У Магілёве адкрылі ядальню KFC. Прыйшло багата людзей, але ажыятажу не было

Гэта ўжо трэцяя фаст-фудаўская ўстанова, якая працуе пад брэндам KFC, у абласным цэнтры і 76-я – у Беларусі.

Новую ядальню ўзвялі на вакзале. Ён ад гарадскога цэнтру за 10 хвілінаў язды грамадскім транспартам. Шкляной будынінай знішчаная клумба, якая ўпрыгожвала наваколле ля прывакзальнай плошчы.

На адкрыццё прыйшло пад паўсотню чалавек, пераважна моладзь. Грамада пачала збірацца задоўга да пачатку імпрэзы. Асаблівага ажыятажу не назіралася. Не было штурханіны, як на адкрыцці першых падобных ядальняў у горадзе. У залі ўтварылася чарга з аматараў фаст-фуду.

Аператарам брэнду KFC у Беларусі з’яўляецца акцыянернае таварыства «Бел Фуд Сэрвіс». Яго заснавалі ў 2014 годзе. Брэнд KFC найбольш прадстаўлены ў краіне колькасцю рэстаранаў.

KFC і вайна ва Ўкраіне

Як адбілася вайна ва Ўкраіне на стаўленні кампаніі Yum! Brands, якой належаць брэнды KFC и Pizza Hut, да іх выкарыстання ў Беларусі высветліць не ўдалося.

Між тым кампанія Yum! Brands прыпыніла інвестыцыі і развіццё такіх ядальняў у Расіі яшчэ ў сакавіку, неўзабаве па яе поўнамаштабным ваенным уварванні ва Ўкраіну.

«Як і многія ва ўсім свеце, мы ўзрушаны і засмучаны трагічнымі падзеямі, якія разгортваюцца ва Украіне. Yum! Brands прыпыніла ўсе інвестыцыі і развіццё рэстаранаў у Расіі, пакуль мы працягваем ацэньваць дадатковыя варыянты», было адзначана на сайце кампаніі.

Yum! Brands разглядае розныя варыянты продажу свайго расійскага бізнесу мясцоваму аператару. Любы з іх мае гарантаваць захаванне працоўных месцаў і выкананне абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі і партнёрамі.

Вялікая частка рэстаранаў, якія працуюць пад брэндам KFC у Расіі, кіруецца па дагаворах франчайзінгу і належыць расійскім юрыдычным асобам. Яны працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. Такім чынам, мяркуюць у Расіі, брэнд KFC застанецца на мясцовым рынку.

Сетка ядальняў KFC распрадае актывы і пакідае расійскі рынак

Такія намеры агучаныя кампаніяй-уладальніцай сеткі рэстаранаў.

Пра тое паведамляе агенцтва Reuters. Паводле выдання Yum! Brands, амерыканская кампанія, якая працуе ў сферы грамадскага харчавання, абмяркоўвае продаж з мясцовым бізнесоўцам. Па завяршэнні ўгоды KFC сыдзе з расійскага рынку.

KFC – міжнародная сетка рэстаранаў грамадскага харчавання, якая спецыялізуецца на стравах з кураціны. Штаб-кватэры месціцца ў Луісвілле, штат Кентукі. На расійскім рынку працуе з 2005 году.

У сакавіку 2022 году Yum! Brands прыпыніў працу 70 мясцовых рэстаранаў KFC. Такое рашэнне было аргументавана жаданнем уладальніка перанакіраваць увесь прыбытак ад аперацыяў у Расіі на гуманітарныя мэты.

На той момант у Расіі сетка рэстаранаў налічвала больш за 1,1 тысячу ядальняў, у тым ліку 70 уласных.

У сакавіку стала вядома аб закрыцьці ўсіх 850 мясцовых рэстаранаў McDonald’s –  канкурэнта KFC.

фота: liga.net