Цюльмянкоў

І шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц: магілёўскі міліцыянер асвойвае другую сезонную прафесію

З Магілёва на палі Бялыніцкага, Дрыбінскага і Касцюковіцкага раёнаў адправіўся зводны механізаваны атрад, укамплектаваны супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Фармальна – дапамога аграрыям ва ўборачнай кампаніі. Фактычна – штогадовае прызнанне таго, што беларуская аграпрамысловасць не ў стане ўбраць ураджай уласнымі сіламі і вымушана пазычаць працоўныя рукі ў сілавога блока.

У беларускай міліцыі з 2020 года дзеяслоў «саджаць» стаў мнагазначным.

Адны экіпажы садзяць насенне. Іншыя падраздзяленні таго ж ведамства працягваюць саджаць у прамым крымінальна-працэсуальным значэнні – людзей.

Пакуль падпалкоўнік Раман Цюльманкоў (на фота) разважае пра харчовую бяспеку краіны, а зводны атрад заходзіць у Дрыбінскі раён, з’яўляюцца ўсё новыя палітвязні з Магілёўскай вобласці.

Народная прыказка пра чалавека, які «і шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц», у беларускай версіі абрастае чацвёртым азначэннем. Праблема ў тым, што ўніверсальныя работнікі рэдка бываюць добрыя хоць у чымсьці адным. Аператыўны супрацоўнік, адкамандзіраваны ў калгас, не расследуе злачынствы, пакуль сядзіць за штурвалам.

Сістэма Лукашэнкі, якая выкарыстоўвае міліцыю як сезонны рэзерв, распісваецца ў тым, што міліцыянераў у яе больш, чым міліцэйскіх задач, а аграрыяў менш, чым патрабуюць палі і фермы.

За ўсёй канструкцыяй стаіць адно імя. У палі накіроўваюцца «па даручэнні міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанта міліцыі Івана Кубракова». Аналагічным даручэннем міністра афармляюцца і ператрусы ў сваякоў палітэмігрантаў, і распіскі аб «невяртанні», і новыя тэрміны ўжо зняволеным палітвязням.

Іван Кубракоў сумяшчае ў сваёй пасадзе функцыі галоўнага жняца і галоўнага сажальніка краіны.

Для яго палі і калоніі – гэта адзін і той жа кіраўніцкі контур. І пакуль гэты контур працуе, вёскі Магілёўшчыны будуць пусцець, ураджай будзе ўбіраць міліцыя, а калоніі нашай вобласці будуць папаўняцца палітвязнямі.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

← Усе навіны Магілёва