Уладзімір Гарох

Экс-палітвязень шклоўскай калоніі: я чуў, як збівалі Вітольда Ашурка

Былы палітвязень калоніі №17 у Шклове Уладзімір Гарох распавёў аб здзеках над ім і катаваннях загіблага Вітольда Ашурка.

Жыхар Наварудку Уладзімір Гарох быў асуджаны ў снежні 2020 года на сем гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў і абразе беларускага дыктатара. Адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі, дзе яго сістэматычна збівалі. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ. 28 красавіка 2023 года суд Шклоўскага раёна прыняў рашэнне па замене Уладзіміру рэжыму на турэмны. Палітвязень знаходзіўся ў магілёўскай турме № 4.

ШІЗА як спосаб катавання

Паводле Гароха, ужо ў першыя дні пасля этапавання ў калонію супрацоўнікі адміністрацыі пачалі аказваць на яго фізічны і псіхалагічны ціск. Пра гэта ён паведаміў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

“Яшчэ нават пераапрануцца не паспелі, як нас па адным пачалі выклікаць у кабінет. Там вярзіла накінуўся на мяне: “Ды вы фашысты! Ды вас страляць трэба!”. Ужо на другі дзень маёр Сазонаў склаў на мяне рапарт нібыта за мацюкі. У траўні мяне кінулі ў ШІЗА. ШІЗА – гэта найперш катаванне холадам”, – успамінае экс-палітвязень.

Паводле яго, нават узімку вокны заставаліся адчыненымі, вязні спалі на драўляных нарах без матрацаў, а медыцынская дапамога практычна не аказвалася. 

За час знаходжання ў калоніі Гарох некалькі разоў трапляў у ШІЗА і памяшканне камернага тыпу. Апошні раз, паводле яго слоў, ён правёў у ізаляцыі 142 дні, страціўшы каля 25 кілаграмаў вагі.

«Я чуў, як збівалі Вітольда Ашурка»

У траўні 2021 года Гарох знаходзіўся ў суседняй камеры з Вітольдам Ашуркам. Паводле яго, ён неаднаразова чуў шум, крыкі і гукі збіцця, калі ў камеру Ашурка заходзілі супрацоўнікі калоніі. За некалькі дзён да смерці палітвязня ён таксама чуў, як у яго адрас гучалі абразы.

“14 траўня мяне ўпершыню закрылі ў ШІЗА. А ўжо на другі дзень раніцай да мяне заляцеў начальнік рэжымнага аддзелу Сяргей Уладзіміравіч Карчэўскі. А з ім яшчэ некалькі мянтоў. Калі я даваў яму даклад, я троху павярнуў галаву. “Чаго галаву паварочваеш?!” – ударыў маёй галавой аб сцяну так, што набіў шышку. Расцягнуў мне ногі і пачаў малаціць дубінкай. Я паваліўся на падлогу, але яны працягвалі збіваць. Я мог бы даць адпор, але ведаў: калі б я кагосьці паклаў, прыбег бы рэзерв і мяне проста забілі б”, – распавядае Уладзімір Гарох.

Ён расказаў, што сядзеў у суседняй камеры з Вітольдам. “Я чуў нейкія грукат і рух, здавалася, што ён там не адзін, што яму кагосьці падсадзілі. Аднойчы чуў, як Сазонаў зайшоў да яго і збіваў. 19 траўня я чуў словы: “Памый морду, недаразвіты!”. Гэта былі словы ў адрас Вітольда. А 21 траўня ў абед Вітольд перастаў адгукацца. Радыёкропку ўрубілі на ўсю гучнасць, каб заглушыць гукі, але я чуў, як бегалі мянты і казалі, што там “мора крыві”. Потым прыйшоў опер і паведаміў, што Ашурак памёр. Для мяне гэта быў шок”.

Сам Гарох таксама сцвярджае, што падчас аднаго з наведванняў камеры быў жорстка збіты супрацоўнікамі калоніі. Пасля раптоўнай гібелі паплечніка літаральна за суседняй сцяной, Уладзіміру давялося змагацца не толькі з турэмнай адміністрацыяй, але і з паралізуючым унутраным страхам.

Ізаляцыя ад іншых вязняў

Паводле былога палітвязня, пасля таго як адміністрацыя заўважыла яго ўплыў на іншых асуджаных, яго пачалі ізаляваць.

Гарох распавядае, што яму прысвоілі статус «злоснага парушальніка», рэгулярна змяшчалі ў ПКТ і ШІЗА, а пазней перавялі на турэмны рэжым. Акрамя таго, яго ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў», што пазбавіла магчымасці атрымліваць грашовыя пераводы і істотна абмежавала перадачы.

Паводле яго слоў, у прамысловай зоне калоніі зняволеныя выконвалі заказы для расійскай арміі, у тым ліку шылі вайсковую форму, спальныя мяшкі і выраблялі драўляныя скрыні для боепрыпасаў.

Амаль тры гады турэмнага рэжыму Гарох прысвяціў чытанню і самаадукацыі. Ён вывучаў гісторыю, літаратуру па псіхалогіі, пісаў вершы і працаваў над уласнымі праектамі.

Былы палітвязень прызнаецца, што пасля смерці Вітольда Ашурка і перажытага ў ШІЗА найбольшым выпрабаваннем для яго стаў не сам холад або адзінота, а ўсведамленне таго, што ў любы момант чалавек можа быць збіты або загінуць, застаючыся цалкам безабаронным перад адміністрацыяй калоніі.

***

13 снежня 2025 года разам з некаторымі іншымі палітвязнямі Уладзімір Гарох быў дэпартаваны ва Украіну. Зараз жыве ў Варшаве.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва