У Магілёве расіяне паказалі, як бясплатна пажыць у арэндаванай кватэры

Сям’я з Расіі бясплатна пажыла ў арандаванай кватэры ў Магілёве, пры гэтым паведаміўшы гаспадыні аб адмове туды засяляцца.

Магіляўчанка Дар’я, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, спрабуе зарабіць, здаючы кватэру пасутачна. У буднія дні – па 75 рублёў, а ў выходныя – па 85. Калі камусці трэба на некалькі гадзін, то можна за 40-50 рублёў. Як і многія ўладальнікі такога жылля, яна карыстаецца папулярнымі сэрвісамі браніравання, у тым ліку sutochno.ru.

Нядаўна кватэру забраніравала сям’я з Расіі. Гэта былі мужчына па імені Яўген, яго жонка і сямігадовае дзіця. Дар’я адразу папярэдзіла, што не зможа асабіста сустрэць гасцей, і таму загадзя даслала ім падрабязную інструкцыю для самастойнага засялення. Кватэра, па яе словах, была падрыхтаваная належным чынам.

Аднак у дзень прыезду кліенты нечакана адмянілі браніраванне. На першы погляд, сітуацыя выглядала звычайнай: планы могуць змяніцца ў кожнага. Але праз некаторы час, калі маці Дар’і зайшла ў кватэру, высветлілася, што там ужо нехта пабываў.

У памяшканні засталіся сляды пражывання: поўная сметніца, валасы на падлозе і вільготны ручнік у ваннай. Гэта сведчыла, што сям’я ўсё ж скарысталася кватэрай, бо мела на руках інструкцыю для доступу, але пры гэтым пазбегла аплаты, афіцыйна адмяніўшы бронь.

Па словах Дар’і, яна ўпершыню сутыкнулася з падобнай сітуацыяй і была шакаваная. Яна звязалася з арандатарам, аднак у адказ атрымала толькі ўдакладненне пра тое, якое менавіта смецце было пакінута.

У каментарыях да яе допісу ў Threads карыстальнікі выказалі спачуванне і параілі ў будучыні не перадаваць інструкцыі для засялення да моманту аплаты. 

Сітуацыя таксама выявіла сістэмную праблему. На міжнародных платформах кшталту Booking.com аплата звычайна гарантуецца банкаўскай карткай. Аднак пры працы з кліентамі з Расіі, з улікам санкцыйных абмежаванняў, часта даводзіцца пераходзіць на разлікі наяўнымі. Гэта павялічвае рызыкі для ўладальнікаў жылля.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўскі “аўтамайстар” падмануў сваіх кліентаў на амаль 17 тыс. рублёў

Жыхар Магілёва, назваўшы сябе аўтаслесарам, падмануў 14 кліентаў, скарыстаўшы іх аўтамабілі і атрымаўшы грошы за не зроблены рамонт.

Как паведамляе пракуратура горада Магілёва, з лютага 2023 па кастрычнік 2024 года магілёвец размяшчаў у інтэрнэце аб’явы аб паслугах па рамонце аўтамабіляў. Пасля дамоўленасцей з аўтаўладальнікамі ён атрымліваў ад іх перадаплату нібыта для закупкі запчастак. Для стварэння бачнасці працы ён адпраўляў кліентам фатаграфіі дэталяў і разабраных аўтамабіляў, аднак ніякага рамонту не рабіў.

Акрамя таго, аўтамабілі, перададзеныя на рамонт, абвінавачаны выкарыстоўваў у асабістых мэтах — ездзіў сам і перадаваў іншым людзям. Такая схема дзейнічала больш за паўтара года, пакуль адзін з пацярпелых выпадкова не ўбачыў свой аўтамабіль у руках незнаёмца і не паведаміў у міліцыю.

Як устаноўлена следствам, мужчына пад падставай рамонту падмануў 14 чалавек, прысвоіўшы больш за 16 500 рублёў. Пасля пачатку крымінальнай справы транспартныя сродкі былі вернуты ўладальнікам, аднак частка з іх знаходзілася ў няспраўным стане. Шкоду мужчына кампенсаваў толькі часткова — на суму 11 тысяч рублёў. Рэшта доўгу будзе спаганяцца за кошт арыштаванай маёмасці. Справа накіраваная ў суд.

У нечым падобны выпадак аўтамабільнага махлярства быў выяўлены летась. Тады Следчы камітэт паведаміў пра мужчыну, які набываў у Расіі аўтамабілі з падробленымі дакументамі і прадаваў іх у Беларусі. Адзін з пацярпелых, жыхар Магілёўскай вобласці, набыў Hyundai Santa Fe з фальшывым пасведчаннем аб рэгістрацыі і ідэнтыфікацыйным нумарам. Агульная сума махлярскіх здзелак склала 379 тысяч рублёў.

Фота: mogilev.media, ілюстрацыйнае