Вось тут нельга лавіць рыбу да вясны

Забаронена лавіць любую рыбу на зімавальных ямах, Інспекцыя аховы прыроды апублікавала падрабязную мапу.

З пачатку кастрычніка і па 15 красавіка ў Беларусі ўводзіцца забарона на рыбную лоўлю на ўчастках, якія спецыяльна акрэслены Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету. 

Падрабязны спіс зімавальных ям апублікаваны на сайце ведамства і прадстаўлены на інтэрактыўнай мапе

У Магілёве пад забарону трапляюць участкі каля маста Яшына па Пушкінскім праспекце, тоня “Палавінны лог” і ўчастак паміж Фацінскай затокай і месцам упадзення ў Днепр рэчкі Дзебры. 

Зімавальныя ямы – гэта найбольш глыбокія ўччасткі вадаёмаў, якія штогод выкарыстоўваюцца цэлымі касякамі рыб для зімоўкі. Скарачэнне светлавога дня, паніжэнне тэмпературы вады, памяншэнне растворанага ў вадзе кіслароду, маладаступнасць ежы ці яе адсутнасць з’яўляюцца сігналам для падрыхтоўкі рыбы да спячкі.

У гэты перыяд часу жыццёвыя працэсы рыб – абмен рэчываў, дыханне, рэакцыя на раздражняльнікі запавольваюцца. У натуральных умовах рыба зімуе на зімавальных ямах ці на глыбейшых участках вадаёмаў. У іх збіраюцца рыбы звычайна аднаго віду і ўзросту, што забяспечвае найбольш спрыяльныя ўмовы для зімоўкі. Многія віды цеплалюбівых рыб, такіх, як ляшчы, карпы, ліні збіраюцца ў вялізныя зграі і накіроўваюцца ў зімавальныя ямы.

Тут, у зімавальных ямах, рыба становіцца вельмі лёгкай здабычай, што пагражае яе відавому складу ў вадаёмах краіны.