Памятнае месца ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Магілёве пераробліваюць, будзе новы крыж

Рэканструкцыя праспекта Дзімітрава ў Магілёве закране таксама месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Яр насупраць сучаснага Мясакамбіната быў месцам расстрэлаў у 1930-х гадах. У канцы 1980-х грамадскасць усталявала тут памятны крыж, потым яшчэ адзін, большы.

Зараз вялікі крыж выкапаны, а на самім месцы памяці пракладаецца новая дарожка. Як расказалі нам будаўнікі, замест ранейшага крыжа будзе новы, але які канкрэтна – пакуль невядома.

Характэрна, што ўсталяваны грамадскасцю вялікі крыж – шасціканцовы, ён паўтарае форму крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Год таму, на восеньскія Дзяды прадстаўнікі грамадскасці традыцыйна ўскладалі кветкі да гэтага крыжа – пісалі mogilev.media. А ў лютым гэтага года прадстаўнікі праваслаўнай абшчыны арганізавалі да памятнага крыжа хросны ход.

Фота: mogilev.media

У Магілёве прайшоў хросны ход да крыжа ў памяць ахвяр палітычных рэпрэсій – фотарэпартаж

Хросны ход і траўрная паніхіда ў памяць аб ахвярах, бязвінна забітых у гады ліхалецца ХХ стагоддзя адбыліся ў Магілёве. У шэсці прыняло ўдзел каля 350 чалавек.

Шэсце пачалося ад парка на Замкавай гары – цяпер парк Горкага і прайшло да крыжа каля Магілёўскага мясакамбіната, пастаўленага ў знак памяці пра ахвяр палітычных рэпрэсій.

Правядзенне хроснага хода да месца расстрэлаў так званых “ворагаў народу” у 1918 – 1930-х гадах стала новай традыцыяй праваслаўнай царквы – пісалі mogilev.media. 

Фота: mogilev.media

Хронікі рэпрэсій – палітвязню не даюць лекаў, затрымалі архівіста, супрацоўніцу Крычаўскай бальніцы

У магілёўскай турме журналісту і палітзняволенаму Сяргею Сацуку (на фота) не даюць лекаў у неабходнай колькасці – паведамляюць праваабаронцы са словаў родных. Сваякі Сяргея Сацука атрымалі ад яго два лісты запар, у якіх ён скардзіцца, што па-ранейшаму не мае патрэбнага лячэння:

– Моцна захварэў, паднялася тэмпература і абвастрыўся гаймарыт. Піша, што гэтым разам прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі адкрыўся рэзкі кашаль, лекар даў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасцельнага рэжыму – само па сабе небывалае паслабленне. Па-ранейшаму праблемы з сэрцам, здарыўся прыступ мярцальнай арытміі, бо для эканоміі таблетак, якія заканчваюцца, ужывае толькі палову ад неабходнага. Лекі, што мы высылалі раней, не аддаюць, хоць ён рэгулярна звяртаецца. На жаль, хваравіты стан ігнаруюць.

Супрацоўнік архіва Магілёўскай вобласці затрыманы сілавікамі. Інфармацыя пра гэта з’явілася 27 студзеня ў набліжаным да ГУБАЗіК тэлеграм-канале. На камеру мужчыну прымусілі расказаць, што ён з’яўляецца супрацоўнікам дзяржустановы, і прызнацца ў тым, што ў 2021 годзе ён «уступіў у забароненае экстрэмісцкае фармаванне».

За каментары і пасты ў сацыяльных сетках на спецыяліста раённай бальніцы ў Крычаве ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 367 і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У выніку жанчына гарантавана пазбавіцца свайго працоўнага месца і ў лепшым выпадку павінна будзе заплаціць штраф. Пры горшым раскладзе яе могуць асудзіць і даць рэальны турэмны тэрмін. 

Фота з адкрытых крыніц

Улады ліквідуюць яшчэ адно аб’яднанне – асацыяцыю ахвяр палітычных рэпрэсій

Улады ў судовым парадку ліквідуюць грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій 1920 – 1980-х гадоў». Вярхоўны суд пачне разглядаць пазоў Мінюста аб гэтым 3 лютага.

Арганізацыя існуе з 1992 году, ставіць сваёй мэтай аказанне прававой, матэрыяльнай, сацыяльна-бытавой і іншай дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсій, займаецца ўшанаваннем памяці ахвяр рэпрэсій і асветніцкай дзейнасцю.

Паводле  дадзеных праваабарончых арганізацый, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году і да канца снежня 2022 года грамадскі сектар Беларусі пазбавіўся самае малае 1 173 некамерцыйных арганізацый – абʼяднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый.

Большасць арганізацый закрываюцца рашэннем уладаў. Апошнім часам Mogilev.media паведамлялі пра скасаванне таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Памёр Віталь Еўмянькоў – рэпрэсаваны магілёўскі журналіст, філолаг, навуковец, пісьменнік

Сёння памёр Еўмянькоў Віталь Іванавіч – наш калега, былы дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый МДУ Куляшова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт – піша выданне Magilev.by, з якім да апошніх дзён ён супрацоўнічаў. 

Чалавек інтэлігентны, творчы, далікатны. Ён быў сапраўдны патрыёт.

Віталь Іванавіч доўга хварэў, але працаваў, пакуль мог, бо быў самаадданым і руплівым. Мы ўсе спадзяваліся на цуд. Але Віталя Іванавіча не стала сёння, у 10:30. На Каляды. Калегі, якія доўга ведалі яго, кажуць, што гэта было яго ўлюбёнае свята.

Светлая памяць і шчырыя спачуванні родным, сябрам, былым калегам і студэнтам спадара Віталя!

Mogilev.media далучаецца да словаў пашаны і спачуванняў нашага дарагога калегі і знакамітага чалавека, які ўсё жыццё сваё прысвяціў служэнню Беларусі. Віталь Еўмянькоў быў усебакова адораным чалавекам, навукоўцам і журналістам, педагогам і пісьменнікам. За падтрымку рэпрэсаваных у 2020 годзе студэнтаў ён, кандыдат філалагічных навук, быў звольнены з працы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова.

Развітанне з Віталём Еўмяньковым адбудзецца 27 снежня.