Старшыня жыллёвага кааператыва набыў «Mercedes-Benz GLA» на грошы, якія прызначаліся для капільнага рамонту

У Магілёве будуць судзіць 36-гадовага кіраўніка жыллёвага кааператыва – паведамляе пракуратура. Мужчына завалодаў грашовымі сродкамі кааператыва, якія знаходзіліся на дэпазітным рахунку і прызначаліся для патрэб капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Больш за 62 тыс. руб. ён перавёў у гатоўку ў банкаматах у Магілёве.

Грашовыя сродкі мужчына патраціў на набыццё асабістага аўтамабіля прэміум-класа “Mercedes-Benz GLA”, 2015 года выпуску, коштам 50 000 руб.

Заведзена крымінальная справа. Мужчына знаходзіцца пад вартай.

Фота ілюстрацыйнае.

У Магілёве гарэлі адходы бытавой тэхнікі

У Магілёве па зав. Гаражнаму адбыўся пажар – гарэлі адходы бытавой тэхнікі. Ніхто не пацярпеў – паведамляе МНС. Пажар ліквідаваны.

Фота: МНС

У Магілёве і Бабруйску затрымалі арганізатараў двух порнастудый

У Магілёве была затрымана 41-гадовая магіляўчанка, якая арганізавала студыю па вытворчасці парнакантэнту. За аналагічныя дзеянні быў затрыманы 33-гадовы бабруйчанін, які здымаў інтымнае відэа ў Гомелі, дзе часова пражываў.

Зняты кантэнт яны распаўсюджвалі ў інтэрнэце. Доступ да порнакантэнта каштаваў ад 20 да 100 рублёў.

СК ўзбуджаны крымінальныя справы за выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў.

Фота ілюстрацыйнае.

На Магілёўшчыне ліквідуюць наступствы непагадзі

Па Магілёўскай вобласці пранеслася навальніца: шквалісты вецер, град, зелева.

Па дадзеных на 16.40, з-за пагаршэння ўмоў надвор’я ратавальнікі 18 разоў выязджалі на ўборку паваленых дрэў. У ліквідацыі наступстваў праходжання навальнічнага фронту ў рэгіёне задзейнічана 15 аўтацыстэрнаў і больш за 60 работнікаў МНС.

Як паведамілі ў «Магілёўэнерга», ад электразабеспячэння застаюцца адключанымі 91 трансфарматарная падстанцыя і 13 населеных пунктаў. Адключэння аб’ектаў жыццезабеспячэння насельніцтва не адбылося.

Фота з сацсетак

Былую загадчыцу кафедры магілёўскага ўніверсітэта абвінавачваюць у распальванні варожасці

47-гадовай загадчыцы кафедры аднаго з універсітэтаў Магілёва выстаўлена абвінавачанне ў «распальванні варожасці» – пра гэта паведамляе СК.

Сцвярджаецца, што выкладчыца на сваёй старонцы ў інтэрнэце у сакавіку-красавіку 2022 размяшчала публікацыі, «накіраваныя на распальванне варожасці па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці».

«Не саромеючыся ў сваіх выказваннях адносна беларусаў, рускіх і вайскоўцаў», яна «заклікала да дзеянняў, звязаных з гвалтам і прычыненнем шкоды», — піша СК.

Жанчыне выстаўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 130 КК РБ.

Верагодна, размова ідзе пра Наталлю Мартусевіч – дацэнта і выкладчыка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверстэта імя Куляшова.

П’яная магілеўчанка перавозіла маленькіх дзяцей

32-гадовая жыхарка Магілёўскага раёна кіравала аўтамабілем у нецвярозым стане, пры гэтым у салоне свайго аўто яна перавозіла дваіх маленькіх дзяцей.

Жанчыну затрымалі супрацоўнікі дзяраўтаіснпекцыі і даставілі на агляд, які паказаў наяўнасць у яе 1,7 праміле алкаголю – паведамляе прэс-служба УУС Магілёва.

Фота: скрыншот УУС

З 4 жніўня перакрыюць рух транспарту па вуліцы Міронава

Забарона закране ўчастак па вуліцы Міронава — ад вуліцы Першамайскай да вуліцы Піянерскай. Па бульвары Леніна рух перакрыюць ад вуліцы Лепяшынскага да вуліцы Міронава. З 8:00 4 жніўня да 24:00 13 жніўня ў гэтым раёне будзе абмежавана паркоўка, стаянка, а таксама перакрыты рух транспартных сродкаў.

Гэта звязана з правяздзеннем II Гульняў краін СНД.

Фота з адкрытых крыніц.

Этнакультурнае свята “У госці да радзімічаў” прайшло ў Радамлі

Ужо 10 год запар у аграгарадок Радамля аматары старажытнай культуры з’яжджаюцца, каб згадаць часы летапісных Радзімічаў.  Сёлетні этнафэст парадаваў наведвальнікаў тэатралізаванымі дзеяннямі з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, абрадамі, рытуаламі, здабычай жывога агню і паказальнымі баямі рэканструктараў.

Радамля – паселішча ў Чавускім раёне. Лічыцца, што яно тысячу гадоў таму было адным з радавых цэнтраў славянскага саюзу радзімічаў, якое адыграла важную ролю ў фармаванні беларусаў. Сведка тых даўніх стагоддзяў – помнік археалогіі Радамльскае замчышча.

Этнафестываль «У госці да радзімічаў» упершыню адбыўся ў 2014 годзе.

Фэст ужо стаў мясцовым брэндам.

Фота: суполка Этнофест “У госці да радзімічаў”

Магілёвец вырваў з рук у кандуктара праязныя і ўцёк

Пра незвычайны крадзеж у адным з аўтобусаў Магілёва паведаміла прэс-служба МУС . Мужчына звярнуў увагу на кандуктара, які пералічваў квітві. Калі аўтобус спыніўся на прыпынку на вуліцы Крупскай, магілёвец падышоў да жанчыны і выхапіў праязныя білеты на агульную суму каля 500 рублёў.

Мужчына не ведаў, што рабіць з праязнымі і проста перакінуў скрадзеныя білеты цераз плот аднаго з прыватных дамоў.

Неўзабаве злодзея затрымалі. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.