Грамадскі актывіст з Калінкавічаў Аляксандр Елісееў прыгавораны да 10 гадоў зняволення па палітычных крымінальных артыкулах.
Суд у закрытым рэжыме ў Магілёве прызнаў грамадскага актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева вінаватым у нібыта здрадзе дзяржаве і абразе беларускага дыктатара. Пакуль прысуд не ўступіў у законную сілу, піша “Гомельская вясна”.
Сутнасць абвінавачванняў у справе невядомая. Як і ў большасці палітычна матываваных працэсаў апошніх гадоў, суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Аляксандр Елісееў – былы сябр ліквідаванай уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На працягу многіх гадоў ён удзельнічаў у незалежным назіранні за выбарамі і адкрыта заяўляў пра парушэнні выбарчага заканадаўства.
Пасля падзей 2020 года яго неаднаразова затрымлівалі і арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў. Падчас аднаго з арыштаў у лютым 2022 года ён трымаў галадоўку. Тады Елісеева затрымалі за некалькі дзён да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Дакладная дата затрымання Елісеева застаецца невядомай. Пра тое, што ён знаходзіцца ў следчых камерах турмы №4 у Магілёве, стала вядома толькі ў лістападзе 2025 года. Тады ж беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным.
Аляксандр Елісееў мае авіяцыйную адукацыю, скончыў Кіеўскі міжнародны ўніверсітэт грамадзянскай авіяцыі, працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, а пасля праграмістам у Беларусі. Паводле яго знаёмых, пасля таго як ён заняўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, знайсці працу па спецыяльнасці ў Беларусі яму стала практычна немагчыма.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
