Халаімава

У Слаўгарадскім раёне поспехі гандлю звязаныя са змяншэннем насельніцтва

Да Дня работнікаў гандлю намесніца старшыні Слаўгарадскага райвыканкама па эканоміцы Наталля Халаімава (на фота) расказала раённай газеце, што сацыяльны стандарт забяспечанасці гандлёвымі плошчамі ў раёне перавыкананы. Гэта праўда. Але выканаў яго не бізнес, а дэмаграфія.

Што сказала намесніца старшыні райвыканкама:

  1. Паводле даных Гандлёвага рэестра на 1 ліпеня ў раёне працуюць 110 рознічных аб’ектаў агульнай гандлёвай плошчай 7,6 тысячы квадратных метраў.
  2. Забяспечанасць складае 648 квадратных метраў на тысячу чалавек пры ўстаноўленым сацыяльным стандарце ў 610.
  3. Асноўны аператар – Слаўгарадскае адасобленае структурнае падраздзяленне Чавускага райспажыўтаварыства: 31 гандлёвы аб’ект, з іх 16 крам у сельскай мясцовасці, дзве аўтакрамы і 13 аб’ектаў грамадскага харчавання.

Забяспечанасць гандлёвымі плошчамі разлічваецца проста: плошча дзеліцца на колькасць жыхароў. Паводле даных Белстата, на 1 студзеня 2026 года ў Слаўгарадскім раёне пражывала 11 635 чалавек. Падзяліце 7,6 тысячы квадратных метраў на гэтую колькасць – атрымаеце прыкладна тыя самыя 650 метраў на тысячу. І тады лічбы Халаімавай сыходзяцца, але…

Ніводнай новай крамы для перавыканання нарматыву адкрываць не спатрэбілася. Спатрэбілася, каб з раёна сышлі людзі. Паказчык – гэта дроб, і ён расце не толькі тады, калі павялічваецца лічнік.

насельніцтва Слаўгарад

Структуру пакупніцкага кошыка Наталля Халаімава назвала цалкам прадказальнай карцінай і класічнай структурай для раёнаў, дзе прыярытэтам было і застаецца харчаванне. Параўнаем яе з агульнарэспубліканскай. Паводле даных Белстата:

  • па краіне ў першым паўгоддзі 2025 года харчовыя тавары далі 46,1 працэнта рознічнага тавараабароту, нехарчовыя – 53,9 працэнта;
  • у Слаўгарадскім раёне – прыкладна 67 працэнтаў супраць 33;
  • розніца складае каля дваццаці працэнтных пунктаў.

Доля выдаткаў на ежу – адзін з найстарэйшых паказчыкаў узроўню жыцця. Чым бяднейшая гаспадарка, тым большую частку грошай яна пакідае ў прадуктовай краме, бо ўсё астатняе – непасільная раскоша.

Дзве траціны супраць агульнарэспубліканскай паловы азначаюць зусім не асаблівы апетыт слаўгарадцаў.

Якая выснова? Калі лічыць гандаль пульсам эканомікі, як заўважыла Наталля Халаімава, то ў Слаўгарадзе гэты пульс амаль не б’ецца.

Фота раённай газеты.

← Усе навіны Магілёва