У Крычаве на гарадскім пляжы выявілі снарад часоў Другой сусветнай вайны

Артснарад часоў вайны знайшлі на беразе Сожа – на гарадскім пляжы. Тэрыторыя знаходкі ачэплена супрацоўнікамі міліцыі.

На месца здарэння прыбыла сапёрна-піратэхнічная група. Цяпер на гарадскім пляжы спецыялісты правяраюць на наяўнасць іншых выбухованебяспечных прадметаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

На дадзены момант гараджанам нічога не пагражае, знойдзены аб’ект знаходзіцца пад аховай.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі на Крычаўшчыне знаходзяць снарад часоў вайны. Два месяца таму ў некалькіх кіламетрах ад Крычава, каля вёскі Сакольнічы, ужо быў знойдзены снарад, пра што пісалі mogilev.media.

Фота ілюстрацыйнае

У Клімавічах мінак ледзь не спаліў рэдакцыю раённай газеты

Пра выпадак паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. Мінак шпурнуў недакурак праз плот у двор рэдакцыі, той патрапіў на трухлявы пень, які задыміўся і загарэўся. Пажар своечасова пабачылі супрацоўнікі рэдакцыі і залілі агонь вадой з вядра.

Здарэнне адбылося ў працоўны дзень, таму рэдакцыі ўдалося пазбегнуць большай бяды.

Фота: “Родная ніва”

Стратаў на сотні тысяч рублёў, 8 крымінальных спраў – «ліпавая» меліярацыя на Магілёўшчыне

Супрацоўнікі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Магілёўскага абласнога УУС выявілі нямэтавае выкарыстанне сродкаў на правядзення меліярацыйных работ – паведамляе прэс-служба ведамства.

Устаноўлена, што ў 2022 годзе кіруючай кампаніі аднаго з холдынгаў вобласці было выдаткавана больш за 6,5 мільёны рублёў для выканання меліярацыйных работ. На канец года кіраўніцтва заявіла пра іх паспяховую рэалізацыю. Аднак высветлілася, што частка з філіялаў меліярацыйныя работы нават не пачыналі, а некаторыя выканалі іх не ў поўным аб’ёме і няякасна.

Аператыўнікамі зроблена выснова аб фіктыўным асваенні выдзеленых дзяржавай сродкаў, нанесена шкода на агульную суму звыш 430 000 рублёў.

У адносінах да кіраўнікоў рэгіянальных падраздзяленняў арганізацыі распачата 8 крымінальных спраў. Фігурантам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці.

Фота з адкрытых крыніц.

Аблвыканкам вынес на абмеркаванне пералік рыбалоўных угоддзяў на Магілёўшчыне – у рыбакоў успалыхнула

Магілёўскі аблвыканкам у 2022 годзе зацвердзіў пералік вадаёмаў, у якіх дазваляецца займацца падводным паляваннем, а таксама лавіць рыбу на дарожку з маторных лодак.

Цяпер жа гэты пералік вынесены на грамадскае абмеркаванне, каб пачуць галасы саміх рыбакоў. І галасы прагучалі вельмі незадаволеныя. Вось, напрыклад, як пракаментаваў абмеркаванне і ў прынцыпе сам падыход чыноўнікаў карыстальнік з нікам Buba1404. Прыводзім тэкст з захаваннем аўтарскага стыля:

“Я, пражываю ў Бабруйску, у Бабруйскім раёне нам, падводным паляўнічым выдзелілі ТРЫ вадаёма на цэлы раён для занятку падводным паляваннем! З іх возера Драгічын (балота, у якім ніколі не бывае празрыстай вады і туды дабрацца можна толькі на верталёце), возера Плывун у якім таксама няма ніколі празрыстасці і возера Снарады ў якім празрыстая вада бывае раз на 3-4 гады. У суседніх раёнах сітуацыя такая ж, у Асіповіцкім дазволілі Асіповіцкае вадасховішча і раку Свіслач у якіх няма празрыстасці. У Глускім рака Пціч у якой штосьці можна ўбачыць адзін месяц у годзе. І так можна пералічыць усе найбліжэйшыя раёны. Мы лічым што гэта проста здзек над нашай супольнасцю падводных паляўнічых, якія плацяць у адрозненні ад рыбакоў унёскі але скарыстацца сваім правам не могуць! Улічваючы, што нас на ўсю Беларусь каля 3000 чалавек. Цалкам падтрымліваю варыянт вяртання да спісаў забароненых вадаёмаў. А калі пакуль такой магчымасці няма, трэба раіцца з супольнасцю наконт кожнага вадаёма, які вы ўносіце ў спіс дазволеных вадаёмаў. На дадзены момант нам займацца падводным паляваннем НЕДЗЕ! А грошы мы заплацілі!!! Пытаецца, ЗА ШТО???”

“Падводная рыбалка (паляванне) – вельмі складаны і цяжкі працэс, патрабуе сур’ёзнай фізічнай, маральнай, матэрыяльнай падрыхтоўкі, які, насуперак распаўсюджанаму памылковаму меркаванню, не забяспечвае вялікага рэгулярнага ўлову. – піша іншы карыстальнік, balorek by Мелешко – Акрамя гэтага падводны паляўнічы сістэматычна выяўляе сеткі, у тым ліку і забытыя, жакі, і наогул з’яўляецца раздражняльным фактарам для браканьераў.

У бягучых рэаліях зусім незразумелая матывацыя чыноўнікаў для забароны тых ці іншых вадаёмаў. Забарона не грунтуецца ні на якіх навуковых дадзеных, выніках даследаванняў, а толькі на прынцыпе перакладання адказнасці. Напрыклад, мясцовай адміністрацыі Клічаўскага раёна зусім нецікавы лёс ракі Ольса, але вось падводнае паляванне ў гэтай рацэ яны, чамусьці забаранілі. Чаму? На чым засноўваецца рашэнне аб забароне падводнага палявання на дадзеным вадаёме? Чыгірынскае вадасховішча- гіганцкі вадаём- чаму там забаронена падводная рыбалка (паляванне)?”

“Вельмі доўга ўводзяцца дапаўненні да пераліку дазволеных вадаёмаў. А зараз яшчэ і баяцца ці правільна зрабілі і прыдумалі абмеркаванне. Такія дапаўненні трэба рабіць кожны месяц, а не раз у год і потым выхваляцца, што вось мы выдалі дакумент і прарабілі вялікую працу. Людзям рыбачыць няма дзе зараз стала. Неабходна пашыраць пералік і вельмі значна. Раней больш за 10000 вадаёмаў былі дазволеныя, а зараз сотні. Што памянялася? Норма лоўлі для ўсіх спосабаў лоўлі аднолькавая, дык навошта гэтыя абмежаванні цяпер? Ці раней, на працягу многіх гадоў, нехта моцна памыляўся дазваляючы рыбачыць у такой колькасці вадаёмаў? Не, зараз дапусцілі памылку і нават можна сказаць, ушчамленне правоў грамадзян. З гэтымі спісамі дазволеных вадаёмаў ужо сутыкаліся раней і было шмат перагібаў на месцах, некампетэнтнасці.” – так пракаментаваў дакумент карыстальнік Валерый Сінкевіч.

Фота ілюстрацыйнае

У Касцюковічах адзначылі 50-годдзе краязнаўчага музея

Святкаванне юбілея было насычаным: ад мастацкіх выстаў і фотазонаў да цыганскіх песняў і танцаў. Касцюковіцкія чыноўнікі падаравалі музею сертыфікат на 200 рублёў і торт, а былы дырэктар – калекцыю ручнікоў – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: ”Голас Касцюкоўшчыны”

У Слаўгарадзе пройдзе свята “Народная прыпеўка”

На адкрытай пляцоўцы слаўгарадскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці 24 чэрвеня пройдзе святочнае мерапрыемства пад назвай “Народная прыпеўка”. Будзе шмат прыпевак і частушак, народных спеваў і музыкі, а таксама – горад майстроў пад гукі гармоні. 

Свята мае статус рэгіянальнага і праводзіцца з перыядычнасцю адзін раз ў два гады. Яно прадугледжвае ўдзел творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў Слаўгарадскага раёна, а таксама прадстаўнікоў іншых раёнаў і гарадоў Магілёўшчыны, іншых абласцей. 

Арганізатарам рэгіянальнага свята з’яўляецца цэнтральная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна. Праграма свята прадугледжвае конкурсныя выступленні па намінацыях: індывідуальныя выканаўцы частушак, гарманісты, групы і ансамблі – паведамляе слаўгарадская газета “Прысожскі край”. 

Акрамя таго, будзе арганізавана работа імправізаваных сельскіх падворкаў, выставы творчых работ устаноў адукацыі, культуры, а таксама «горад майстроў», на якім будуць прадсталены вырабы майстроў розных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамёстваў розных куткоў Магілёўскай вобласці.

Фота ілюстрацыйнае 

На Палыкавіцкім пляжы адкрыўся купальны сезон – а плаваць там забаронена

Задушлівыя выхадныя дзянькі – і нягледзячы на забарону купацца на грамадскім пляжы ў Палыкавічах, магілёўцы дзясяткамі сем’яў адпачываюць тут і смела лезуць у ваду.

У рацэ Днепр выяўлена кішачная палачка – нагадвае санітарная служба.

Фота: mogilev.media

У меліярацыйным канале ў Глускім раёне патануў мужчына

Вечарам 17 чэрвеня цела мужчыны 1975 года нараджэння было знойдзена ў меліярацыйным канале каля вёскі Яўсеевічы Глускага раёна – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

Музычны спектакль па Васілю Быкаву пакажуць у Бабруйску

У Бабруйску адбудзецца музычны спектакль паводле аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада». 29 чэрвеня ў 18.00 у тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча пройдуць гастролі Тэатра юнага гледача. Рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Самбук.

На фота: кадр з кінафільма “Альпійская балада”

Горача, пахмурнае з дажджамі надвор’е. Даўжыня дня – максімальная. Прагноз на тыдзень

На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае з дажджамі, умерана цёплае надвор’е. 

Будуць пераважаць вятры паўночна-ўсходнія і паўночныя. Удзень да +25 +31°С, начныя тэмпературы будуць вагацца паміж  +12 і +15°С. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы падрасце і дасягне максімальнай велічыні – 17 гадзін і 9 хвілін. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:27, зойдзе ў 21:39.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 19 чэрвеня. 

У ноч з нядзелі на панядзелак да +15°С, раніцай да +23°С, увечары не ніжэй за +19°С. У дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +27°С месцамі да +29 + 31°С. 

На працягу сутак будзе воблачна, раніцой і днём вялікая верагоднасць выпадзення дажджоў. Вятры на працягу сутак будуць мяняць свой напрамак з паўднёвага на паўночна-усходні, хуткасць да 2-4 м/с, пры парывах да 6 м/с. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Маладзік на небе.

Аўторак, 20 чэрвеня 

У аўторак, 20 чэрвеня, уноч і днём пройдуць дажджы, магчымы навальніцы, увечары – воблачна і пераважна без ападкаў. Будуць панаваць зрання паўднёва-заходнія вятры, якія потым памяняюць свой накірунак на паўночна-усходні і ўсходні, хуткасць да 2-5 м/с. 

Уноч каля +14°С, раніцай да +20°С, днём тэмпература дасягне рыскі +25°С, месцамі і да +27°С. Да вечара слупок тэрмометра утрымаецца на адзнаке не ніжэй за +19°С. Маладзік.

Серада – воблачная 

У сярэдзіне рабочага тыдня, 21 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Начныя і ранішнія тэмпературы да +12°С, у другой палове дня да +28°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія вятры хуткасцю 3-5 м/с. Месяц расце.

 Дзень летняга сонцастаяння

У чацвер, 22 чэрвеня, у Дзень летняга сонцастаяння, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-ўсходні хуткасцю 3-4 м/с. Ноччу і ўранні да +13°С, у абед і на працягу другой паловы дня +25° +28°С. Месяц расце.

Пятніца – дажджы 

У апошні дзень працоўнага тыдня, 23 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць уноч і раніцай дажджы, у другой палове дня – воблачнае надвор’е з панаваннем паўночна-ўсходніх вятроў хуткасцю да 2 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +14°С, удзень і ўвечары да +28°С. Месяц расце.

Фота: mogilev.media