Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Алег Канавалаў

Асуджаны да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 8200 рублёў.

Яго затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года.

Паводле праваабаронцаў, Канавалава абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо па ад’ездзе ва Украіну працягваў «размяшчаць у сацыяльных сетках інфармацыю антыдзяржаўнага зместу, прапагандаваць супраціў прадстаўнікам улады».

Канавалаў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем. Судзілі яго ў Гомелі.

Іна Можчанка

Асуджаная да 3 гадоў пазбаўлення волі і аштрафаваная на 3200 рублёў.

Былую карэспандэнтку Белта абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці розніцы».

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі яе допісы пра «справу Зельцара».

Інцыдэнт з Зельцарам адбыўся 28 верасня 2021 году. У КДБ тады паведамілі, што ў Мінску падчас рэйду быў смяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры.

Пазней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems.

За каментары ў сацсетках у «справе Зельцара» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.

Дзмітрый Дзямешка

Асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Паводле праваабаронцаў, яго абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» і «абразе прадстаўніка ўлады».

Дзямешка праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем.

Праваабаронцы адзначаюць, што нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацсетках пра «справу Зельцара».

Міхаіл Касякоў

Асуджаны да двух гадоў калоніі.

Паводле праваабаронцаў абвінавачаны ў «абразе Лукашэнкі» і «здзек з дзяржаўных сімвалаў».

На закрытым працэсе старшыняваў суддзя з Гомелю Яўген Шаршнёў.

Ілля Тананка

Вызвалены па адбыванні прысуджанага.

Тананка прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем.

Паводле праваабаронцаў, 21-гадовы быў асуджаны на паўтара года «хіміі» за абразу начальніка мінскага АМАПу Дзмітрыя Балабы.

Андрэй Галавырын

Выйшаў на волю па 75 дням утрымання на «сутках».

Праваабаронцы нагадваюць, што яго затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ізалятар. Пасля гэтага Галавырына судзілі пяць разоў за падпіску і рэпосты допісаў з «экстрэмісцкіх» каналаў і кожны раз суддзя Зінаіда Балаболава адпраўляла актывіста на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.