«Гэта наўпроставае сведчанне прадузятасці». Беларуская ўлада незадаволеная адмовамі еўрапейскіх краінаў выдаць беларусаў

Намеснік Генеральнага пракурора Аляксей Стук сярод такіх краінаў згадаў Латвію, Літву, Польшчу, Грэцыю. Іхныя адмовы ў выдачы грамадзянаў Беларусі службовец лічыць «неабгрунтаванымі». Незадаволенасць такой сітуацыяй службоўца выказаў у інтэрв’ю «Народнай газеце».

Паводле яго, Латвія адмовіла ў задавальненні хадайніцтва аб выдачы «аднаго з беглых для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за атрыманне хабараў і выгод маёмаснага характару ў асабліва буйным памеры».

Па словах Аляксея Стука, Латвія «адмовіла ў задавальненні хадайніцтва больш чым праз 4 месяцы па надуманых падставах». Латвійскі бок патлумачыў, што запыт аб выдачы мае на мэце пакараць асобу з-за яе расавай прыналежнасці, рэлігійных поглядаў, нацыянальнасці або палітычных перакананняў.

Грэцыя не адказвае на падобны запыт са студзеня 2022 году, кажа Стук. Літва ж адмовіла выдаць грамадзянку Беларусі «без указання канкрэтных прычынаў і матываў».

Аляксей Стук незадаволены і стаўленнем Польшчы да запытаў з Беларусі. Паводле яго, гэта краіна адмоўна адказала на запыт аб выдачы «аднаго са стваральнікаў тэлеграм-каналу, інфармацыйная прадукцыя якога прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі» больш чым праз год.

«Гэта наўпроставае сведчанне прадузятасці некаторых дзяржаў у разглядзе беларускіх запытаў аб выдачы асоб, – лічыць Аляксей Стук. – Як следства, не забяспечваецца належнае міжнароднае ўзаемадзеянне ў барацьбе са злачыннасцю і не рэалізуецца адзін з асноўных прынцыпаў крымінальнага права – няўхільнасць адказнасці за ўчыненае супрацьпраўнае дзеянне».

фота: belnovosti.by

Спыненая дзейнасць усіх незалежных прафсаюзаў у Беларусі

Вярхоўны суд ліквідаваў з ініцыятывы Генеральнага пракурора цягам тыдня пяць прафсаюзных арганізацыяў. Адпаведная заява была напраўленая ў суд напачатку чэрвеня.

Згодна з судовай пастановаю спыненая дзейнасць:

– Свабоднага прафсаюзу Беларускага;

– Свабоднага прафсаюзу металістаў;

– Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў;

– Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці;

– Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Першымі былі ліквідаваныя 13 ліпеня Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз. Лідары гэтых арганізацыяў утрымліваюцца пад вартай. 

У зняволенні трымаюць і актывістаў прафсаюзаў, лёс якіх вырашаўся на судовых пасяджэннях 14 і 18 ліпеня. Яны скончыліся пастановаю аб спыненні іх дзейнасці.

Паводле Генеральнага пракурора з 2020 году «дзейнасць асобных прафсаюзаў на тэрыторыі Беларусі набыла палітызаваны характар», а «замест выканання ўскладзеных функцыяў кіраўніцтва і чальцы гэтых арганізацыяў бралі ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, несанкцыянаваных мерапрыемствах, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу».