ў Гомелі, Янку Купале ў Маскве, Францішку Багушэвічу ў Смаргоні і іншыя.

С. Гумілеўскі. Бюст Дж. Бернардоні ў Нясвіжскім парку, 1993.

1974 год. У правінцыі Шэньсі знойдзена тэракотавая армія імператара Цынь Шыхуандзі.

Выяўлена сялянамі падчас свідравання артэзіянскай свідравіны каля гары Лішань.

Тэракотавыя статуі былі пахаваны разам з першым імператарам дынастыі Цынь – Шы Хуандзі (ён аб’яднаў Кітай і злучыў усе звёны Вялікай сцяны) у 210–209 гадах да н.э.

Армія гліняных воінаў у баявой пабудове стаіць у паралельных скляпах за 1,5 км ад грабніцы імператара непадалёк ад старажытнакітайскай сталіцы – Сіань.

Каля 8 000 скульптур пяхотнікаў, лучнікаў і коннікаў былі схаваныя пад зямлёй. Фігуры воінаў з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва, паколькі выконваліся ў індывідуальным парадку, уручную і з выкарыстаннем розных методык. Кожная асобная статуя мае свае ўнікальныя рысы і нават выразы асобы.

Спачатку тэракотавых воінаў забяспечылі сапраўднай баявой зброяй, але, калі праз чатыры гады пасля смерці Шыхуандзі ў краіне ўспыхнула паўстанне, бунтаўшчыкі выявілі некропаль і забралі зброю, замяніўшы яе бронзавымі і алавянымі муляжамі.

Будаўніцтва арміі запатрабавала намаганняў больш за 700 000 працоўных і рамеснікаў і доўжылася 38 гадоў. Перыметр знешняй сцяны пахавання роўны 6 км.

З глінянымі воінамі таксама былі закапаныя жыўцом да 70 000 працоўных разам з іх сем’ямі.

На сённяшні дзень са склепа вынята больш за 500 тэракотавых статуй воінаў, 100 фігур коней і 18 калясніц.

1981 год. Нарадзіўся Дзмітры Гулецкі.

Сучасны беларускі даследчык нумізматыкі і матэрыяльнай культуры.

Дэлегат ад Беларусі на нумізматычных канфэрэнцыях 2005–2007 гадоў.

Друкаваў працы па нумізматыцы ў «Банкаўскім весніку» (Мінск), «Svensk Numismatisk Tidskrift» (Стакгольм), «Bialoruskie Zeszyty Historyczne» (Беласток), «Numizmatika» (Вільня), газэтах. 

Аўтар і суаўтар кніг «Манеты беларускай даўніны»,«Манеты Беларусі да 1707 года», «Калекцыйная Спадчына Вялікага Княства», энцыклапедый.

1989 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Аляксандр Пракапенка (1953–1989).

Беларускі футбаліст, паўабаронца. Майстар спорту міжнароднага класа. “Народны” футбаліст, герой шматлікіх футбольных анекдотаў. “Пракоп”, “беларускі Пеле”.

Лепшыя гады футбольнай кар’еры прайшлі ў складзе «Дынама» (Мінск, 1972–1983).

Чэмпіён СССР (1982). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1980).

Гуляў таксама за «Дняпро» (Магілёў), «Нефтчы» (Баку).

У чэмпіянатах СССР (вышэйшая ліга) правёў 168 матчаў, забіў 52 гола, у тым ліку за «Дынама» (Мінск) – 163 матча, 51 гол.

Пахаваны на могілках у в. Такары Бабруйскага раёна.

У 2015 годзе ў Бабруйске адкрыты стадыён імя А. Пракапенкі.

1992 год. 14-я расійская армія ўвайшла ў Прыднястроўе.

У 1991 годзе армія, апроч фармаванняў «армейскага камплекта» і кіравання, аб’ядноўвала 59-ю і 180-ю мотастралковыя дывізіі, дыслакаваныя ў малдаўскім Ціраспалі і Белгарад-Днястроўскім Адэскай вобласці Ўкраіны. Армія складала каля 30 000 ваенных, мела  229 танкаў, 305 бронемашын, 328 гармат, мінамётаў і РСЗА, 43 баявых і 31 транспартны верталёт.

1 красавіка 1992 года па ўказу Б. Ельцына армія перайшла пад юрысдыкцыю Расіі.

Вайскоўцы ўдзельнічалі у канфлікце Прыднястроўя з Малдовай.

14-я армія на 1990 год.

2004 год. Абылося пятае пашырэнне блока НАТА.  Да НАТА далучыліся Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія і Эстонія.

Перад гэтым у 1999 годзе далучыліся Чэхія, Венгрыя і Польшча – першы выпадак уступлення былых сацыялістычных краін, былых членаў Варшаўскай дамовы 1955–1991 гадоў.

Да НАТА ў 2009 годзе далучыліся Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 годзе – Паўночная Македонія.

Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Грузіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай. Імкнецца ў НАТА і Малдова.

18 мая 2022 года прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі перадалі ў штаб-кватэру НАТА афіцыйныя заяўкі на далучэнне да Альянсу.

Беларусь удзельнічае ў Савеце еўра-атлантычнага партнёрства з 1992 года, у праграме «Партнёрства дзеля міру» – з 1995 года. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТА адкрыта ў 1998 годзе. Адносіны Беларусі з НАТА застаюцца складанымі. Першае сур’ёзнае абвастрэнне адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Наступны віток супрацьстаяння адбыўся ў 2020–2021 гадах на фоне беларускіх пратэстаў, інцыдэнта з самалётам Ryanair.

У сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, у Беларусі нечакана заявілі аб гатоўнасці супрацоўнічаць з НАТА. Але заявы А. Лукашэнкі і У. Пуціна ў сакавіку 2023 годзе аб размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі на Беларусі робіць немагчымым весці цывілізаваны дыялог з НАТА.

2016 год. Памёр Ніл Гілевіч (1931–2016).

Дзеяч беларускай культуры, пісьменнік, літаратуразнавец, перакладчык, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і яго старшыня. Народны пісьменнік.

Кіраўнік працоўнай групы Вярхоўнага Савета па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у БССР (1990).

Аўтар некалькіх дзясяткаў кніг паэзіі, п’ес, прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, укладальнік і навуковы рэдактар многіх фальклорных зборнікаў.

Аўтар ананімнай паэмы «Сказ пра Лысую Гару», падпісаную «Францішак Вядзьмак-Лысагорскі». Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў

У 2003–2013 гадах выйшаў яго 23-томны збор твораў.

Творы Н. Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы. На яго вершы напісалі музыку М. Аладаў, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, І. Лучанок і іншыя.

Узнагароджаны медалямі і ордэнамі СССР, Беларусі, Балгарыі, Югаславіі, Украіны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева.

Ганаровы грамадзянін балгарскага горада Враца.

У гонар паэта названы прыватны Універсітэт з беларускай мовай выкладання.

Дзень у гісторыі. 16 лістапада. Створана ЮНЕСКА. Ядвіга Анжуйская стала каралевай Польшчы. Нарадзіліся рэлігійны дзеяч Вінцэнт Гадлеўскі, паэт Ян Скрыган, футбаліст Аляксандр Пракапенка

Міжнародны дзень талерантнасці.

Абвешчаны ў “Дэкларацыі прынцыпаў цярпімасці” ЮНЕСКА на 28-й Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА (1995).

Пад цярпімасцю (талерантнасцю) у Дэкларацыі разумеецца “павага, прыняцце і правільнае разуменне багатай разнастайнасці культур нашага свету, нашых форм самавыяўлення і спосабаў праяў чалавечай індывідуальнасці”. 

Дэкларацыя абвяшчае “прызнанне таго, што людзі па сваёй прыродзе адрозніваюцца па вонкавым выглядзе, становішчы, гаворцы, паводзінам і каштоўнасцям і валодаюць правам жыць у свеце і захоўваць сваю індывідуальнасць”.

Дэкларацыя разглядае пагрозы чалавецтву, якія нясе нецярпімасць, прапануе метады і праграмы барацьбы з нецярпімасцю.

Часта беларусы блытаюць талерантнасць з саступкай, угодніцтвам, паблажкай, адмовай ад сваіх перакананняў або прыняццем іншага светапогляду.

Генеральны сакратар ААН Кофі Анан сцвярджаў: „Талерантнасць не варта блытаць ні з пасіўнасцю, ні з пагадненнем ці абыякавасцю. Гэта актыўнае, станоўчае і адказнае стаўленне да чалавечай разнастайнасці.“

1384 год. Ядвіга Анжуйская каранавана на каралеву Польшчы. 

Каталіцкая святая.

Абрана пасля смерці бацькі – караля венгерскага і польскага Людовіка Венгерскага. Каралева ў 1384-1399 гадах. 

У 1385 заключыла Крэўскую унію, у 1386 годзе выйшла замуж за Ягайлу. Атрымала ад яго ў падарунак Магілёў.

У 1397 годзе фундавала ў Пражскім універсітэце асобны калегіум для судэнтаў з ВКЛ («speciale collegium pro Lythwanorum nacione»). У тэстаменце запісала ўласныя сродкі на аднаўленне Кракаўскай акадэміі.

Памерла ў 1399 годзе падчас родаў, не пакінуўшы Ягайлу нашчадкаў.

Доўгі час неафіцыйна ўшаноўвалася ў Польшчы як святая. Афіцыйна беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам ў 1986 годзе, кананізавана ў 1997 года. Дзень памяці –17 ліпеня.

wikimedia.org

 1673 год. Нарадзіўся Аляксандр Меншыкаў.

Расійскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, генералісімус. Сын дробнага літоўскага шляхцiча. 

Паплечнік Пятра І, пасля яго смерці ў 1725-1728 – фактычны кіраўнік Расіі. Князь і адзіны рускі герцаг, князь Рымскай імперыі.

Першы генерал-губернатар Пецярбурга (1703-1727), кіраваў будаўніцтвам горада, Кранштата.

У 1705 годзе разам з Пятром І удзельнічаў у забойстве святароў у полацкім Сафійскім саборы. Пасля знішчэння ў агні Магілёва, удзельнічаў у бітве пад Лясной (1708). Удзельнік рабавання і руйнавання многіх беларускіх гарадоў і мястэчак.

wikimedia.org

 1898 год. Нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі. 

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст.

Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 годзе. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый.

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, удзельнік Усебеларускага з’езда. Член Рады БНР.

У 1920-я гады шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю на Віленшчыне, за якую арыштоўваўся польскімі ўладамі, быў асуджаны на 2 гады турмы.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (1928).

Пераклаў на беларускую мову Новы запавет. Заснаваў газету «Беларускі фронт».

Падчас нямецкай акупацыі быў галоўным школьным інспектарам, кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Мінску.

За крытыку нямецкай палітыкі ў дачыненні беларускага народа быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Мінску 24 снежня 1942 года. У снежні 1942 года загінуў у канцлагеры Трасцянец.

wikimedia.org

1905 год. Нарадзіўся Ян Скрыган. Беларускі пісьменнік, паэт, публіцыст і крытык. Заслужаны работнік культуры.

Член літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкая камуна».

У 1929 годзе займаўся калектывізацыяй на Магілёўшчыне.

У 1936 годзе арыштаваны НКУС і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі з высылкай у Сібір. У чэрвені 1949 года зноў арыштаваны і высланы ў Сібір.

Пасля рэабілітацыі ў 1954 годзе вярнуўся ў Мінск. 

Адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру.

Аўтар вершаў, зборнікаў нарысаў, кніг апавяданняў, аповесцей, успамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы.

Пераклаў на беларускую мову рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.

Памёр 18 верасня 1992 года ў Мінску.

wikimedia.org

 1923 год. Нарадзіўся Мікалай Крукоўскі. 

Беларускі эстэтык, філосаф, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат філалагічных навук, прафесар.

Партызан брыгады К. Заслонава.

Працаваў у БДУ і ўніверсітэце культуры, Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны.

Аўтар артыкулаў, манаграфій па праблемах філасофіі, тэарэтычнай эстэтыкі, культуралогіі, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, узаемаадносін культуры і суверэнітэту народа. 

Лічыў, што культура ўяўляе сабой складаную і ў той жа час вельмі цэласную сістэму з выразнай іерархічнай будовай, у структуру якой уваходзяць матэрыяльная культура, мастацкая культура і культура духоўная.

У 2017 годзе выдадзены Збор твораў у 5 тамах.

Памёр 30 верасня 2013 года ў Мінску.

wikimedia.org

 1945 год. Створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO — United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization). 

Яе асноўнымі мэтамі з’яўляюцца садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі за кошт пашырэння супрацоўніцтва дзяржаў і народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры; забеспячэнне справядлівасці і захавання законнасці, усеагульнай павагі правоў і асноўных свабод чалавека, абвешчаных у Статуце ААН для ўсіх народаў, без адрознення расы, полу, мовы або рэлігіі.

Штаб-кватэра размяшчаецца ў Парыжы.

Зараз у арганізацыі 195 дзяржаў-членаў і 8 членаў-супрацоўнікаў. 182 дзяржавы-ўдзельніцы маюць пастаянныя прадстаўніцтвы пры арганізацыі, дзе таксама знаходзяцца 4 пастаянныя назіральнікі і 9 наглядальных місій міжурадавых арганізацый. 

У склад арганізацыі ўваходзіць больш за 60 бюро і падраздзяленняў, размешчаных у розных частках свету.

1953 год. У Бабруйску нарадзіўся Аляксандр Пракапенка. 

Беларускі футбаліст, паўабаронца. Майстар спорту міжнароднага класа.

Лепшыя гады футбольнай кар’еры прайшлі ў складзе «Дынама» (Мінск, 1972-1983).

Чэмпіён СССР (1982). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1980).

Гуляў так жа за «Дняпро» (Магілёў), «Нефтчы» (Баку).

У чэмпіянатах СССР (вышэйшая ліга) правёў 168 матчаў, забіў 52 гола, у тым ліку за «Дынама» (Мінск)— 163 матча, 51 гол.

“Народны” футбаліст, герой шматлікіх футбольных анекдотаў.

Памёр раптоўна 29 сакавіка 1989 года. Пахаваны на могілках у в. Такары Бабруйскага раёна.

У 2015 годзе ў Бабруйску адкрыты стадыён імя А. Пракапенкі.

 1957 год. Памёр Янка Чарапук. 

Дзеяч БНР, беларускай эміграцыі ў ЗША.

Меў псеўданім Янка Змагар. Стваральнік пецярбургскай культурна-асветнай арганізацыі «Вольныя беларусы», сакратар пецярбургскага прадстаўніцтва Цэнтральнай украінскай рады, супрацоўнік Міністэрства замежных спраў УНР, член Беларускай рады на Украіне. Член Рады БНР.

3 1922 года актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

Падтрымліваў цесныя сувязі з В. Ластоўскім,  К. Душэўскім, Т. Грыбам.

Адзін з арганізатараў Беларуска-Амерыканскай нацыянальнай рады.

Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў i місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Я.Ладноў, В. Захарка, П. Крачэўскі, Л. Заяц; стаяць: Л. Вітан-Дубейкаўскі, Я. Чарапук, Я. Бялевіч. Кастрычнік 1919 года (БДАМЛіМ), wikimedia.org

 1982 год. памёр Андрэй Макаёнак. 

Беларускі драматург. Народны пісьменнік.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».

Працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце, у тым ліку загадчыкам парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945-1946), у часопісах «Вожык», «Нёман».

Аўтар гумарэсак, фельетонаў, нарысаў, шматлікіх п’ес, у якіх бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва савецкай гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Яго творы ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў.

Аўтар кінааповесці «Твой хлеб», сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён», «Пасля кірмашу».

Пераклаў на беларускую мову п’есы Л. Зорына, Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, К. Сіманава і іншых.

Выдадзены яго Выбраныя творы ў 2-х і 5 тамах.

Імя драматурга носіць вуліца ў Мінску, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая СШ Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей драматурга.

2021 год. Ад наступстваў COVID-19 памёр Мікола Шабовіч. 

Беларускі паэт, перакладчык, філолаг і педагог. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Працаваў ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка,  нацыянальным тэхнічным універсітэце, у Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне.

Даследаваў аказіянальную лексіку ў мастацкіх тэкстах.

Аўтар сямі зборнікаў вершаў, кніг гумару, перакладаў.

На яго вершы напісана больш як 180 песень, якія выконвалі І. Дарафеева, А. Гайдук, А. Цівуноў, Дз. Мінько, Т. Валахановіч і іншыя.

30 песень на вершы Шабовіча напісаў магілёўскі кампазітар Мікола Яцкоў.

Аўтар слоў гімна БДПУ  імя Максіма Танка. Спрыяў развіццю маладых беларускіх паэтаў і празаікаў – удзельнікаў літаратурнай суполкі «Крокі».

На фота: М. Яцкоў і М. Шабовіч, wikimedia.org