Адсутнасць звестак пра пачатак і завяршэнне будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў становіцца нормай. Працяг тэмы

На публікацыю пра адсутнасць датаў пачатку і завяршэння будаўніцтва новага корпусу інфекцыйнай больніцы адрэагавалі чытачы Магілёў.media, даслаўшы фотаздымак з пацверджаннем, што на пашпарце аб’екту іншай лякарні таксама адсутнічаюць такія звесткі. Гаворка пра ўзвядзенне новага корпусу больніцы хуткай дапамогі.

З пашпарту аб’екту невядома, калі пачалося будаўніцтва і калі яно завершыцца. Радкі на інфармацыйным стэндзе не запоўненыя.

11 жніўня Магілёў.media апублікаваў матэрыял пра сітуацыю з узвядзеннем новага корпусу інфекцыйнай больніцы. У ім адзначалася, што згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя звесткі аб будаўніцтве аб’екту ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне. У матэрыяле падкрэслівалася, што адсутнасць такой інфармацыі можа выкарыстоўваецца чыноўнікамі, каб апраўдацца перад грамадствам за спыненне працаў на аб’екце, альбо іх зацягванне.

Што да новага корпусу больніцы хуткай дапамогі, то паводле інфармацыі з сайту Магілёўскага аблвыканкаму, гэты будзе шматфункцыянальны сяміпавярховы корпус замест старых пабудоў. Яшчэ ў лістападзе 2019 году аказаць «садзейнічанне ў рэалізацыі перспектыўнага праекту выказалі гатоўнасць міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік і старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц». Цяпер Каранік і Заяц займаюць іншыя службовыя пасады.

У верасні 2021 году ўжо новы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у шэрагу з іншымі медычнымі ўстановамі, якія ўзводзяцца ў Магілёве, згадаў і больніцу хуткай дапамогі.

«Яшчэ праз пару гадоў завершыцца будаўніцтва новых карпусоў гарадской больніцы хуткай медычнай дапамогі. Гэта дазволіць Магілёву да канца 2023 года стаць горадам з аптымальна адладжанай сістэмай аховы здароўя ад паліклінік да буйных медычных цэнтраў», – падавала словы чыноўніка БелТА.

Вызначыць пачатак будаўніцтва новага корпусу больніцы хуткай дапамогі няпроста. Бурыць старыя камяніцы лякарні пачалі яшчэ ўзімку. Іх знішчэнне выклікала неадназначную рэакцыю краязнаўцаў і шараговых магілёўцаў.

У чэрвені агарадзілі пляцоўку пад будаўніцтва корпусу і ўзяліся капаць катлаван. Тады Магілёў.media напісаў, што на гэтым канчаткова знішчана гістарычная забудова мясцовай больніцы хуткай дапамогі.

У Магілёве канчаткова знішчана гістарычная забудова мясцовай больніцы хуткай дапамогі

На яе месцы выкапаны катлаван пад новы корпус. Разбурэнне старых шпітальных будынкаў выклікала неадназначную рэакцыю краязнаўцаў і шараговых магілёўцаў.

Старажылы крытыкавалі планы знішчэння старых карпусоў

Будаўніцтва новага корпусу наспела даўно, бо шпіталю 220 гадоў, і аднаўляць матэрыяльную базу было неабходна. Крытых пераходаў паміж старымі будынкамі не было. Гэта абцяжарвала аказанне паслуг, замінала аператыўнасці ўзаемадзеяння.

Праектанты, відаць, палічылі, што новыя карпусы дазволяць размясціць у ім усе асноўныя службы і падраздзяленні больніцы, што створыць камфортныя ўмовы працы для медперсаналу і знаходжання пацыентаў.

Разам з тым, іх будаўніцтва выклікала неадназначную рэакцыю магілёўцаў. Старажылы крытыкавалі планы знішчэння старых карпусоў, хай сабе і не ўнесеных у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Тэрыторыю вінзавода хацелі аддаць больніцы

«Тэрыторыя шпіталя складвалася досыць хаатычна з 1802 года, – распавядае доктар, які адпрацаваў у шпіталі больш за 40 гадоў. – Двор быў забудаваны несіметрычна лячэбнымі і гаспадарчымі будынкамі. Але ў гэтай неўпарадкаванасці была свая прывабнасць».

Суразмоўца параўноўвае іх з старой забудовай Прагі і Вільні, дзе «блытаніна вуліц і ёсць той самай прывабнасцю».

«Навошта было знішчаць старое, калі праз плот тэрыторыя вінзаводу, якую раней планавалі аддаць больніцы?», – пытаецца ён.

Знішчана гістарычная мясціна ў цэнтры гораду

Да меркаванняў мясцовых краязнаўцаў звыкла не прыслухаліся. У выніку 4 старыя шпітальныя карпусы бязлітасна знеслі.

«Яны, вядома ж, патрабавалі рамонту, былі шэрыя і нудлівыя, – згадвае пацыентка, якая лячылася ў больніцы, – Але хворыя любілі ў добрае надвор’е адпачываць у двары, ад якога мала што цяпер засталося. Ім падабалася хадзіць па тых крывых пераходах».

«Нават са зламанай нагой выходзіла, – дадае яна. – Будынкі былі не надта высокія, суразмерныя з людзьмі. Вока адпачывала…».

Са старымі карпусамі звязана шмат добрых гісторый пра аказанне дапамогі пацыентам, пра нашых старых дактароў, а ў новых яны яшчэ толькі будуць нараджацца, – кажуць медсёстры больніцы.

Пакуль вынік будаўніцтва – знішчэнне даўно сфармаванай мясціны ў цэнтру гораду. Якімі будуць новыя карпусы пакажа толькі час.