Эдуарду Бабарыку прызначылі 8 гадоў калоніі

Сёння ў Мінску суддзя Уладзімір Арэшка агучыў прысуд Эдуарду Бабарыку, сыну экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і кіраўніку яго перадвыбарчага штаба – 8 гадоў калоніі.

Судом Эдуард Бабарыка быў прызнаны вінаватым ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў, дапамаганні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы”.

Што да ўхілення ад выплаты падаходнага падатку, то гаворка ідзе пра перыяд з 2012 па 2022 год. У абвінавачванні гаворыцца, што Бабарыка павінен быў дэклараваць даходы, але не прадставіў у інспекцыю падатковую дэкларацыю.

Што да легалізацыі («адмывання») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дзяржабвінаваўца падчас судовага працэсу адмовіўся ад такога абвінавачвання.

Пракурор Аляксандр Кароль прасіў для Эдуарда Бабарыкі 10 гадоў калоніі.

З улікам прысуду ў 8 гадоў калоніі Эдуард Бабарыка, па разліках рэжыму, мае выйсці на волю прыкладна праз 3,5 гады, бо 1 дзень у СІЗА залічваецца за 1,5 дні калоніі.

Фота: БелТА

Частка расійскіх ваенных здаюцца ці пераходзяць на бок вагнераўцаў, Пуцін абвясціў мяцежнікаў здраднікамі

Паводле непацверджанай інфармацыі, якую перадае Reuters спасылаючыся на неназваную крыніцу ў расійскай арміі, байцы “Вагнера” ўзялі пад кантроль ваенныя аб’екты ў горадзе Варонеж, які знаходзіцца прыкладна ў 500 кіламетрах на поўдзень ад Масквы.” Агенцтва Reuters папярэджвае, што яно не змагло незалежна пацвердзіць гэтыя дадзеныя.

Звязаны з ПВК “Вагнер” Тэлеграм-канал перадае, што ў Варонежскай вобласці 180 расейскіх вайскоўцаў і сілавікоў адмовіліся перашкаджаць дзеянням вагнераўцаў і склалі зброю. На загалоўным фота – памежны пераход Бугаёўка ў Варонежскай вобласці. У СМІ таксама паяўляліся паведамленні пра пераход на бок ПВК “Вагнер” некаторых вайсковых падраздзяленняў расійскай арміі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступіў з экстранным зваротам, у якім заявіў пра загад вайсковаму камандаванню аб нейтралізацыі лідараў мецяжа. Дзеянні арганізатараў мецяжа ён назваў здрадніцкімі і “ударам у спіну”. Цікава, што ў пяціхвілінным звароце не былі названы канкрэтныя прозвішчы, гэтаксама як не прагучала прамой падтрымкі ў адрас міністра абароны РФ Шайгу і начальніга Генеральнага штаба  Герасімава.

Фота з адкрытых крыніц

Палітвязня Паўла Белавуса накіравалі ў шклоўскую калонію

Вядомы грамадзянскі актывіст і папулярызатар беларушчыны, стваральнік крамы symbal.by Павел Белавус быў асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі.

Яго жонка напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што Паўла перавялі ў шклоўскую калонію №17. «Кажа, што ўспрымае гэта як вандроўку, але крыху іншы фармат» – напісала яна.

Зараз яму можна дасылаць лісты ў Шклоў з пазнакай «каранцін»: Белавус Павел Мікалаевіч 1987 года нараджэння, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.

Фота з адкрытых крыніц

Пачаўся суд над Эдуардам Бабарыка – праз тры гады пасля затрымання

Сын удзельніка выбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2020 Віктара Бабарыкі года адверг усе абвінавачванні – піша БелТА. Яну інкрымінуюцца “ўхіленне ад аплаты падаткаў, легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам”, дапамога Сяргею Ціханоўскаму.

Паводле дзяржабвінавачання, Эдуард Бабарыка аказваў садзейнічанне Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

«Эдуард Бабарыка дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся насіллем над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады» – перадае БелТА цытаты абвінавачання, агучаныя ў судзе пракурорам.

Пры гэтым Бабарыка, паводле абвінавачання, «з дапамогай платформ «Вулей» і «Мола-мола» арганізаваў збор «сродкаў з неакрэсленага кола асоб для падтрымкі ўдзельнікаў масавых беспарадкаў».

Бацьку і сына Бабарыкаў затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Эдуард узначальваў перадвыбарчы штаб бацькі, іх спынілі, калі яны везлі ў ЦВК подпісы, сабраныя для вылучэння Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

За кратамі, без суда Эдуард Бабарыка правёў амаль тры гады. Цяпер яму пагражае да 20 гадоў зняволення.

Фота: БелТА

Рыгора Кастусёва перавялі ў бальніцу на абследаванне

Пра гэта паведаміў зяць беларускага палітыка, Дзмітрый Антончык у сваім Фэйсбуку. 

“Прыйшла інфармацыя пра Рыгора Кастусёва. – напісаў Антончык – Ад 27.04 знаходзіцца ў бальніцы (станам на 11.05). Абследаванне”.

Нагадаем, палітыка і Старшыню партыі “БНФ Адраджэнне” Рыгора Кастусёва затрымалі ў красавіку 2021 года, а ў верасні 2022 года асудзілі на 10 гадоў калоніі. Падчас зняволення ў яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Фота з адкрытых крыніц

Расійскія апазіцыянеры ў Берліне падпісалі дэкларацыю аб злачыннасці вайны супраць Украіны і ліквідацыі пуцінскага рэжыму

Расійскія актывісты і апазіцыянеры, якія выехалі з Расіі, падпісалі дэкларацыю, у якой абвясцілі вайну ў Украіне злачыннай, запатрабавалі ліквідацыі рэжыму Пуціна, вызвалення палітвязняў, ваеннапалонных і выплаціць Украіне кампенсацыі за прычыненую шкоду – паведамляе news.pn.

Сустрэча 68 прадстаўнікоў расійскай апазіцыі адбылася 30 красавіка ў Берліне, паводле яе вынікаў і была прынята заява, якую назвалі “Дэкларацыя расійскіх дэмакратычных сіл”. Нарада адбылася па ініцыятыве М. Хадаркоўскага і некалькіх іншых апазіцыянераў, якія жывуць за межамі Расіі.

“Расійскія войскі павінны быць выведзены з усіх акупаваных тэрыторый. Міжнародна прызнаныя межы Расіі павінны быць адноўлены, ваенныя злачынцы павінны быць прыцягнуты да суда, а ахвярам агрэсіі павінны быць выплачаны кампенсацыі” – сказана ў першым пункце Дэкларацыі.

Акрамя таго, у дэкларацыі прызнаны “нелегітымным і злачынным” рэжым У. Пуціна, які з гэтай прычыны “павінен быць ліквідаваны”.

Актывісты заклікалі расіян далучыцца да іх дэкларацыі і абавязаліся яе падтрымліваць да дасягнення названых стратэгічных мэт.

Сярод тых, хто падпісаў дакумент – палітыкі на эміграцыі Міхаіл Хадаркоўскі, Дзмітрый Гудкоў, Ілья Панамароў і Леанід Гозман, палітолагі Кірыл Рогаў і Іван Праабражэнскі, вядомыя прадпрымальнікі, эканамісты, юрысты, прадстаўнікі расійскіх антываенных рухаў у розных краінах.

Дэкларацыя таксама апублікавана на сайце Change.org. Пад ёй могуць пакінуць подпіс усе ахвочыя .

Віктар Бабарыка шпіталізаваны – верагодна, з траўмамі

Беларускія СМІ паведамляюць, што палітык і палітзняволены Віктар Бабарыка магчыма, быў моцна збіты ў Наваполацкай калоніі, дзе ён адбывае прысуд. Паводле інфармацыі, якая прасачылася да праваабаронцаў і прадстаўнікоў рабочага руху, зараз ён знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні бальніцы ў Наваполацку. Гаворыцца, што ў лякарню ён быў дастаўлены з шматлікімі слядамі збіцця, у стане сярэдняй ступені цяжкасці.

Некалькі месяцаў ад палітыка не паступала ніякай інфармацыі, да родных не даходзілі лісты. Ёсць інфармацыя, што апошнім часам ён пастаянна ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Ад асуджаных, што разам з ім утрымліваліся ў калоніі ў Наваполацку паступалі звесткі, што іншым зняволеным забаранялася размаўляць з Віктарам Бабарыкам. Працаваць яго паставілі на выпальванне драўнянага вугалю. Гэтая праца лічыцца адной з самых цяжкіх у калоніі.

Фота з адкрытых крыніц.

Адбываецца спроба дзяржаўнага перавароту ў Судане

У суботу раніцай, 15 красавіка, у некалькіх частках сталіцы Судана Хартума раздаліся стрэлы і выбухі – паведамляе news.pn.

Сутыкненні адбыліся пасля некалькіх тыдняў росту напружанасці паміж Суданскай арміяй, якую ўзначальвае генерал Абдэль Фаттах аль-Буран, і Сіламі аператыўнай падтрымкі, магутнай ваенізаванай групоўкай, якую ўзначальвае генерал-лейтэнант Махамед Хамдан.

Ваенныя, якія захапілі ўладу ў выніку перавароту 25 кастрычніка 2021 года, у гэтым месяцы пагадзіліся перадаць гэтую ўладу грамадзянскаму ўраду. Але ў пачатку красавіка ў чарговы раз было адкладзенае падпісанне палітпагаднення паміж пераходнай суверэннай радай Судана і прадстаўнікамі апазіцыйных арганізацый.

ААН атрымала паведамленні аб баявых дзеяннях амаль ва ўсіх раёнах Хартума.

Пасля абеда баі працягнуліся і перамясціліся ў раён аэрапорта. З-за гэтага фактычна заложнікамі сталі ўсе рэйсавыя самалёты і іх экіпажы, якія знаходзіліся ў аэрапорце, у тым ліку украінскія і расійскія, паколькі зараз вылет з’яўляецца небяспечным – дадае 24tv.ua.

Былога кандыдата ў прэзідэнты Перу асудзілі за забойства журналіста 35 гадоў таму

Былы міністр унутраных спраў і адстаўны генерал перуанскай арміі Даніэль Урэсці быў прысуджаны да 12 гадоў турэмнага зняволення як саўдзельнік забойства журналіста Уга Бустыяса ў 1988 годзе.

Уга Бусціас быў рэпарцёрам штотыднёвіка Caretas у андскім рэгіёне Аякуча, які знаходзіўся ў цэнтры ўзброенага канфлікту ў 1980-х і 90-х гадах. Журналіст паведамляў аб парушэннях правоў чалавека, учыненых як паўстанцамі, так і ўзброенымі сіламі. Гэты рэгіён найбольш пацярпеў ад палітычнага гвалту падчас жорсткага грамадзянскага канфлікта, у якім загінулі альбо зніклі без вестак амаль 70 000 чалавек.

Бусціас быў абстраляны з кулямётаў групай салдат у цывільным, калі ён ехаў на матацыкле. Яго спадарожніку, яшчэ аднаму журналісту, які ехаў на задняй панэлі, удалося ўцячы. Калі Бусціас ляжаў цяжка паранены, па словах пракуратуры, салдаты ўзарвалі выбухоўку на яго целе, забіўшы яго.

Урэсці быў абвінавачаны двума калегамі-афіцэрамі з яго ваеннай базы, яны сцвярджаюць, што Урэсці быў у той час капітанам, які адказваў за разведку, і што ён удзельнічаў у засадзе, у якой быў забіты Бусціас у лістападзе 1988 года.

У Урэсці была доўгая палітычная кар’ера, у тым ліку ён працаваў у якасці міністра ўнутраных спраў, кангрэсмена з 2020 па 2021 год, быў кандыдатам у прэзідэнты Перу ў 2016 і 2021 гадах і кандыдатам на пасаду мэра сталіцы Лімы у 2018 і 2022 гадах.

Суд прызнаў Бусціаса вінаватым і асудзіў на 12 гадоў турмы – паведамляе рэсурс quienlosabe.com.

Фота: quienlosabe.com

Трамп стаў другім у гісторыі экс-прэзідэнтам ЗША, якога арыштоўвалі

4 красавіка былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп быў арыштаваны ў зале суда для ўдзелу ў пасяджэнні, на якім яму былі зачытаныя 34 пункты афіцыйнага абвінавачвання. Пазней палітыка вызвалілі з-пад варты і абавязалі зноў з’явіцца ў суд у снежні 2023 года.

Як піша The New York Times, у цэнтры пракурорскага абвінавачвання знаходзяцца некалькі эпізодаў подкупу, якія, верагодна, былі здзейсненыя дзеля ўплыву на вынік прэзідэнцкіх выбараў у ЗША ў 2016 годзе. Акрамя выплаты порнаактрысе Стормі Дэніэлс 130 000 долараў за маўчанне пра сэксуальную сувязь у 2006 годзе, разглядаюцца яшчэ дзве выплаты. 

Заяўляецца, што швейцар будынка Trump Tower атрымаў хабар у 30 000 долараў за маўчанне пра пазашлюбнага дзіцёнка Трампа, а зорка Playboy 1998 года Карэн Макдугал нібыта атрымала ад газеты The National Enquirer 150 000 у якасці ганарару за гісторыю пра раман з Трампам. Гэтыя грошы выплочваліся па прынцыпе “злаві і забі” – то бок дзеля таго, каб гэтая гісторыя ніколі не была надрукаваная.

Дональд Трамп стаў другім экс-прэзідэнтам ЗША, які арыштоўваўся паліцыяй. Раней першым арыштаваным стаў былы прэзідэнт Уліс Грант, якога бралі пад варту за перавышэнне хуткасці пры яздзе на гужавой павозцы па Вашынгтоне ў 1872 годзе. Уліс Грант быў вымушаны выплаціць 20 долараў залогу, каб апынуцца на свабодзе.

Фота з адкрытых крыніц.