Кароткі адказ: асабліва нічога не памянялася, бо сілавікі і так дазваляюць сабе ўсё што заўгодна, а ўвагу трэба звярнуць на верагодную прыхаваную мабілізацыю.
У сваім інтэрв’ю газеце “Известия” глава беларускага міністэрства замежных спраў Уладзімір Макей зрабіў некалькі рэзанансных заяваў. Самай растыражыраванай у сусветных СМІ стала наступная цытата:
– Кіраўнік нашай краіны правёў шэраг нарад з сілавымі структурамі, уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Сапраўды, была інфармацыя аб тым, што з боку асобных, сумежных дзяржаў плануюцца правакацыі, звязаныя ледзь не з захопам асобных участкаў тэрыторыі Беларусі.
Рэжым контртэрарыстычнай аперацыі дае сілам бяспекі шырокія паўнамоцтвы, уключаючы затрыманні для праверкі асобы, увядзенне забароны на перамяшчэнне, праслухоўванне і кантроль усіх камунікацый, а таксама бесперашкоднае пранікненне супрацоўнікаў спецслужбаў у любыя памяшканні.
Але неабходна ўлічваць, што ва ўмовах прававога дэфолту, які працягваецца ўжо другі год у краіне, не засталося такіх абмежаванняў, якія б стрымлівалі дзеянні сілавікоў што да цывільнага насельніцтва. Калі прасцей – у рэжыме спецаперацыі і беспрэцэдэнтнага ціску беларускі народ і так ужо даўно жыве.
Але ў інтэрв’ю Уладзіміра Макея звяртае на сябе ўвагу яшчэ адна цытата. Разважаючы пра праблемы з мабілізацыяй вайсковаабавязаных у Расійскай Федэрацыі, міністр МЗС сказаў:
– Напэўна, у нас такіх праблем няма. Але [Лукашэнка] ўсё ж такі яшчэ раз просіць праверыць гатоўнасць Узброеных сіл, войскаў тэрытарыяльнай абароны да ўзнікнення нечаканых сітуацый. Таму будуць праведзены зборы, каб праверыць: хто лічыцца на ўліку, ці падыходзяць яны для вайсковай службы. Гэта неабходна, каб не прызвалі інвалідаў ці людзей, якія не павінны служыць у войску. Потым у планавым парадку тыя людзі, каму належыць, будуць праходзіць адпрацоўку на палігонах, каб узгадаць навыкі абыходжання са зброяй.
Раней беларускія СМІ, абапіраючыся на свае крыніцы ў вайсковых структурах, паведамлялі, што “Лукашэнка прыняў прынцыповае рашэнне аб правядзенні схаванай мабілізацыі ў Беларусі для даўкамплектацыі баявых часцей. Яна будзе ісці пад выглядам праверкі баяздольнасці. На першым этапе яна не будзе закранаць вялікія гарады, мабілізоўваць будуць найперш сельскае насельніцтва. Даўкамплектацыя баявых часцей робіць сцэнар эскалацыі на мяжы Беларусі з Украінай імаверным.”