“Укралі са склада” – двое работнікаў шчыра прызналіся свайму кіраўніку, адкуль вязуць зерне

Двух работнікаў сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Горацкім раёне позна вечарам на дарозе сустрэў кіраўнік гэтай арганізацыі. Ён пабачыў, што мужчыны вязуць на падводзе два мяшкі зерня. Як потым высветлілася, на 820 кілаграмаў. На пытанне кіраўніка, адкуль узялі мяшкі, работнікі шчыра прызналіся, што скралі іх са склада арганізацыі. Начальнік выклікаў міліцыю і дзежураваў каля злодзеяў да прыезда праваахоўнікаў.

Камітэт судовых экспертыз пацвердзіў – пранікнуць на склад прасцей простага, а на ўваходзе быў выяўлены адбітак абутку аднаго з работнікаў, затрыманых дырэктарам – паведамляе прэс-служба Камітэта.

Фота: Прэс-служба Камітэта судовых экспертыз

“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

Махляр з Магілёва стварыў на паперы арганізацыю па вырабу мэблі і прадаваў людзям паветра.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у Горках вынеслі абвінавачванне ў дачыненні да 39-гадовага магілёўца. Яму інкрымінуюць махлярства ў буйным памеры. 

Было ўстаноўлена, што абвінавачаны з 3 студзеня 2019 года па 22 лютага 2022 года завалодаў грашыма 30 грамадзян у суме звыш 30 тысяч рублёў. Ён прадстаўляўся кіраўніком прадпрыемства, якое вырабляе мэблю, і абяцаў выканаць дамовы і вырабіць заказчыкам прадметы мэблі.

Але высветлілася, што  ў штаце “прадпрыемства” лічыўся толькі ён адзін. Больш за тое, арганізацыя не мела маёмасці, у ёй адсутнічалі вытворчыя памяшканні, інструменты і абсталяванне для вырабу мэблі. Акрамя таго, яна не вяла бухгалтарскі ўлік і не складала справаздачнасці.

“Кіраўнік” ліпавай арганізацыі з самага пачатку і не збіраўся выконваць свае абавязкі.

На цяперашні момант абвінавачаны кампенсаваў частку  нанесенай шкоды на 18 тысяч рублёў. Суд Горацкага раёна прызначыў яму 3  гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых (5,5 тысячы рублёў).

Фота ілюстрацыйнае

У Горках толькі адрамантавалі і тут жа паламалі мост

Мост паміж вуліцамі Маркса і Кузняцова ў Горках быў адрамантаваны 16 сакавіка, а ўжо зараз на ім паламаныя парэнчы – пішуць horki.info. Яшчэ два тыдні таму ён выглядаў вось так.

А цяпер вось так.

Фота: horki.info.

У горадзе Горкі пройдзе грамадскае абмеркаванне бярозы

Так-так, райвыканкам Горак прыняў рашэнне пра грамадскае абмеркаванне аднаго дрэва.

Грамадскае абмеркаванне адбудзецца 3 красавіка (у наступны панядзелак) каля будынка Горацкага райвыканкама па адрасе: горад Горкі, вуліца Якубоўскага, 9. Пачатак а 10:00. 

На сайце райвыканкама сказана, што бяроза “перашкаджае эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў, бо расце на адлегласці менш за 5 метраў да восі аб’екта”.

Верагодна, гэтая бяроза засталася апошняй ад бярозавага гаю, што рос каля райвыканкама і што быў спілаваны, бо мясцовым чыноўнікам птушкі гадзілі на вопратку – пісалі mogilev.media.

Фота ілюстрацыйнае.

Ахвярай у смяротнай аварыі стала 18-гадовая дачка кіроўцы-ліхача – пракуратура

Пракуратура Магілёўскай вобласці абвясціла сваё абвінавачванне ў справе пра смяротную аварыю 22 лістапала мінулага года на дарозе Сялец-Дрыбін-Горкі. У той дзень, вечарам 46-гадовы вадзіцель на сваёй машыне Renault Espace ехаў па заснежанай трасе з перавышэннем дапушчанай хуткасці. Акрамя кіроўцы ў аўтамабілі на пярэднім сядзенні была яго 15-гадовая дачка, а на заднім старэйшая, 18-гадовая.

У пэўны момант праезд аўтамабілю перашкодзіў трактар, які рухаўся ў тым жа накірунку. Каб пазбегнуць сутыкнення з ім, кіроўцы выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з фурай.

І вадзіцеля і пасажырку на пярэднім сядзенні выратавалі паясы беспекі. Дзяўчына на заднім сядзенні не была прышпіленая, яе выкінула з салона машыны і ад атрыманых траўм 18-гадовая дачка вадзіцеля сканала на месцы. І кіроўца і малодшая дачка атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Паводле пракуратуры, віна за смяротнае ДТЗ ляжыць на вадзіцелі. Ён не ўлічыў пагодныя і дарожныя ўмовы – ападкі і заснежаную праезную частку. Акрамя таго, праігнараваў устаноўленае абмежаванне хуткасці і праявіў няўважлівасць да дарожна-транспартнай сітуацыі. 

Справа накіраваная ў суд – піша БелТА.

Фота: Следчы камітэт

Пад Горкамі загінулі двое – верагодна, з-за неасцярожнага курэння

Жанчына крыху за сорак і яе мужчына 47-мі гадоў жылі ўдвох у прыватным доме ў аграгарадку Рудкоўшчына Горацкага раёна. Суседзі ахарактаразавалі лад іх жыцця як даволі пасярэдні – заўважае прэс-служба МНС.

Увечары 22 сакавіка суседзі заўважылі, што дом ахапіла полымя. Калі прыехалі ратавальнікі, дом практычна згарэў, пачалі абвальвацца канструкцыі пабудовы. На месцы пажара былі знойдзеныя парэшткі двух чалавек. Папярэдняя выснова – неасцярожнасць пры курэнні.

Фота: МНС

У Горках цалкам высеклі бярозавы гай, таму што перашкаджалі птушкі

На вуліцы Гастэла ў Горках, каля райвыканкама цалкам высеклі бярозавы гай – паведамляюць horki.info. Раней мясцовая раённая газета тлумачыла неабходнасць вырубкі даволі арыгінальна: “Замест месца, якое раней абыходзілі бокам, каб не быць запэцканымі птушкамі, тут будзе зона адпачынку!”

Паведамляецца, што на месцы старых дрэў будуць пасаджаны маладыя саджанцы. Таксама запланаваны добраўпарадкаванне і ўстаноўка лаваў, кветнікаў і абсталяванне пешаходных дарожак.

Фота: horki.info

 

Апавяшчальнік не дапамог – пад Горкамі мужчына загінуў на пажары

Увечары 13 сакавіка пажар здарыўся ў двухпавярховым доме на некалькі кватэр у аграгарадку Рэкта Горацкага раёна. Жанчына, што пражывае на першым паверсе, пачула запах дыму і спрацоўку аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка на другім паверсе, дзе ў сваёй кватэры жыў яе сусед 1977 года нараджэння. Нажаль, ён гук апавяшчальніка не пачуў. Прычына смерці мужчыны, папярэдне – неасцярожнае курэнне, піша “Горацкі веснік”.

Фота: “Горацкі веснік”

Пад Горкамі ўспышка шаленства

У вёсцы Котлева Горацкага раёна гаспадар сядзібы знайшоў на ўласным падворку памерлую лісу. Праверка паказала, што драпежнік хварэў на шаленства. Пры гэтым ліса кантактавала з гаспадарскім сабакам, які пазней паводзіў сябе агрэсіўна. Усім асобам, што маглі атрымаць заражэнне, прапісаныя антырабічныя прывіўкі – паведамляе “Горацкі веснік”.

Фота ілюстрацыйнае

Музею ў Горках перадалі карціны вядомага земляка Якава Сімкіна

Работы знакамітага ўраджэнца вёскі Леніно Горацкага раёна знайшоў і перадаў у музей пляменнік мастака.

Якаў Сімкін нарадзіўся ў вёсцы Леніно Горацкага раёна ў 1921 годзе. Прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, а ў сталым узросце заняўся жывапісам. Ён не атрымаў прафесійнай адукацыі, але заняткі ў вучня Казіміра Малевіча М. Хазанава далі яму дастатковы досвед, каб дасягнуць прызнання. У 1969 годзе ён стаў сябрам Саюза мастакоў СССР, быў удзельнікам шматлікіх персанальных і ўсесаюзных выставаў. Мастацтвазнаўцы адзначалі, што галоўным у працы мастака з’яўляецца духоўнасць, прыгажосць навакольнага свету і асаблівае колерабачанне і таму называлі Я. Сімкіна “цветаносным” мастаком.

8 работ мастака – сем малюнкаў і адна жывапісная карціна – былі перададзены ў Горацкі музей пляменнікам мастака Леанідам Сімкіным, які пражывае ў Ізраілі. Ён знайшоў гэтыя працы ў сваіх далёкіх сваякоў у Маскве. Паведамляецца, што перадачы карцін у музей паспрыяў іншы вядомы ўраджэнец Горак – Уладзімір Ліўшыц.

Фота: “Горацкі веснік”