Кіроўца мікрааўтобуса насмерць збіў матацыкліста ў Магілёве і спрабаваў уцячы – верагодна, быў п’яны

Смяротная аварыя адбылася ў Магілёве блізка да восьмай гадзіны вечару 7 верасня на вуліцы Лазарэнкі, каля школы №4. Паварочваючы на вуліцу Бурдэнкі, кіроўца мікрааўтобуса не заўважыў сустрэчнага матацыкліста і не аддаў яму перавагі. У выніку сутыкнення байкер загінуў на месцы, а кіроўца чырвонага аўтамабіля Ford выскачыў з кабіны і стаў уцякаць. Відавочцы, якія апублікавалі першыя фотаздымкі з месца аварыі ў гарадскім пабліку “ДПС Магілёў ДАІ” выказалі меркаванне, што кіроўца быў п’яны. Бліжэй на дванаццатай гадзіны ночы прэс-служба УУС аблвыканкама выступіла з заявай, што кіроўца затрыманы.

Фота: “ДПС Магілёў ДАІ”

У Магілёве затрымалі кіроўцу маршруткі, які перавозіў пасажыраў п’яным

П’яны кіроўца маршруткі №1 быў затрыманы супрацоўнікамі дзяржаўнай аўтаінспекцыі раніцай 5 жніўня на вуліцы Першамайскай у Магілёве – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Цяпер яму пагражае пазбаўленне правоў на тры гады і штраф да ста базавых велічыняў.

Фота: ДАІ, скрыншот

Вуліцу Ленінскую ў Магілёве чакае рэканструкцыя – будуць упарадкоўваць яе і дворыкі навокал

Маштабнае добраўпарадкаванне дваравых тэрыторый і вуліцы Ленінскай на ўчастку ад плошчы Славы да вуліцы Міронава запланаванае ў Магілёве на канец 2024 – пачатак 2025 гадоў. Пачынаючы з сённяшняга дня Магілёўскі гарвыканкам праводзіць грамадскае абмеркаванне экалагічнай складовай часткі праекта. 

Як вынікае з дакумента, апублікаванага на сайце гарвыканкама, рэканструкцыя закране як саму вуліцу Ленінскую (напрыклад, на Пажарным завулку мяркуецца абмежаваць паркоўку), так і дваравыя тэрыторыі абапал. Так, першая чарга ўпарадкавання павінна будзе закрануць тэрыторыю трохкутніка паміж вуліцамі Ленінскай, Першамайскай і Болдзіна. Потым настане чарга дворыкаў паміж Камсамольскай і Пажарным, і далей да дома №26 на Ленінскай вуліцы. 

Фота: mogilev.media

Сталі вядомыя падрабязнасці гісторыі з заражэннем шаленствам жыхароў пасёлка Хімік пад Магілёвам

Нядаўна mogilev.media пісалі пра надзвычайную сітуацыю ў дачным пасёлку Хімік (яшчэ яго называюць Сідаравічамі) пад Магілёвам. Нагадаем, на незалежных Тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя, што больш за дваццаць дзяцей былі шпіталізаваныя з падазрэннем на шаленства – усе яны гуляліся з шчанюкамі хворай сабакі.

Зараз жа з’явіліся падрабязнасці гэтай гісторыі. Вялікі матэрыял, прысвечаны сітуацыі ў пасёлку Хімік, апублікаваны каналам “Белыя халаты”. Па інфармацыі рэсурса, на пачатку лета ў дачным пасёлку з’явілася бадзяжная сабака. Неўзабаве ў яе нарадзілася сем шчанюкоў, з якімі пастаянна гулялі мясцовыя дзеці. У сярэдзіне жніўня двух шчанят жыхары пасёлка забралі да сябе дадому.

У канцы жніўня бадзяжная сабака, маці шчанятаў, пакусала жанчыну і пасля гэтага высветлілася, што яна хворая на шаленства. Пасля гэтага больш за дваццаць дзяцей, што кантактавалі з шчанюкамі, былі шпіталізаваныя дзеля праверкі на шаленства. З сямі шчанят чацвярых удалося знайсці і вылавіць. Зараз яны знаходзяцца ў ізаляцыі і пад назіраннем. Яшчэ двух – тых, каго забралі дадому дачнікі – цяпер шукаюць. Шукаюць, відаць, і сёмага.

Мясцовыя жыхары – піша выданне – звяртаюць увагу, што ў чатах дачнага пасёлка даўно звярталі ўвагу на сабаку. Справа ў тым, што некалькі месяцаў таму ў пасёлку ўжо адбываўся напад іншага (як потым стала вядома, здаровага) сабакі на дзяўчынку.

Усе прэтэнзіі, натуральна, былі звернутыя да старшыні дачнага кааператыва. Але і ён, як высветлілася, стаў ахвярай нападу – нядаўна бадзяжная сабака-маці, хворая на шаленства, яго падрапала. Зараз старшыні кааператыва прыйдзецца прайсці курс вакцынацыі.

Жыхары пасёлка ўжо склалі петыцыю, з заклікам разабрцца з сітуацыяй, а таксама з просьбай аб гуманным абыходжанні з шчанятамі – каб іх не ўсыплялі, у выпадку, калі будуць здаровымі.

Характэрна, што да гэтага часу няма ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэтую надзвычайную сітуацыю.

Фота: “Белыя халаты”

Больш за дваццаць дзяцей маглі заразіцца шаленствам пад Магілёвам?

Яны гуляліся з шчанюкамі бадзяжнага сабакі, у якога выявілі хваробу – паведамляе Тэлеграм-канал “Беларусь за МКАДам”.

У пасёлку Хімік пад Магілёвам каля 20-ці дзяцей былі шпіталізаваны з падазрэннем на заражэнне шаленствам.

– Дваццаць дзяцей на сённяшнюю раніцу шпіталізаваны. І паступаюць новыя. Абласная дзіцячая бальніца ўжо размяркоўвае дзяцей па розных аддзяленнях – прыводзіць рэсурс словы жыхаркі пасёлка.

Мясцовыя жыхары звязваюць гэта з тым, што дзеці гулялі са шчанюкамі бяздомнага сабакі, які апынуўся хворым на шаленства. Дарэчы, жыхары пасёлка неаднаразова звярталі ўвагу мясцовых уладаў на праблему своечасовага прыбірання смецця і бяздомных жывёл.

Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра сітуацыю, што склалася ў пасёлку, не публікавалася. З іншых крыніц пакуль таксама не паступала звестак пра абставіны, выкладзеныя ў Тэлеграм-канале.

подозрение на бешенство

Фота: “Беларусь за МКАДам

Рух транспарта па Пушкінскім праспекце ў Магілёве аднавілі

Завяршылася асноўная частка будаўніцтва новага падземнага пераходу на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Астроўскага ў Магілёве.

З ночы на 30 жніўня рух транспарту на скрыжаванні вуліцы Астроўскага і Пушкінскага праспекта ў Магілёве адноўлены. Грамадскі транспарт вяртаецца да функцыянавання ранейшага рэжыму работы маршрутаў. Нагадаем, што Пушкінскі праспект перакрылі ў сярэдзіне траўня, а аўтобусы і тралейбуся запусцілі ў абыход, і па даволі мудрагелістых маршрутах.

Таксама адзначым, што mogilev.media праводзіць абнаўленне раскладу руху грамадскага транспарту. Актуальны час працы ўсіх маршрутаў можна знайсці на ўкладцы “Даведка”.

За рэгістрацыю ў “Плане Перамога” затрыманы жыхар Магілёва, які ўжо адбывае “хімію”

Магілёўскія сілавікі затрымалі жыхара абласнога цэнтра за рэгістрацыю ў чат-боце “Плана Перамога” піша “Медыязона”. Інфармацыю пра гэта размясціў тэлеграм-канал “Шосты рэгіён”. На відэа сам мужчына паведамляе, што ўжо адбывае пакаранне на “хіміі” за “ўжыванне наркотыкаў”.  Магілёўца завуць Сяргей Палякоў. Дзе ён зараз і што яму пагражае пакуль невядома.

Фота з сацыяльных сетак

 

У Магілёве сутыкнуліся аўтобусы, чатырох чалавек шпіталізавалі

Раніцай 26 жніўня на павароце з праспекта Міра на вуліцу Каралёва ў Магілёве сутыкнуліся два аўтобусы. Як паведамляе прэс-служба Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, кіроўца аўтобуса №23 спыніўся перад светлафорам і яму ў зад ударыў аўтобус №11. Чатыры чалавекі пацярпелі ў выніку аварыі і былі шпіталізаваныя.

Фота: ДАІ

Будынак першай магілёўскай электрастанцыі збіраліся знесці, а цяпер пафарбавалі ў ружовы колер

У чэрвені 2024 года Магілёўскі гарвыканкам правёў грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі будынка першай магілёўскай электрастанцыі, размешчанага каля гандлёвага цэнтра “Мацярык”. Першапачаткова планавалася цалкам знесці гістарычную пабудову і ўзвесці на яе месцы шэры пяціпавярховік – пісалі mogilev.media.

Праект быў, аднак, адхілены па фармальнай прычыне адсутнасці парковачных месцаў – паведамляе тэлеграм-канал “Спадчына”. Зараз жа на аб’екце пачаліся працы – дом фарбуюць у ружовы колер, піша інфармацыйны рэсурс Магілёўскага гарвыканкама.

электрастанцыя магілёў

Верагодна, гэта звязана з імкненнем палепшыць агульны выгляд будынка, і не звязана напрамую з яго магчымым далейшым лёсам.

электрастанцыя магілёў

Фота: “Магілёў – мой горад!”

На віртуальнай кадастравай мапе Беларусі з’явіліся дадзеныя пра вольныя зямельныя ўчасткі

Можна выбраць участак для жылога дома, альбо камерцыйнага аб’екта.

На публічную Кадастравую мапу Беларусі былі дададзеныя новыя слаі для візуалізацыі мясцін, дзе ў Беларусі маюцца даступныя для набыцця зямельныя ўчасткі. Усяго рэестр дадзеных на сённяшні дзень утрымлівае інфармацыю пра 58 тысяч участкаў па ўсёй краіне. Вялікая колькасць прадстаўлена па Магілёўскай вобласці.

База дадзеных падзяляецца на дзве групы – гэта ўчасткі для:

  • камерцыйнага выкарыстання;
  • жылога будаўніцтва.

Націснуўшы на канкрэтны аб’ект, указаны на мапе, можна атрымаць падрабязную інфармацыю пра прызначэнне ўчастка і яго характарыстыкі. Крыніцай дадзеных з’яўляецца Адзіны рэестр маёмасці.

Для таго, каб пабачыць усе аб’екты на мапе, неабходна выбраць закладку “Дадатковыя слаі”, і паміж пунктамі “Крыніцы” і “Спаленыя вёскі” знайсці пункт “Вольныя зямельныя ўчасткі”. Паведамляецца, што новыя дадзеныя на гэты слой дабаўляюцца кожны дзень.

кадастровая карта

Нагадаем, што нядаўна З’явіўся адзіны рэестр незанятых зямельных участкаў – пісалі mogilev.media. У пачатку гэтага года ён змяшчаў інфармацыю пра больш як 17 000 вольных зямельных участкаў па ўсёй Беларусі. Зараз гэта ўжо амаль 60 000 аб’ектаў.

Фота ілюстрацыйнае.