У Бабруйску пабудуюць дзіцячы садок з ліфтам

У бабруйскім мікрараёне Кісялевічы пачалося будаўніцтва дзіцячага садка на 240 месцаў. Праект будучага садка падрыхтаваў Інстытут “Магілёўжылпраект”, а будаўнічыя працы вядзе Бабруйскі завод КПД.

Адметнасцю садка будзе тое, што ў ім прадугледжаны ліфт і басейн – піша “Камерцыйны кур’ер”. Вышыня пабудовы – тры паверхі. Цікава, што раней максімальная колькасць паверхаў у дзіцячых садках, устаноўленая будаўнічымі нарматывамі яшчэ ў савецкія часы, не павінна была перавышаць два паверхі. У сучаснай Беларусі гэтыя нарматывы перагледжаны і садкі ў тры паверхі ўжо не рэдкасць.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

Восем з паловай гадоў за данаты далі жыхару Бабруйска

Жыхар Бабруйска, 35-гадовы Дзмiтрый Слук 25 ліпеня быў асуджаны на восем з паловай гадоў – паведамляюць праваабаронцы. Згодна з матэрыяламі справы, мужчына 20 жніўня 2021 года, “быўшы дасведчаным аб тэрарыстычнай накіраванасці дзейнасці арганізацыі з уваходнай у яе ініцыятывай, ажыццявіў яе фінансаванне”. У прыватнасці, ён зрабіў арганізацыі перавод у крыптавалюце. 

Дзмітрый Слук быў затрыманы 10 лютага 2023 года і ўтрымліваўся ў Мінску, у СІЗА на вул. Валадарскага. Ён прызнаны палітзняволеным.

Фота з адкрытых крыніц

Дзяржкантроль праверыў рынак у Бабруйску – кошты завышаныя ў 8 разоў, прадавалі не сваё

Падчас праверкі аднаго з бабруйскіх рынкаў Камітэт дзяржкантролю выявіў характэрныя парушэнні. Замест гандлёвай надбаўкі ў 30% на моркву і цыбулю, у некаторых выпадках моркву прадавалі з накруткай у 252%, цыбулю – 103%.

Таксама многія гандляры прадавалі тавар пад выглядам свайго ўласнага ўраджаю. Аднак, калі праверылі адну з такіх прадавачак, то выявілася, што на яе ўчастку ў садовым таварыстве – а жанчына прад’явіла адпаведную даведку – проста не магла вырасці тая прадукцыя, якой гандлявала жанчына.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

З-за вострага недахопу кіроўцаў, у Бабруйску адмяняецца больш за 150 аўтобусных рэйсаў

25 ліпеня ў Бабруйску практычна не будуць функцыянаваць восем аўтобусных маршрутаў, а ўсяго адменена больш за 150 рэйсаў па горадзе – “у сувязі з вострым недахопам вадзіцеляў”. Поўную інфармацыю пра адмененыя рэйсы можна знайсці на сайце бабруйскага аўтапарка №2.

Трэба адзначыць, што хранічны недахоп кіроўцаў для Бабруйска – даўняя праблема. Mogilev.media яшчэ месяц тому паведамлялі пра адмены аўтобусных рэйсаў у горадзе, тады лік ішоў на некалькі дзясяткаў, а галоўнай прычынай перабояў называўся “масавы сыход вадзіцеляў на бальнічны”. 

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што падобныя адмены рэйсаў у Бабруйску здараюцца ці не кожны дзень – больш за сотню рэйсаў не ажыццяўляліся ўчора, 24 ліпеня, некалькі дзясяткаў – 21, 19, 15, 14, 13, 12 ліпеня і яшчэ раней.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

Занесла ў кювет – пад Бабруйскам разбіліся двое

На трасе Мінск-Гомель у Бабруйскім раёне 22 ліпеня адбылася жорсткая аварыя. 31-гадовая жанчына, кіруючы аўтамабілем Volkswagen з’ехала ў правы па ходу руху кювет і ўрэзалася ў дрэва.

Паводле высновы ДАІ, жанчына не выбрала бяспечную хуткасць руху, не ўлічыла дарожныя ўмовы і ўмовы надвор’я. Яна сама і 32-гадовы пасажыр атрымалі траўмы. Абодвух шпіталізавалі.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

На Магілёўшчыне зноў адкрываюцца шапікі “Саюздрука”, але ўжо гомельскія, віцебскія

12 ліпеня 2023 года завяршылася шматгадовая эпапея з банкруцтвам “Магілёўсаюздрука”, пра якое пісалі mogilev.media і якое пакінула жыхароў рэгіёна без шапікаў са свежай прэсай. Усюды па Магілёўшчыне зачыніліся не толькі кіёскі, але часам – адзіныя друкарні на ўвесь горад, як, напрыклад, у Крычаве. У Бабруйску каля 50 шапікаў перасталі працаваць яшчэ ў мінулым годзе.

Але пачынаючы з чэрвеня гэтага года ў Бабруйску, Магілёве і Шклове сталі зноў працаваць некаторыя шапікі. У Бабруйску – два раней зачыненыя кіёскі, але цяпер ужо не пад вывескай “Магілёўсаюздрук”, а – “БелДрук”. Бабруйскія пры гэтым знаходзяцца ў падпарадкаванні Гомелскага філіяла “Белсаюздрука” – піша “Камерцыйны кур’ер”. Шклоўскія – ў падпарадкаванні Віцебскага філіяла.

У Бабруйску зараз працуюць два шапікі. Адзін знаходзіцца на вуліцы 50 гадоў ВЛКСМ, другі – на праспекце Будаўнікоў, побач з прыпынкам грамадскага транспарту каля гарадской паліклінікі №7. У найбліжэйшыя дні ў Бабруйску будзе адкрыты яшчэ адзін павільён “БелДрук” на вуліцы Ванцэці. Усяго ж да канца года плануецца, што бабруйчане змогуць набываць неабходныя тавары ў пяці павільёнах “БелДрук”, размешчаных у розных раёнах горада.

Белдрук Могилев

У Магілёве працуюць каля дзесяці, і ў іх, выглядае – мінскае падпарадкаванне. Графік развіцця адноўленай сеткі газетных кіёскаў на Магілёўшчыне можна пабачыць на сайце “БелДрука”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”, mogilev.media

У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога ў доме і азірнулася – следчыя змаглі знайсці злодзея

83-гадовая жыхарка Бабруйска была цвёрда ўпэўненая, што калітка яе гаспадаркі зачыненая знутры, а магчымасць адкрыць яе з вуліцы не дапускалася. Пагэтаму жанчына спакойна займалася справамі па доме. У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога чалавека ў доме і азірнулася. Сапраўды, у калідоры стаяла незнаёмая жанчына, на выгляд 50-60 гадоў. Пасля роспытаў, як няпрошаная госця трапіла ў хату (тая адказала, што нібыта брамка была адчыненая), гаспадыня сказала ёй сыходзіць, і маладзейшая жанчына знікла.

Праз некалькі хвілін, ачуняўшы ад шоку, жанчына выявіла прапажу 650 рублёў, якія яна захоўвала ў пашпарце ў шафе ў спальні.

На брамцы спецыяліст Бабруйскага МРА Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выявіў след рукі, які, як высветлілася пры праверцы па дактыласкапічным уліку, належыць раней неаднаразова судзімай 66-гадовай бабруйчанцы. Па гэтай інфармацыі супрацоўнікі міліцыі ў тыя ж суткі затрымалі жанчыну. У зробленым крадзяжы яна прызналася і вярнула выкрадзеную суму – распавяла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ГКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.

Фота ілюстрацыйнае

Дырэктар лагістычнай арганізацыі падмануў перавозчыкаў – УУС

Да праваахоўнікаў звярнуліся некалькі ашуканых грузаперавозчыкаў, якія заявілі, што іх ашуквае дырэктар лагістычнай фірмы ў Мінскім раёне, сістэматычна не разлічваецца за аказаныя паслугі – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Аператыўнікі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Бабруйскага ГУУС высветлілі, што 34-гадовы кіраўнік фірмы, са студзеня па верасень 2022 года, ведаючы аб стратнай дзейнасці і немагчымасці ў поўным аб’ёме разлічыцца па сваіх абавязацельствах, працягнваў арганізацыю дастаўкі грузаў.

Пры гэтым грашовыя сродкі, што атрымліваліся ад замоўцаў лагістычных паслуг, расходаваліся ім на розныя выплаты. У выніку запазычанасць грузаперавозчыкам склала больш за 417 000 рублёў.

Узбуджана крымінальная справа па факце прычынення маёмаснай шкоды.

Фота носіць ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц.

На пажары ў Бабруйску загінулі трое, жанчыну з суседняй кватэры ўдалося выратаваць

Трагедыя здарылася каля 07:00 раніцы сёння, 15 ліпеня на праспекце Будаўнікоў у Бабруйску. Загарэлася кватэра на 9-м паверсе жылога дома. Ратавальнікі знайшлі ў ёй трох чалавек – аднаго мужчыну і двох жанчын. Іх вынеслі на свежае паветра, але медыкі маглі толькі канстатаваць смерць пацярпелых. Асобы ахвяр высвятляюцца.

З суседняй кватэры супрацоўнікі МНС выратавалі жанчыну пры дапамозе спецыяльнай маскі. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

На Магілёўшчыне гарэлі салома і інтэрнат – дайджэст здарэнняў

Днём 10 ліпеня пажар адбыўся на пятым паверсе дзевяціпавярховага інтэрната ў Бабруйску на вуліцы Ульянаўскай – паведамляе прэс-служба МНС. Падгарэў адзін з пакояў, закуродыміла блок. Ніхто не пацярпеў.

У той жа дзень каля вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна згарэла 10 тон саломы – скірда 2022 года ўраджаю. Яшчэ 65 тон саломы былі выратаваныя ад агню работнікамі МНС. Бліжэй да вечара 10 ліпеня загарэлася сенасховішча ў аграгарадку Семукачы Магілёўскага раёна. 3 тоны сена агонь пашкодзіў, астатнія 27 тон былі выратаваныя.

Фота ілюстрацыйнае.