У Магілёве канчаткова знішчана гістарычная забудова мясцовай больніцы хуткай дапамогі

На яе месцы выкапаны катлаван пад новы корпус. Разбурэнне старых шпітальных будынкаў выклікала неадназначную рэакцыю краязнаўцаў і шараговых магілёўцаў.

Старажылы крытыкавалі планы знішчэння старых карпусоў

Будаўніцтва новага корпусу наспела даўно, бо шпіталю 220 гадоў, і аднаўляць матэрыяльную базу было неабходна. Крытых пераходаў паміж старымі будынкамі не было. Гэта абцяжарвала аказанне паслуг, замінала аператыўнасці ўзаемадзеяння.

Праектанты, відаць, палічылі, што новыя карпусы дазволяць размясціць у ім усе асноўныя службы і падраздзяленні больніцы, што створыць камфортныя ўмовы працы для медперсаналу і знаходжання пацыентаў.

Разам з тым, іх будаўніцтва выклікала неадназначную рэакцыю магілёўцаў. Старажылы крытыкавалі планы знішчэння старых карпусоў, хай сабе і не ўнесеных у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Тэрыторыю вінзавода хацелі аддаць больніцы

«Тэрыторыя шпіталя складвалася досыць хаатычна з 1802 года, – распавядае доктар, які адпрацаваў у шпіталі больш за 40 гадоў. – Двор быў забудаваны несіметрычна лячэбнымі і гаспадарчымі будынкамі. Але ў гэтай неўпарадкаванасці была свая прывабнасць».

Суразмоўца параўноўвае іх з старой забудовай Прагі і Вільні, дзе «блытаніна вуліц і ёсць той самай прывабнасцю».

«Навошта было знішчаць старое, калі праз плот тэрыторыя вінзаводу, якую раней планавалі аддаць больніцы?», – пытаецца ён.

Знішчана гістарычная мясціна ў цэнтры гораду

Да меркаванняў мясцовых краязнаўцаў звыкла не прыслухаліся. У выніку 4 старыя шпітальныя карпусы бязлітасна знеслі.

«Яны, вядома ж, патрабавалі рамонту, былі шэрыя і нудлівыя, – згадвае пацыентка, якая лячылася ў больніцы, – Але хворыя любілі ў добрае надвор’е адпачываць у двары, ад якога мала што цяпер засталося. Ім падабалася хадзіць па тых крывых пераходах».

«Нават са зламанай нагой выходзіла, – дадае яна. – Будынкі былі не надта высокія, суразмерныя з людзьмі. Вока адпачывала…».

Са старымі карпусамі звязана шмат добрых гісторый пра аказанне дапамогі пацыентам, пра нашых старых дактароў, а ў новых яны яшчэ толькі будуць нараджацца, – кажуць медсёстры больніцы.

Пакуль вынік будаўніцтва – знішчэнне даўно сфармаванай мясціны ў цэнтру гораду. Якімі будуць новыя карпусы пакажа толькі час.