Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 32-гадовага дырэктара прыватнай будаўнічай арганізацыі. Яму інкрымінуецца прысваенне маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры.
Паводле матэрыялаў следства, пасля заключэння дагавора падраду на будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў гарадскім пасёлку Краснаполле дырэктар перавёў на свой асабісты банкаўскі рахунак больш за 97 тысяч рублёў, атрыманых арганізацыяй у якасці бюджэтнага авансу на будаўніча-мантажныя работы. Выкарыстоўваючы ключ электроннага лічбавага подпісу, цягам трох месяцаў ён ствараў плацежныя даручэнні і пераводзіў грошы самому сабе.
Атрыманыя сродкі абвінавачаны траціў пераважна на дарагія спіртныя напоі, якія сам жа і ўжываў, а таксама на пагашэнне асабістых даўгоў. Паводле заключэння экспертызы, у яго дыягнаставаны хранічны алкагалізм.
Падчас расследавання абвінавачаны часткова пакрыў нанесеную шкоду – на 65 тысяч рублёў. Да суда ён застаецца пад вартай.
Пракуратура не адказала на галоўнае пытанне: як цягам трох месяцаў запар ніхто не заўважыў пераводаў з бюджэтнага рахунку будаўнічай арганізацыі на асабісты рахунак яе дырэктара. Для будаўніцтва шматкватэрнага дома з бюджэтным фінансаваннем законам прадугледжана сістэма кантролю:
- банк, які абслугоўвае рахунак арганізацыі, абавязаны ажыццяўляць фінансавы маніторынг падазроных аперацый – у тым ліку буйных рэгулярных пераводаў з рахунку юрыдычнай асобы на рахунак афіляванай фізічнай асобы;
- заказчык будаўніцтва (райвыканкам або УКБ) павінен атрымліваць справаздачы аб выкананні работ па формах КС-2 і КС-3 і аплачваць чарговыя траншы толькі пасля пацверджанага выканання работ. Калі будаўніцтва стаіць – наступны транш выдзяляцца не павінен;
- дзяржбуднагляд праводзіць інспекцыі будаўнічых аб’ектаў, у тым ліку тых, што фінансуюцца з бюджэту;
- камітэт дзяржаўнага кантролю мае паўнамоцтвы правяраць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў.
Хранічны алкагалізм – не шыла, якое можна схаваць у мяшку. Ён прадугледжвае відавочныя праявы: зрывы, прапушчаныя працоўныя дні, фізічны стан, несумяшчальны з абавязкамі кіраўніка будоўлі. Тры месяцы ў такім стане не маглі застацца незаўважанымі для тых, хто паводле закона абавязаны кантраляваць мэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў і ход работ.
Пракуратура называе аднаго вінаватага – 32-гадовага дырэктара. Пытанне, хто і калі павінен быў заўважыць і спыніць сітуацыю да таго, як грошы былі выведзены і патрачаны, ніхто не ставіць.
Між тым без адказу на яго гэтая гісторыя не заканчваецца: недабудаваны дом у Краснаполлі застаецца, і наступнаму падрадчыку зноў спатрэбіцца бюджэтны аванс.
Фота ілюстрацыйнага характару.
