Буйным беларускім вытворцам мясамалочнай прадукцыі забаранілі экспарт

Абмежаванне закранула таксама магілёўскага вытворцу “Сервалюкс-Агра”.

Сем буйнейшых беларускіх вытворцаў мяса-малочнага сектара яшчэ 5 кастрычніка атрымалі лісты ад дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі – паведамляе расійская газета “Коммерсантъ”. У гэтых лістах дэпартамент паведамляе пра прыпыненне выдачы ветэрынарных сертыфікатаў на экспарт. Таксама ў дакуменце гаворыцца, што дадзеная забарона звязаная з неабходнасцю насычэння прадукцыяй унутранага рынку. 

Пад абмежаванні трапілі “Сервалюкс Агра” (брэнд “Петруха”), Віцебская бройлерная птушкафабрыка (брэнд “Ганна”), птушкафабрыка “Дружба”, Баранавіцкая птушкафабрыка (выпускае яйкі пад маркай “Златко”) і 1-я Мінская птушкафабрыка (гандлёвы знак “Знатныя”). Сярод вытворцаў малочнай прадукцыі забарона на экспарт закранула таксама Рагачоўскі і Лепельскі камбінаты.

Расійскія вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі істотна выйграюць ад дадзенай забароны, адзначае “Коммерсантъ”, паколькі яны сутыклуліся з крызісам перавытворчасці.

Забарона на экспарт мясамалочнай прадукцыі супала з забаронай на павышэнне цэн у Беларусі, уведзенай 6 кастрычніка.