Клімавічы сталі горадам 245 год таму

Гарадскі статус, планіроўку вуліц, а таксама ўласны сімвал Клімавічы атрымалі ў спадчыну ад рускай імператрыцы Кацярыны ІІ

Наданне Клімавічам статуса горада адбылося ў 1777 годзе або 245 год таму, калі разам з усімі ўсходнімі землямі Рэчы Паспалітай мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Сумная падзея для краіны і нацыі, але магчымасць развіцця для паселішча.

У 1765 годзе Клімавічы сталі цэнтрам невялікага нягродавага (не гарадскога) староства — дзяржаўнага ўладання, якое здавалася ў арэнду і не было звязанае з выкананнем абавязкаў гродавага старасты. 

На той час Клімавічы былі зусім невялікім мястэчкам на ўсходзе Рэчы Паспалітай. Аднак з уваходжаннем у склад Расійскай імперыі статус мястэчка падвышаецца. У 1777 годзе распраджэннем імператрыцы Кацярыны ІІ Клімавічам надаецца статус павятовага горада, што паспрыяла далейшаму развіццю і зменам паселішча. 

У 1779 годзе зацвярджаецца новы план горада, згодна якому мяняецца традыцыйнае радыяльнае распалажэнне вуліц і пабудоў, цэнтрам якога быў пляц з касцёлам. Наступны этап развіцця і змен – 1781 год, калі  Клімавічы атрымоўваюць свой ўласны герб «у блакітным полі залатая пчала». Гэтая сімволіка для Клімавічаў і на сённяшні дзень з’яўляецца адметным сімвалам.  Такім чынам, у канцы XVIII стагоддзя Клімавічам быў створаны асноўныя рысы горада, які захоўваюцца да сёння.  

На фота: сядзіба Мяшчэрскіх 1867 года пабудовы ў Клімавічах

Фота ўзята з адкрытых крыніц

Галоўны магілёўскі паштамт закрываецца сёння на рамонт

Будынак галоўнай пошты ў цэнтры Магілёва 15 лістапада на тры месяцы зачыняецца на рамонт. Але яго паслугі можна будзе атрымліваць тут па-ранейшаму. 

У пасылачнай секцыі злева ад галоўнага ўваходу можна атрымаць ці адправіць бандэролі і пасылкі.

А вось прымаць плацяжы пошта будзе на другім паверсе будынку галоўпаштамта. Туды трэба ўваходзіць са двара. Аплаціць паслугі магілёўцы змогуць таксама ў тэрміналах у фае на першым паверсе.

Апошні ўчастак аб’яздной дарогі вакол Магілёва так і не запусцілі

Адкрыццё паўднёва-заходняга аб’езда планавалася правесці 7 лістапада, але рух па дарозе застаецца закрытым. 

Першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер РУП “Магілёўаўтадар” Барыс Іваноў у інтэрв’ю БелТА паведамляў, што адрэзак трасы, які павінен звязаць гомельскую і бабруйскую шашы, планавалася запусціць яшчэ 7 лістапада. Аднак рух на ўчастку ў 12 кіламетраў застаецца забароненым. Па дарозе працягвае курсіраваць будаўнічая тэхніка.

Фота: mogilev.media

У Крычаве адкрылі “парк гістарычнай памяці”, а на Леніна рука не паднялася

Помнік Леніну ў самым цэнтры горада насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы даўно выклікаў у месцічаў змяшаныя пачуцці. Скульптура і культавае збудаванне нагадвалі двух супернікаў, якія замерлі адзін перад адным ў нямым супрацьстаянні. Госці горада, а часам і мясцовыя жыхары толькі кпілі з гэтай карціны: “Паглядзіце, Ленін ідзе ў царкву”.

Аднак зусім нядаўна Леніна з пастамента знялі, а сам пастамент быў разбураны. Гэта ж адбылося і з цаглянай дошкай гонару, на версе якой красаваўся надпіс “Наши маяки”. Замест гэтага з’явіўся так званы сквер гістарычнай памяці, дзе цэнтральным стаў памятны знак “Якар”, які складаецца з валуна і непасрэдна самога якара. Да камяня прымацавана мармуровая таблічка, на якой пазначана, што памятны знак усталяваны ў гонар 237-годдзя Крычаўскай суднаверфі і аддзялення Херсонскага адміралцейства Чарнаморскага флота. 

Зусім блізка размясцілася невялікая вежа ў некалькі метраў вышынёй, якая з’яўляецца правобразам двух’яруснай вежы Крычаўскай суднаверфі XVIII стагоддзя з высокім шпілем, што быў упрыгожаны выявай карабля. Побач з вежай і якарам з’явіўся фантан, дзве каваных лавы і малая архітэктурная форма “КРИЧЕВ”

А вось «правадыра сусветнага пралетарыята» вырашылі не прыбіраць. Помнік паставілі зусім блізка з мясцовым Домам культуры, на новазробленым невысокім цэментным пастаменце. Павернуты да будынка ён бокам, паралельна цэнтральнай гарадской шашы.

Новы гістарычны сквер сведчыць, што ў горадзе актыўна прасоўваецца і папулярызуецца гісторыя Крычава ў складзе Расійскай імперыі. Шмат год у мясцовым гістарычным музеі праводзяцца мерапрымествы з удзелам актораў у выглядзе Пацёмкіна і Кацярыны ІІ. Адзначым, што Крычаўская суднаверф працавала не на карысць мясцовага насельніцтва тагачаснага Крычаўскага староства, а для вайсковых і гандлёвых патрэбаў Чарнаморскага флота Расійскай імперыі. 

Вайна ва Ўкраіне. У вызвалены ад расійскіх войск Ізюм наведаўся прэзідэнт Уладзімір Зяленскі

Ізюм, горад у Харкаўскай вобласці, знаходзіўся пад расійскай акупацыяй з сакавіка. Вызвалілі яго 11 верасня і тады ж над цэнтрам гораду быў вывешаны украінскі сцяг.

14 верасня прэзідэнт Зяленскі ўзяў удзел ва ўрачыстым узняцці сцягу ў вызваленым украінскімі дэсантнікамі Ізюме. Разам з Зяленскім горад наведалі прадстаўнікі Міністэрства абароны, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Паводле выдання ў Харкаўскай вобласці вызваленыя больш за 40 паселішчаў.

Міністэрства абароны Расіі прызнала, што расійскія войскі адступаюць з рэгіёну.

Вайна ва Ўкраіне. Расія атакавала Харкаў і забіла дваіх жыхароў

Горад расійскія войскі абсталялі раніцай. Удары былі нанесеныя адразу па некалькіх раёнах.

«На жаль, 2 мужчыны ва ўзросце 21 і 65 гадоў загінулі. Пацярпелі 5 чалавек. Двое з іх – 49-гадовы мужчына і 21-гадовая жанчына – у цяжкім стане. Стан яшчэ трох пацыентаў лекары ацэньваюць як сярэдні, гэта мужчыны 31, 52 і 53 гадоў», – паведаміў старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Па яго словах, у выніку ракетнага абстрэлу Індустрыяльнага раёну Харкава пашкоджаны адміністрацыйны будынак. Яшчэ адна ракета ўпала ў зямлю побач.

Па Харкаву стралялі і ноччу. Адна з ракет трапіла ў аб’ект крытычна важны для жыццезабеспячэння гораду. Пацэлілі снарады і ў адно з мясцовых прадпрыемстваў, паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў.

Напярэдадні адна з ракет выбухнула ў горадзе Змееве ля больніцы. Абышлося без пацярпелых.

 

Навіны пабрацімаў. За час вайны на Мікалаеўшчыне ад расійскіх абстрэлаў пацярпела больш за 70 дзяцей

Ад раненняў у шпіталі памерла двое з іх. 6 верасня ў выніку абстрэлу загінула дзіця.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Пра загінулае дзіця паведаміў офіс Генеральнага пракурора. Паводле звестак, апублікаваных у тэлеграм-канале ведамства, на Мікалаеўшчыне ад абстрэлаў пацярпелі 72 дзіця. Ва ўсёй Украіне на 7 верасня 2022 году загінулі 383 дзіцяці і больш за 742 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

Старшыня Мікалаеўскага абласнога савету Ганна Замазеева адзначае, што з 24 лютага, калі Расія ўварвалася ва Ўкраіну, у мясцовыя шпіталі амбулаторна звярнуліся 3329 дзяцей, з іх пралячылі 1331 дзіця. У 44 дзяцей былі мінна-выбуховыя раненні рознай ступені цяжкасці. Двое з іх памерлі ў больніцы.

«Мы разглядалі кожны асобны выпадак траўмавання дзіцяці, каб уратаваць і жыццё, і канцавіны для аднаўлення паўнавартаснага жыцця. У некалькіх выпадках у Германіі лекары былі здзіўлены выратаваным жыццём хлопчыка і захаваннем ручкі, па іх пратаколах гэта ампутацыя. А наш маленькі Мікалаеў яшчэ будзе маляваць у будучыні», – піша Замазеева пра працу мясцовых медыкаў.

g4.dcdn.lt

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім адзначае, што Мікалаеў толькі 27 з 195-ці дзён вайны пражыў без абстрэлаў.

«Чатыры з гэтых дзён былі за апошнія дзесяць дзён. Сапраўды, стала цішэй. Я думаю, гэта звязана з тым, што знішчаюцца склады з боепрыпасамі», – кажа ён.

На яго думку, у некаторых знішчаных саставах знаходзіліся ракеты С-300, прызначаныя для Мікалаева. Таксама ён заяўляе, што расіяне пачалі радзей абстрэльваць горад, як пачалося контрнаступленне ўкраінскіх войск у Херсонскай вобласці, падае меркаванне Кіма выданне «Корабелов.инфо».


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

фота: cyprus-daily.news

Прыгожае відэа з магілёўскай пагулянкай. 4 частка – музыкі

У магілёўскай пешаходніцы ёсць свой голас. Яго ствараюць не толькі прахожыя сваёй гаманою, але і вулічныя музыцы. Гэта, пераважна, маладыя людзі, якія свой горад стараюцца зрабіць напраўду сваім. Невялікае відэа з пагулянкі, прысвечанае тутэйшым музыкам і іх рамяству рабіць жыццё вуліцы весялейшым.

 

Пешаходную вуліцу ведае кожны магілёвец. Гэта ўлюбёнае месца шпацыру гараджанаў. Яны прыязджаюць з аддаленых куткоў Магілёва, каб прайсціся ёю. Адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

Працягласць нашай пешаходніцы 1490 метраў. Іх мы пройдзем з відэакамерай і пакажам тое, што, можа, не разгледзелі землякі заклапочаныя сваімі справамі, ці захопленыя прыяцельскімі гутаркамі.

Такім чынам, у дарогу. На відэа сённяшняга дня – чацвёрты адцінак падарожжа.

Выхадныя скончыліся – падарункі не. Прыгожае відэа з магілёўскай пагулянкай. 3 частка

Працягваем вандроўку пешаходнай вуліцай Магілёва. Паблукайма ля звяздара і палічым мінакоў.

Гэтую мясцінку ў цэнтры гораду ведае кожны магілёвец. Пешаходніца – улюбёная вуліца шпацыру гараджанаў. Яны прыяжджаюць з аддаленых куткоў Магілёва, каб прайсціся ёю. Адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

 

Працягласць нашай пешаходніцы 1490 метраў. Іх мы пройдзем з відэакамерай і пакажам тое, што, можа, не разгледзелі землякі заклапочаныя сваімі справамі, ці захопленыя прыяцельскімі гутаркамі.

Такім чынам, у дарогу. На відэа сённяшняга дня – трэці адцінак падарожжа.

Падарунак чытачам на выходныя. Прыгожае відэа з магілёўскай пагулянкай. 2 частка

Працягваем вандроўку пешаходнай вуліцай Магілёва. Галоўнае не спяшацца і разглядзець яе ў дробязях.

Гэтую мясцінку ў цэнтры гораду ведае кожны магілёвец. Пешаходніца – улюбёная вуліца шпацыру гараджанаў. Яны прыяжджаюць з аддаленых куткоў Магілёва, каб прайсціся ёю. Адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

 

Працягласць нашай пешаходніцы 1490 метраў. Іх мы пройдзем з відэакамерай і пакажам тое, што, можа, не разгледзелі землякі заклапочаныя сваімі справамі, ці захопленыя прыяцельскімі гутаркамі.

Такім чынам, у дарогу. На відэа сённяшняга дня – другі адцінак падарожжа.