Веснавога крыгаходу на Дняпры ўжо дакладна не будзе. Фотазамалёўка.

Нават надзея на праход смаленскага лёду знікла.

Толькі старыя ільдзіны нагадваюць у Магілёве пра зімовы студзеньскі крыгаход.

Крыгі на беразе яшчэ сведчаць як высока ўзімку ўзнялася вада Дняпра.

Цяпер вада ў Дняпры ізноў крыху ўзнялася, але не дасягнула ўзроўню зімовай паводкі. І, як і ў апошнія гады, рака зноўку не выйдзе ў пойму. 

Пяць чалавек атруціліся ўгарным газам, мужчыну выратавалі на пажары – зводка МНС

На Магілёўшчыне за 25 сакавіка адбыліся адразу тры надзвычайных здарэння, якія маглі трагічна скончыцца для шасцярых чалавек – паведамляе прэс-служба МНС.

У Магілёве падчас пажару быў выратаваны мужчына 1978 года нараджэння. З атручэннем дымам ён шпіталізаваны, прычына пажару высвятляецца.

У вёсцы Скляпава Круглянскага раёна і ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага цэлыя сем’і труціліся ўгарным газам з-за таго, што занадта рана закрывалі заслонку ў печы. У першым выпадку шпіталізаваны і былі трое – дзве жанчыны і мужчына, у другім выпадку – пара 1972 і 1973 гадоў нараджэння.

Фота ілюстрацыйнае

Цыклоны нясуць пахаладанне, снег з дажджамі і вятры – надвор’е на тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным пахмурнае, прахалоднае, з дажджамі і снегам надвор’е, якое прынясуць цыклоны Ёханэс і Хільмар з Еўропы. 

Да канца месяца цяпла чакаць не варта. Снегавое покрыва, якое амаль ужо растаяла, можа зноў пачаць фарміравацца. У аўторак узмацніцца вецер хуткасцю да 20 м/с.

У апошні тыдзень сакавіка цяплыні да +18  +20°С як у 2014 годзе і марозаў да -15  -17°С, як у 1958 годзе не прагназуецца. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 17 хвілін і дасягне 12 гадзін 57 хвілін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 6:36, зойдзе ў 19:33.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 27 сакавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак ападкаў па вобласці не чакаецца, хаця ўжо днём месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Раніцай ад -1 да +4°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +2 +9°С, месцамі да +10 +15°С. На працягу сутак будзе пахмурна, месцамі ў першай палове дня з праясненнямі неба. Вятры паўднёвага напрамку хуткасцю да 5-10 м/с, пры парывах да 14 м/с. 

У аўторак 28 сакавіка надвор’е абяцае быць пахмурным, чакаецца дождж, месцамі дождж са снегам і снег. Будуць панаваць паўночна-заходнія вятры хуткасцю 15-20 м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца. Уноч ад -1 да +4 °С, днём тэмпература +4  +9°С. Да ночы тэмпературы дасягнуць адмоўных значэнняў, месцамі да -4 °С.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 29 сакавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е з дажджом, мокрым снегам. Уранні ад -2 -4 да  0°С, удзень ад 0° +1°С да +4°С. Месцамі на дарогах галаледзіца. На працягу сутак прагназуецца прыток паветраных мас з захаду і паўночнага захаду, хуткасць вятроў да 9 м/с.

У чацвер, 30 сакавіка, сіноптыкі прагназуюць пахмурнае надвор’е з дажджом і снегам. Вецер памяняе свій напрамак на паўднёвы. Хуткасць ветра да 7 м/с. Ноччу да -5°С, зрання каля 0 -3 °С, удзень да +3 +4°С, да ночы тэмпература панізіцца да 0°С. На дарогах галаледзіца.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 31 сакавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з невялікімі дажджамі, але ўжо бяз снегу, на працягу дня надвор’е, з панаваннем заходніх вятроў хуткасцю 3-4 м/с. Раніцай да +1°С, днём да +5°С, увечары каля +5 °С, да ночы тэмпература можа панізіцца да +2 +3°С. 

Цягам усяго тыдня – прыбываючы месяц на небе.

Прупой-Прапошаск-Прапойск-Слаўгарад: пакручастая гісторыя і шматаблічнасць старажытнага горада

Знаёмімся са старымі назвамі сённяшняга Слаўгарада, а таксама мінуўшчынай горада, што шчыльна знітавана з найменнямі раённага цэнтра. 

Здавалася б, сённяшні невялічкі раённы цэнтр Слаўгарад нічым асабліва непрыкметны, але калі глыбей капнуць гісторыю старадаўняга паселішча, то можна знайсці масу цікавостак. Прычым адметнасць і ўнікальнасць горада схаваная нават у старой яго назве Прапойск. 

Дзясятак найменняў горада 

Летапісны Прапойск першапачаткова ва Устаўной грамаце 1136 г. смаленскага князя Расціслава Мсціславіча называецца Прупой. Магчыма, назва Прупой абазначала хуткае цячэнне р. Проня пры ўпадзенні яе ў Сож, бо горад якраз стаіць на высокім правым яе беразе. 

У гістарычных дакументах сустракаецца назва Прапошаск (Пропошеск), а таксама і іншыя яе формы: Пропышеск, Пропашеск. І гэта яшчэ не ўсё. На старых картах і ў старых дакументах фіксуюцца наступныя напісанні назвы ўсходнебеларускага горада: Пропостк, Пропостес і нават Пропорск.  

Мясцовае вымаўленне назвы горада ў ХІХ стагоддзі запісалі этнографы і самі прапайчане ў сваіх прашэннях. Прычым запісы фіксуюць яшчэ і іншыя варыянты вымаўлення сённяшняга Слаўгарада – Пропольск, Прополск. 

Такім чынам, на працягу гісторыі формы наймення гэтага горада былі розныя, але аднакарэнныя. Вось яшчэ якія варыянты назвы захаваліся ў мясцовых гаворках: Прупоў, Прупойск, Прапуйск, Прапосіск, Прапошыск, Прапоськ, Прапось, Прапосік, Прапойсік, Прапойсык, Прапойсак, Прапойісык, Прапольск, Прапоськ.  Напрыклад: “Пайшоў у Прупой і пацулуваў у прабой”.

У сваю чаргу жыхароў старадаўняга горада называлі наступным чынам: прапойскія людзі, прапойсцы, прапосцы, прапасцы.  

Загадкі старадаўняй назвы

Даследчыкі вытлумачваюць назвы горада Прапойска і яго шматлікій аднакарэнных варыянтаў ад слова “пропасць”. Атаясамленне Прапойска с “пропасцю” звязана з гістарычнай назвай рэчкі Проня Пропасць. Між іншым найменне Пропасць адпавядае сутнасці ракі, бо на ёй было шмат віроў і дно небяспечнае, зменлівае. 

Таксама словам “прапой” (прупой) у ранейшыя часы называлі віры ў зліцця рэк, а Слаўгарад пачаўся на высокім пагорку ля зліцця ракі Проні з Сожам, адсюль і назва, якая мела сэнс “каля моцнага віра на зліцці рэк”.

Ёсць і легендарныя вытлумачэнні назвы старадаўняга Прапойска. Адзін з варыянтаў народнай этымалогіі назвы горада палягае ў тым, што прапойскія землі заўсёды станавіліся пропасцю (г.зн. сустракалі тут свой канец) для усіх варожых войскаў, якія прыходзілі ў гэты край.

Паводле другога падання, назва Прапойск паходзіць ад слова “пропуск”, гэта тлумачыцца тым, што на Проні, каля вёскі Чырвная Слабада і ніжэй Прапойска, на Сожы, каля Гайшына, ёсць брады. Па іх у Вялікую Айчынную вайну, у час вайны са шведамі і французамі войскі нібыта пераходзілі гэтыя рэкі. 

Як прапівалі Прапойск

У пачатку ХІХ стагоддзя Прапойск разам з суседнімі вёскамі належаў Дзмітрыю Яншыну, які меў вялікія багацці. Яншын быў чалавек адукаваны, любіў выяўленчае мастацтва і музыку і быў знаўцам у іх. Быў добры, дабрачынны, але нягледзячы на велізарныя багацці, не ўмеў справіцца з нястрымнасцю шырокай натуры, з цягай да бляску і раскошы, з бязмежнай дабрачыннасцю. 

Пышныя палаты яго змяшчалі скарбы: бібліятэку, карцінную галерэю, мармуровыя і мазаічныя вырабы, каштоўныя антычныя бронзы і тысячы розных прадметаў, якія шмат каштавалі, але не мелі пэўнага прызначэння. У прапойскія ўладанні з’язджаліся аматары гулянак з розных блізкіх і аддаленых месцаў Расійскай імперыі. Піры і абеды ва ўладаннях Яншына карысталіся гучнай папулярнасцю, бо на іх былі розныя гастранамічныя дэлікатэсы. 

Пры гэтым дабрачыннасць Яншына не мела межаў. Многія злоўжывалі яго дабрынёй, бо пад п’яную руку ён дарыў багацці людзям, якія зусім таго не вартыя. Аднойчы прыезджы вершатворца, падчас гулянкі, па жаданню гаспадара застолля прамовіў экспромтам чатырохрадкоўе:

Не Димитрий ты Донской,

И не Дмитрий Самозванец;

Но Димитрий Пропойской,

Словом – пьяница из пьяниц. 

Гэтыя вершаваныя радкі так спадабаліся Яншыну, што ён адразу падараваў іх аўтару цэлую вёску. Вядомаму польскаму пісьменніку Юзафу Быхаўцу, які доўга ў яго гасціў, падараваў на развітанне пятнаццаць тысяч рублёў. Так усё пакрысе пайшло прахам і шматмільённае багацце Яншына, а сам ён памёр на саломе. 

Чаму змянілі старадаўнюю назву 

Знакаміты савецкі пісьменнік Канстанцін Сіманаў таксама вельмі просталінейна чытаў найменне горада і напісаў у 1943 годзе невялікі верш, прысвечаны назве Прапойска – «Сказка о городе Пропойске».  Назву Сіманаў патлумачыў наступным чынам: 

Должно быть, название это

Недаром Пропойску дано,

Должно быть, и зиму и лето

Там пьют беспробудно вино. 

Калі ў 1945 годзе паўстала пытанне пра наданне назвы воінскаму падраздзяленню, якое вызначылася ў баях за Прапойск, то савецкае кіраўніцтва палічыла, што прыстаўка «Прапойская» будзе абразай для салдат. Па гэтай прычыне горад перайменавалі ў Слаўгарад.

Так горад згубіў сваю ўнікальную, хоць для кагосьці і немілагучную назву. Цікава, што назва Прапойск была адзіная такая ў свеце, і адлюстроўвала старадаўнюю гісторыю паселішча і тутэйшы рэльеф мясцовасці, у той час як найменне Слаўгарад не ўнікальнае. Паселішча з такой жа назвай існуе ў Алтайскім краі ў Расійскай Федэрацыі. Апроч таго, аднайменныя сяло і мястэчка ёсць на ўсходзе Украіны.

Фота з адкрытых крынiц

У Глуску сталі прападаць кантэйнеры для асобнага збору смецця

Калі раней у дварах райцэнтра былі асобныя кантэйнеры для паперы, шкла, пластыка, то цяпер яны застаюцца толькі для змешаных адыходаў і ПЭТ бутэлек. 

У той час, як у свеце, нават у слабаразвітых краінах, набірае моц асобны збор побытавых адыходаў, у Глуску мясцовыя журналісты зафіксавалі знікненне на многіх кантэйнерных пляцоўках райцэнтра кантэйнераў для паперы і шкла. 

У ходзе журналісцкага расследавання высветлілася, што на большасці пляцовак засталіся толькі кантэйнеры для цвёрдых адыходаў і ПЭТ бутэлек. 

Адказу на пытанне, чаму ў некаторых дварах яшчэ ёсць кантэйнеры для паперы і шкла, а ў іншых ужо няма, журналсты знайсці не змаглі. Праблема, як ім падаецца або ў нормах колькасці кантэйнераў на колькасць жыхароў, або ў адсутнасці грошай на новыя.

Многіх глушчан не задавальняе неэканамічная і неэкалагічная, крайне архаічная практыка збору побытавых адыходаў у райцэнтры, піша раённая газета “Радзіма”.

Фотаздымак з газеты Радзіма. 

Не паспела праславіцца яма з Быхаўскага рынка ў Магілёве, як яе ўжо залаталі – відэа

Па сеціве разляцелася віруснае відэа, на якім работнікі з Быхаўскага рынка дэманструюць глыбіню адной з ямін на дарозе. У яе цалкам правальваецца палка з лязом для разбівання льда. “Вадзіцелі, будзьце асцярожныя” – іранізуе голас за кадрам. 

Аднак ужо сёння на месцы працуе брыгада горвадаканала. Відавочна, што яміна з відэа ўтварылася на месцы каналізацыйнага калодзежа.

У Асіповічах мужчына патануў у палутараметровай яміне

23 сакавіка а пятай вечара цела невядомага мужчыны было выяўлена ў тэхналагічнай яміне на чыгуначным адгалінаванні, якое не эксплуатуецца. Сама яміна – запоўненая вадой, памерамі 10 метраў на 2, і глыбінёй у 1,5 метры. Зараз высвятляецца асоба ахвяры і абставіны здарэння – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

У Бабруйску п’яны ўнук зарэзаў свайго дзеда за тое, што прасіў кінуць піць і знайсці працу

Неаднаразова судзімы, п’яны 29-гадовы мужчына забіў свайго 76-гадовага дзеда ў Бабруйску. Дзед прыйшоў у госці да сваіх дачкі і ўнука і не ў першы раз пачаў угаворваць унука кінуць піць і ўладкавацца на працу. У нейкі момант малады чалавек схапіў нож і зарэзаў ім старэйшага. Потым унук пайшоў на кухню, расказаў пра трагедыю сваёй маці і ўцёк. На вуліцы патэлефанаваў бабулі і расказаў пра ўчынак ёй. Цяпер забойца затрыманы, узбуджана крымінальная справа – піша Тэлеграм-канал “ЧП Магілёў”.

Фота ілюстрацыйнае.

Ахвярай у смяротнай аварыі стала 18-гадовая дачка кіроўцы-ліхача – пракуратура

Пракуратура Магілёўскай вобласці абвясціла сваё абвінавачванне ў справе пра смяротную аварыю 22 лістапала мінулага года на дарозе Сялец-Дрыбін-Горкі. У той дзень, вечарам 46-гадовы вадзіцель на сваёй машыне Renault Espace ехаў па заснежанай трасе з перавышэннем дапушчанай хуткасці. Акрамя кіроўцы ў аўтамабілі на пярэднім сядзенні была яго 15-гадовая дачка, а на заднім старэйшая, 18-гадовая.

У пэўны момант праезд аўтамабілю перашкодзіў трактар, які рухаўся ў тым жа накірунку. Каб пазбегнуць сутыкнення з ім, кіроўцы выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з фурай.

І вадзіцеля і пасажырку на пярэднім сядзенні выратавалі паясы беспекі. Дзяўчына на заднім сядзенні не была прышпіленая, яе выкінула з салона машыны і ад атрыманых траўм 18-гадовая дачка вадзіцеля сканала на месцы. І кіроўца і малодшая дачка атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Паводле пракуратуры, віна за смяротнае ДТЗ ляжыць на вадзіцелі. Ён не ўлічыў пагодныя і дарожныя ўмовы – ападкі і заснежаную праезную частку. Акрамя таго, праігнараваў устаноўленае абмежаванне хуткасці і праявіў няўважлівасць да дарожна-транспартнай сітуацыі. 

Справа накіраваная ў суд – піша БелТА.

Фота: Следчы камітэт

Антысанітарыя пануе на траціне тэрыторый Магілёўскай вобласці

Паводле апублікаваных дадзеных Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, на 27,2% правераных аб’ектах выяўлены парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.

Супрацоўнікі Цэнтра ў 2022 годзе абследавалі 82 389 тэрыторый і аб’ектаў. Парушэнні выяўлены на 22 371 (на кожным трэцім аб’екце). 

За парушэнні, у тым ліку паўторна, санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва вынесена 543 пастановы аб накладанні штрафу, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 120 вінаватых асоб, кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў выдадзена 5 969 прадпісанняў, рэкамендацый. 

Акрамя гэтага ліквідавана 623 несанкцыянаваныя звалкі.  

З года ў год парушаюцца правілы ўтрымання кантэйнерных пляцовак, прылеглых да іх тэрыторый, несвоечасова вывозіцца смецце, адыходы, утвараюцца несанкцыянаванныя звалкі.

Дарэчы, у найбліжэйшы час бабруйчане атрымаюць новы смеццеперапрацоўчы завод. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар