Расліна-паразіт пачала трывожыць жыхароў Магілёўшчыны, але стоп – яна ў Чырвонай кнізе

Амяла пакуль амаль не сустракаецца ў Магілёўскім рэгіёне, але з паступовым пацяпленнем клімата яна становіцца ўсё бліжэй.

Амяла – гэта шматгадовая расліна-паразіт, якая жыве на дрэвах, атрымліваючы ад свайго донара ваду і мінералы. Калоніі гэтых зялёных шарападобных “гнёздаў” можна сустрэць ужо на Гомельшчыне і спарадычна яна сустракаецца ў самых паўднёвых раёнах Магілёўскай вобласці – Кіраўскім, Асіповіцкім. Спецыялісты фіксуюць, што пакуль мяжа распаўсюджвання амялы на Беларусі праходзіць па лініі Ліда-Гомель.

Адзін з жыхароў Асіповіцкага раёна ўстрывожыўся магчымым распаўсюдам амелы на Магілёўшчыне і звярнуўся ў газету “Асіповіцкі край” з пытаннем – ці плануюць адпаведныя службы арганізоўваць нейкія мерапрыемствы па яе выдаленні?

Вось што на гэта адказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Рогаль:

– Высмоктваючы мінеральныя рэчывы і ваду, амяла наносіць непапраўную шкоду дрэву. Спачатку паступова ўсыхае галінка, на якой размясцілася расліна, а з часам гіне і ўсё дрэва. Аднак амяла не аднесена да ліку відаў, колькасць і распаўсюджванне якіх падлягае рэгуляванню, не з’яўляецца чужародным. Больш таго, амяла прадстаўлена ў флоры Беларусі двума відамі, адзін з якіх – амяла аўстрыйская – занесены ў Чырвоную кнігу краіны, другі – амяла белая – з’яўляецца лекавай раслінай.

Фота з адкрытых крыніц