У Магілёве адкрылі ядальню KFC. Прыйшло багата людзей, але ажыятажу не было

Гэта ўжо трэцяя фаст-фудаўская ўстанова, якая працуе пад брэндам KFC, у абласным цэнтры і 76-я – у Беларусі.

Новую ядальню ўзвялі на вакзале. Ён ад гарадскога цэнтру за 10 хвілінаў язды грамадскім транспартам. Шкляной будынінай знішчаная клумба, якая ўпрыгожвала наваколле ля прывакзальнай плошчы.

На адкрыццё прыйшло пад паўсотню чалавек, пераважна моладзь. Грамада пачала збірацца задоўга да пачатку імпрэзы. Асаблівага ажыятажу не назіралася. Не было штурханіны, як на адкрыцці першых падобных ядальняў у горадзе. У залі ўтварылася чарга з аматараў фаст-фуду.

Аператарам брэнду KFC у Беларусі з’яўляецца акцыянернае таварыства «Бел Фуд Сэрвіс». Яго заснавалі ў 2014 годзе. Брэнд KFC найбольш прадстаўлены ў краіне колькасцю рэстаранаў.

KFC і вайна ва Ўкраіне

Як адбілася вайна ва Ўкраіне на стаўленні кампаніі Yum! Brands, якой належаць брэнды KFC и Pizza Hut, да іх выкарыстання ў Беларусі высветліць не ўдалося.

Між тым кампанія Yum! Brands прыпыніла інвестыцыі і развіццё такіх ядальняў у Расіі яшчэ ў сакавіку, неўзабаве па яе поўнамаштабным ваенным уварванні ва Ўкраіну.

«Як і многія ва ўсім свеце, мы ўзрушаны і засмучаны трагічнымі падзеямі, якія разгортваюцца ва Украіне. Yum! Brands прыпыніла ўсе інвестыцыі і развіццё рэстаранаў у Расіі, пакуль мы працягваем ацэньваць дадатковыя варыянты», было адзначана на сайце кампаніі.

Yum! Brands разглядае розныя варыянты продажу свайго расійскага бізнесу мясцоваму аператару. Любы з іх мае гарантаваць захаванне працоўных месцаў і выкананне абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі і партнёрамі.

Вялікая частка рэстаранаў, якія працуюць пад брэндам KFC у Расіі, кіруецца па дагаворах франчайзінгу і належыць расійскім юрыдычным асобам. Яны працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. Такім чынам, мяркуюць у Расіі, брэнд KFC застанецца на мясцовым рынку.