Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Алена Несцяровіч

Асуджана да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, яна стала чарговай абвінавачанай па «справе Зельцара».

Суддзя Вера Галаўкова з Мінскага гарадскога суда прызнала Алену “вінаватай” у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы» і «абразе прадстаўніка ўлады».

Несцяровіч затрымалі ў межах крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў сацсетках аб гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцара.

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зэльцара, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Вера Валністая.

Асуджаная да «хатняй хіміі» на 2 гады, але застаецца заняволенай, бо яе чакае другі суд – паведамляюць праваабаронцы.

Суддзя Дзмітрый Карсюк з суда Цэнтральнага раёну Мінска пакараў 31-гадовую палітзняволеную абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову «за абразу прадстаўніка ўлады». Згодна з судовым рашэннем, яна мусіць кампенсаваць пацярпеламу маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў.

Паводле праваабаронцаў Валністую чакае яшчэ адзін суд паводле абвінавачвання ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Яўген Стральчэня

Адміністратар Instagram-старонкі «Гродна для жыцця» затрыманы.

Праваабаронцы пішуць, што паводле праўладных тэлеграм-каналаў, 36-гадовы жыхар Гродна распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы і асабістыя дадзеныя больш за 2000 супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама ён, нібыта, удзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і адміністраваў Instagram-старонку «Гродна для жыцця», якая цяпер выдаленая.

Аляксандр Лаўрэнцьеў.

Асуджаны да 3 гадоў і 4 месяцаў калоніяў ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Яны пішуць, што Лаўрэнцьева асудзілі яшчэ 2 жніўня. Яго вінавацілі ў “абразе Лукашэнкі” і “абразе прадстаўніка ўлады”. Працэс праходзіў у судзе Ленінскага раёну Гродна.

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго

Павел Вінаградаў

У палітзняволенага блогера і актывіста пацвердзілі сухоты

28 ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму гэтай хваробы.

Яму прысудзілі 5 гадоў калоніі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, распальванне варожасці ці варажнечы і г.д.

Мікалай Аўтуховіч

Па сканчэнні галадоўкі яго вярнулі на працэс, хаця раней выдалілі за парушэнне парадку.

На працэсе ён заявіў: узятыя ў яго аналізы паказалі, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак.

59-гадовы палітвязень абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня. Ёю ён пратэставаў супраць таго, што яму не перадаюць лісты і газеты.

Пяць дзён арыштант не наведваў судовыя паседжанні, бо не меў сілаў дайсці. Яму ставілі кропельніцу. 1 жніўня стала вядома, што ён спыніў галадоўку.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.

Яўген Харашкевіч

Змешчаны ў штрафны ізалятар за ліст ад жонкі.

Праваабаронцы, спасылаючыся на жонку зняволенага, паведамляюць, што цэнзар угледзеў у віншавальных паштоўках «палітычны падтэкст». Ліст быў знішчаны, а палітвязня адправілі ў ШІЗА.

Харашкевіч адбывае 4-гадовы прысуд за “распальванне сацыяльнай варожасці, абразу прадстаўніка ўлады, падрыхтоўку і арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Яго ўтрымліваюць у Шклоўскай калоніі.

Дзяніс Дорах

Пра яго затрыманне паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.

У «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца», што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.

Ілля Даўгалец

Пра яго затрыманне таксама стала вядома з паведамлення ў праўладных тэлеграм-каналах.

На «пакаяльным відэа» ён кажа, што затрыманы з-за бел-чырвона-белай стужкі, якая вісела ў ягонай машыне, а дома ў яго былі «апазіцыйны сцяг, кепка і стыкеры».

У канцы відэа хлопца прымушаюць зняць стужку з салона машыны, паведамляюць праваабаронцы.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Ірына Слаўнікава

Журналістка TVP асуджаная на 5 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле калегаў Слаўнікаву суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля прызнаў вінаватай у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім».

Справа супраць журналісткі, якая праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай, разглядалася на закрытым працэсе.

Ірына Слаўнікава была затрымана ў 2021 годзе ў мінскім аэрапорце, калі яна з мужам вярталася з адпачынку. Абое былі асуджаныя на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за, нібыта, захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». 15 лістапада журналістку адправілі на такі ж тэрмін у ізалятар паводле абвінавачвання ў «дробным хуліганстве».

26 лістапада стала вядома, што Слаўнікава стала падазраванай у крымінальнай справе.


Павел Нікіценка

Жыхар Віцебску асуджаны да 4,5 гадоў калоніі.

Паводле праваабаронцаў у закрытым рэжыме яго асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў суддзя Яўген Буруноў, падрабязнасці невядомыя.

Паведамляецца, што работнік разлікова-касавага цэнтру ў Віцебску за тры гады скапіяваў з інфармацыйнай сістэмы персанальныя дадзеныя амаль 1,5 мільёна грамадзян Беларусі.

Ён нібыта з’яўляўся адміністратарам «дэструктыўнага» Telegram-канала і размяшчаў у інтэрнэце заклікі, указанні і навучанні пабуджальнага характару на ўчыненне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ды абразы на адрас Лукашэнкі і старшыні ЦВК.

Праваабаронцам вядома, што падчас затрымання Нікіценку быў моцна збілі і здароўе ён да гэтага часу не аднавіў.


Галіна Патаева

Пра яе затрыманне стала вядома з праўладных тэлеграм-каналаў.

Паводле іх, кіраўніцу турыстычнага агенцтва «Віяполь», якая ладзіла беларускамоўныя экскурсіі, і выкладчыцу катэдры эканамічнай геаграфіі БДУ зняволілі ў Мінску.

Яе вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году. Яна, лічаць сілавікі, «актыўна падтрымлівала ўдзельнікаў масавых беспарадкаў» і «займалася распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў». На яе старонках у сацыяльных сетках, нібыта, былі лагатыпы незалежных СМІ і нацыянальная сімволіка


Барыс Элькін

Затрыманы па вяртанні з Польшчы. Праваабаронцы высвятляюць падставы зняволення.

Паводле іх, Элькіна забралі яшчэ 1 жніўня ў Віцебску, а ў ягоным доме адбыўся ператрус.

У 2004 годзе Элькін быў адным з арганізатараў галадоўкі прадпрымальнікаў супраць створаных мясцовымі ўладамі перашкодаў для гандлю. Пасля 2010 года ён пераехаў у Польшчу і стаў сузаснавальнікам кампаніі, якая наймае на працу беларусаў і дапамагае бежанцам з Украіны.


Данііл Калеснікаў

Цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

17-гадоваму хлопцу ў чэрвені 2021 года прысудзілі 1 год і 3 месяцы калоніі.

У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Данііл разам з бацькам Віталём Калеснікавым былі ў цэнтры Жодзіна на плошчы. Па звестках следства, яны стаялі ў счэпцы ў першым шэрагу і выкрыквалі лозунгі.

Быў асуджаны за «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Утрымліваўся ў бабруйскай калоніі.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

________________________________________________________

Аляксандр Саўчанка

Паводле праваабаронцаў затрыманы па вяртанні з Польшчы. Прычына зняволення не вядомыя.

На «пакаяльным відэа» Саўчанка прызнаецца, што выходзіў на акцыі пратэсту ў 2020 годзе, аднак няма інфармацыі, за што яго затрымалі цяпер.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў 2021 годзе ён адседзеў 10 дзён адміністрацыйнага арышту за фатаграфаванне адной з пратэсных акцыяў у горадзе. Пакаранне адбыў цалкам.

________________________________________________________

Віктар Хлябец

Асуджаны на 1,5 гады калоніі.

Паводле праваабаронцаў жыхара Бярозы асудзілі за тое, што ён у закрытым тэлеграм-чаце пад відэа з перастрэлкай паміж Зельцарам і супрацоўнікам КДБ пакінуў крытычны каментар.

На відэа была зафіксаваная спроба арышту Андрэя Зельцара, які пачаў страляць у сілавікоў, якія прыйшлі па яго. У выніку загінуў Зельцар і супрацоўнік КДБ.

________________________________________________________

Таццяна Мацвеева

Пасля трох дзён зняволення віцебская журналістка-фрылансер на волі. Але яе будуць па адміністрацыйнай справе.

Мацвеева больш за 20 гадоў працуе ў медыях, з 2013 да 2021 год была рэдактаркай TUT.by па Віцебскай вобласці.

________________________________________________________

Анджэй Пачобут

Паводле польскіх журналістаў іх беларускага калегу будуць судзіць за тое, што ён назваў напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года савецкай агрэсіяй.

Журналіста, прызнанага праваабарончай супольнасцю палітзняволеным, арыштавалі 25 сакавіка 2021 года. Яму інкрымінуецца распальванне варожасці або варажнечы.

________________________________________________________

Андрэй Уткін

Асуджаны на два гады калоніі за перасыланне фотаздымка з расійскай ваеннай тэхнікаў аднаму з тэлеграм-каналаў.

Суддзя Руслан Царук прызнаў яго вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.