Паўсюдную антысанітарыю вакол сметнікаў знайшла санстанцыя ў Магілёве

Магілёўскія эпідэміёлагі праверылі працу “Спецаўтапрадпрыемства” па вывазе смецця. Вынік – сумны.

З 20 па 30 кастрычніка Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі правяраў кантэйнерныя пляцоўкі, пункты прыёму другаснай сыравіны, вывучаў пытанні арганізацыі сістэмы смеццевыдалення ў Магілёве і Магілёўскім раёне і ацэньваў дзейнасць “Спецаўтапрадпрыемства”. 

Прычынай праверкі стаў не столькі Год дабраўпарадкавання, якім абвешчаны 2025 год, сколькі шматлікія звароты магілёўцаў на нездавальняючы санітарны стан кантэйнерных пляцовак і несвоечасовы вываз буйнагабарытных адходаў.

Сігналы, як кажуць, пацвердзілася. Санстанцыя выявіла наступныя тыповыя парушэнні:

  • Кантэйнерныя пляцоўкі не ўтрымліваліся ў чысціні. 
  • Тэрыторыі паблізу кантэйнерных пляцовак не ўтрымліваліся ў чысціні, захламлены буйнагабарытнымі адходамі.
  • Кантэйнеры для цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА) размешчаны па-за кантэйнернай пляцоўкай, 
  • Кантэйнерныя пляцоўкі не маюць воданепранікальнай асновы або такая аснова разбурана, 
  • Кантэйнерныя пляцоўкі не маюць агароджы з трох бакоў на вышыню вышэй кантэйнераў, 
  • Кантэйнеры, кантэйнерныя пляцоўкі для ЦБА патрабуюць рамонту.

Эпідэміёлагі працягваюць працу па выяўленні парушэнняў санітарна-гігіенічнага заканадаўства, а “Спецаўтапрадпрыемству” накіравана адпаведнае прадпісанне. Віноўныя ж прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Фотаздымак: телеграм-канал “Магілёўскі ЦГЭ”

У аздараўленчым лагеры на Быхаўшчыне дзеці жылі ва ўмовах антысанітарыі

Пракуратура выявіла масу парушэнняў у дзіцячым аздараўленчым лагеры ў Быхаўскім раёне.

Хоць арганізатары лагера заяўлялі яго як намётавы, падлеткі пражывалі ў капітальных будынках. Гэта ўсё высветліла пракуратура, прычым, як аказалася, высвятляла яна гэта сістэматычна. 

Таксама сістэматычна яна высвятляла, што нават гэтыя капітальныя будынкі не адпавядалі патрабаванням бяспекі.

“Уборка памяшканняў не праводзілася, пасцельная бялізна адсутнічала. Меры па ўкамплектаванню намётаў не прымаліся, пра што сведчыла адсутнасць у арганізатара спальных мяшкоў і цеплаізаляцыйных турыстычных дыванкоў. Выяўлены шматлікія парушэнні заканадаўства аб пажарнай бяспецы, факты неўкамплектавання аптэчак першай медыцынскай дапамогі. Таксама выяўлены прадукты харчавання са скончаным тэрмінам прыдатнасці” – паведамляюць пракуроры. 

Чаго каштавалі такія парушэнні іх канкрэтным вінаватым – адной з арганізацый прыватнай формы ўласнасці, якая і стварыла лагер – сайт Генпракуратуры не паведамляе.

Фотаздымак з адкрытых крыніц