Дабрачынная акцыя “Цёплая зіма” пакліканая дапамагчы дзецям з малазабяспечаных сем’яў.
Клімавіцкі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва заклікае прынесці цёплую дзіцячую вопратку і абутак. Таксама прымаюцца былыя ва ўжыванні рэчы: дзіцячая мэбля, ложачка, каляскі, цацкі і г.д.
Жадаючых аказаць дапамогу чакаюць па адрасе: г. Клімавічы, зав. Рэвалюцыйны, 5у. (РЦСАН). Кантактны тэлефон: 70226.
Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц
Сумеснае распіццё алкаголя прывяло да сямейнай спрэчкі. Завяршыць яе жанчына вырашыла кардынальным спосабам.
Пра актуальныя метады вырашэння побытавых спрэчак у Клімівічах газеце “Родная ніва” распавёў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку УУС Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Ботчанка. Жыхарка раённага цэнтра выпівала разам са сваім мужа, і падчас гэтага баўлення часу паміж супругамі адбылася спрэчка. Падчас яе жанчына ўдарыла мужа нажом у жывот. Яна адразу працверазела – сцвярджае Аляксандр Ботчанка, але “не павернеш час назад”. Артыкул 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”, прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.
Падобны выпадак здарыўся ў сям’і грамадзяніна Б., што пражывае ў Клімавічах. Падчас сваркі з жонкай мужчына дэманстраваў сякеру і выказваў пагрозу забойствам. І зноў каталізатарам быў алкаголь. Па арт.186 КК за пагрозу забойствам прадугледжана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, папраўчых работ на тэрмін да аднаго года, арышт да трох месяцаў, а таксама абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
У Беларусі толькі рыхтуюцца прыняць закон аб апалчэнцах, але людзям ужо даюць зброю.
Фарміраванне першага добраахвотнага атрада тэрытарыяльнай абароны адбылося ў аграгарадку Лабжа на Клімавіччыне – паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 11 верасня ў лабжанскім сельскім клубе намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Андрэй Маціевіч прывітаў першых добраахвотнікаў мясцовага апалчэння. На мерапрыемстве апалчэнцам растлумачылі іх правы і абавязкі, а таксама распавялі пра ўладкаванне аўтамата і паказалі, як ім карыстацца.
Добраахвотны атрад тэрытарыяльнай абароны налічыў 22 чалавекі. Усе ўдзельнікі – жыхары Лабжанскага сельскага савета Клімавіцкага раёна. У атрадзе апынулася адна жанчына. Наталля Ермаковіч прыйшла запісвацца ў апалчэнцы разам са сваім мужам, Дзмітрыем Малахавым. Пара жыве ў вёсцы Рудня, вядзе вялікую гаспадарку, трымаючы авечак, коз, свіней і птушку.
На сённяшні дзень народнае апалчэнне ў Беларусі не мае свайго юрыдычнага афармлення. Праца над законам аб ім яшчэ вядзецца – паведамілі падчас сустрэчы з лабжанскімі добраахвотнікамі. Але ўжо пачалася арганізацыя атрадаў апалчэння на месцах.
Сярод асноўных задач, якія будуць стаяць перад народным апалчэннем – абарона сваіх дамоў, населеных пунктаў ад марадзёраў, цеснае ўзаемадзеянне з фарміраваннямі ўзброеных сіл, міліцыяй, удзел у ахове грамадскага парадку.
Цэнтральныя часткі такіх гарадоў, як Клімавічы, дагледжаныя да бляску. Крок у бок і трапляеш у іншы свет. Яго пабачылі супрацоўнікі Клімавіцкага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Яны бэсцяць нядбайных гараджанаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў за псаванне вобразу прыбранага гораду.
«Адразу адзначу, што выяўленыя факты парушэнняў у вочы кідаліся адразу. А ўсё таму, што на фоне добрага ці практычна ідэальнага тое, што не адпавядае неабходным стандартам, рэзка выбіваецца з роўнага шэрагу», – каментуе ўбачанае мясцовай раёнцы «Родная ніва» кіраўніца службы Ірына Лазоўская.
rodniva.by
«Ідзем па вуліцы Янкі Купалы, адзначаем, што ўсе прыдамавыя тэрыторыі абкошаны, вакол прыгажосць, у кветніках кветкі цешаць вока мінакоў, – апавядае яна. – Як гаворыцца, што ўсё так выдатна, што нават прычапіцца няма да чаго – і раптам бачым невялікі астравок зямлі, зарослы травой, а пасярэдзіне – яго студня».
На адной з вуліц некалі стаяла гарадская лазня. Яе знеслі.
«А цяпер тут каласіцца бур’ян у рост чалавека», – падае абурэнне Лазоўскай выданне райвыканкаму.
rodniva.by
Заяўляецца, што па ўсіх выяўленых парушэннях санітарнай службай кіраўнікам арганізацыяў дасланыя рэкамендацыйныя лісты з указаннем тэрмінаў іх устаранення. Калі тое не будзе зроблена то будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Тлю актывізавала спякотнае надвор’е. Ледзь заўважная жамяра харчуецца лістотай дрэва, перакусваючы капіляры. Паратунак для дрэваў – пахаладанне.
«Звярніце ўвагу на лісце ліпаў у нашым горадзе. Яны ўсцяж у тлі, якая бязлітасна грызе лісцейка, разбураючы капіляры. Вось і пакутуюць нябогі дрэвы, і плачуць», – б’е трывогу мясцовая раёнка «Родная ніва».
stroy-podskazka.ru
Як сцвярджаюць спецыялісты, спякотнае надвор’е стварае спрыяльныя ўмовы для масавага размнажэння шкоднікаў. Да ліпкай вадкасці, якае капае з дрэва, часта дадаюцца павуцінкі, утвораныя ў выніку лінькі тлі.
Ліпкія выдзяленні жыццядзейнасці жамяры для ліпы бяспечныя. Аднак, тля сілкуецца клеткавым сокам лісця, што адмоўна адбіваецца на стане дрэва. Яно слабне і можа загінуць.
Ліпа – неабходнае дрэва для гарадскога асяроддзя. Яно добра расце, выдатна адаптуецца да забруджвання атмасферы аўтатранспартам і прамысловымі прадпрыемствамі. Ліпа назапашвае ў лістоце вялікую колькасць цяжкіх металаў, што істотна аптымізуе стан навакольнага асяроддзя.
Пра важнасць ліпы для гораду і яе адметнасць у свеце раслін пісаўМагілёў.media ў адной са сваіх публікацыяў.
Ліпа – найулюблёнае дрэва беларуса. Яе высаджваюць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня водар ад гэтага дрэва насычае паветра.
Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы. Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.
На станцыі Клімавічы за два апошнія месяцы павялічыўся грузапаток больш чым удвая. Чыгункай вязуць драўніну, угнаенні, будаўнічыя матэрыялы. Стала больш пасажыраў.
“Калі ў маі тут на пагрузку было адпраўлена 437 вагонаў, то ў чэрвені — 1039. Такая ж лічба была і ў ліпені”, – кажуць клімавіцкія чыгуначнікі.
Паводле кіраўніцы чыгуначнай станцыі Лідзіі Нерасценкі дадатковыя аб’ёмы перавозак далі работнікі лясной гаспадаркі. Па ліквідацыі наступстваў навальніцаў буралом вывозяць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Піламатэрыялы пастаўляюць у Расію ды Азербайджан.
Штодня да 10 вагонаў ідуць на адгрузку прадукцыі клімавіцкага цэха Беларускага цэментнага завода. Будаўнічыя матэрыялы прыбываюць для мясцовых прадпрыемстваў. На станцыю для сельгаспрадпрыемстваў рэгулярна прыбываюць угнаенні, піша клімавіцкая газэта “Родная ніва”.
Друз, адсеў і іншыя матэрыялы прыходзяць для ДРБУ-172, цэгла, блокі – для ПМК № 256. Камбінат хлебапрадуктаў адпраўляе спажыўцам муку, вотруб’е і іншую прадукцыю.
Кіраўніца чыгуначнай станцыі кажа, што ў параўнанні з мінулым годам на 35 працэнтаў вырас аб’ём пасажыраперавозак. У чэрвені білетная каса рэалізавала 30 тысяч білетаў.
Абяцаюць, што за рамонт маста цераз раку возьмуцца з гэтага тыдня.
Знаходзіцца пераправа на цэнтральнай вуліцы райцэнтру вуліцы Леніна. Каля праблемнага ўчастка дарогі для пешаходаў разгорнуць пантон, а для транспарту прадугледжаны аб’езд, піша мясцовая раёнка «Родная ніва».
Рамонт маста будзе трываць 5 месяцаў. За працу ўзялася мінскае прадпрыемства «Спецмостбуд».
Сёлета ў сакавіку паведамлялася, што на рамонт маста збіраліся «накіраваць 800 тысяч рублёў». Адзначалася, што выдзяленне фінансавых сродкаў «добрая навіна для клімаўчан».
Кіраўніцтва раёну патрабуе карміць і даглядаць жывёлаў згодна з існуючымі нормамі і правіламі. Чыноўнікі ўпікаюць аграрыям, што тыя не выконваюць працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.
Па стану на 1 ліпеня ў сельгасарганізацыях раёну буйной рагатай скаціны было 22870 галоў. Гэта на 1862 жывёлы менш, чым летась.
Асноўнымі прычынамі зніжэння пагалоўя ската называецца «недаатрыманне прыплоду і павелічэнне выбыцця жывёлаў», піша газета Клімавіцкага райвыканкаму «Родная ніва».
За першыя сёлетнія паўгода ў сельгаспрадпрыемствах надаілі 7964,7 тоны малака (гэта 64,5% да ўзроўню мінулага года).
Малако гатунку «Экстра» прадаюць толькі з трох ферм сельгасарганізацыяў.
Старшыня райвыканкаму Дзмітрый Хайноўскі патрабуе ад кіраўнікоў «калгасаў» выправіць сітуацыю і арганізаваць кармленне і догляд жывёлы згодна з існуючымі нормамі і правіламі.
Паводле яго, некаторыя спецыялісты “па-ранейшаму не выконваюць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну, што наўпрост адбіваецца на выніках працы”.
Жыхары райцэнтру, як і многія ў Беларусі, сталі закупляць цукар у запас. Іх сталі дакараць, што яны паддаліся чуткам аб дэфіцыце і падаражэнні прадукту. Каб супакоіць насельніцтва паведамілі пра назапашаныя тоны цукру.
Начальнік аддзелу эканомікі райвыканкаму Галіна Зубарава кажа, што цукар адносіцца да сацыяльна значных тавараў і цана на яго рэгулюецца дзяржавай. Урадам вызначаныя гранічныя максімальныя надбаўкі.
Паводле чыноўніцы ў крамы РАЙПО «ужо паступіла 14 тон цукру», а «у гандлёвыя аб’екты сістэмы Еўрагандаль – 3 тоны». Таксама ёсць ён і ў крамах сеткі «Нівагандаль», у гандлёвых абʼектах малога бізнесу, піша клімавіцкая раёнка «Родная ніва».
Паводле яе павялічаны попыт на цукар назіраўся і ў сярэдзіне мінулага года. Гэта было звязана з пладова-ягаднымі нарыхтоўкамі, якія робіць насельніцтва на зіму. Тады цукар адсутнічаў у некаторых крамах пару дзён. А потым сітуацыя стабілізавалася.
Аперацыя “Нелегал Трафік” праводзілася па ўсёй Беларусі і ў краінах АДКБ з 27 чэрвеня па 4 ліпеня. “Нелегал – 2022” – першы этап масштабнай аперацыі спецслужб, якая закліканая зменшыць пагрозы ад нелегальнага трафіку мігрантаў у межах краін Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.
Магілёў.media паведамляў, што ў межах аперацыі “Нелегал” на Магілёўшчыне выявілі двух грамадзян Расіі і аднаго грамадзяніна Казахстана. І, як стала вядома з нататкі газеты “Родная ніва”, падчас аперацыі таксама быў затрыманы нелегал, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Пра яго грамадзянства, абставіны затрымання і прычыны вышуку не паведамляецца.
Важна адзначыць, што на трафік людзей, якія імкнуцца нелегальна перасячы межы суседніх дзяржаваў, уплываюць, акрамя іншага, рэпрэсіўныя метады пераследу іншадумства рэжымамі краін, што ўваходзяць у АДКБ.
У Беларусі за час аперацыі “Нелегал трафік” было выяўлена каля 1,5 тысяч выпадкаў парушэння міграцыйнага заканадаўства. За грубае парушэнне правілаў перабывання ў краіне з Беларусі выгнаныя 140 замежнікаў, супраць 15 узбуджаныя крымінальныя справы. Усяго па краіне затрыманыя 10 чалавек, якія былі абвешчаныя ў міжнародны вышук.
Аперацыя “Нелегал трафік” праводзіцца шляхам адпрацоўкі месцаў кампактнага перабывання замежных грамадзян – а гэта вакзалы, рынкі, інтэрнаты, здымныя кватэры – паведаміўсайту МУС Беларусі начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.