Незалежных прафсаюзаў у Беларусі не будзе. Абвінавачаныя ў палітызаваным характары дзейнасці

Генеральны пракурор накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці 5 прафсаюзных аб’яднанняў.

Пра тое гаворыцца ў паведамленьні, распаўсюджаным у тэлеграм і ютуб каналах ведамства.

Паводле яго з 2020 году «дзейнасць асобных прафсаюзаў на тэрыторыі Беларусі набыла палітызаваны характар», а «замест выканання ўскладзеных функцыяў кіраўніцтва і чальцы гэтых арганізацыяў бралі ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, несанкцыянаваных мерапрыемствах, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу».

Пад забарону трапляюць:

– Свабодны прафсаюз Беларускі;

– Свабодны прафсаюз металістаў;

– Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў;

– Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці;

– Асацыяцыя прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

З заявы Генеральнай пракуратуры вынікае, што прафсаюзныя аб’яднанні не выконвалі сваёй галоўнай мэты «павышэнне жыццёвага ўзроўню і сацыяльнай абароненасці грамадзян, абароны іх працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў”.

 


Праваабарончая супольнасць месяц таму прызнала палітвязнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Яны былі затрыманыя ў красавіку 2022 году. Сярод іх кіраўнікі некаторых прафсаюзаў і шараговыя актывісты. Пра сутнасць выстаўленых ім абвінавачанняў амаль нічога невядома.