20 ліпеня ў гісторыі. Герастрат і Македонскі. Высадка на Месяц. Даву ў Магілёве. “Гарачы дзень”. Забойства П. Шарамета.

Міжнародны дзень торта (International Cake Day, з 2011 года). 

Прысвечаны сяброўству і міру паміж людзьмі, краінамі, народамі. Ён праходзіць пад дэвізам “I cake you” –  “Я прыйду да цябе з тортам”, што, увогуле, лагічна – як, калі не тортам з гарбатай, адсвяткаваць мір і сяброўства?

Каля вытокаў салодкага свята стаяў “Міланскі Клуб” Каралеўства Любові – супольнасць сяброў, членамі якога з’яўляюцца музыкі, кулінары і іншыя захопленыя творчыя натуры. Менавіта гэты творчы саюз у 2009 годзе пачаў традыцыю стварэння сумесных музычных торцікаў, якая затым была падтрымана і іншымі краінамі. 

Міжнародны дзень шахмат (International Chess Day, з 1966 года). 

Устаноўлены ў гонар заснавання ў 1924 годзе Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЕ, Federation Internationale des Echecs). 

Беларусь у ФІДЕ з 1992 года. За нашу краіну выступаюць 22 міжнародных грасмайстра і 32 міжнародных майстра.

Шахматы прыйшлі да нас з Індыі. Паводле археалагічных даных гульня ў Беларусі вядома не пазней за XI стагоддзе: шахматныя фігуры знойдзены ва ўсіх буйных нашых гарадах і іх колькасць – наибольшая ва Усходняй Еўропе.

356 год да нараджэння Хрыстова. У той жа дзень, калі Герастрат спаліў цудоўны храм Артэміды ў Эфесе, у Пеле, сталіцы Македоніі, нарадзіўся Аляксандр III Вялікі (Аляксандр Македонскі, 356-323 гг. да н.э.).

Адзін з найбуйных палкаводцаў і дзяржаўных дзеячаў Старажытнага свету.

1636 год. Памёр Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (1589-1636). 

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын Мікалая Крыштафа «Сіроткі».

3 1609 года на чале ўласных атрадаў удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай са Швецыяй, Масковіяй, у аблозе ў 1611 годзе Пскова-Пячэрскага манастыра і ў выправах у 1611-1612 на Маскву.

Стольнік, крайчы ВКЛ, кашталян трокскі, віленскі.

Быў адным з багацейшых магнатаў ВКЛ.

Мецэнат, клапаціўся пра пашырэнне галерэі партрэтаў у Нясвіжы, фундаваў алтар Святога Міхаіла і ўсіх Анёлаў касцёла Святога Міхаіла, разбудаваў замак у Шыдлоўцы.

1812 год. Войскі напалеонаўскага маршалу Даву без боя ўвайшлі ў Магілёў.

За дзень да гэтага з горада ўцяклі адміністрацыя губерні, частка святароў, акрамя праваслаўнага архібіскупа Варлаама – які пазней прысягнуў Напалеону – найбольш заможныя грамадзяне.

Напярэдадні быў аддадзены загад начальніку рускага гарнізонага батальёна Колену не пускаць ворага. Але пасля першай невялікай сутычкі з французамі на вале каля Віленскай заставы, руская пяхота і інваліды адступілі ў бок Быхава. 

Французскія часці адразу занялі плошчу перад ратушай, дзе адбылася сустрэча маршала Даву са світай з кіраўніком губернскага дваранства Кроерам.

1852 год. Дараваны герб Лепелю.

«У чырвоным полі Пагоня». У сучаснай Беларусі афіцыйны статус герб атрымаў 2 чэрвеня 2009 года.

17 тысячны горад, вядомы з 1439 года. У горадзе працуюць ГЭС, малочна-кансервавы камбінат, заводы хлебны, электрамеханічны, камбікормавы, рамонтна-механічны, ільнозавод.

1880 год. Нарадзіўся Гальяш Леўчык (1880-1944).

Беларускі паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.

Аўтар «Нашай нівы», зборніка вершаў «Чыжык беларускі». Збіральнік музейных экспанатаў, кніг, меў найбагацейшыя беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме.

Блізкі сябар Янкі Купалы.

Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч

1931 год. Нарадзіўся Гай дэ Пікарда (1931-2007).

Англійскі даследчык беларускай гісторыі і культуры, музыколаг.

Скончыў Оксфардскі ўніверсітэт, універсітэт у Сарбоне.

У канцы 1950-х адправіўся з экспедыцыяй на Падляшша, дзе збіраў старажытныя беларускія царкоўныя спевы. Вывучаў творчасць беларускіх кампазітараў М. Равенскага, М. Куліковіча (Шчаглова), жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі ВКЛ.

Займаўся пошукам старажытных беларускіх царкоўных спеваў і іх выданнем. У 1959 адшукаў у Кіеве Супрасльскі і Жыровіцкі ірмалоі – рукапісныя музычныя зборнікі XVI ст. рэлігійнага зместу.

Выкладаў музыку і спевы ў беларускай школе імя Кірылы Тураўскага ў Лондане. Выдаў зборнікі беларускіх спеўнікаў, склаў даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане.

У 1997- 2007 гадах выдаваў англамоўны часопіс «Byelorussian Chronicle».

Памёр 20 красавіка 2007 года.

Яго парэшткі пахаваныя ў крыпце Чырвонага касцёла ў Мінску.

1941 год. Першае паведамленне ў савецкім друку аб баях пад Магілёвам.

Гэта быў нарыс К. Сіманава “Гарачы дзень” у газеце “Известия”.

«Полк, якім камандуе палкоўнік Куцепаў, ужо шмат дзён абараняе горад Д.

– Снарадаў і патронаў у нас дастаткова, а ісці назад мы ўсё роўна не збіраемся. – кажа т. Куцепаў. І калі заязджаеш у размяшчэнне палка, то адразу бачыш, што байцы тут вырашылі хутчэй памерці, чым адступіць».

Палкоўніку Куцепава на момант гэтай публікацыі заставалася жыць менш за тыдзень, а «Горад Д.» – гэта Магілёў. Такой была практыка савецкай ваеннай журналістыкі: згадваць канкрэтныя геаграфічныя аб’екты забаранялася з меркаванняў бяспекі, бо нямецкіх дыверсантаў хапала і ў тыле, і на перадавой, а падстаўляць сваіх нікому не хацелася.

1941 год. У Брэсцкай крэпасці, у раёне Беластоцкіх варот у заходняй частцы Цэнтральнай выспы, быў зроблены апошні надпіс.

“Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма”. Лічыцца, што надпіс зроблены Фёдарам Рабавым.

Апошнія абаронцы Брэсцкай крэпасці працягвалі змагацца нават тады, калі немцы былі ўжо за Смаленскам.

А роўна праз 3 гады, 20 ліпеня 1944 года, савецкая армія выйшла на Буг.

1969 год. А 20:17 па сярэднееўрапейскім часе, пілатуемую пасадку на Месяц здзейсніў модуль Eagle карабля «Апалон-11» з астранаўтамі Нілам Армстрангам і Базам Олдрынам.

У ноч на 21 ліпеня Ніл Армстранг першым з зямлян ступіў на паверхню Месяца, праз 20 хвілін месяцовы грунт пад нагамі адчуў і Олдрын.

1970 год. Памёр Алесь Астапенка (1920-1970).

Беларускі паэт, перакладчык. Меў псеўданім Мсьціслаўцы (разам з А. Куляшовым і Ю. Таўбіным).

Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», рэдактарам і дыктарам беларускай рэдакцыі Усесаюзнага радыёкамітэта, загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», аддзелам піянерскага жыцця часопіса «Бярозка».

Аўтар 4-х зборнікаў паэзіі. Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, нямецкіх паэтаў, грузінскія казкі.

1971 год. Нарадзіўся Зміцер Вайцюшкевіч.

Беларускі спявак, музыкант, кампазітар.

Удзельнік гуртоў “KRIWI», «Палац», «WZ-Orkiestra», папулярных супольных праектаў “Я нарадзіўся тут”, “Budzma The Best Rock” і іншых.

Запісаў больш за 20 альбомаў.

1977 год. У ЗША памёр Іван Любачка (1915-1977).

Беларускі гісторык.

Выкладаў у Галоўчынскай СШ Бялыніцкага раёна. У 1943 годзе вывезены на працы ў Германію.

Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША. Аўтар даследавання «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957». Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.

2004 год. У Магілёве адкрыўся новы рынак – Віленскі.

Знаходзіцца на тэрыторыі былога ваеннага шпіталя ваенгарадка №5, па былой вуліцы Віленскай (зараз – Лазарэнкі).

2016 год. У Кіеве загінуў Павел Шарамет (1971-2016).

Беларускі журналіст. Узарваны ў прыватным аўтамабіле.

Працаваў у Беларусі, Расіі і Украіне, на тэлеканалах, у газетах, адзін з заснавальнікаў вэб-сайта «Беларускі партызан», сузаснавальнік «Российского антифашистского фронта», суаўтар кнігі «Случайный президент», аўтар шэрагу дакументальных фільмаў на злабадзённыя тэмы.

Пераследаваўся сілавымі ведамствамі.

23 ліпеня 2016 года быў пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам.

У гонар журналіста названы сквер ў Кіеве.

Расія нанесла ракетны ўдар па цэнтру Мікалаева, разбураныя дзясяткі будынкаў

Новы ракетны ўдар па Мікалаеву адбыўся ў ноч на 20 ліпеня, прыблізна ў 03:30. Мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч паведаміў, што сама меней 5 жылых шматпавярховых дамоў атрымалі пашкоджанні. Цяпер іх адключылі ад электразабеспячэння. Агульную колькасць будынкаў, што пацярпелі ў выніку абстрэлу, ацэньваюць у дзясяткі.  Працягваецца выратавальна-пошукавая аперацыя. 

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Начальнік Мікалаеўскай абласное ваеннай адміністрацыі Віталь Кім паведаміў, што ў выніку атакі на Мікалаеў усяго пацярпела 18 чалавек, з іх 9 шпіталізаваны, у тым ліку 5 дзяцей. Двух чалавек выратавалі з-пад завалаў. “Гэты цуд, што ўдалося выратаваць” – пракаментаваў Кім. Як удакладніў мэр горада Аляксандр Сянкевіч, выратаванымі аказаліся мужчына і жанчына.

У  першыя гадзіны пасля ракетнай атакі паведамлялася пра наяўнасць ахвяр, аднак пазнейшыя зводкі не ўтрымліваюць інфармацыі пра загінуўшых.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 460 тысяч чалавек. Амаль палова з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой». 

Фота: Нацыянальная паліцыя Украіны

Руку зацягнула ў валы – пекарка ў Магілёве прыбірала печ і ўключыла яе

Работніца прадпрыемства па вытворчасці хлебабулачных вырабаў у Магілёве атрымала траўмы на працы – з пераломамі рукі яна была дастаўленая ў шпіталь. Жанчына расказала, што пры ўборцы свайго рабочага месца яна ўключыла абсталяванне па падачы нарыхтовак хлеба ў печ, каб ачысціць з валоў наліплае цеста. Аднак у нейкі момант адчула, што яе руку са скрабком зацягвае ў валы. Яна стала крычаць па дапамогу. Калегі, якія прыбеглі на крык, адключылі абсталяванне і выклікалі хуткую. Было ўстаноўлена, што ў парушэнне тэхнікі бяспекі жанчына пры ўборцы рабочага месца запусціла абсталяванне, што катэгарычна забаронена – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

У магілёўскім “Білд” знайшлі посуд з парушэннямі патрабаванняў па міграцыі металаў

Посуд, які не адпавядае патрабаванням па якасці і бяспецы быў выяўлены ў Магілёве ў гіпермаркеце “Білд” – паведамляе Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

У чатырох найменнях прадукцыі выяўлены неадпаведнасці ўстаноўленым патрабаванням па міграцыі жалеза, марганцу, нікелю ў мадэльныя асяроддзі. Прадукцыяй з парушэннямі аказаліся дуршлагі і рашоткі для грыля і барбекю індзійскай, кітайскай і расійскай вытворчасці.

Фота з адкрытых крыніц.

18 ліпеня ў гісторыі. Пажар ў Рыме. Уцёкі польскага караля. Перамога Т. Касцюшкі. Путч у Іспаніі. Нараджэнне беларуса «Mr. Nyet», Intel.

64 год. У ноч з 18 на 19 ліпеня, пачаўся жудасны пажар у Рыме.

За тыдзень пажару з 14 раёнаў выгарэла ўшчэнт 4, большай часткай – 7. Мноства цудоўных храмаў, палацаў і грамадскіх збудаванняў ператварылася ў руіны, сотні гараджан загінулі, паўсюль панавала паніка.

Нарадзіліся чуткі, што Рым падпалены па загадзе імператара Нерона, які задумаў “расчысціць” сталіцу для далейшай грандыёзнай перабудовы. Сам Нерон апрануты ў тэатральны касцюм назіраў за пажарам, граў на ліры і дэкламаваў паэму аб гібелі Троі. 

Нерон абвінаваціў у пажары хрысціянскую абшчыну, справакаваўшы, такім чынам, першыя ў Рымскай імперыі ганення на хрысціян.

1574 год. Пабыўшы крыху больш за год польскім каралём і Вялікім князем ВКЛ, Генрых III Валуа ўцёк на радзіму і заняў французскі трон.

Каралём Францыі ён зрабіў занадта шмат саступак пратэстантам і праз 15 гадоў быў зарэзаны манахам-фанатыкам. Смерць нялюбага караля парыжане адсвяткавалі масавымі гуляннямі, а каталіцкія цэрквы – падзячнымі імшамі. 

1613 год. Памёр Іпацій (Адам) Пацей (1541-1613).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік, фундатар школ.

Прамовы вёў у асноўным на беларускай мове. Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць.

Першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.

1792 год. Армія ВКЛ на чале з Т. Касцюшкам разбіла расійскае войска М. Кахоўскага пад Дубенкай.

Касцюшка адбіў атаку праціўніка, які колькасна пераўзыходзіў яго, умела выкарыстоўваючы перашкоды мясцовасці і палявыя ўмацаванні. Маючы толькі 5 300 жаўнераў ён перамог 25 000 рускіх. Перамога паказала геніальнасць Касцюшкі.

1903 год. У Магілёве ўрачыста закладзены Трохсвяціцельскі храм.

Храм у імя Трох Свяціцеляў праваслаўнай царквы Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста. Архітэктар П.Калнін.

Будаўніцтва было скончана ў 1914 годзе.

Храм, пабудаваны ў формах рускай архітэктуры, мае ў плане форму крыжа і ўвянчаны сямю купаламі, над уваходам – званіца.

У час знаходжання ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага сабор часта наведваў расійскі імператар Мікалай II.

З невялікімі перапынкамі царква дзейнічала да 1959 года. У 1961 годзе зачынена і апаганена, будынак быў аддадзены пад клуб завода «Строммашына». Тады ж была знесена званіца, а з будынка знялі купалы і крыжы. Амаль праз 30 гадоў будынак вярнулі вернікам, 25 снежня 1989 года храм зноў быў асвечаны і пачаў дзейнічаць.

1909 год. У в. Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна нарадзіўся Андрэй Грамыка (1909-1989).

Савецкі дзяржаўны дзеяч, доктар эканамічных навук, дыпламат. Двойчы Герой Сацыялістычнай працы, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Ад імя СССР паставіў подпісы пры стварэнні ААН, зацвярджэнні Статута ААН. Кіраўнік дэлегацыі СССР на 22-х сесіях Генеральнай Асамблеі ААН, міністр замежных спраў СССР (1957-1985).

На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку «Mr. Nyet» (Містар «Не») за своеасаблівы стыль вядзення перамоў. Грамыка вёў савецка-амерыканскія перамовы падчас Карыбскага крызісу, прадухіліў вайну паміж Індыяй і Пакістанам у 1966 годзе.

Памяць ўшанавана ў Гомелі (бюст, сквер), г. Ветка (вуліца, СШ № 1, помнік).

Памёр 2 ліпеня 1989 года.

1936 год. Адбыўся ваенны путч у Іспаніі. Пачалася грамадзянская вайна.

Вайна (ліпень 1936 – красавік 1939) паміж рэспубліканцамі і дыктатурай Франка. У ёй прымалі ўдзел на баку рэспубліканаў некалькі соцень беларусаў з 2 100 савецкіх “дабраахвотнікаў”.

Першымі Героямі Савецкага Саюза – беларусамі ў 1936 годзе сталі менавіта ўдзельнікі гэтай вайны Мікалай Сяліцкі і Павел Купрыянаў, першым Двойчы Героем у СССР стаў удзельнік вайны ў Іспаніі беларус Сяргей Грыцавец.

1939 год. Нарадзіўся Генадзь Шутаў (1939-2017).

Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, старшыня Віцебскай суполкі мастакоў.

Яго творы знаходзяцца ў калекцыях як Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, так і самых вялікіх і прадстаўнічых сусветных музеяў, такіх як The Metropolitan Museum of Art у Нью-Ёрку, Траццякоўская галерэя ў Маскве.

1943 год. У баі з карнікамі ў Бялыніцкім раёне загінуў 17-гадовы Леанід Лорчанка (1925-1943).

Падпольшчык і партызан 600-га партызанскага атрада.

Нарадзіўся ў Магілёве.

Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон.

У ліпені 1943 года яго атрад адбіваў атакі карнікаў. 18 ліпеня каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна група прыкрыцця, у якую быў уключаны Лорчанка, уступіла ў бой з колькасна праўзыходным праціўнікам. Пасля таго, як скончыліся боепрыпасы, пакінуты адзін у жывых Леанід з апошняй супрацьтанкавай гранатай кінуўся ў гушчу войскаў суперніка.

Герой Савецкага Саюза (1965). У яго гонар у Бялынічах названы вуліца, школа, у Магілёве ўсталявана мемарыяльная дошка.

1968 год. У ЗША зарэгістравана кампанія  “NM Electronics”.

Хутка перайменавана ў Intel. Кампанія – сусветны лідар вытворчасці працэсараў, чыпсетаў, паўправадніковых кампанентаў, сецевага абсталявання.

Кантралюе 75% рынку. Працуе больш за 110 000 чалавек. У 2022 годзе Intel набыла ізраільскага вытворцу чыпаў Tower Semiconductor.

1974 год. У польскім мястэчку Канстанцінаў уведзена ў строй самае высокае ў свеце збудаванне ХХ стагоддзя — мачта Варшаўскага радыё.  

Яе вышыня дасягла 646,38 м. Нажаль мачта вагой 420 (іншыя даныя – 550 тон) абрынулася 8 жніўня 1991 года пад час правядзення рамонтных работ пры парывах моцнага ветру. Нават на сёння толькі два збудаванні большыя за Варшаўскую мачту: Бурдж-Халіфа (828 м, Дубай) і Merdeka 118 (678,9 м, Малайзія).

1979 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва прысвоена І.Д. Краснаштанаву (1900-1983).

Савецкі военачальнік, генерал-лейтэнант. Двойчы прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза.

У 1927-1932 гадах служыў у пагранатрадах у БССР.

Камандаваў 238-й стралковай дывізіяй, якая 27 верасня 1943 года вызваліла Клімавічы, у чэрвені 1944 года прымала ўдзел у вызваленні Магілёва, Шклова, Быхава.

Удзельнік Парада Перамогі.

“Жывяце на лецішчы?” – прыўкрасны савет ад “Магілёўскага весніка” 1913 года за 17 ліпеня

“Магілёўскі веснік” 17 ліпеня ў 1913 годзе памяшчаў вось такую прыемную рэкламу.

Наўздагон – вось такую.

І яшчэ шакіраваў звесткамі, якія сённяшні абывацель успрымае, нажаль, як будзённасць.

У Магілёве два дні не будуць працаваць банкаматы буйнога беларускага банка

У Магілёве і ў іншых абласных цэнтрах Беларусі два дні – з 18 па 20 ліпеня не будуць працаваць банкаматы Беларускага народнага банка. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні на сайце ўстановы. Чакаецца, што банкаматы перастануць працаваць у 15:00 18 ліпеня, а ўключацца ў 12:00 20-га. Банк рэкамендуе карыстацца банкаматамі іншых арганізацый, папярэдне даведаўшыся пра ліміты на сайце.

Фота з адкрытых крыніц

Спёка – на Магілёўшчыне сёння аранжавы ўзровень небяспекі

На 17 ліпеня ў Магілёўскім рэгіёне абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі, паведамляе абласная санэпідэмслужба. На большай часцы вобласці чакаецца да +30 +31°С. Надвор’е будзе воблачнае з праясненнямі, магчымы дождж.

Чыкагская трагедыя і гомельскі “расстрэл” – пра што пісаў дарэвалюцыйны “Магілёўскі веснік”

У аўторак 16 ліпеня 1913 года “Магілёўскі веснік” друкаваў будзённыя афіцыйныя навіны, палітычную хроніку, агляд міжнароднага становішча і таксама размясціў на сваіх старонках пару гісторый, што прымусілі суперажываць і хвалявацца.