4 мая у гісторыі. Дзень пажарных. Тараса Шаўчэнку выкупілі з прыгона. Нарадзіўся Геранім Радзівіл. Дзень памяці Анатоля Сыса.

Міжнародны дзень пажарных (International Firefighters Day).

Устаноўлены ў памяць трагічных падзей, звязаных з тушэннем ляснога пажару ў снежні 1998 года, які адбыўся ў Аўстраліі. Тады пры выкананні свайго службовага абавязку загінулі пяцёра пажарных. Гэта падзея не была першым выпадкам гібелі змагароў з агнём, аднак менавіта яна падштурхнула да заснавання Міжнароднага дня, калі можна было б ушаноўваць герояў-агняборцаў, а таксама ўшанаваць памяць загінуўшых пры выкананні службовага абавязку.

У якасці даты святкавання быў выбраны дзень ушаноўвання Святога Фларыяна, які лічыцца нябесным апекуном пажарных.

У нашай краіне Дзень пажарнай службы адзначаецца 25 ліпеня на падставе Указа ад 11 верасня 1998 года. Выбар афіцыйнай даты свята не выпадковы. Менавіта 25 ліпеня 1853 года была заснавана пажарная ахова ў г. Мінску.

1715 год. Нарадзіўся Геранім Фларыян Радзівіл (1715–1760).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат.

Падарожнік па Еўропе. Меў шматлікія уладанні, у тым ліку трымаў Крычаўскае староства.

Падчашы, вялікі харужы ВКЛ.

Меў 6-тысячнае войска (па колькасці раўнялася войску ВКЛ) з гарнізонамі ў многіх гарадах, у тым ліку Крычаве. У Бялай, пасля ў Слуцку трымаў кадэцкі корпус.

Задушыў Крычаўскае паўстанне 1743–1744 гадоў.

У 1756 пачаў будаваць на востраве Жыд-возера (перайменаваў яго ў Князьмор, цяпер воз. Чырвонае) мураваны замак пад назвай Венецыя. Меркаваў стварыць на возеры флот з артылерыяй.

Заснаваў тэатр у Бялай і Слуцкі тэатр, артысты для якога рыхтаваліся ў спецыяльнай школе (першая ў Рэчы Паспалітай). Сабраў карцінную галерэю, вялікую бібліятэку.

1819 год. Нарадзіўся Фларыян Міладоўскі (1819–1889).

Беларускі кампазітар, піяніст, педагог.

Вучань віленскага кампазітара Ф. Цібэ, мінскага музыкі Д. Стэфановіча (настаўнік К.Марцінкевіча, С. Манюшкі)  У 10-гадовым веку даў свой першы канцэрт, дзе ён выконваў няпростыя творы нават для дасведчаных музыкаў.

У 1836 годзе стаў выкладаць музыку дочкам Б. Тышкевіча і працаваць дырыжорам аркестра ў маёнтку Чырвоны Двор. Пад яго кіраўніцтвам сімфанічны аркестр стаў адным з лепшых прыватных музычных калектываў у Еўропе.

Павышаў сваю адукацыю ў Берліне, Вене, у Францыі. Працаваў у Вільні, у маёнтку Мацкі пад Мінскам, дзе з’явіўся самы знакаміты твор – аперэта «Канкурэнты» на словы М. Лапіцкага і У. Сыракомлі, прэм’ера якой адбылася ў Мінску ў 1861 годзе.

З 1862 года жыў на эміграцыі ў Францыі.

Аўтар аперэт, мес, смыковых квартэтаў, фартэпіянных трыа, санат для фартэпіяна ў 4 рукі, песень, мазуркі, паланэзаў, накцюрнаў, багатэлі.

Памёр 8 ліпеня 1889 года ў Бардо.

1838 год. Быў выкуплены з прыгону Тарас Шаўчэнка (1814–1861).

Яго выкупілі дзеячы культуры

Вядомы ўкраінскі мастак і літаратар. Нацыянальны герой Украіны.

Упершыню праехаў па Беларусі ў 1829 годзе, у час прыезду свайго ўладніка П. Энгельгарта ў Вільню.

У 1843 годзе, здабыўшы волю, Шаўчэнка па дарозе з Пецярбурга да Украіны наведаў Віцебск, Магілёў, Гомель. Гэтым жа шляхам вяртаўся ў Пецярбург у 1847 годзе. Падрымліваў сувязі са многімі беларускімі літаратарамі, удзельнікамі вызваленчага руху.

У 1863 годзе ў Вільні быў выдадзены «Кабзар» Шаўчэнкі на польскай мове ў перакладзе У. Сыракомлі.

Да пачатку XX стагоддзя адносяцца пераклады Шаўчэнкі на беларускую мову, якія зрабілі Янка Купала, А. Гурло, А. Паўловіч. Першым даследчыкам паэтыкі Т. Шаўчэнкі ў Беларусі быў М. Багдановіч. У аснове паэмы Янкі Купалы “Тарасава доля” – жыццёвы шлях вялікага Кабзара.

Перакладалі Шаўчэнку і беларускія паэты міжваеннага і паваеннага часу, у іхнім ліку – Рыгор Барадулін.

У яго гонар у Беларусі усталяваны помнікі ў Брэсце, Слуцку, Гомелі, Мінску, Магілёве (2005). У 2015 годзе помнік у Магілёве быў пашкоджаны вандаламі.

Выява Шаўчэнкі разам з Гогалем і Пушкіным размешчана на мемарыяльнай дошцы на будынку па Ленінскай, 33 у Магілёве.

У Беларусі вуліцы Шаўчэнкі ёсць у шматлікіх гарадах, у тым ліку Бабруйску, Магілёве.

На фота: Апаганены вандаламі помнік Т. Шаўчэку ў Магілёве (справа).

1863 год. У баі з расійскімі войскамі пад Дубічамі загінуў Людвік Нарбут (1832–1863).

Вайсковец, урач, вучоны-мэдык, мецэнат.

Падчас вучобы ў Віленскай гімназіі быў арыштаваны за спробу стварыць «таварыства патрыётаў з мэтай зрабіць паўстанне» і ў 1851 годзе аддадзены ў салдаты на Каўказ.

Вярнуўся на радзіму ў 1860 годзе. Адным з першых стварыў атрад з паўстанцаў у Беларусі, з якім з лютага па красавік 1863 году змагаўся супраць расійскіх войск. Быў ваенным начальнікам Лідскага павета, палкоўнікам.

М. Андрыёлі. Смерць Людвіка Нарбута ў Дубічах.

1904 год. Пачалося будаўніцтва Панамскага канала.

Ён злучае Ціхі і Атлантычны акіяны. Даўжыня 81,6 км. Афіцыйна адчынены 12 чэрвеня 1920 года.

Першым выказаў ідэю аб магчымасці будаўніцтва канала ўраджэнец Крычава Аляксандр Галынскі (1816–1893), падарожнік, пісьменнік, сябра А. Герцана, В. Урублеўскага, К. Маркса, Ф. Энгельса, Дж. Гарыбальдзі, разам з Юліушам Славацкім падарожнічаў па Блізкім Усходзе і па Егіпце. Памёр і пахаваны ў г. Крычаве.

1930 год. Памёр Уладзімір Краснянскі (1863–1930).

Гісторык, дырэктар Мсціслаўскай мужчынскай гімназіі (1906–1911), аўтар кнігі “Город Мстиславль” (1912), даследчык паўстання 1863 года.

Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут. Выкладаў ў Беластоцкай рэальнай вучэльні, мінскай мужчынскай гімназіі, працаваў у Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў, у канцылярыі Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам мсціслаўскай мужчынскай гімназіі, віцебскага рэальнага вучылішча, намеснікам дырэктара Віцебскага краязнаўчага музея.

З’яўляўся членам камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва віцебскага акруговага таварыства краязнаўства. Разабраў і сістэматызаваў багатую літаратурную, археалагічную і нумізматычную калекцыю В. Федаровіча. Праводзіў археалагічныя раскопкі ў Барысаўскім павеце.

1932 год. Нарадзіўся Мікола Прашковіч (1932–1983).

Беларускі дысідэнт, перакладчык, адзін з самых таленавітых беларускіх літаратуразнаўцаў ХХ стагоддзя. Адзін з першых пачаў даследаваць паэзію Сімяона Полацкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэзія Сімяона Полацкага”.

Адзін з першых напісаў вялікі артыкул «Шлях паэта» пра творчасць Ларысы Геніюш (1967).

Спецыялізаваўся па старажытнай беларускай літаратуры. Некаторыя яго выступленні ў друку вылучаліся асаблівай палемічнай завостранасцю і атрымалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. Так, рэцэнзія М. Прашковіча на кнігу А. Коршунава пра А. Філіповіча (1965) выклікала рэзка адмоўную рэакцыю галоўнага афіцыёзнага гісторыка Л. Абэцэдарскага

Даверлівы, адкрыты і залішне эмацыянальны М. Прашковіч быў выкарыстаны савецкай дзяржбяспекай, пад пільным наглядам якой знаходзіўся, для дыскрэдытацыі некаторых патрыётаў, фабрыкацыі справы і выкрыцця ў 1973-1974 гадах «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у АН БССР, у выніку чаго пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў.

Па абвінавачанні ў беларускім нацыяналізме ў 1974 годзе быў звольнены з работы ў АН БССР.

Пэўны час заставаўся беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газеце «Вечерний Минск».

Трагічна загінуў на пажары 2 лютага 1983 года.

Алесь Белакоз і Мікола Прашковіч

1997 год. Сеферына Хіменэс Малья (1861–1936) абвешчаны Блажэнным і стаў афіцыйным апекуном цыган у каталікоў.

З каталіцкай цыганскай сям’і ў Іспаніі. Ён правандраваў каля 40 гадоў, перш чым асесці ў Барбастра. Быў бяздзетным і таму ўсынавіў асірацелую пляменніцу жонкі Пепіту,  падкормліваў бяздомных дзяцей. Праславіўся як сумленны гандляр конямі.

Нягледзячы на сваю непісьменнасць, вучыў цыганскіх і бедных іспанскіх дзяцей асновам хрысціянства, у першую чаргу Бібліі, якую ведаў вельмі добра, і малітвам.

Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая суправаджалася рэлігійнымі ганеннямі з боку рэспубліканцаў, Сеферына Малья паспрабаваў абараніць святара ад арышту. Па легендзе, пры затрыманні паліцыянты спыталі цыгана, ці ёсць у яго зброя. “Ёсць, і вось яна!” – адказаў той, дастаючы з кішэні пацеркі.

Ён быў забіты разам з іншымі святарамі, місіянерамі, агаліўшы перад смерцю сваю адзіную “зброю” і ўсклікнуўшы: “Слава Хрысту!”. Яго цела было скінута ў брацкую магілу.

2005 год. Памёр Анатоль Сыс (1959–2005).

Культавы беларускі паэт канца ХХ стагоддзя.

Працаваў у Веткаўскай раённай газеце, на Беларускім тэлебачанні.

Сустваральнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» (1986), актыўны ўдзельнік «Талакі». Яго паэзія, грамадзянянская і творчая пазіцыя аказалі вялікі ўплыў на тагачаснае пакаленне беларускіх паэтаў.

Адзін з арганізатараў і прамоўцаў на першых дэмакратычных акцыях «Дзяды» 1987–1988 гадоў і мітынга супраць разбурэння Верхняга Горада ў Мiнску.

Пахаваны ў роднай вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне.

2012 год. Памёр  ураджэнец в. Маслакі Горацкага раёна Міхаіл Булахаў (1919–2012).

Беларускі мовазнавец. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.

Выхаванец  Магілёўскага педінстытута.

Працаваў загадчыкам кафедр рускай мовы Мінскага педінстытута, БДУ, навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР.

Даследчык праблем сучаснай беларускай мовы, мовы старажытных беларускіх помнікаў, аўтар прац «Прыметнік у беларускай мове», «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы», «Усходнеславянскія мовазнаўцы».

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 12 снежня. Памёр Стэфан Баторый, Нарадзіўся Сімяон Полацкі. СССР уводзіць войскі ў Аўганістан

1586 год. Памёр Стэфан Баторый

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

Зрабіў значны ўклад ва ўмацаванне Рэчы Паспалітай, спрыяў падняццю яе аўтарытэту ў Еўропе. Умацаваў армію. Прывёў Лівонскую вайну да задавальняльнага для Рэчы Паспалітай выніку.

Пры ім кожны трэці сойм праходзіў у Гродне, там жа меў і рэзідэнцыю. Памёр у Гродне.

Адна з цэнтральных вуліц Гродна носіць імя Стэфана Баторыя.

 

1629 год. Нарадзіўся  Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч). 

Паэт, пісьменнік, энцыклапедыст-асветнік, рэлігійны дзеяч, іераманах ордэна базыльян. 

Аўтар вершаў, п’есаў, падручнікаў, філасофскіх твораў.

Скончыў Кіева-Магілянскую, Віленскую езуіцкую акадэміі. Выкладаў у брацкай школе ў Полацку.

Лічыў, што сапраўдны цар – той, хто дбае аб грамадзянах, думае пра іх патрэбы. Тыран – рабуе і крыўдзіць падданых.

У Маскве вучыў царскіх дзяцей Аляксея Цішайшага, у тым ліку будучага імператара Пятра.

Прынёс у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі. Арганізаваў друкарню ў Крамлі, у якой выйшлі «Буквар языка славенска», «Псалтыр рыфматворная» .

Па яго ініцыятыве была заснавана Славяна-грэка-лацінская акадэмія, 

У Полацку з 1994 года працуе Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Пастаўлены яму помнік.

Памёр 25 жніўня 1680 года ў Маскве.

 

1828 год. Нарадзіўся Міхал Грушвіцкі

Беларускі і польскі кампазітар, піяніст.

У сталым узросце амаль да са­май смер­ці жыў у Выганічах (цяпер – Валожынскі раён), займаўся сельскай гаспадаркай.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі.

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

Памёр  18 сакавіка 1904 года.

 

1875 год. Вынайдзена дугавая лямпа без рэгулятара – “электрычная свечка” Паўла Яблачкава. 

Сваё вынаходніцтва інжынер прадставіў на лонданскай выставе фізічных прыбораў, якая праходзіла 15 красавіка 1876 года ў Лондане. У многіх краінах свету былі заснаваны кампаніі па камерцыйнай эксплуатацыі “свечкі Яблачкава”. Яны з’явіліся ў продажы і пачалі разыходзіцца ў вялікай колькасці. Кожная свечка каштавала каля 20 капеек і гарэла 1,5 гадзіны. Па заканчэнні гэтага часу даводзілася ўстаўляць у ліхтар новую. Пасля былі прыдуманы ліхтары з аўтаматычнай заменай свечак.

 

1886 год. Нарадзілася Юліяна Вітан-Дубейкаўская

Беларуская мастацтвазнаўца, педагог, мемуарыстка. Жонка вядомага беларускага дзеяча Лявона Вітан-Дубейкаўскага.

У час вучобы ў віленскай гімназіі пазнаёмілася з Алаізай Пашкевіч. Была заручана з Іванам Луцкевічам, але ён неўзабаве памёр у 1919 годзе.

Брала ўдзел у адкрыцці першай пачатковай беларускай школы, беларускіх настаўніцкіх курсаў і Віленскай беларускай гімназіі.

З сакавіка 1941 года жыла ў Германіі.

Аўтар успамінаў, кніг пра дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, мемуараў.

Паводле кнігі «Мае ўспаміны» Галінай Дзягілевай пастаўлены спектакль «Віленскія мроі» ў тэатры аднаго акцёра «Зніч».

Памёрла 28 верасня 1969 года ў нямецкім Нюрнбергу.

 

1901 год. Італьянскі вынаходнік Гульельма Марконі праводзіць першы сеанс трансатлантычнай радыёсувязі. 

У канадскім Сэнт-Джоне, а 12:30 Марконі са сваім асістэнтам Джорджам Кемпам з дапамогай прыёмніка з правадной антэнай, якая была прымацавана да паветранага шара, прынялі тры слабыя сігналы брытанскай радыёстанцыі. Упершыню радыёпаведамленне перасекла акіян – 3500 км. Эксперымент паказаў, што радыёсігналы могуць распаўсюджвацца далёка за межы гарызонту.

 

1928 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Санін (Рыўкін).  

Савецкі пісьменнік, сцэнарыст, драматург, палярнік, падарожнік.

 Працаваў на радыё, пісаў для перадачы “З добрай раніцай!”.

Неаднаразова ўдзельнічаў у экспедыцыях у Арктыку, у тым ліку на дрэйфуючую станцыю “Паўночны полюс-15”, у Антарктыку (1970/1971), па акіянах уздоўж экватара.

Аўтар гумарыстычных аповесцей, аповесцей-падарожжаў, цыклаў раманаў аб Арктыцы, Антарктыцы, аб прадстаўніках гераічных прафесій (пажарныя, лётчыкі, маракі, палярнікі), некалькіх дзясяткаў аповесцяў, апавяданняў, зборнікаў прозы, п’ес, шматлікіх артыкулаў.

Яго аповесці прасякнуты добрым тонкім гумарам і іроніяй. Аўтара адрозніваюць цікавасць да выпрабаванняў чалавека ў цяжкіх умовах, маральна-псіхалагічныя праблемы.

Па яго творах зняты фільмы “Мужчыны не плачуць”, “72 градусы ніжэй за нуль”, “Антарктычная аповесць” (тры серыі), “Кропка вяртання”, “Белы праклён”.

 

1955 год. Нарадзіўся Вячаслаў Сасноўскі. 

Беларускі эканоміка-географ. Кандыдат геаграфічных навук.

Працаваў ў Беларускіх дзяржаўных эканамічным, педагагічным універсітэтах.

Даследчык геаграфіі якасці жыцця насельніцтва Беларусі.

Аўтар многіх артыкулаў для Беларускай энцыклапедыі, суаўтар энцыклапедычных выданняў “Брэсцкая вобласць” і “Віцебская вобласць”, геаграфічнага атласа настаўніка.

 

1968 год.  Нарадзіўся Усевалад Гарачка. Беларускі паэт.

Адзін са стваральнікаў літаратурнага руху «Бум-Бам-Літ» (1994). Член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Аўтар вершаў, крытычных артыкулаў, эсэ, апавяданняў, кніг паэзіі «Пралетарскія песні», «Даты», сааўтар некалькіх кніг, у т.л. «Тазік беларускі».

Друкаваўся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Наша Ніва», часопісе «Крыніца».

 

1979 год. Палітбюро ЦК КПСС афіцыйна прыняло рашэнне аб уводзе савецкіх войскаў у Аўганістан. 

Рашэнне было прынята ў вузкім коле – на сустрэчы Л. Брэжнева з Ю. Андропавым, Дз. Усцінавым, А. Грамыкай, К. Чарненкам – пяццю членамі палітбюро з 12.

Першыя савецкія часці перасеклі мяжу 25 снежня 1979 года а 18:00 па мясцовым часе. Першым мяжу перасек 781-й разведбат 108 мотастралковай дывізіі (Узбекістан)

На аэрадромы Кабула і Баграма па паветры былі перакінуты віцебскія (103 дывізія), полацкія (350 полк палкоўніка Г. Шпака, ураджэнца Асіповічаў) дэсантнікі. Пры пасадцы разбіўся Іл-76 разам з вайскоўцамі – загінула 10 летчыкаў і 37 дэсантнікаў. 

Увечары 27 снежня спецгрупамі КДБ і атрадам Галоўнага разведвальнага ўпраўлення была ажыццёўлена спецаперацыя “Шторм-333”. У выніку яе быў захоплены палац Тадж-Бек, дзе размяшчалася рэзідэнцыя новага кіраўніка Аўганістана Х. Аміна, а сам ён быў забіты. Было спешна аформлена абранне генеральным сакратаром кіруючай партыі Б. Кармаля, які напярэдадні нелегальна прыбыў з СССР.

 

1991 год.  Расія выйшла са складу СССР. 

Расія ратыфікуе  Белавежскія пагадненні, якія былі падпісаны 8 снежня 1991 года, ставіць кропку ў існаванні СССР і ўваходзіць у склад Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 

Да гэтага пагадненні ратыфікавалі Беларусь і Україна (10 снежня), пазней – Казахстан (23 снежня), Таджыкістан (25 снежня), Арменія і Туркменістан (26 снежня 1991), Узбекістан (4 студзеня 1992), Кыргызстан (6 сакавіка 1992), Азербайджан (24 верасня 1993), Грузія (3 снежня 1993), Малдова (8 красавіка 1994).

2006 год. Памерла Ніна Тарас (Жданук, 1916-2006). 

Беларуская пісьменніца. 

Удзельнічала ў рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі, падпольшчыца і партызанка падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Працавала ў раённых газетах, у Дзяржаўным выдавецтве БССР, газетах “Піянер Беларусі”, “Звязда”.

Аўтар 8 зборнікаў вершаў, паэм, кніг паэзіі для дзяцей “Казкі пра абавязкі”, “Наш бор”. Паасобныя вершы сталі папулярнымі песнямі, напрыклад, як “Сонца за хмарамі ўранні…”.

Перакладала з рускай, украінскай, польскай моў.

Ніна Тарас