Эколагi i актывісты абуралiся з-за будаўніцтва “Омск Карбон” i давалi сумныя прагнозы. Якая зараз сiтуацыя з заводам?

У Магілёве пяць гадоў таму пачаў працаваць хімічны гігант “Омск Карбон” – адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю тэхнічнага вугляроду. Завод яшчэ на стадыі будаўніцтва выклікаў абурэнне мясцовых актывістаў і сумныя прагнозы ад эколагаў. Гэтыя прагнозы, магчыма, пачынаюць спраўджвацца – калi глядзець на спадарожнікавыя фотаздымкi, то можна заўважыць, што вакол завода пачынае распаўзацца чорная пляма. Mogilev.media расказвае, што гэта за прадпрыемства і чым можа быць небяспечным для Магілёва.

Тэхнічны вуглерод выкарыстоўваецца ў хімічнай прамысловасці ўжо больш за сто гадоў. Упершыню дадаваць сажу ў якасці ўзмацняльніка гумы прапанаваў амерыканскі хімік Джордж Оэнслагер яшчэ ў 1912 годзе. З таго часу перспектывы гэтай галіны прамысловасці толькі пашыраюцца – сажу дабаўляюць і ў колы аўтамабіляў і ў падэшвы чаравікоў, а сусветнае спажыванне тэхнічнага вуглероду наблізілася ў нашы дні да 19,2 метрычных тон у год. 

На прасторы былога СССР галоўнымі прадпрыемствамі па вырабе тэхнічнага вуглероду былі “Омсктэхвуглерод”, які запрацаваў яшчэ ў часы Другой Сусветнай вайны і завод у Валгаградзе, якія пакрывалі практычна ўсе патрэбы сацыялістычнай эканомікі. З развалам СССР абодва прадпрыемствы трапілі ў адны прыватныя рукі і зараз на 100% належаць кампаніі Омсккарбон Груп Лімітэд, зарэгістраванай на Кіпры. 

У пачатку 2010-х гадоў кіраўніцтва кіпрскай кампаніі прапанавала адкрыць новае прадпрыемства па вырабе тэхнічнага вуглероду ў Магілёве, на пляцоўцы свабоднай эканамічнай зоны. Інтарэс інвестара быў цалкам зразумелы – спажыванне гэтай сажы па ўсім свеце толькі расце, а магілёўская лакацыя нашмат зручнейшая па лагістыцы, чым Валгаград ці Омск. Зацікаўленым у новым паспяховым прадпрыемстве было і кіраўніцтва Магілёўскага рэгіёна. А вось яўна не зацікаўленай аказалася адна катэгорыя грамадзян, ад якой у Беларусі часцей за ўсё мала што залежыць – гэта насельніцтва самаго рэгіёна. Хоць, напэўна, не ўсё, а толькі тое, што хвалюецца праблемамі экалагічнай бяспекі. Але пра гэта – пазней.

Вытворчасць тэхнічнага вуглерода на прадпрыемстве “Омск Карбон” у Магілёве пачалася ў снежні 2019 года. Сам завод быў запраектаваны ў 2014 годзе. Менавіта тады ў чыстым полі пад Магілёвам адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі “капсулы часу” на месцы будаўнічай пляцоўкі.

Омск Карбон капсула
На фота ў сярэдзіне – старшыня Магілёўскага аблвыканкама ў 2014 годзе Пётр Руднік. Тагачасны старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў – з рыдлёўкай. Фота: mogilevnews.by

Адразу пасля абвяшчэння ў прэсе пра пачатак будаўніцтва, пачалася хваля абурэння экаактывістаў – і так загружаны хімічнымі прадпрыемствамі ўчастак Свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў” ператвараўся ў рэальную праблему для жыхароў усяго Задняпроўя. Знізіць градус трывожнасці спрабуе дзяржаўная прэса, і спосаб для гэтага выбралі даволі просты – пераконваць чытача, што ніякай пагрозы прадпрыемства не нясе.

Зараз “Омск Карбон Магілёў” з выгляду “нагадвае касмадром і ўжо сапраўды не асацыюецца ў недасведчаных з вытворчасцю тэхнічнага вугляроду” – віртуозна абмінае вострыя вуглы выданне “СБ. Беларусь сегодня”, публікуючы пра хімічнага гіганта пад Магілёвам чарговы вялікі матэрыял. Ну, альбо вось яшчэ элегантны пасаж: 

“Да вугляродных прадуктаў адносіцца, напрыклад, сажа. У адрозненне ад яе, тэхнічны вуглярод – гэта разумны прадукт(…) У Магілёве яго выпускаюць у зачыненых цыліндрычных праточных рэактарах: экалагічна і бяспечна”.

Зразумела, што ў чытача пасля гэтых словаў можа з’явіцца ўражанне, што выкіды з прадпрыемства “Омск Карбон” – гэта ніякая не сажа. А сам завод нейкім чынам здолеў усе свае тэхналагічныя працэсы памясціць умоўна кажучы ў “вакуум”, з якога нічога не прарываецца вонкі і не пагражае жыхарам бліжэйшых населеных пунктаў.

Вакол “Омск Карбон Магілёў” з’явілася цёмная пляма? 

Вось так выглядала тэрыторыя завода “Омск Карбон Магілёў” у самы першы год яго працы – у 2019-ым. Спадарожнікавы здымак узяты з платформы Yandex maps.

Яндэкс
А вось так выглядаў той жа самы ўчастак у 2024 годзе – усяго пасля чатырох гадоў працы. Спадарожнікавы здымак узяты з платформы Google maps. І адразу заўважым – гэта не цень ад воблака.
Гугл
Вось тут, для нагляднасці, мы сабралі храналогію будаўніцтва прадпрыемства, зафіксаваную на спадарожнікавых здымках ад розных пастаўшчыкаў, пачынаючы з 2014 года па 2024. Напрыканцы можна добра пабачыць, што вакол “Омск Карбона” пачала фарміравацца цёмная пляма ад выкідаў сажы, якую зараз у дзяржаўнай прэсе пачалі рэтушаваць пад слова-замяняльнік “тэхнічны вуглерод”.

 

Сажа ці не сажа?

Часам для наймення тэхнічнага вугляроду ўжываюць тэрмін “сажа”, што з’яўляецца недакладным – з першых слоў паведамляе нам у профільным артыкуле расійскамоўная Вікіпедыя, маючы на ўвазе, што слова “сажа” варта ўжываць толькі да такіх прадуктаў згарання, якія здабываюцца некантралявана. 

Іншага прынцыпу прытрымліваюцца складальнікі англамоўнай, ці нямецкамоўнай, ці іспанамоўнай Вікіпедый і ўсіх астатніх. Тут усе вугляродзістыя прадукты гарэння – гэта “сажа”, альбо “carbon black”, незалежна ад таго, якім спосабам яны атрыманыя – у печы, на вогнішчы, альбо ў рэактары. Таму што розніцы паміж выкідамі няма – гэта такая самая копаць, і яе ўздзеянне на арганізм асабліва не залежыць ад філалагічных нюансаў словаўжывання. Наогул, складаецца ўражанне, што ў расійскамоўным сектары самага папулярнага энцыклапедычнага рэсурса планеты не проста так падкрэсліваецца развядзенне тэхнічнай сажы і сажы натуральнай. 

Таму што сажа, адназначна – гэта канцэраген. Нават кароткачасовае ўздзеянне высокіх канцэнтрацый сажы для чалавека патэнцыйна можа выклікаць пашкоджанне верхніх дыхальных шляхоў. Тут слова патэнцыйна выдзелена невыпадкова – справа ў тым, што ўсе даследванні пра канцэрагеннасць сажы праводзіліся толькі на жывёлах. І яны прадэманстравалі значнае павелічэнне захворвання на рак лёгкіх у падвопытных пацукоў. 

Даследаванні праводзіліся і наконт уздзеяння гэтага канцэрагену на чалавечы арганізм – але ўжо не вопыты, а назіранні. Так, вынікі двух даследаванняў, у Вялікабрытаніі і ў Германіі (тут аналізаваліся супрацоўнікі завода Kalscheuren у ваколіцах Кёльна), паказалі павышаную смяротнасць ад раку лёгкіх. Што праўда, падобнае назіранне ў ЗША такой залежнасці не прадэманстравала. Вывучэнне гэтага пытання працягваецца.

Яблык ад яблыні

А вось тое, што нас, верагодна, чакае ў далёкай перспектыве. Паглядзіце, як выглядае тэрыторыя завода, аналагічнага “Омск Карбону”. Гэта матчыннае прадпрыемства “ОмскТэхвуглерод”, адпаведна, у горадзе Омску, пасля 80 гадоў працы.

ОмскТэхвуглерод

Дарэчы, калі б кіраўніцтва холдынга пажадала перакласці назву прадпрыемства цалкам на славянскія мовы, то магілёўскі завод называўся б “Омск Сажа”. Але гэта лірычнае адступленне.

Што кажуць спецыялісты

“Омск Карбон” функцыянуе ў Магілёве ўжо пяць гадоў. Лагічна будзе задацца пытаннем, як рэгіструецца яго ўздзеянне на навакольнае асяроддзе адпаведнымі маніторынгавымі службамі за ўвесь гэты час. Mogilev.media атрымалася ўзяць каментарый ад спецыяліста ў дадзенай галіне. Па зразумелых прычынах, мы не можам называць асобу суразмоўцы, адзначым толькі, што гэта дзейсны супрацоўнік у сферы экалагічнага маніторынга.

Спачатку крыху пра тое, як ажыццяўляецца падобны маніторынг. Для гэтага вядзецца журнал уліку выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу са стацыянарных крыніц, дадзеныя з якога павінны адпавядаць устаноўленым дзяржавай нарматывам. Прычым гэтыя дадзеныя рэгіструюцца як самім прадпрыемствам, так і дзяржаўным цэнтрам маніторынга. Груба кажучы, у трубе прадпрыемства стаяць два датчыкі – адзін дзяржаўны, другі ад самаго завода.

Адпаведна, калі назіраецца перавышэнне нарматываў, альбо разыходжанне ў дадзеных, то пачынае прымяняцца адпаведнае прыродаахоўнае заканадаўства – так бы мовіць, уключаюцца механізмы пакарання і ліквідацыі негатыўных фактараў.

На “Омск Карбоне” афіцыйна зарэгістравана пяць крыніц выкідаў забруджвальных рэчываў. Зноў, па-просту кажучы, гэта пяць труб. Менавіта яны і знаходзяцца пад кантролем з боку сістэм маніторынга. На ўсіх трубах усталяваныя датчыкі вымярэння шкодных выкідаў – як вышэй казалася, ад самаго прадпрыемства і ад цэнтра маніторынга. Ёсць, праўда, яшчэ і шостая труба, пабудаваная пад наступнае павелічэнне магутнасцяў, але яе мы можам смела ігнараваць, таму што ў яе нават інвентарнага нумару яшчэ няма.

Дадзеныя з гэтых датчыкаў сыходзяць у Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантроля ў галіне навакольнага асяроддзя. Афіцыйныя дадзеныя па выкідах у паветра з гэтых пяці труб паводле справаздач цэнтра паказваюць пра адпаведнасць узроўню выкідаў дакументу “ЭкоНиП 17.08.06-001-2022” – аб зацвярджэнні экалагічных нарматываў і правілаў. Што ж з гэтымі дадзенымі? 

Умоўна адкрытыя дадзеныя

Наш суразмоўца адзначае, што рэгістраваліся выпадкі, калі паказчыкі з датчыкаў не счытваліся, і ў выніку інфармацыя ў сістэму маніторынга не паступала. Але мы можам гэтую заўвагу праігнараваць – парушэнне было выяўлена і выпраўлена. На агульную сітуацыю гэта мала ўплывае. Важна іншае.

Дык вось. Уласна кажучы, калі мы хочам знайсці адказ на пытанне – які ж вынік даюць паказанні па ўзроўні выкідаў “Омск Карбона”, то тут нас і чакае галоўнае расчараванне на мяжы са збянтэжанасцю. Гэта закрытая інфармацыя. Адкрытых дадзеных няма.

Тая інфармацыя, што даецца ў публічны доступ (і з якой маглі б пазнаёміцца спецыялісты-эколагі) падаецца ва ўмоўна адкрытым фармаце. Гэта значыць, што паказанні па ўзроўні выкідаў асноўнага забруджвальніка з завода, аксіда вуглярода, даюцца не ў абсалютных лічбах, а ў працэнтах. Больш дакладная статыстыка мае грыф “Для службовага карыстання”, а інфармацыя пра агульныя аб’ёмы выкідаў з’яўляецца закрытай.

Ну, альбо вось яшчэ адзін прыём ад віртуозаў статыстыкі – кожны год прадпрыемства падае ў дзяржаўныя службы папярэднюю інфармацыю пра ўзровень выкідаў, які плануецца ажыццявіць. А па выніках года публікуецца інфармацыя не пра тое, колькі ў выніку было гэтых выкідаў у аб’ёме, а пра тое – выканаў завод гэты заяўлены план, ці не, не справіўся. 

Аднак, не будзем нагнятаць страху. Проста яшчэ раз зарэгіструем той факт, з якога пачалі, і той, якім варта закончыць – на спадарожнікавых здымках, стала ўжо заўважная характэрная цёмная пляма вакол завода “ОмскКарбон”, а інфармацыя пра аб’ёмы адкідаў з прадпрыемстваў засакрэчаная.

Чорная пляцоўка і зімой і летам

Мы не здарма цягам усяго матэрыяла ўзгадваем і параўноўваем омскае прадпрыемства тэхнічнага вуглероду, з якога ўсё пачалося. Расійскія эколагі, маючы вопыі шматгадовых назіранняў за гэтым хімічным гігантам, заяўлялі прама – завод з’яўляецца непасрэднай крыніцай экалагічнага забруджвання, што б ні казалі пра адрозненне “тэхнічнага вуглерода” ад “сажы”. 

Кожны год, зімой і летам тэрыторыя омскага прадпрыемства чорная ад сажы. Часам выкіды чорных аблокаў можна пабачыць непасрэдна назіраючы за заводам.

Акрамя выкідаў сажы, экалагічную небяспеку нясуць таксама самі тэхналагічныя працэсы працы з сыравінай. Вось, напрыклад, якія высновы наконт небяспекі прадпрыемства робіць омскі навуковец В. Шопін у сваёй дысертацыі на званне кандыдата навук:

Шопін
Пра тое, якiя непрыемнасцi можа прынесці “Омск Карбон” Магілёву, незалежная прэса пісала якраз перад самым адкрыццём завода – поўны архіўны матэрыял чытайце цалкам тут: “Какую беду может принести “Омск Карбон” Могилеву. Расследование.“. Што ж, з гэтай прэсай разабраліся – разграмілі рэдакцыю, пасадзілі журналістаў. Цяпер “СБ – Беларусь сёння” пераконвае публіку, што завода баяцца не трэба. Памятаеце: “нагадвае касмадром і ўжо сапраўды не асацыюецца ў недасведчаных з вытворчасцю тэхнічнага вугляроду”. 

А што ж тады з чорнай плямай рабіць будзем?

Чытаць яшчэ: Як складваецца сітуацыя на “Магілёўліфтмашы” – наш вялікі разбор

Падмікольскі парк у Магілёве – якія экалагічныя праблемы былі названыя, і як іх праігнаравалі

У Магілёўскім гарвыканкаме завяршылася грамадскае абмеркаванне праблемы ўздзеяння работ па будаўніцтве дарожна-транспартнай інфраструктуры ў парку Падміколле на навакольнае асяроддзе. Апублікаваны на сайце гарвыканкама пратакол абмеркавання паказвае, што эколагі звярнулі ўвагу на шэраг асаблівасцяў развіцця гэтай паркавай зоны, якія спрыяльнымі для захавання прыроднага свету ніяк не назавеш.

Так, удзельніца абмеркавання Валерыя Яфрэмава звярнула ўвагу, што праект будаўніцтва дарожнай інфраструктуры ў парку прадугледжвае:

  • выдаленне аб’ектаў расліннага свету;
  • вырубку дрэваў.

Таксама падчас падрыхтоўкі да арганізацыі будаўнічых прац было праігнаравана тое, як гэтыя працы паўплываюць на жывёльны свет і якім будзе шумавое ўздзеянне ад дарожна-транспартнай інфраструктуры.

Пасля парушэння прыродных экасістэм

Цяпер зробім невялікае адступленне, для таго, каб пагрузіцца ў кантэкст праблемы. Справа ў тым, што ўжо шмат гадоў магілёўскія эколагі звяртаюць увагу, што арганізацыя парка ў Падміколлі ідзе парадаксальным для паркавага будаўніцтва чынам. Раней зялёная зона ў Падміколлі з’яўлялася натуральным прыродным калідорам, які ішоў фактычна праз увесь горад па беразе Дняпра, злучаючы зоны дзікай прыроды на поўнач і поўдзень ад Магілёва. Будаўніцтва ж парка, замест захавання гэтага некранутага ўчастка, арганізаванае так, каб яго цалкам перарэзаць. 

Паглядзіце, як пра гэта прама гаворыцца ў адказе прадстаўнікоў Магілёўскага гарвыканкама падчас грамадскага абмеркавання: “Сообщества почвенных беспозвоночных, мелких земноводных, сформированные после нарушения природных экосистем, являются вторичными… [вследствие чего] расчет компенсации для данной территории нецелесообразен”.

вырубают деревья

Такім чынам, атрымліваецца, што будуючы парк у Падміколлі, арганізатары спачатку самі ж парушылі прыродныя экасістэмы, а потым самі ж заяўляюць, што раз уж так атрымалася, то і жывёльны свет тут ужо другасны, і на яго можна напляваць.

Будаўніцтва парка метадам вырубкі дрэваў

Другая парадаксальная рэч падчас будаўніцтва парка ў Падміколлі – знішчэнне старых дрэў, асабліва рэдкіх парод. Звычайна парк – гэта дрэвы. У нас жа, атрымліваецца, што парк – гэта лесвіца і дарожкі.

Пра тое, што ў парку паміраюць старыя вязы, mogilev.media пісалі яшчэ два гады таму. Зараз жа праект стварэння ў Падміколлі новай дарожна-транспартнай інфраструктуры наўпрост прадугледжвае “значнае выдаленне аб’ектаў расліннага свету, у тым ліку вырубку дрэваў”.

Наўзамен старым вязам у Паміколлі стараюцца пасадзіць сотні маладых дрэўцаў, але калі яны вырастуць? І ці вырастуць? Ці не атрымаецца ў нас яшчэ адзін такі ж самы лысы парк, як той, што каля Святога возера? 

Такім чынам, пакуль што ў Магілёве галоўны парк горада, у які ўлады ўжо амаль дзесяць гадоў укідваюць каласальныя сродкі – гэта бетонныя дарожкі, вінегрэт з розных аматарскіх скульптурных кампазіцый і вулічных трэнажораў. Ну і лесвіца, якая нікуды асабліва і не вядзе, а існуе як быццам бы проста сама па сабе.

Фота: mogilev.media

“Пацерпяць жыхары бліжэйшых населеных пунктаў” – прайшло абмеркаванне новага завода па Слаўгарадскай шашы

У Магілёўскім гарвыканкаме прайшло грамадскае абмеркаванне экалагічнага ўздзеяння новай вытворчасці пад Магілёвам. Тут запланаванае будаўніцтва прадпрыемства па вырабе базальтавага ўцяпляльніка. 

Па Слаўгарадскай шашы ў Магілёўскім раёне, каля вёскі Палетнікі і пасёлка Вейна запланаваная рэканструкцыя закансерваваных памяшканняў, якія раней планаваліся пад вытворчасць электрарухавікоў для ліфтаў. Мяркуецца, што прадпрыемства “Газасілікат Магілёў” будзе ствараць тут новую імпартазамяшчальную вытворчасць – завод “Базальтум” на кітайскім абсталяванні. Завод будзе выпускаць базальтавы ўцяпляльнік.

Грамадскія слуханні новага аб’екта сабралі вялікую колькасць заўваг спецыялістаў што наконт уздзеяння новай вытворчасці на навакольнае асяроддзе. Так, удзельнік абмеркаванняў Валерыя Яфрэмава выказала наступныя заўвагі:

  • Чаму неабходна вырубаць велізарную колькасць дрэў пад новую вытворчасць? Няўжо няма іншага, незанятага ўчастка?;
  • У Беларусі ўжо быў сумны вопыт па эксплуатацыі кітайскага абсталявання. Калі ў гэтым выпадку таксама будуць парушаныя нарматывы тэхналагічных працэсаў, то пацерпяць жыхары бліжэйшых населеных пунктаў;
  • Падчас падрыхтоўкі дакументацыі пра экалагічнае ўздзеянне ініцыятар будоўлі ў вялікай колькасці выпадкаў выкарыстоўваў няпоўныя, недастатковыя альбо недакладныя дадзеныя.

Адзначым таксама, што новая вытворчасць запланаваная ў непасрэднай блізкасці ад населеных пунктаў і жылой забудовы – у 60 метрах ад вёскі Палетнікі – у водаахоўнай зоне воднага аб’екта.

Па выніках пасяджэння, матэрыялы грамадскага абмеркавання было вырашана накіраваць на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве збіраюцца пабудаваць яшчэ аднаго хімічнага гіганта – цяпер па вырабе смол

Магілёўскі гарвыканкам абвясціў грамадскія слуханні па праекце будаўніцтва на пляцоўцы Свабоднай эканамічнай зоны новага хімічнага гіганта – завода па вырабе поліамідполіаміна-эпіхлоргідрынавых смол. Абмеркаванне стартавала 14 жніўня і будзе працягвацца да 19 верасня 2024 года.

Як вынікае з праектнай дакументацыі, ініцыятарам будаўніцтва выступае Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Ультрахем”, зарэгістраванае ў Вяйнянскім сельсавеце. Плануецца, што завод будзе выпускаць па 20 тысяч тон поліамідполіаміна-эпіхлоргідрынавых смол у год.

Пры вытворчасці гэтых смол прадпрыемства будзе выкарыстоўваць наступную сыравіну:

  • адыпінавая кіслата;
  • дыэтылентрыямін;
  • эпіхлоргідрын;
  • саляная кіслата.

Усе гэтыя хімічныя рэчывы з’яўляюцца небяспечнымі – падкрэсліваюць спецыялісты навукова-вытворчай фірмы “Экалогія”, што падрыхтавала справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Праектным рашэннем прадугледжана арганізацыя 5 стацыянарных крыніц выкідаў адыходаў у атмасферу – 4 арганізаваных і 1 неарганізаванага. Валавыя выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра складуць 0,092844 т/год. Але – гэта ў выпадку, калі ўсе праектныя рашэнні будуць строга вытрыманыя.

Такім чынам, Магілёў, які і так уваходзіць у дзясятку самы забруджаных гарадоў Беларусі, будзе і надалей толькі ўмацоўваць сваё лідарства.

Фота: mogilev.media

Узровень кішачнай палачкі на магілёўскім пляжы ў 24 разы перавысіў норму

У Магілёве і Бабруйску ўводзяць новыя абмежаванні на купанне, а ў Кадзіне, Клімавічах і Леніно наадварот, адкрываюць пляжы для ўсіх ахвотных.

Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі расказаў аб выніках лабараторных даследаванняў проб вады з зон рэкрэацый Магілёва і Магілёўскага раёна – піша выданне Mogilev.in.

Дапушчальны індыкатар паказчыка кішачнай палачкі Е.соli складае не больш за 100 СЁЕ/100 см³. На Дняпры ў раёне гарадскога пляжу абласнога цэнтра ён перавышае норму ў 24 разы, а ў заліве ракі на Фаціна – у 6,2 разы.

На сённяшні дзень у Магілёве закрытыя тры афіцыйныя пляжы на Дняпры – гарадскі, на Фаціна і ў Палыкавічах. Аднак, купацца можна ў Пячэрскім водасховішчы (тут, дарэчы, самая чыстая вада ў горадзе) і на Святым возеры. На Святым возеры, праўда, рэкамендуецца не пускаць у ваду дзяцей.

Магілёўскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведамляе, што ўсяго па вобласці было ўзята 68 проб вады на 14 жніўня 2024 года. У 17 выпадках нарматывы былі перавышаныя. У выніку цэнтр рэкамендаваў абмежаваць купанне на гарадскіх пляжах №1 і №2 у Бабруйску.

Адначасова, абласныя гігіеністы рэкамендавалі зняць абмежаванні з пляжаў:

  • каля аграгарадка Кадзіна на возеры Гусіным;
  • на рацэ Асцёр у Клімавічах;
  • на сажалцы ў пасёлку Леніно Горацкага раёна.

Поўную інтэрактыўную мапу забарон на купанне па Магілёўскай вобласці можна знайсці тут.

Фота: mogilev.media

Рэдкага і самага вялікага на планеце чорнага слізня бачылі пад Магілёвам

Шыза-чорны слізень лічыцца самым вялікім на нашай планеце. Ён сустракаецца вельмі рэдка, а нядаўна яго заўважылі пад Магілёвам.

Чытачы mogilev.media падзяліліся фотаздымкам з выявай незвычайнай жывёлы, якую яны пабачылі ў лесе пад Магілёвам. Яны паказалі, як на грыбе-сыраежцы красуецца вялізны смоўж незвычайнай шыза-чорнай афарбоўкі. Першапачаткова нашы чытачы спалохаліся, што следам за небяспечнымі іспанскімі слізнямі на Магілёўшчыну пачалі пранікаць нейкія новыя інвазіўныя віды малюскаў. 

чорны смоўж

Аднак, як высветлілася, гаворка вядзецца не пра інвазіўны, а пра цалкам натуральны для Беларусі від, шыза-чорнага смаўжа. Гэта вельмі рэдкая знаходка, падобныя жывёлы ўнесеныя ў Чырвоныя кнігі некалькіх краін і рэгіёнаў.

Шыза-чорны слізень (лац.: Limax cinereoniger) лічыцца самым буйным на нашай планеце. Даўжыня яго слізкага цела часам дасягае 30 см, што з’яўляецца рэкорднай лічбай для ўсіх яго суродзічаў. Сустракаецца гэты прадстаўнік атрада лёгачных смаўжоў практычна на ўсёй тэрыторыі Еўропы, выключэнне складаюць толькі самыя паўночныя і халодныя яе часткі.

чорны слізень

Шыза-чорны слізень водзіцца ў наступных рэгіёнах:

  • Германіі; 
  • Вялікабрытаніі і Ірландыі, дзе гэты від унесены ў Чырвоную кнігу;
  • у краінах Балтыі;
  • ва Ўкраіне;
  • Беларусі;
  • Малдавіі;
  • у паўднёвай Карэліі

Таксама ён жыве на ўсёй еўрапейскай частцы Расійскай Федэрацыі, а ў Маскоўскай, Самарскай, Ульянаўскай, Ніжагародскай і Кіраўскай абласцях знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

чорный слизень

Гэта вельмі рэдкі від смаўжоў, які сустракаецца толькі ў адзінкавых экземплярах. Ён аддае перавагу вільготным лясістым мясцовасцям і паркам з добрым травяністым покрывам. Днём хаваецца ў дуплах дрэў, пад карчамі, ламаччам і камянямі, а ўначы выпаўзае з хованкі, каб перакусіць.

Фота з адкрытых крыніц

У Чэрыкаве абмяркоўвалі “разумны куратнік”

Пілотны праект на аграэкасядзібе “Лілея” ў Чэрыкаўскім раёне атрымаў міжнародны грант і цяпер яго вопыт плануюць распаўсюджваць у рэгіёне.

З падтрымкай Праграмы развіцця ад Арганізацыі аб’яднаных нацый на Магілёўшчыне рэалізавана безліч праектаў.  У Чэрыкаўскім раёне ажыццявілі шэсць ініцыятыў – гэта workout-пляцоўкі, устаноўленыя на гарадскім стадыёне і возеры, велапаркоўкі і так званы “смарт-куратнік” у аграсядзібе “Лілея” Сяргея Дубяга.

Вопыт разумнага куратніка прыехала вывучаць цэлая дэлегацыя з Быхаўскага, Краснапольскага, Клічаўскага і Слаўгарадскага раёнаў – піша “Веснік Чэрыкаўшчыны”. Прадстаўнікі “Цэнтра інавацыйнага развіцця”, якія курыруюць рэалізацыю грантавых праграм ад ААН, адсочваюць эфектыўнасць гэтага пілотнага праекта.

– Задача была стварыць аўтаматызаваны догляд за курамі. – расказала дырэктар цэнтра Алена Вярбіцкая – Мы сочым за тым, наколькі праект эфектыўны. Трэба сказаць, што дзякуючы аўтаматызацыі, можна падоўжыць і светлавы дзень, калі ён становіцца карацей, і стварыць камфортную цеплыню, калі паніжаецца тэмпература навакольнага асяроддзя.

Ініцыятыву пракаментавала таксама дырэктар Фонду мясцовага развіцця “Старт-Усход” з Краснаполля Наталля Андрэенка:

– Для асабістай падсобнай гаспадаркі і аграсядзіб смарт-куратнік вельмі эфектыўны. Асабліва такі аб’ект будзе карысны тым, хто прыязджае на лецішча раз у тыдзень. Як ідэяй мы зацікавіліся, удакладнілі кошт праекту, яго моцныя і слабыя бакі. Можна ўключыць у праект, мультыпліцыраваць ініцыятыву ў іншыя раёны, паколькі ўсе нашы раёны – сельскагаспадарчыя, ёсць асабістыя падсобныя гаспадаркі. Думаю, што гэта ўстойлівы праект, які будзе надалей паспяхова існаваць не толькі ў Чэрыкаўскім раёне. Трэба расказваць пра гэты праект, магчыма, нехта ў дачным пасёлку або на сваім участку паўторыць гэты вопыт.

Смарт-куратнік, гэта папулярная інавацыя сярод дачнікаў у апошнія гады. Гэта нярэдка самаробнае памяшканне для дробнай хатняй жывёлы, абсталяванае аўтаматызаванымі сістэмамі для ацяплення, асвятлення і кармёжкі. Такі куратнік дазваляе гаспадарам трымаць хатнюю жывёлу на дачным участку, наведваючы яго адзін-два разы на тыдзень.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны” і з адкрытых крыніц

Расліна-паразіт пачала трывожыць жыхароў Магілёўшчыны, але стоп – яна ў Чырвонай кнізе

Амяла пакуль амаль не сустракаецца ў Магілёўскім рэгіёне, але з паступовым пацяпленнем клімата яна становіцца ўсё бліжэй.

Continue reading “Расліна-паразіт пачала трывожыць жыхароў Магілёўшчыны, але стоп – яна ў Чырвонай кнізе”

Па цэнтры Магілёва бегала казуля – відэа

Проста ў цэнтры горада Магілёва мінакі заснялі дзікую казу. Жывёла грацыёзна пранеслася па схіле гары, на якой размешчана плошча Арджанікідзэ, праскочыла лесвіцу Падмікольскага парка і знікла ў хмызах у накірунку рэчкі Дзебры.

Варта адзначыць, што пойма Дняпра на працягу ўсёй працягласці ракі ў Магілёве з’яўляецца натуральным зялёным калідорам для дзікіх жывёл. Захаваць гэты некрануты ўчастак горада неаднаразова заклікалі грамадскія актывісты.

У прытулку пад Асіповічамі ратуюць лебедзяў – адзін умерз у лёд, у другога адмовілі лапы

Трох лебедзяў з-пад Мінска перавезлі на лячэнне ў прыватны прытулак у Асіповіцкім раёне. Пра двух хворых лебедзяў на водасховішчы Дразды паведамілі мясцовыя жыхары. Калі выратавальнікі вызвалілі іх з ледзянога палону, аказалася, што ў аднаго пашкоджана шыя, а ў другога не дзейнічаюць лапы. Прычыну таго, што лебедзі не паляцелі ў вырай, спецыялісты звязваюць з чалавечым фактарам. Мінакі часта кормяць лебедзяў хлебам, з-за чаго птушкі тлусцеюць і не могуць падняцца ў паветра. 

Яшчэ аднаго лебедзя ў крытычным стане заўважылі на вадасховішчы каля санаторыя “Беларусачка”. Ён умёрз у лёд і так аслабеў, што не мог рухацца. Для выратавання выкарыстоўвалася судна “Марс” на паветранай падушцы. Спецыялісты выратавальнай станцыі разбівалі лёд вакол птушкі, а потым за ёй у ваду спускаўся вадалаз – расказвае газета “Асіповіцкі край”. У страваводзе лебедзя знайшлі рыбалоўны кручок з грузікам.

Усіх трох выратаваных лебедзяў адвезлі ў прыватны прытулак пад Асіповічамі, які спецыялізуецца на дапамозе птушкам. Тут лебедзяў выходжваюць. Першага пацярпелага з вадасховішча Дразды туды даставілі яшчэ ў 2021 годзе – у яго было некалькі пераломаў шыі.

Фота: БелТА