Бабруйскі прагулачны цеплаход прадаюць з аўкцыёна

Цеплаход “Мара” на 120 чалавек пасажыраў пачынаючы з 2010 года прапаноўваў жыхарам горада на Бярэзіне водныя прагулкі. Звычайна сезон прагулак пачынаўся з мая месяца, аднак апошнія два гады з-за падзення ўзроўню вады яны прыпыніліся – піша бабруйскае выданне “Камерцыйны кур’ер”.

Цяпер жа ўласнік цеплахода, прадпрыемства “Магілёўаблвадаканал” размясціла аб’яву пра продаж карабля з аўкцыёна. Стартавы кошт – 308 382 рублі 45 капеек. Для ўдзелу ў гандлі неабходна ўнесці залогавую суму 61 600 рублёў.

Судна пабудавалі ў 1958 годзе, у Бабруйску яно знаходзіцца з 2010 года. Апошні раз у фармаце прагулачнага цеплахода «Мара» выходзіла на вялікую ваду ў 2021 годзе. Летась для яго падышоў тэрмін праходжання чарговага тэхнічнага агляду, без якога выхад на ваду немагчымы. Каб атрымаць допуск, новы ўласнік павінен будзе выканаць працы, неабходныя для бяспечнай навігацыі і эксплуатацыі.

Фота: komkur.info

 

Вакол Бабруйска адключаць тэлебачанне, але ўсяго на два дні

З 26 па 28 красавіка ў Бабруйску не будзе працаваць эфірнае тэлебаанне – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”. Гэта звязана з працамі на радыётэлевізійнай станцыі ў Ясным Лесе. Бабруйская РТПС забяспечвае эфірным тэлебачаннем і радыёвяшчаннем некалькі раёнаў Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Бабруйчанка загінула на пажары, яе мужа знаёмая здолела выцягнуць з кватэры

Днём 20 красавіка трагедыя адбылася ў пяціпавярховым жылым доме па вуліцы Сямёнава ў Бабруйску. 73-гадовая гаспадыня дома знаходзілася на кухні і загінула падчас пажару. Яе 70-гадоваму мужу, які перамяшчаецца з цяжкасцю, пакінуць задымленую кватэру дапамагла знаёмая. Выратаваць гаспадыню яна ўжо не змагла з-за моцнага дыму і агню – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажару высвятляюцца.

Фота: МНС

На продаж выстаўлены Бабруйскі скураны камбінат

На рэспубліканскай гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы з’явілася аб’ява аб продажы Бабруйскага гарбарнага камбіната. Згодна з апублікаванай інфармацыяй, прадпрыемства прадаецца адзіным маёмасным комплексам.

Як распавялі выданню «Камерцыйны кур’ер» у кампаніі«Індустрыя інавацый», што выставіла лот, стартавы кошт прадпрыемства складае 25 мільёнаў 582 тысячы рублёў. Заяўкі прымаюцца да 28 красавіка, самі таргі прызначаны на 2 траўня.

Зараз камбінат знаходзіцца ў працэдуры санацыі, пасля таго як у сярэдзіне 2021 года эканамічны суд Магілёўскай вобласці распачаў справу аб яго эканамічнай неплацежаздольнасці – да перадбанкрутнага стану суб’ект гаспадарання прывёў доўг амаль у 24 мільёны рублёў.

Фота: komkur.info

Збіў знаёмую да смерці за гучную музыку – бабруйчаніну далі 17 гадоў

Вынесены прысуд 38-гадоваму жыхару Бабруйска, які ў гневе забіў да смерці сваю знаёмую. Трагедыя адбылася 10 жніўня 2022 года – нецвярозы мужчына быў незадаволены, што жанчына гучна слухала музыку і нанёс ёй рукамі, нагамі а таксама пустой шкляной банкай не менш за 33 удары. Ад траўм жанчына памерла. 

На судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну толькі часткова – згадзіўся, што пад алкаголем ён здольны на агрэсіўныя і некантраляваныя паводзіны, але засумняваўся, што нанёс настолькі шмат удараў.

Бабруйчаніну прызначана пакаранне ў 17 гадоў няволі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Адначасова суд спагнаў з мужчыны на карысць дачкі загінулай грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў 100 тысяч рублёў – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае.

Браканьер на Чыгірынцы злавіў пад 300 асобін рыбы і ракаў і трапіў пад крыміналку

На Чыгірынскім водасховішчы Бабруйскай прыродаахоўнай інспекцыяй быў затрыманы мужчына, які на 12 ракаловак вылавіў больш за 240 рыбін і 55 ракаў. Асобна трэба адзначыць, што гэта адбылося падчас нерасту, калі лавіць рыбу можна толькі на адну вуду з берага.

Шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю, ацэньваецца ў 513 базавых велічынь, гэта каля 19 000 рублёў. Цяпер мужчыне пагражае крымінальная адказнасць па ч.4 артыкула 281 Крымінальнаа кодэкса – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: komkur.info

Дзень памяці ахвяр Халакосту і герояў супраціву адзначылі ў Бабруйску

У бабруйскай сінагозе ўзгадалі ахвяр Халакоста. Чытачы mogilev.media падзяліліся сваімі фота з вечарыны. 

12 красавіка 1951 года Кнэсет прыняў рэзалюцыю аб абвяшчэнні 27-га чысла месяца нісан «Днём памяці Катастрофы і гераізму». Гэта 6-ы дзень пасля заканчэння свята Песах і тыдзень перад Ём Ха-Зікарон і Днём Незалежнасці. Блізкасць гэтых дат сімвалізуе шлях яўрэйскага народа да адраджэння дзяржавы. Сёлета дзень памяці прыпаў на 18 красавіка.

У некаторых сінагогах праходзіць асаблівая служба. Звычайна запальваюць шэсць мемарыяльных свечак – у памяць аб 6 мільёнах загінуўшых падчас Катастрофы еўрапейскага яўрэйства – і вымаўляецца памінальная малітва Ізкор.

У гэты дзень яўрэі моляцца аб тым, каб часы гібелі і жаху ніколі не паўтарыліся.

На Магілёўшчыну прыйшла сапраўдная вясна, гарады атрымалі першае зялёнае ўбранне – фота

На праваслаўную Пасху ў паўднёвых раёнах вобласці заквітнелі вольха – яна квітнее раней за з’яўленне лісця – амела, асіна, ляшчына, у гарадах, Магілёве, Бабруйску з’явіліся лісточкі ў фарзіцыі, вярбы, бярозы, каштана, па сонечных схілах з’явіліся кветачкі ў падбела, які яшчэ называюць маць-і-мачахай.

Нашы чытачы з вялікай ахвотай і задавальненнем дзеляцца сваімі фотаздымкамі папрыгажэўшых гарадоў. 

Фарзіцыя. Магілёў.

Каштаны выкінулі лісточкі

Зялёная прыгажосць у цэнтры Бабруйска

Фота mogilev.media

Бабруйскі кіроўца не прапусціў матацыкліста, той у рэанімацыі

14 красвіка ўвечары на вуліцы Гогаля ў Бабруйску 38-гадовы вадзіцель аўтамабіля Citroen выяжджаў з дваравой тэрыторыі, не заўважыў 65-гадовага мужчыну на мапедзе на галоўнай дарозе і не даў яму перавагі. У выніку сутыкнення матацыкліст атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў рэанімацыю – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 

Фота: УУС

Бярэзіна ў Бабруйску паднялася вышэй за небяспечна высокую адзнаку

У бліжэйшыя дні на Прыпяці, у ніжнім цячэнні Дняпра, Бярэзіны і Сожа рост узроўняў вады вясновай паводкі захаваецца – паведамляе Белгідрамет. На астатніх рэках ужо адбываецца спад узроўняў вады, у першую чаргу на Заходняй Дзвіне. На прытоку Сожа рацэ Віхра каля г. Мсціслаў вада хутка ўвойдзе ў рэчышча.

Сярод населеных пунктаў Магілёўскай вобласці вада перавышае небяспечна высокую адзнаку толькі ў Бабруйску.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”.