Гнілыя трубы, паламаная станцыя абезжалезвання. Вадаправодная вада ў жылым доме па вуліцы Ракасоўскага ў Чэрыкаве ўжо некалькі тыдняў палохае жыхароў, і само кіраўніцтва водаканала не ведае, калі гэта закончыцца.
Кожную раніцу вада з крана ў доме №5 па Ракасоўскага мае цёмны, карычневаты колер, з вялікай колькасцю іржы – піша раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”. Бліжэй да абеда вада становіцца быццам чыстай, але калі набраць і адстаяць яе, то ўсё роўна з’яўляецца асадак. У якасці доказу мясцовая жыхарка прынесла ў рэдакцыю газеты дзве бутэлькі з вадой – адна з вадой ранішняй, другая, набраная з крана бліжэй да абеду (на фота).
Вось як гэта растлумачыў начальнік Чэрыкаўскага ўчастка Касцюковічыводаканал Аляксандр Чысцякоў.
– Справа ў тым, што ў нас якраз у гэты перыяд узніклі праблемы ў працы станцыі абезжалезвання, якая ачышчае ваду, у тым ліку і для жыхароў пятага дома па вул. Ракасоўскага, Выйшаў з ладу фільтр, патрабуецца замяніць фарсункі. Усе гэтыя дэталі – ключавыя вузлы станцыі, без іх яна якасна выконваць ачыстку вады ад жалеза немагчыма. Плюс да ўсяго побач са свідравінай, размешчанай паміж першай школай і першым дзіцячым садам, адбыўся прарыў водаправоднай сеткі. Там мы аператыўна замянілі частку згнілага вадаправода на новы і ліквідавалі цеч. На станцыі абезжалезвання працэс ліквідацыі непаладак больш працяглы, і цяпер на ёй вядуцца рамонтныя працы. Мы разлічваем зрабіць усё ў кароткія тэрміны.
Што да розніцы ў колькасці іржаўчыны раніцай і на працягу дня, начальнік участка адзначыў, што звязана гэта хутчэй за ўсё з тым, што на працягу дня павялічваецца разбор вады і таму колькасць іржы ў ёй зніжаецца.
У раёне зарэгістравана больш за ўсё злачынстваў за 2022 год па ўсёй вобласці, распавёў пракурор Чэрыкаўскага раёна. У асноўным вінаватыя – людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Пракурор Чэрыкаўскага раёна Аляксандр Майсееў пракаментаваў крымінагенную абстаноўку:
– У 2022 годзе колькасць зарэгістраваных на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна злачынстваў павялічылася ў параўнанні з 2021 годам з 91 да 117, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у Магілёўскай вобласці. Адбыўся значны рост колькасці злачынстваў, учыненых у групе асоб, у грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап’янення.
У мінулым годзе, паводле слоў пракурора, у раёне былі ўчынены злачынствы, якія не былі зарэгістраваны ў 2021 годзе. Размова ідзе аб 8 махлярствах, 3 ухіленнях ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу, 2 забойствах, 1 рабаванні і 1 угоне.
Пракурор распавёў падрабязнасці пра адну з трагедый, што адбылася ў Чэрыкаўскім раёне ў 2022 годзе. Пара сужыцеляў доўгі час вяла асацыяльны лад жыцця, ужывала спіртное. У алкагольным псіхозе мужчына нанёс сужыцельцы больш за 118 удараў рукамі, сякерай, жалезнай качаргой. Жанчына памерла на месцы.
Амаль у тры разы (з 52 да 143) павялічылася колькасць правапарушэнняў, звязаных з распіццём алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва, спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы або на рабоце ў стане ап’янення.
Асноўнымі віноўнікамі з’яўляюцца не працаўладкаваныя асобы, якія не маюць пастаяннага заработку, злоўжываюць спіртнымі напіткамі і вядуць асацыяльны лад жыцця – падкрэсліў пракурор.
Даведка: Чэ́рыкаў – горад у Магілёўскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Чэрыкаўскага раёна. Насельніцтва – 12777 жыхароў (на 1 студзеня 2022 года). Размешчаны на рацэ Сож, за 32 км ад чыгуначнага вузла Крычаў, за 77 ад Магілёва.
Мясцовая арганізацыя ветэранаў вайны і працы звярнулася ў райвыканкам з просьбай даць чэрыкаўскаму скверу па вуліцы Болдзіна назву “сквер Памяці і Славы”.
Фармальнасць, якую пасля гэтага павінен выканаць выканкам – абвясціць пра грамадскае абмеркаванне новай назвы.
Цяпер кожны зацікаўлены можа з 16 студзеня па 15 лютага пісьмова накіраваць сваю прапанову ў Чэрыкаўскі раённы Савет Дэпутатаў. Адрас электроннай пошты – [email protected]. Абавязкова трэба ўказваць прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас месца жыхарства ці працы і свой электронны адрас – папярэджвае “Веснік Чэрыкаўшчыны”.
“Машына прасторная, увесь тавар добра відны, акрамя таго ёсць казырок, пад якім можна схавацца ад дажджу” – гэтыя думкі ў розных варыяцыях на працягу двух хвілін пад бадзёрую музыку паўтараюць кіроўца аўталаўкі і адна з пакупніц.
Крынжовае відэа размешчана на старонцы “Весніка Чэрыкаўшчыны”. Паглядзіце ролік, каб акунуцца ў атмасферу беларускай глыбінкі.
У чацвёртым квартале 2023 года плануецца пачаць будаўніцтва чатырохпалоснай дарогі ад абласнога цэнтра да раённага Чэрыкава. Пра гэта паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка на сустрэчы з актывам рэгіёну.
Ён адзначыў, што зараз «вядзецца актыўная праца па яе праектаванні. Будзе прадоўжана рэканструкцыя моста цераз р.Сож у Чэрыкаве. Запланаваны і шэраг іншых мастоў і пуцеправодаў у абласным цэнтры, Бабруйску, Крычаве, Чавусах».
Планы пабудовы чатырохпалоснай дарога да Чэрыкава выклікае цікавасць, бо такой дарогі няма на такіх стратэгічных транспартных накірунках як Гомель-Віцебск, Магілёў-Бабруйск.
Адлегласць ад Магілёва да Чэрыкава 77 км. Чэрыкаў – малы горад на рацэ Сож, вядомы з 1460 года, з насельніцтвам меней за 8 000 чалавек і без значных прамысловых прадпрыемстваў.
Будаўніцтва любой дарогі можна толькі вітаць, а гэтая далей вядзе ў напрамках Крычаў – мяжа з Расійскай Федэрацыяй, Краснаполле-Касцюковічы, але пакуль незразумелым застаецца эканамічны сэнс магістралі., бо гэты накірунак не адносіцца да разраду напружаных па груза- і пасажыраперавозках.
Цікавасць да страшнага ў дзяцей была заўсёды – падкрэсліваюць псіхолагі – і гэтую цікавасць зараз паспяхова выкарыстоўваюць у маркетынгу.
Камісія з ліку экспертаў у галіне псіхалогіі і юрыспрудэнцыі правяла комплекснае даследаванне цацкі Хагі Вагі і ўстанавіла, што яна фармуе ў сабе выяву агрэсіі, жорсткасці, драпежнага і бязлітаснага зла – сцвярджае на сваіх старонках “Веснік Чэрыкаўшчыны”, не прыводзячы пры гэтым ніякіх звестак, што гэта за камісія і дзе яна функцыянуе.
Гульня з такой цацкай можа аказаць негатыўнае ўздзеянне на псіхічнае здароўе дзяцей і прывесці да паталагічных праблем – безапеляцыйна заяўляе рэдакцыя раённай газеты ў сваім ананімным матэрыяле.
Мілы і страшны монстр
Папулярнасць цацак з персанажам гульні Poppy Playtime 16 + Хагі Вагі выклікала супярэчлівую рэакцыю ў грамадстве. Цацка мае даволі незвычайную знешнасць, якая, на першы погляд, здаецца дзівакаватай і пацешнай. Але адначасова адзначаецца, што гэты “ўсмешлівы аматар абдымкаў” забівае, а чырвоны абадок на твары вакол шматлікіх зубоў – сімвал крыві яго ахвяр паводле сюжэту гульні.
Але ці можа быць небяспечнай для дзіцячай псіхікі сама цацка? Расійская ўрач-псіхіятр Цэнтральнай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы імя Ф.А. Усольцава Наталля Васеніна, напрыклад, у інтэрв’ю “Мосленце” заўважае:
– Страшныя цацкі – гэта адрыў ад стрэсавай рэальнасці. Бо дзецям увесь час даводзіцца адаптавацца да новых умоў: садок, школа, змена асяроддзя, і гэта ўсё можна назваць нестабільным фонам, які, у сваю чаргу, прыводзіць да стрэсу. У большасці выпадкаў пакупкі такіх персанажаў – гэта даніна модзе. Цацкі даюць магчымасць памарыць, менавіта гэта дае цікавасць.
Уплыў на псіхіку дзіцяці можа быць розным – адзначае псіхіятр, і падкрэслівае, што бацькам неабходна больш часу праводзіць з дзецьмі, тлумачыць ім, чым адрозніваецца гульня ад рэальнасці.
Украінская педагог Алена Пратасава ў сваім інтэрв’ю выданню vikna.tv адзначае, што гульні на выжыванне Poppy Playtime на абшарах YouTube прысвечана шмат кантэнту, таму можна сустрэць мноства жудасных ролікаў. Менавіта гэта выклікае такую у педагога. Паколькі відэа і сама гульня знаходзяцца ў адкрытым доступе, дзіця, убачыўшы імя ці фота каханай цацкі, можа лёгка прагледзець жудасны кантэнт. Пагэтаму адказнасць бацькоў заключаецца ў тым, каб кантраляваць паводзіны дзіцёнка ў глабальным сеціве.
Адразу восем дзетак намалявалі Хагі Вагі на конкурсе
А вось эстонская настаўніца малявання Марыя Самбуранка (на фота) на традыцыйным конкурсе Нарвскай Цэнтральнай бібліятэкі па маляванні любімых кніжных персанажаў дазволіла маляваць Хагі Вагі – пра гэта папрасілі адразу восем дзетак, піша gazeta.ee.
– Магчыма, нехта назаве мяне настаўнікам, які заахвочвае цікавасць да жорсткіх гульняў. – адзначыла Марыя – Але я аддаю перавагу таму, каб на маіх уроках дзеці працавалі з захапленнем. Таму і дазволіла.
Вядома, усе дзеткі розныя, і не выключана, што кагосьці такія персанажы могуць справакаваць на агрэсію, а кагосьці – і напалохаць адзначыла, таксама, настаўніца Ці значыць гэта, што трэба ўвесці ў інтэрнэце цэнзуру?
– Забаронены плод можа апынуцца яшчэ саладзейшым, а дзеці зараз вынаходлівыя. – адказвае настаўніца.
На яе думку, калі забараніць дзіцяці цікавіцца страшнымі, але вельмі моднымі цацкамі даволі складана, то цалкам можна зрабіць гэтую цікавасць падставай для праявы творчай фантазіі, для разважанняў аб прыродзе дабра і зла.
Цацкі самі па сабе не могуць нашкодзіць – псіхолаг
У інтэрв’ю таму ж выданню нарвскі псіхолаг Наталля Скварцова выказалася, што страшныя цацкі самі па сабе дзіцячай псіхіцы пашкодзіць не могуць.
– Цікавасць да страшнага ў дзяцей была заўсёды, і гэтую цікавасць зараз паспяхова выкарыстоўваюць у маркетынгу. Таму папулярнасць гэтых цацак не з’яўляецца чымсьці злавесным, але і бяскрыўднай я б яе таксама не назвала – лічыць псіхолаг.
Калі дзіця просіць цацку таму, што яна трэндавая і ўсе яе жадаюць, то ён паступае гэтак жа, як многія дарослыя, якія купляюць сабе новыя айфоны, каб выглядаць круцейшымі. Так лёгка можна зрабіць першы крок да выхавання спажыўца, залежнага ад умелай рэкламы.
Акрамя таго, калі дзіця абвыкае ганарыцца не сваімі ўласнымі дасягненнямі ў спорце, вучобе і гэтак далей, а тым, што валодае даражэйшымі і трэндавымі рэчамі, у будучыні гэта можа прывесці да комплексаў і сталай незадаволенасці сабой.
Як жа бацькам усяму гэтаму супрацьстаяць? Па меркаванні псіхолага, забароны і натацыі не дапамогуць.
– Парады самыя простыя: калі бацькі хочуць, каб дзіця гуляла, прагульвалася, чытала, займалася спортам, яны і самі не павінны гадзінамі завісаць у інтэрнэце ці сацсетках. Паколькі хоць самі па сабе страшныя персанажы кампутарных гульняў ці мульцікаў не могуць справакаваць агрэсіўныя паводзіны, маларухомы лад жыцця і сталае сузіранне экрана планшэта цалкам могуць негатыўна паўплываць на псіхіку дзіцяці – патлумачыла псіхолаг.
Жыхары раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці скардзяцца на кашу на дарогах, непрыбраныя гурбы.
– Дарогі ад снега ачышчаны сапраўды дрэнна: ад таго, што праезная частка стала занадта вузкай машыны не могуць раз’ехацца. – скардзіцца на камунальшчыкаў Чэрыкава не хто-небудзь, а начальнік ДАІ Чэрыкаўскага РАУС Андрэй Шчамялёў на старонках cherikownews.by – “Горы” снега, а калі правільна сказаць снежныя валы, якія ўтварыліся каля прыпыначных павільёнаў, пешаходных пераходаў, ужо павінны былі быць вывезены, калі абапірацца на нарматывы ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі.
Усе гэтыя ўчасткі дарогі хаваюць у сабе не патэнцыйную, а цалкам рэальную небяспеку для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, сцвярджае начальнік ДАІ – асабліва ў цёмны час сутак, калі з-за сумётаў не бачна пешаходаў на пераходах. Дарослы яшчэ можа быць заўважаны, а вось дзіця, якое выскоквае на пераход з-за снежнага вала, убачыць складана.
У Мсціславе даволі няпростыя вуліцы – вузкія, пятляючыя, якія вядуць у гару. Людзі, якія жывуць на ўзвышшах, заўсёды адчуваюць нязручнасці ў сувязі з гэтым. Снежная зіма сёлета ў прамым сэнсе падкінула праблем такім гараджанам. Снег фактычна няма куды скідаць. І не заўсёды якасна праводзяць уборку на вузкіх і ўзгорыстых вулачках. Адліга ператварае снег у кашу, па якой ні прайсці ні праехаць – пішуць журналісты выдання mstlife.by.
На фота – тыповая карціна на скрыжаванні вуліцы Камунарнай і завулка Камунарнага. Участак паміж імі, завалены снегам што прыводзіць да таго, што там рэгулярна захрасаюць машыны. Іх колы зацягвае снежная каша, з якой складана выбрацца без дапамогі. Ды і месца становіцца даволі небяспечным, асабліва ў вячэрні час.
Жыхара вёскі Гронаў Чэрыкаўскага раёна знайшлі толькі на другія суткі. 26 лістапада ён перастаў выходзіць на сувязь, назаўтра яго прыйшоў праведаць усхваляваны брат – паведамляе cherikovnews.by. Брат знайшоў дом гаспадара пустым, а з хаты па непачышчанаму снегу ланцужок слядоў вёў да ракі Сож, што цячэ за агародам.
Ратавальнікі былі выкліканыя бліжэй да вечара 27 лістапада. Яны выявілі на тонкім лёдзе ракі два праломы, рыбацкі стульчык і снасці. Раніцай 28 лістапада каманда вадалазаў знайшла цела пенсіянера. Адзначаецца, што ён вёў здаровы лад жыцця, алкаголем не злоўжываў. Трагедыя адбылася з-за неабачлівасці рыбака – лёд быў моцны з аднаго берага затона, але тонкі на другім.
Пацярпелую жанчыну медыкі “хуткай дапамогі” знайшлі каля дарогі недалёка ад дома, але ўратаваць яе не ўдалося. Жанчына памерла ў лякарні.
Удары нажом ёй нанес муж, які нечакана вярнуўся з камандзіроўкі і застаў жонку з суседам – мяркуюць прадстаўнікі Следчага камітэта, якія працуюць на месцы здарэння. Трагедыя адбылася раніцай 12 лістапада.
49-гадовы жыхар Чэрыкава, дальнабойшчык, пасля забойства жонкі спрабаваў нанесці смяротныя ўдары таксама сабе, а таксама выпіў воцат. Таксама быў паранены нажом меркаваы каханак жанчыны, які спрабаваў абараніць яе ад мужа. Цяпер абодва мужчыны знаходзяцца ў медыцынскай установе. Узбуджана крымінальная справа за пакушэнне на забойства двух асобаў.
Фота ўзята з Тэлеграм-канала Следчага камітэта Беларусі
Адкрыццё часовай пераправы прызначанае на 14 лістапада.
Магілёў.media паведамлялі, што закрытаму напалову масту так і не было альтэрнатывы да вясны, хоць гэта і выклікала крызіс для сем’яў у вёсцы Гронаў, што на левым беразе ракі Сож.
Цяпер жа вырашана навесці пантонную пераправу цераз раку Сож і трымаць яе да пачатку лёдаставу. Часовую пераправу будуе пантонна-маставы батальён 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады – паведамляе “Веснік Чэрыкаўшчыны”.
– Працягласць пантонна-маставой пераправы будзе каля 100 метраў у даўжыню і 6 метраў у шырыню. – распавёў выданню намеснік старшыні па будаўніцтве і камунальнай гаспадарцы Чэрыкаўскага райвыканкама Дзмітрый Клімянкоў – Рух будзе аднапалосны з устаноўкай рэверсіўнага святлафора. Нягледзячы на тое, што абмежаванні канструкцыі па вазе – 60 тон, і яна здольная вытрымаць грузавікі, тут магчымыя дадатковыя абмежаванні, звязаныя з даўжынёй маста, з-за наяўнасці павароту, і шырынёй транспарту, у прыватнасці, гружанага. У дадзеным выпадку вялікагрузы па-ранейшаму будуць адпраўляюцца ў аб’езд – па бліжэйшых мастах праз Сож у Крычаве і Слаўгарадзе.